Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
— Не згубі парык па дарозе, суддзя!
Развярнуўся і падняўся наверх, ад чаго не толькі Юдыцкі, але й жаўнеры з віжом не стрымалі ўздыху палёгкі. З драўляных прыступак ад кожнага кроку сыпаўся пыл. Зверху апякун ваевадзянкі яшчэ раз азірнуўся, Пранцысю падалося, што на гэтым іх знаёмства не скончыцца.
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЁРТЫ
ЯК ПРАНЦІШ І ЛЁДНІК НЕ ДАЕХАЛІ ДА РАДЗІВІЛАЎ НА БУЛЁН
«Пуць кароценькі. Салодка дзерава к горкаму не прыстане, к чалавеку пуць не прыстане…» — прыгаворвала калісьці старая Агата, Пранцішава нянька, калі выпраўляла маладога гаспадара ў далёкую дарогу.
Нічога добрага ў тае дарозе людзі паспалітыя земляў тутэйшых не бачылі. Усё, што патрэбнае самавітаму гаспадару, маецца і тут,
І калі ўжо беларусін спакусіўся ды пацягнуўся ў дарогу, і спыну яму нямашака, дык чаго дзівіцца, што шлях ягоны адны зайцы перабягаць будуць, ды самотны восеньскі дождж у калюгах скакаць перад ім стане?
У карэце для перавозкі асабліва важных і радавітых злачынцаў было цесна, як у клетцы для курэй. Замкнёныя на вялізны замок краты, якія аддзялялі месца для вязняў ад месца для іх турэмшчыкаў, гэтае падабенства ўзмацнялі, і Пранціш ведаў, што лёс яго і ягонага слугі не надта адрозніваецца ад лёсу спамянутых хатніх птушак… Адна надзея — шляхецкае становішча Пранціша не дазволіць ціха зрабіць з арыштаваных накрыпку для пірагоў, бо шляхціца можа судзіць толькі шляхецкі суд, і законы для яго асаблівыя… Не дарэмна ж іх з лекарам не пагрузілі на калёсы, не пагналі, беражы, Прасвятая Багародзіца, пешкі, а пасадзілі ў гэтую карэту… Калі што, дык не бізуны і турма шляхціца чакаюць, а заключэнне ў вежу. Найбольш цяпер вярэдзіла Пранцыся — каб зноў не пачалі абшукваць. Дукатаў, вядома, шкада… А калі знойдуць ліст ваевадзянкі? Вырвіч паспеў перахаваць яго разам з дукатамі ў бот… Шкада будзе, калі забяруць і нататнік Вараняці — праўда, лекар таксама не першы год на свеце жыве, мусіў таксама кудысь сунуць падазроныя паперы…
А праз краты на вокнах карэты, як на злосць, свяціла ласкавае сонейка — нібыта старая дзеўка восень яшчэ спадзявалася залучыць бліскучымі фальшывымі ўсмешкамі залётнага жаніха… Нехта з жаўнераў, што ехалі конна абапал карэты, завёў жартоўную песню з даволі сумным для палоннікаў сэнсам:
Ехаў мазур да млына, Ехаў мазур, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Да млына. Здохла ў яго кабыла, Здохла ў яго, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Кабыла. Як стаў мазур дзялiцi, Як стаў мазур, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Дзялiцi. Са скуры будзе ёй шуба, Са скуры будзе, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Ёй шуба. З грыўкi будзе ёй каўнер. З грыўкi будзе, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Ёй каўнер.Пранцысь проста ўвачавідкі ўявіў, як з яго ды Лёдніка лупяць скуру… У засценках Гераніма Радзівіла як ёсць разбяруць на частачкі абодвух, не паглядзяць, хто якога звання… Простых ворагаў князь загадваў зашываць у мядзвежыя скуры ды сабакамі цкаваць. Але й паддобрывацца да яго небяспечна. Адзін слуга дужа хацеў перад панам выслужыцца, сказаў, што мае адзінае жаданне — заўсёды быць на вачах у гаспадара… Дык той загадаў яго павесіць пад сваім вакном — каб спраўдзілася мара небаракі. Тры жонкі ад князя збеглі, напакутваўшыся… Нават звар’яцелы брат Гераніма
Краты былі густыя, з іржавых палос, між імі не пралезла б рука. На жалезе засталіся драпіны нібыта ад пазногцяў шматлікіх вязняў, у пісягах Пранцысю ўяўлялася запеклая кроў, хаця была гэта напэўна іржа.
— З вочак будуць гузiчкi, З вочак будуць, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Гузiчкi. З зубоў будуць пацеркi, З зубоў будуць, Лiгiцiгi-лiгiрулi, вой ды з мазурамi, Пацеркi, — з хрыпатай насмешкай выпяваў жаўнер.Лёднік, не зважаючы на песню, свідраваў вачыма вузкі жоўты твар Юдыцкага з блізка пасаджанымі вачыма — суддзя сядзеў насупраць, надзейна аддзелены кратамі, і драмаў, яго бледныя вусны вяла варушыліся, нібыта суддзі снілася, што ён каштуе нешта нясмачнае. Але калі кола карэты падскочыла на чарговай выбоіне, Юдыцкі адплюшчыў насцярожаныя вочы. Лёднік адразу ж задаў пытанне, беражліва, але настойліва, як бортнік прыладжвае да вулея дымар:
— Ці не мог бы літасцівы пан падрабязней распавесці пра спамянутую панну Саламею Рэніч? Чаму яе судзяць не ў Полацку, не ў гродскім судзе? Чым зацікавіла яна так пана Гераніма?
Юдыцкі абурана цыкнуў скрозь зубы, як на надакучлівае кацяня.
— Гэты паскуднік што, вырашыў, што мае права задаваць пытанні мне, шляхціцу і суддзі? Пан Вырвіч, я патрабую, каб вы зараз жа пакаралі свайго непачцівага слугу!
Вырвіч раздражнёна пхнуў Лёдніка ў плячо.
— І праўда, маўчаў бы ты… — і ветліва звярнуўся да суддзі. — Прашу прабачыць, літасцівы пан, гэтага недарэку. Ён жа ўсяго толькі слуга пажыццёвы. А вось мне цікава паразмаўляць з такім мудрым чалавекам, як пан суддзя Юдыцкі. Пэўна, гісторыя той Саламеі з Полацку дужа страхотная? Упрыгожце нам дарогу сваймі цікавымі расповедамі!
Пранціш гаварыў гэтак умольна, як звычайна выпрошваў дармовы келіх у прыгожай шынкарачкі. Блакітныя вочы выпраменьвалі такое шчырае захапленне мудрасцю пана суддзі, што той здаўся, напыжыўся, як верабей у сцюжу, і паважна-паблажліва адшкадаваў словаў:
— Што ж, маладому чалавеку, накшталт вас, карысна будзе паслухаць…
Вырвіч адчуў, як Лёднік коратка ўздыхнуў, зразумеўшы Пранцысеву тактыку: да бабкі не хадзі, ясна, як яму карціць даведацца пра тую Саламею. Карэта пачала падскокваць на карэннях, сумная кавалькада ўехала ў лес. Голле час ад часу стукала па карэце, драпала яе бакі, нібыта лясун праганяў і не ў змозе быў прагнаць нежаданых гасцей.
— Судзіць паненку будуць за тое, што паюка князя Гераніма асляпіла. Але карані, карані ўчынкаў глыбей! Норавы заняпалі ў нашым княстве! — звягліва прамовіў Юдыцкі.—Белагаловыя не павінны заставацца без мужчын! Калі ўдава, ці сірата — апекуноў ёй давайце… А то атрымліваецца абы што. Паненка застаецца без бацькоў, і не хоча выходзіць замуж. Хаця лічыцца першай прыгажуняй места, specie formosa… Не хоча, і ўсё! І ніхто не прымусіць. Жаніхі шалеюць, сваты вяртаюцца з гарбузамі, ідуць чуткі пра таемнае каханне — але ніхто адсачыць не можа. Паводзіцца паненка бездакорна, ходзіць у царкву… Але ж у кляштар не ідзе, як княжна Еўфрасіння! Прадае кніжкі ў бацькавай краме і, прабач, святы Ёсафат, займаецца навукай! Казалі, што яна пераапраналася ў мужчынскае адзенне і слухала лекцыі ў калегіюме. Калі праўда — задраў бы спадніцу ды сам адхвастаў… — Юдыцкі нават прыцмокнуў бледнымі вуснамі, відаць, уявіўшы спакусную карціну хвастання паненкі, і ўздыхнуў: — Вось толькі з судом князь не спяшаецца. Каб толькі па дабраце сваёй не дараваў ведзьме, і яна яго, змяя беласкурая, не счаравала. Можа, ой, можа…