Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
Лёднік скептычна хмыкнуў.
— Не памятаю такога за спадаром Іванам… Ён і мяне адгаворваў у дурную справу лезці — шкада, я не паслухаўся ад гардыні сваёй.
— Але ж Марцін Радзівіл кнігі ў яго замаўляў!
— Вось я і думаю, якія… — прамовіў доктар. — Наўрад псалтыры. Марцін Радзівіл дужа паверыў у метэмпсіхоз… Перасяленне душаў. Увесь час сцвярджаў, што быў у мінулым жыцці птушкай, бо мае доўгі нос. А ў наступным жыцці спадзяваўся быць сланом. Што не перашкаджала яму ў гэтым быць апошняй свіннёй. А ў настаўніка кнігі меліся рэдкія, нават з Кітаю, з Індыі. Эх, трэба Саламею спытаць… А калі яна зараз у сутарэннях слуцкага замку…
Лёднік аж зубамі скрыгатнуў.
— Нічога! — Пранціш выхапіў ліст з рук слугі. — Знойдзем Аляксандра Сапегу, папросім дапамогі!
Лекар спахмурнеў.
— Сапега супраць Радзівіла, ды яшчэ ў ягонай вотчыне,
Лёднік злосна насунуў глыбей на галаву зняты з жаўнера капялюш, прыкрыўшы шнар ад шаблі суддзі.
— Але ж ты сам пайшоў на службу да Марціна Радзівіла, дзе бяды спазнаў! — папікнуў Пранціш. — Чым ты тады думаў?
— Чым думае апантаны чалавек? — цяжка ўздыхнуў Лёднік. — Я недалёка тады ад вар’ята Марціна адыйшоўся. Уяўляеш, калі брат ягоны замак штурмаваў, Марцін натхнёна граў на скрыпцы! Праўда, я гэтага не чуў, бо ў сутарэнні гукі не даходзілі. Але і я, калі судовыя выканаўцы дзверы ў мой дом ламалі, з адной колбы ў другую вадкасць пераліваў і кроплі лічыў, як акорды найлепшай музыкі.
Былы алхімік пакаяльна ўздыхнуў.
— Цяпер бы не музыку слухаць, а паесці… — прабурчэў Пранціш, азіраючыся па баках. Урэшце, у ліцвінскім лесе тутэйшы чалавек з голаду памерці не можа: хоць грыб які ўхопіць… А вунь, здаецца, лісічкі наіўна-нахабна так жаўцеюць, знак падаюць — з’еш нас, бедны шкаляр!
— Тсс… На зямлю… — трывожна шапнуў Лёднік і, ухапіўшы гаспадара цвёрдай рукою за каршэнь, паваліў тварам у цвілае лісце, відаць, канчаткова забыўшыся на сваю крыўду і дэкляраванне памятаць сваё рабскае месца. На дарозе чуўся стукат капытоў. Пранціш ляжаў, сціскаючы дзяржальна шаблі, і страху не было. Дзесяць вершнікаў, Юдыцкага не відаць… Ды яны з Лёднікам, калі што, удвух пасякуць гэтых выжлаў, як лапушыны!
Вершнікі праехалі, стала ціха, толькі камары дзумкалі.
— Рушым! — Лёднік штурхануў гаспадара. — І шаблю больш не выхоплівай без прычыны… Ваяка… Госпадзе Божа мой, усё ў мяне не па-людску, нібы жыццё маё выдумаў паэт з багатай, але бяздарнай фантазіяй! Адну панну вызваляць, ад другой ліст перадаваць…
Сонца вырашыла, што на сённяшні дзень выдаткавала ўсё сваё жабрацкае золата, і з палёгкай схавалася за бліжэйшую хмару. Тая незадаволена сыпанула дажджом.
— Подзьвіг у імя чароўнай дамы — гэта не бяздарная фантазія! — аптымістычна азваўся Пранціш, уявіўшы гожыя вачаняты панны Багінскай, а ягоны слуга толькі ўздыхнуў. Да Слуцку заставалася тры дні шляху, не кароценькага і не лёгенькага.
…З капытоў будуць кубачкi, З капытоў будуць, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Кубачкi!РАЗДЗЕЛ ПЯТЫ
ЯК ПРАНЦІШ І ЯГОНЫ СЛУГА НЕМЦАМІ СТАЛІ
Леанарда да Вінчы ў сваім «Бестыярыі» напісаў, што совы помсцяць тым, хто над імі насміхаецца — выдзёўбваюць вочы. Леанарда лічыў, што вачастыя птушкі толькі гэтай ежаю і могуць пракарміцца.
Праўда, сава, якую Пранціш пабачыў учора вечарам, дакладна харчавалася не чалавечымі вачыма, а мышамі. Падгледзеў трошкі ейнага палявання… Вось і яны з Лёднікам зараз, як мышы. Таго й глядзі, кіпцюры ў бакі нехта запусціць. Хаця лес для ліцвіна — гэта
Лёднік дыбаў побач, мармычучы даўжэзныя фразы з «Досведаў» філосафа-французіка Мантэня, да якога Пранцысю не было ніякай справы, як і да дурной скандынаўскай вавёркі Рататоск. Раптам доктар схапіў Вырвіча за плячук і спыніўся. Пранціш прыслухаўся… У іхні бок нехта пёрся, ломячы кустоўе і енчачы. Лёднік адцягнуў Пранцыся пад разлапістую елку, хаця Вырвічу так і рупіла ірвануцца наперад і выпрабаваць шаблю на невядомай небяспецы. Але ўспамін пра адно ўчорашняе даставанне шаблі з похваў быў такі непрыемны, што Вырвіч вырашыў перачакаць, як раіў Лёднік. А той, аднак, дастаў з-за пояса пісталет. Пранціш не стаў агучваць, што Вырвіч-старэйшы, як і многія шанавальнікі сармацкіх звычаяў, лічыў ужыванне пісталетаў адзнакай заняпаду шляхецкага баявога мастацтва, хаця пагаджаўся, што шляхціц павінен умець з пісталету патрапіць вавёрцы ў вока. Урэшце, Лёднік — не шляхціц, а мяшчук, вось няхай і страляе.
— Прасвятая Багародзіца, ратуй!
З боку дарогі бегла двое мужыкоў у звычайных упэцканых світах і магерках, відаць па ўсім, дужа пераляканыя. Адзін на бягу спрабаваў маліцца, другі выкрыкваў, быццам заікаўся:
— Цмок! Цмок! Цмок!
І наўрад гэткім чынам ён намякаў на пацалункі. Што ж, простыя людзі, вядома, і саву палічаць нячыстай сілай. Калі небаракі, спатыкаючыся на вільготных карэннях, абдзіраючыся аб голле, адбегліся дастаткова далёка, Лёднік і Вырвіч з належнай асцярожнасцю рушылі далей: тое, што напалохала мужыкоў, павінна было знаходзіцца на дарозе трохі наперадзе.
Напачатку яны пачулі нямецкую лаянку. Нехта шчыра і выразна апісваў мясцовыя дарогі, мясцовых дзікуноў і мясцовае надвор’е. Асобныя фразы ўтрымлівалі лацінскія словы, таму можна было зразумець, што чалавек лаецца вучоны.
Пранціш і ягоны слуга вызірнулі з-за кустоў, на якіх засталіся вісець пераможанымі сцягамі толькі асобныя рудыя лісты. Пасярод дарогі стаялі дзве павозкі. Адна — звычайны дарожны экіпаж, брычка з наладаванымі ззаду куфрамі. А вось другі ўяўляў з сябе нешта падобнае да невялікай адрыны на колах, шчыльна накрытай прасмоленымі палотнамі. У гэтую адрыну было запрэжана ажно восем коней, але й яны не маглі зрушыць з месца волатаўскі воз, які патрапіў двума левымі коламі ў велізарную калюжыну, так, што пагрозліва пахіліўся. З аднаго боку палотны, якімі быў шчыльна схаваны таямнічы груз, разышліся, і між імі нешта металічна паблісквала. Каля возу мітусіўся невысокі пузаты чалавечак у чорным камзоле з простым белым каўняром, з-пад капелюша з высокім верхам звісалі пасыпаныя пудрай буклі. А на нагах, зусім недарэчна на ліцвінскіх восеньскіх дарогах, былі чаравікі і калісьці белыя панчохі. Менавіта гэты чалавечак і сыпаў праклёнамі. Высокая худая кабета ў каптуры, захінутая ў дорожны плашч, час ад часу перакрывала ягоныя крыкі пранізлівым:
— Якаб, вазьмі сябе ў рукі!
Вусаты фурман, таксама апрануты ў нямецкі строй, завіхаўся ля коней…
— Няхай будзе пракляты той дзень, калі я атрымаў ліст са Слуцку і зажадаў княскіх дукатаў! — гарлаў чалавек у капелюшы, прынамсі, менавіта так Пранціш, у якога поспехі ў нямецкай былі даволі сціплымі, разумеў ягоныя скаргі. Але ясна было, што экіпажы кіруюцца ў Слуцк! Лёднік перарывіста ўздыхнуў, як паляўнічы, што нарэшце пабачыў з засокі вепрука:
— Вось табе і літасць лёсу… Здаецца, гэты немчык мне знаёмы. Аднакурснік мой па Лейпцыгу… Калісьці мы няблага праводзілі час. Але як ён павядзецца, калі даведаецца, што мы збеглі з-пад арышту?