Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
— А вось што мне цікава… Пан мой такі баявіты, а без шаблі. Відаць, у геройскай сечы сваю зброю пакінуў?
— Ага, у сечы… — вось жа ўмее людзей цвеліць. — У канвенце забыўся.
— Значыць, уцякаць давялося… Няўжо дачку якога прафесара спакусіў?
Злыя словы Лёдніка, аднак, гучэлі хутчэй буркатліва, чым з’едліва, тым болей сам ён тыцнуў гаспадару пад нос гліняны кубак з адварам.
— Падымайся…Пі…
І нават дапамог прыўзняцца. Пранціш таропка глынуў гарачую вохкую вадкасць — смажыла страшэнна… Уваччу амаль адразу праяснілася, сцішыўся галаўны боль. Добра мець свайго лекара!
Між тым Лёднік глядзеў на юнака неяк дзіўна.
— І ты не папытаўся, што ў кубку? Не загадаў мне адпіць самому? А калі б я табе атруту падліў?
— А што, ты мог? — весела папытаўся Вырвіч, адкідваючыся на сеннік. Алхімік
— Можаш быць спакойны, пан Францыск, я падаваў людзям толькі лекі…— голас алхіміка гучэў глухавата, нібыта ён усё яшчэ быў уражаны.
— А я і не пераймаўся! — Пранціш салодка пацягнуўся. Ведае ж алхімік сваю справу! Нават млосць прайшла… Эх, як добра, калі цябе не будзяць ледзь не з першымі пеўнямі, каб уставаць на ўрокі… Зараз бы шаблю ў рукі, ды на каня, ды каб за табой вернае войска! Дзе тая шабля з выгравіраваным на дзяржальне Гіпацэнтаўрам…
— Дарэчы, я не Францыск, а Франтасій!
Лёднік шчыра здзівіўся.
— Таксама праваслаўны?
— Вырвічы веры не мяняюць! — горда паведаміў Пранціш. — А мой святы абаронца, пакутнік Франтасій, уга які святы! Яму і ягоным паплечнікам рымляне ў галовы цвікоў набілі, а потым адсеклі. Дык пакутнікі галовы паднялі і да свайго біскупа Франтона развітацца прыйшлі. Вось што вера ўчыняе!
Вырвіч пазяхнуў, але спаць больш не хацелася. Лёднік завязваў мяшэчкі з сухімі зёлкамі, з якіх варыў адвар, і маўчаў, як мур. Трэба ж, які нецікаўны… Альбо назнарок прыкідваецца.
— Ніякіх дачок прафесарскіх я не спакушаў, бо не патрапіліся, — лена парушыў маўчанне Пранціш. — А ўцякаць давялося… з-за Вараняці.
— Птушку на лекцыю прыцягнуў? — буркатнуў лекар. — Блазнота…
— Вараня — так сябрука майго празвалі… Ну не тое што сябрука… Як з такім сябраваць… Ён гарбунок быў. Хворы такі, смешны… Але разумны, халера.
Пранцысь заплюшчыў вочы, каб аднавіць да рысачкі твар беднага Вараняці.
Насамрэч звалі яго Дзянісій. Быў ён з сям’і небагатай, але ўсё-ткі не такой беднай, як Вырвіч, які патрапіў на вучобу толькі дзякуючы хроснаму-пісару. Абодва былі з праваслаўных сем’яў, езуіты бралі на вучобу ўсіх, разлічваючы, што да канца вучобы кожны схізматык пераканаецца ў правільнасці каталіцкай веры.
З Пранцішам увогуле прыкрасць здарылася — сярод ягоных аднакурснікаў апынуўся сын пана з суседняга маёнтку, які не аднойчы бачыў, як Пранцысеў бацька вывозіць на сваё поле гной, урачыста ўторкнуўшы ў кучу на возе шаблю. Калі шляхціц пры шаблі — значыць, няма шляхецкаму гонару ганьбы! Вырвічу жыцця не стала — дражнілі яго Гнаявіком, нос заціскалі, побач стоячы… Толькі Пранцысь нікому крыўды не спускаў. Нават калі не асіліць адразу, калі самога наб’юць купай — пасля ўсё роўна дастане, па адным асочыць… Хадзіў увесь час пабіты, сядзеў на аслінай лаўцы, скураной дысцыпліны каштаваў — адмысловага бізуна… Затое кпіць над ім насмельваліся толькі за вочы. А над Вараняцем не здзекваўся толькі лянівы. А ён і слова нікому не скажа, толькі ўсміхаецца, вачасты, вастраносенькі, бледны, аж свіціцца… І не плакаў ніколі, і не скардзіўся… Затое ў вучобе — першы. Усё ці над кніжкай, ці над сшыткам угнецца, піша нешта, шкрэбае пяром… Аднойчы Пранцысь пабачыў, як некалькі студэнтаў прыціснулі Дзянісія да сцяны і пачалі яму «горб раўняць». А той толькі глядзіць на ўсе вочы ды вусны падціскае, каб не крыкнуць… І нешта Пранцыся як за сэрца рукой схапіла. І ён разагнаў блазнюкоў, атрымаўшы сам кухталёў. Сышоў, вядома, не чакаючы падзякі ад Вараняці… А на наступны дзень той падказаў яму ўсе спражэнні лацінскага дзеяслова «глядзець». Так і завязалася між імі сяброўства-не сяброўства. Проста Пранцысь не мог бачыць, як Вараня б’юць, а той рабіў за яго ўрокі ды расказваў столькі дзівосных гісторый, што каб на лекцыях такое распавядалі—Пранцысь першым вучнем быў бы. Вараня недзе прачытаў трактат Альберта Вялікага «Кніга таямніцаў». І яны ўсур’ёз абмяркоўвалі, дзе ўзяць спецыю пад назвай фізаліс і тлушч дэльфіна. Бо калі зляпіць з сумесі гэтых рэчываў зернейкі, патрымаць над агнём, разведзеным на каровіным гноі, і дым ад гэтай радасці запоўніць памяшканне, усе, хто знаходзіцца там, здадуцца адзін аднаму волатамі ў абліччах коней ды сланоў. Вось бы такі цуд учыніць на занятках па лаціне! А яшчэ
Але сустракаліся яны дзеля гутарак толькі тады, калі ніхто не бачыў — Пранцысь ужо меў сваю банду [7] , некалькі хлапцоў, асабліва адчайных, якімі верхаводзіў, і баяўся, што яму пашкодзіць у іхніх вачох такое нявартае сяброўства. А Вараня пакорліва прымаў гэткае стаўленне. Ані ценю ваяўнічасці ў ім не было. Падобна, і зброю ў руках трымаць не ўмеў, нават палку-пальцату, на якіх спаконвеку біліся шкаляры, адточваючы высакароднае мастацтва фехтавання. Адзіная ягоная зброя была — дзіўны бронзавы стрыжань, падобны да цвіка, які Вараня выкарыстоўваў у якасці закладкі да кніжак. Аднойчы ён патлумачыў Пранцысю, што гэта не проста цвік, а сціло — старажытнагрэцкая прылада для пісання! Ім выводзілі літары на васковых таблічках, і Вараня таксама спрабаваў тым сцілом надрапваць на мяккіх ліпавых дошчачках вершы — сцвярджаў, што такім чынам найлепей адчувае мудрасць антычных паэтаў. Пранцысь падумаў, што сцілом зусім не абавязкова карыстаўся старажытны паэт, ім мог падлічваць прыбытак які-небудзь афінскі гандляр зелянінай, або калупаць абрыдлыя ўрокі такі шкаляр, як яны… Ці ўвогуле гэтая штуковіна не мае ніякага дачынення да Грэцыі, а беднага калеку менскі купчына проста падмануў… Занадта яна была таненькая, у пальцах ледзь утрымаеш, такой пісаць нязручна. Але Пранцысь прамаўчаў пра свае сумнівы, справядліва лічучы, што адбіраць у немаўляці бразготку занадта жорстка.
7
Банда— так у XVIII стагоддзі называлі каманду, гурт.
Настаўнік лаціны пан Баніфацыюс, які ліслівіў перад багатымі спадчыннікамі, дужа не любіў Вараня, які ў ягоных вачах абражаў сармацкі ідэал шляхецтва. Пранцыся пан таксама не любіў і не раз лупіў па руках скураной дысцыплінай. Але Вараня раздражняў яго асабліва, бо мог даць адказ на любое найскладанае пытанне, так што прычапіцца не было за што. І калі аднойчы хлопцы на ўроку лаціны выпусцілі ў класным пакоі варону, пан Баніфацый звінаваціў ва ўсім беднага Вараня — на што блазнюкі і разлічвалі. І адправіў небараку ў карцэр, папярэдне бязлітасна адхвастаўшы.
А Пранцысь змаўчаў… Не паспрабаваў абараніць Вараня… Даносіць на таварышаў — гэта ж ганьба! А ўзяць на сябе… Значыць, прызнацца, што лёс брыдкага калекі табе неабыякавы, што Гнаявік да гною цягнецца.
У карцэры бедны Вараня так застудзіўся, што ўжо й не ачомаўся. І так перхаў, як у бочку, а тут… Згарэў за тры дні. Пранцысю толькі і засталося, што ягоны сшытачак з крамзолямі… Урыўкі гісторый, вершыкі, незразумелыя формулы… Сваякоў у Вараняці не мелася, ніхто з-за ягонае смерці не ўстурбаваўся.
Пранцысь зразумеў, што значыць насамрэч пагарджаць сабою. Ён мусіў нешта зрабіць, каб зменьшыць пачуццё віны і гневу. І аднойчы пан Баніфацыюс, прыйшоўшы позна ў свой пакой, пачуў вакол лопат крылаў і страшнае крумканне. Свечка згасла. Вакол лётала нячыстая сіла, гарлала, біла крыламі па лысай галаве, напоўненай спражэннямі лацінскіх дзеясловаў… Калі на дзікія крыкі настаўніка прыбеглі, ён мог толькі хрыпець ды, лежачы на падлозе, рукамі ад сябе нешта адганяў… Гэтае «нешта» пры запаленым святле выявілася цалкам матэрыяльным: па пакоі лётала дзясяткі тры ашалелых ад зняволення і чалавечай прысутнасці варон, пер’е круцілася чорнай завірухай, ну і абгадзілі істоты Божыя ўсё, што маглі.
Хто напусціў птушак у пакой, выявілася хутка: у кожным класе меліся свае «цэнзары», прызначаныя рэктарам, яны не лічылі за ганьбу выкрываць таварышаў. Па Пранцыся прыбеглі цэлай пагоняй, як за літоўскім ваўком… Але Вырвіча так проста не зловіш! Эх, каб толькі дзядоўскую шаблю паспеў прыхапіць, свайго Гіпацэнтаўра…
Так што назад, у Менск, дарогі няма.
— І як жа спадар тых варонаў столькі налавіў? — зацікаўлена спытаўся Лёднік.
— А нератам! — зарагатаў Пранцысь. — Як рыбаў нябёсных! Сцягнуў стары нерат на Свіслачы, пайшоў на могілкі, пачапіў на дрэвах… Цэлы мех птушкамі наладаваў! Будзе цяпер гад памятаць пра Вараня!