Чтение онлайн

на главную

Жанры

Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:

Пранціш уклаў у голас як мага больш пранікнёнасці, і гер Пфальцман размяк. Ён каротка пераклаў расповед Пранціша жонцы, і фрау Эльза ажно ўсхліпнула ад расчуленасці і ласкава паглядзела трохі пукатымі светлымі вачыма на блакітнавокага высакароднага юнака, які трапіў у бяду з-за палкасці пачуццяў, якім, вядома, жанчыны з вялікім сэрцам не спачуваць не могуць.

Лёднік, прабачце, гер Лотман, мудра маўчаў.

Мясцовы лясун відавочна прыйшоў у добры настрой і перастаў учыняць падарожным гадасці. Вецер Сутон працягваў наганяць хмары і плявацца халоднай вадой. Але Пранціш і Лёднік ехалі ў экіпажы Пфальцманаў.

На абодвух былі нямецкія касцюмы, такія ж, як на гаспадары карэты. Двух дукатаў, вядома, шкада, але таргавацца не даводзілася — Пранціш выдатна адчуваў мяжу беражлівасці дабрадзеяў, за якую пераступаць нельга. З прычыны таго, што ўсе найміты збеглі, Лёдніку давялося быць за фурмана — бо вусаты Генрых кіраваў павозкай з застрашлівай жалезнай чарапахай.

Між тым Пфальцман забыўся на непрыемны выпадак і набыў выгляд самазадаволены да агіды. Ён паблажліва паглядаў на спіну Лёдніка, чыя залежнасць ад ягонае ласкі была яму, падобна, страшэнна прыемнай, нарэшце перасеў бліжэй да былога сябра і загаварыў.

— І чаму гэта, гер… Лотман, апошнія гадоў дзесяць я пра цябе нічога не чуў? — голас немца можна было на булку замест мёда мазаць. — Ты ж такім свяцілам быў… Трактат пра солі напісаў, артыкулы ў Лейпцыгскім навуковым часопісе друкаваў. Прафесар Гофман лічыў цябе новым Парацэльсам. А ты, аказваецца, у хатнія настаўнікі пайшоў! Можа, таксама нешта вынайшаў за гэты час, але сціплічаеш?

Лёднік пахмура скасавурыўся на былога аднакурсніка.

— Хваліцца мне няма чым. На маім млыне малоліся адны камяні, а з іх хлеба не спячэш.

Куртаты Пфальцман ад гэтых слоў яшчэ больш раздзьмуўся і ўмудраўся паглядаць на высокага суразмоўцу зверху ўніз. Пранцысю зрабілася страшэнна крыўдна — гэта ж, уласна кажучы, ставілася пад сумніў каштоўнасць таго, што належала яму, Вырвічу! Чаго гэты Лёднік сябе прыніжае! Ён жа, на погляд абазнаных у алхіміі, навуковы подзьвіг здзейсніў, філасофскі камень знайшоў, алхімічнае золата здабыў, тут якраз ацанілі б!

— Бутрым, ды пакажы яму шкеліцу! — штурхануў слугу пад локаць Вырвіч. Але Лёднік, не выпускаючы лейцы з рук, толькі працяў юнака цяжкім позіркам і ўпарта паўтарыў:

— Мне няма чым пахваліцца.

Пранціш ажно засычэў ад расчаравання. Сам ён ні хвілечкі б не прамарудзіў пакрасавацца, каб было чым. Як можна дапускаць, каб нехта, дурнейшы за цябе, над табой узносіўся? Але Бутрыма гэта, падобна, зусім не турбавала. Гэтак жа спакойна ён адмовіўся складаць зорны прагноз шляху, які іх чакае, чым невымерна Пфальцмана здзівіў — Пранцысь зразумеў, што Лёднік у маладосці лічыўся майстрам такой справы і прадказанні рабіў ахвотна.

З неба зноў ліўся паскудны дождж, які барабаніў аб скураны навес павозкі. Лёднік і Пфальцман пачалі ўспамінаць падзеі прускай вайны, падчас якой абодвум давялося зашыць нямала ран і адрэзаць горы раструшчаных канечнасцяў. Фрау Эльза час ад часу спрабавала спыніць крывавую гаворку, але мужчыны рассмакаваліся, і Вырвіч задрамаў пад натхнёны расповед пра цікавыя прэцэдэнты кшталту даставання кулі з сёмага пазванка.

Пад вечар давялося зноў выцягваць павозку з калюжыны. Пасля фрау Эльза вылучыла ўсім па кавалку белага хлеба, лусце вяндліны і цыбуліне, а Пранцішу дык нават дастаўся кавалачак саксонскага перніка на мёдзе, які фрау ашчаджала, каб час ад часу ўспамінаць

салодкі смак роднага дому. Да бліжэйшай карчмы было яшчэ гадзіны дзве, бо рухаліся яны з-за жалезнай чарапахі дужа марудна, дарога была больш падобнай рабрыстай дошкі, якой гаспадыні шуруюць бялізну, і коні стамляліся. Вось і зноў — чарговы адпачынак.

Затое выпала магчымасць трохі пахадзіць па лесе, размяцца. Пранціш адыйшоўся да маладых хвоек і выхапіў шаблю: нельга закідваць высакароднае мастацтва фехтавання! Выпад, выпад, узмах, адбіць, прапароць… Вырвіч забыўся на ўсё на свеце, уяўляючы на месцы хвоек, з якіх так і абляталі ссечаныя галінкі, бяссілых супраць спрыту і сілы вырвічаўскай варожых рыцараў. Раптам пры выпадзе з разваротам шабля Пранціша стукнулася аб метал… Лёднік улез са сваёй шабляй! Паківаў галавой расчаравана, адступіў на крок, адсалютваў зброяй, як робіцца перад кожным паядынкам, і па-настаўніцку скамандваў:

— У пазіцыю!

Гэты дактарок што, вырашыў выпрабаваць баявое ўменне шляхціца? Ну, зараз атрымаеш!

Пранцысь кінуўся на Лёдніка, спадзеючыся збіць з таго фанабэрыю… Але неяк хутка аказаўся без шаблі. Выбітая з рукі нейкім невядомым чынам, яна ўторкнулася ў вільготную глебу побач з норкай лясной мышы.

Лёднік занудным голасам тлумачыў Пранцысю ягоныя памылкі, і наконт паставы, і наконт увагі, і як правільна адбіваць удар… Вырвіч ужо нічога не чуў, толькі шум уласнай крыві… Схапіў шаблю — і на доктара…

Ды што ж гэта такое!

Задыханы Вырвіч, з потнымі кудзерамі, прыліплымі да ілба, хрыпла дыхаў і глядзеў на сваю шаблю, якая зноў ляжала на зямлі. Лёднік схаваў зброю ў похвы, падыйшоў да юнака і ўзяў за плечы:

— Паглядзі на мяне! Чуеш? Удыхні і затрымай дыханне! Так! Цяпер выдыхні… Яшчэ раз… Пастарайся супакоіцца. Cave canem, бойся сабакі, як казалі рымляне, і асабліва ўласнага гневу.

Пранціш з прыкрасцю страсянуў з сябе рукі слугі. Хацелася плакаць, але слёзы былі б ганьбай. Яшчэ хацелася адлупцаваць паскуднага доктара, так, каб у нагах валяўся, падла. А той стаў перад панам, скрыжаваўшы рукі на грудзях, сур’ёзны, як прафесар на іспыце.

— Я бачу ў табе два розныя тэмпераменты, якія, відаць, дасталіся ў спадчыну па родавых лініях і ўступаюць у канфлікт. З аднаго боку — ты жыццярадасны, здольны да спачування, празрысты і хуткі, як вада ў ручаі. З другога — у тваёй крыві занадта шмат агню, калі ты ўсхваляваны, абражаны, агонь успыхвае, кроў бяжыць хутчэй, і ты губляеш над сабой уладу і робішся жорсткім. Гэтая якасць узмоцніцца, калі пачнеш ужываць алкаголь. Кепска, што ў моманты перавагі другога, халерычнага, тэмпераменту ты нічога не чуеш, не ўспрымаеш… Калі размахваў шабляй, я да цябе лёгка падыйшоў са спіны. Ты мусіш вучыцца ўладаць сабою!

— А ты мяне і навучыш, значыць? — раздражнёна прамовіў Пранцысь. — А я, між іншым, не дазваляў табе скрыжоўваць са мной зброю! Гэта ты што, адпомсціць захацеў за мінулае, калі я шаблю табе да горла прыставіў?

Лёднік разгубіўся, нават пачырванеў.

— Як табе ў галаву такое прыйшло? — злосна прамовіў ён. — Я сам усё жыццё кіраваўся тым, што калі ёсць чаму і ў каго навучыцца, трэба не ўпускаць такой магчымасці! І калі можаш падзяліцца ведамі, трэба гэта рабіць. Але, відаць, некаторыя высакародныя асобы маюць устойлівую агіду да навукі…

Поделиться:
Популярные книги

Заставь меня остановиться 2

Юнина Наталья
2. Заставь меня остановиться
Любовные романы:
современные любовные романы
6.29
рейтинг книги
Заставь меня остановиться 2

Усадьба леди Анны

Ром Полина
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Усадьба леди Анны

Мимик нового Мира 10

Северный Лис
9. Мимик!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
альтернативная история
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 10

Кодекс Охотника. Книга IX

Винокуров Юрий
9. Кодекс Охотника
Фантастика:
боевая фантастика
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга IX

Игрок, забравшийся на вершину. Том 8

Михалек Дмитрий Владимирович
8. Игрок, забравшийся на вершину
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Игрок, забравшийся на вершину. Том 8

Физрук: назад в СССР

Гуров Валерий Александрович
1. Физрук
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Физрук: назад в СССР

Темный Патриарх Светлого Рода 6

Лисицин Евгений
6. Темный Патриарх Светлого Рода
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Патриарх Светлого Рода 6

Энфис 5

Кронос Александр
5. Эрра
Фантастика:
героическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Энфис 5

Хочу тебя навсегда

Джокер Ольга
2. Люби меня
Любовные романы:
современные любовные романы
5.25
рейтинг книги
Хочу тебя навсегда

Я все еще не князь. Книга XV

Дрейк Сириус
15. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я все еще не князь. Книга XV

Волк 5: Лихие 90-е

Киров Никита
5. Волков
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Волк 5: Лихие 90-е

Разбуди меня

Рам Янка
7. Серьёзные мальчики в форме
Любовные романы:
современные любовные романы
остросюжетные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Разбуди меня

Ученик

Первухин Андрей Евгеньевич
1. Ученик
Фантастика:
фэнтези
6.20
рейтинг книги
Ученик

Не грози Дубровскому! Том IX

Панарин Антон
9. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому! Том IX