Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега
Шрифт:
— А ты ад Сільфіды зусім галаву страціў, — скрозь стому дакорліва прагаварыў Пранціш. — А сваю купчыху калі шукаць збіраешся?
— А я яе ўжо знайшоў, — глуха прагаварыў Лёднік і дадаў, падпусціўшы атруты ў голас. — А вялікі і абазнаны пан Вырвіч, значыць, свята паверыў, што пазнаёміўся з духам паветра? Так, гэта князь удала прыдумаў — выдаваць Саламею за Сільфіду… Шпегаў з толку саб’е, яшчэ і брата памучае.
Пранціш разгубіўся. Не тое, каб ён успрыняў словы Гераніма Радзівіла ўсур’ёз… Прыгажуня, урэшце, была цалкам зямной, зняволенай і няшчаснай… І ўсё-ткі адначасова па-незямному прыгожай. Вочы яе пазіралі занадта мудра для кабеты… Ну так жа хочацца ў васемнаццаць гадоў
— І як ты мог адмовіцца ад такой? — вырвалася ў Пранціша.
— Я яе не варты, — зноў глуха прагаварыў Лёднік улюбёную фразу і перавярнуўся на спіну, стамлёна заплюшчыў вочы.
Але Вырвічу гэтае самапрыніжэнне надакучыла.
— У нас, калі езуіты ў хор запісвалі, таксама ўсе пачыналі гаварыць: «Вой, ойча, у мяне слыху няма, голасу няма, я б і рады, але ж спяваць не ўмею, слых шаноўнай публіку абражаць буду… Няварты я такога гонару». А насамрэч проста нікому не хацелася лішніх клопатаў: вольны час на рэпетыцыі траціць, падчас канцэртаў залівацца салавейкам…
Лёднік нічога не адказаў на гэтую рэпліку, відаць, яна дастала да балючага. Ляжаў нерухома, маўчаў хвілінаў дзесяць. Потым азваўся сухім голасам:
— Гэты вар’ят яе замучыць. Трэба неадкладна брацца за справу.
Справа — гэта значыць, ратаваць Рэнічаўну? Але як? Пранціш нічога не сказаў, каб не падацца баязліўцам, але пакуль ніякага прыстойнага плану яму ў галаву не прыходзіла. Па стромай сцяне вежы нават ён не змог бы ўскараскацца. А варта ў палацы на кожным кроку… Лёднік, відаць, пра гэта таксама думаў, таму й быў змрочны, як апошні цмок у возеры.
Па іх прыйшлі з загадам, што новы доктар павінен перабрацца ў пакоі старога. І тут з’явіўся цень надзеі, бо вылучаны ім пакой, падзелены на дзве часткі, з ложкам пад аксамітным балдахінам колеру старой лістоты, з камінам, аблямаваным плінфай з выявамі чорных арлоў і зялёных вінаградных гронак, быў у Вялікім палацы, і знаходзіўся якраз побач з вежай. Пранцысь заўважыў, як прасвятлеў твар Лёдніка, але па-ранейшаму не мог уцяміць, чым гэта дапаможа… Да вакна Рэнічаўны можна было ўзляцець толькі на крылах! Хіба стралу ў яго паслаць з вяроўкай? Пранцысь высунуўся з іх вакна, прымерыўся… Не, ніяк не атрымаецца, відаць толькі самы край аконнага праёму… А стаць сярод двара і цэліць у вакно, ці лесвіцу падстаўляць да сцяны, пад якой і ўдзень і ўноч праходзяць гвардзейцы — можна адразу самому на слуп прыбіцца, каб катаў не турбаваць.
Назаўтра Лёднік абвесціў невыносна камандзірскім тонам:
— Табе, пан Вырвіч, дастанецца самая прыемная частка нашай прыгоды: пойдзеш са мной у тэатр. Мяне запрасілі падлячыць некалькі артыстаў.
— І што я там павінен буду рабіць? — ажывіўся Пранціш.
— Проста паглядзіш на рэпетыцыю. Атрымлівай насалоду, пакуль ёсць магчымасць, — усміхнуўся Лёднік. — І не ўздумай нешта рабіць сам па сабе. А галоўнае — што б ні рабіў я, не зважай. Адыдуся — не круці галавой, не пытайся, куды падзеўся. Я сам за табой вярнуся. Ясна?
У тэатры, перабудаваным з судовага дому, было шыкоўна — не параўнаць з залай менскага езуіцкага калегіюму. Сцены і ложы абцягнутыя зялёным сукном, упрыгожаныя гірляндамі штучных кветак. У праходах пунсовыя дываны. Аркестровая яма, цяжкі аксамітны занавес… Лёднік усадзіў Пранціша пасярэдзіне трэцяга раду і знік за кулісамі з доктарскім сакваяжам у руках. А
Усё было вельмі прыгожа… Як у музычным куфэрку. Асабліва ўразіла Пранцыся, калі ў дзеянне ўключыліся Купідоны і алімпійскія багі — як і належыць бажаствам, яны спускаліся з неба і вольна луналі ў паветры над усёй сцэнай. Вырвіч адразу нават пералякаўся — ці не водзяцца тут і сапраўды духі! Але, пільна прыгледзеўшыся, зразумеў, што артыстаў носяць над сцэнай адмысловыя механізмы, да якіх Купідоны і багі падвешаныя з дапамогай таненькіх вяровак, якія практычна не заўважныя… З чаго, цікава, тыя вяровачкі зробленыя?
Але нечакана дзейства перарвала страшэнная лаянка на нямецкай. Падобны да жабы пан выскачыў на сцэну і пачаў лакіраванай кульбачкай з усяе моцы біць па руках і нагах артыстаў, якія, на яго думку, памыліліся. Даставалася і дзецям, яны, аднак, як і дарослыя, не плакалі і не ўхіляліся ад удараў, а застывалі ў недарэчных скульптурных паставах. Асабліва перападала самай прыгожай і зграбнай дзяўчыне, якую пан-жаба называў «Міхалішыўна», дадаючы непрыстойнае слова.
Ніхто не ўскрыкваў, не стагнаў, гучала толькі лаянка і глухія ўдары. І Пранцысю зрабілася млосна ад такога мастацтва. Шкаляр напляваў на загад свайго слугі і выправіўся яго шукаць за кулісы. Галоўнае, не забыцца, што ён сам — немец… Шырокая ўсмешка, наіўныя блакітныя вочы, запытальнае: «Гер Лотман?», і ўрэшце Вырвіча скіравалі ў пакойчык, дзе стаіліся Пучыні і Лёднік. Доктар адчыніў дзверы з самым зверскім выразам твару, але шчырая ўсмешка Вырвіча змусіла яго прастагнаць ды адступіць ад дзвярэй.
— Я, відаць, нават у пекле ад вас не схаваюся! Не бойцеся, сіньёр Пучыні, пан Франц Магнус ва ўсё пасвечаны…
Пучыні зачыніў дзверы і звярнуўся да Лёдніка:
— Мой пан, як дарэчы з’явіўся ваш малады калега! А я якраз гаварыў, што нам патрэбны хтось лягчэйшы за вас!
— Я не тоўсты, — скрозь зубы прагаварыў Лёднік. — І спраўлюся сам.
— Мой дружа, вы нармальнага складу мужчына, моцны і высокі. Таму пры ўсім жаданні не можаце быць вагой з падлетка.
— Шнур вытрымае, — упарціўся былы алхімік.
— Вас аднаго — магчыма… А падвойны груз? Я б не рызыкаваў. Калі ёсць выбар…
— Выбару няма! Хлопца туды не пушчу! Урэшце, я проста магу застацца там і не спускацца! — халодна сцвердзіў Лёднік.
— Я ніколі не меў справу з самазабойцамі, разумееце, — раззлаваўся нарэшце і Пучыні. —З такімі намерамі я магу паслаць вас толькі ў вашу жалезную пачвару.
Наспявала сварка, і Пранцысь умяшаўся.
— Я ўсё-ткі не мэбля, можаце звяртацца і да мяне наўпрост, спадары! І патлумачце мне, нарэшце, пра што вы, халера на вас, гаворыце?