Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
Пану Агалінскаму гэтыя перамены дужа не спадабаліся. Выходзіла, што не толькі золата, але й прадказанняў паводле зорак ад Бутрыма не дачакацца. Агалінскі пагразіўся, што аддасць упартага зоркаведа служыць на стайню. Але раскаяны алхімік толькі нудзіў пра Божую волю і грэх чарадзейства, чытаў каноны святому Кіпрыяну, які калісьці ўласныя магічныя кнігі спаліў, і ніякія ўгаворы, нават па скабах ды па спіне, на яго не дзейнічалі. А паколькі знаўцам атрутаў разнастайных Лёднік быў выбітным, у здольнасці да сурокаў ды чорных замоваў яго таксама моцна падазравалі, дык Агалінскі пачаў баяцца кусок у горла класці. Тады і дэкляраваў пан на гарачую галаву, што прадасць бескарыснага даўжніка першаму ж мінаку на гэтай дарозе. Вось і атрымалася тое, што атрымалася…
Пранціш хуценька прыкінуў: каб у карчме ягоны слуга пачаў складаць за грошы гараскопы, можна было б някепска зарабіць… Хто ж не хоча
— Слухай, Бутрым, а ты навукі лекарскай не забыўся?
Алхімік пагардліва хмыкнуў.
— А што, пан расхварэўся?
— Не дачакаешся! А вось у карчме, куды мы прыйдзем, хворыя абавязкова знойдуцца. Грошай і заробім! Толькі вось што… — Пранціш у роздуме ўскалмаціў русявы чуб, які выбіваўся з-пад шапкі, нібыта мала прарабіў тае работы вецер. — Хто ж паверыць, што славуты доктар — слуга шкаляра… Каб да цябе пацыенты пайшлі, трэба важнасці напусціць. Ты, галоўнае, маўчы і рэцэпты паразумней ды падзіўней выпісвай на лаціне. А я сам усё скажу.
Бутрым змрочна акінуў позіркам жвавую постаць свайго гаспадара, зазірнуў у ягоныя блакітныя вочы, гэткія сумленныя, што хацелася адразу абмацаць свае кішэні, і тужліва ўздыхнуў.
— Нешта прадказвае мне, я сто разоў пашкадую, што пан Агалінскі не адправіў мяне служыць на стайню.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
ЯК БУТРЫМ ЛЁДНІК І ПРАНЦІШ ВЫРВІЧ У КАРЧМЕ БАЛЯВАЛІ.
Калі б Пранціша спыталі, у чым глыбокі філасофскі сэнс існавання прыдарожнай карчмы, шкаляр не задумваючыся б адказаў: у тым жа, у чым сэнс перлінаў, знізаных на нітку. Навошта нітка, калі на ёй не будзе перлінаў?
Гэтая карчма пад гучнай шыльдай «Рым» не была самай шыкоўнай… Тры абадраныя таполі ціснуліся да сценаў, нібыта п’яныя госці. Затое ля самой карчмы стаяла ажно некалькі экіпажаў — ад сціплай таратайкі да дыхтоўнай карэты, хаця і без гербаў. А гэта быў добры знак — будзе з каго браць даніну!
Паветра ў карчомцы можна было рэзаць нажом. Адразу чулася, што любімыя стравы заўсёднікаў — капуста і шкваркі, а улюбёныя напоі — піва і гарэліца. Шкляны бог меў тут сталую паству. «Тры! Васьмёрка! Венера! Сабачыя вочы!» — выкрыквалі гульцы ў косткі. Сляпы спявак, худы, як чараціна, з выцягнутым бледным тварам, выводзіў тонкім голасам «Дароту» ў суправаджэнні скрыпкі ды басэтлі. Стары шляхцюк з абвіслымі вусамі, у сармацкім строі [6] , футра якога пабіла моль, як Міхал Глінскі — татараў, пацягваў піва з самай кіслай мінай. Маладая слічная карчмарка з чорнымі валасамі, прыбранымі пад сляпуча белы каптур, пачціва выслухоўвала ягонае шляхецкае буркатанне пра падзенне нораваў.
6
Сармацкі касцюм— традыцыйны шляхецкі ўбор, складаўся з жупана, кунтуша, пояса ўсходняга тыпу, шапкі з футрам. У Рэчы Паспалітай яго насілі паралельна з нямецкім (французскім) строем еўрапейскага ўзору, але прыхільнікі традыцый «чужую моду» не ўхвалялі.
Лекар і ягоны «асістэнт» сціпла ўселіся за кутні столік, ледзь не млеючы ад спакусных пахаў, і Вырвіч пачаў выведку. Пяцёра мужыкоў, падобна, з Гарадзеншчыны, гэтак падазрона паглядалі па баках, відаць, спалоханыя чуткамі пра неверагодных прайдзісветаў, што чакаюць сумленнага хрысціяніна ў кожнай карчомцы, што спадзеву развесці гэтых дзікуноў на нешта было мала. Ад гарадзенцаў вельмі заўважна патыхала казліным лоем, якім прасталюдцы, выпраўляючыся ў шлях, змазваюць вопратку ад паразітаў. А вось трое шляхцюкоў, апантана занятыя гульнёй у косткі, былі вельмі абнадзейваючай кампаніяй, дыяментавыя гузы на іхніх шапках паблісквалі, як жарынкі, і не паспрабаваць абчысціць іхнія кішэні проста грэх… Праўда, не відаць было нікога, падобнага да асобы, што магла б прыехаць у шыкоўнай карэце без гербаў, якая стаяла ля карчмы. Шляхціц у пабітым моллю футры дакладна быў не з такіх. Напэўна, асабліва важныя госці адпачывалі на другім паверсе, дзе мелася пара пакойчыкаў. Можа, тым гасцям удасца збыць алхіміка? Пранціш, як хлопец сумленны, не супраць быў падшукаць лекару прыстойных гаспадароў. А той малец за столікам пад самай лесвіцай, падобны да «юрысты з палестры», дробнага чыноўніка, які выконвае чарнавую працу ў судзе, неадменна віж: вунь як прыкідваецца, нібы яму абыякава, што вакол яго гавораць, а сам так і
Пранцысь азірнуўся на Лёдніка: той сядзеў, выпрастаўшы спіну, як быццам рыхтаваўся прымаць іспыты, і нат па баках не глядзеў, і здаваўся ў сваёй чорнай апранасе тут гэткім жа звычным, як гармата на таку. Чарнявая карчмарка, якая сноўгала між сталамі са збанамі піва, як лёгкі чоўнік між чаратоў, падазрона слізганула вачыма па цёмнай фігуры ў куце… Пранціш зразумеў, што трэба пачынаць сваю справу. Сарваў шапку з аблезлым собалем і ўрачыста махнуў ёю, нібы выклікаў бога паўночнага ветру.
— Шаноўнае панства! Толькі сёння, праездам у Парыж з Лемберку — вядомы лекар пан Баўтрамеюс Лёднік, майстар ацаленняў, знаны алхімік і зоркавед, які лячыў каралёў ды князёў. Любую хваробу ён пазнае і лекі ад яе прызначыць! Мяне ацаліў за адзін дзень ад самай акрутнай ліхаманкі! Усяго тры шэлегі за кансультацыю!
Лёднік падціснуў вусны, быццам яго абзывалі шыбенікам, але есці, відаць, хацеў і ён, таму дастаў з кішэняў сваёй упэцканай чорнай світкі паперкі і аловак і паклаў перад сабой на стол, рыхтуючыся выпісваць рэцэпты.
— Пане-браце, а ад нарываў у горле пан лекар дапаможа? — насцярожана папытаўся стары шляхцюк, адсунуўшы келіх піва.
— Ад усяго! — упэўнена сцвердзіў Пранціш. — Тры шэлегі!
Да заезжага эскулапа пацягнуліся кліенты. За старым шляхцюком, які, відаць, усё яшчэ замест шкарпэтак загадваў насыпаць у свае боты нацярушаную салому — гульцы ў косткі, за імі — чорнабароды рамізнік, у якога круціла рукі перад дажджом, тады — дзве кабеты-кухаркі… Нават сімпатычная карчмарачка доўга сядзела перад алхімікам, і той цярпліва правяраў ейны пульс па чарзе на абедзьвух руках. Грошы браў Пранціш, і хутка яму ўжо не падалася добрай ідэя прадаць лекара. Калі вось так вадзіць яго па карчомках ды засценках, як цыганы мядзведзя, дык можна някепска жыць! Лёднік абслугоўваў хворых найлепшым чынам. Важна выслухоўваў, абмацваў, сурова дапытваў і выпісваў мудрагелістыя рэцэпты, каму oleum mentha, каму unguentum commune, каму syropus koraiba. Пад ягоным паглядам людзі мізарнелі, як шкаляры, але й у выратаванне лёгка верылі, па тым жа прынцыпе, чаму лічыцца, што чым гарчэйшыя лекі, тым мацнейшыя. Лёднік аднаму возніку нават руку пашкоджаную спрытна на месца ўставіў, пакруціўшы ды тузануўшы. Адразу відно было, што лекару не ўнове ніякія раны.
Пранціш замовіў піва і свіных скабак з капустай столькі, колькі маглі з’есці двое дужа галодных мужчын. Вядома, з лекарам побач не сеў — дзе гэта бачылі, каб шляхціц еў за адным сталом са слугою! Асабліва сагравала думка, што фанабэрыстаму доктару, напэўна, даводзілася сядаць за адзін стол з такімі радавітымі асобамі, якія Пранціша, сына збяднелага шляхцюка-апойкі, і на ганак не пусцілі б… Каб не даводзілася выяўляць з сябе асістэнта, Пранціш паказаў бы халопу ягонае месца! А пакуль проста прыстроіўся падалей… Заўважыў, што слуга ягоны, перш чым падсунуць да сябе талерку, перахрысціўся па праваслаўным звычаі, шчопаццю.
Піва было не самым паганым, не заяц зварыў, але Пранцысь прыкмеціў, што маладая карчмарка, якую, як увішны шкаляр даведаўся, звалі Адэля, некалькі разоў бегала наверх са збаночкам, куды налівала віно з адмысловай бочачкі. Віно, як відаць, куды смачнейшае, чым тое піва. Пранцысь вырашыў, што лепшы спосаб пакаштаваць добрае пітво — падлабуніцца да карчмаркі. Але тая толькі зморшчыла кірпаценькі носік: маўляў, шаную вашу мосць, але не пра васпана далікатэсы, тытулаванымі панамі выкупленыя.
Між тым Адэля ў чарговы раз, пацокваючы па прыступках чырвонымі абцасікамі, што гэтак спакусна паказваліся з-пад фальбонаў спадніцы, пабегла наверх, на гэты раз не так хутка, бо срэбны тазік у яе руках быў поўны цёплай вады. Дакладна наверсе высакародная дама… Пранцысю так і карцела паглядзець на таямнічую незнаёмку. А можа, праз Адэлю прапанаваць ёй паслугі свайго лекара, вось і будзе падстава для візіту?