Беларускiя народныя казкi
Шрифт:
Успомніў Янка пра свайго цудоўнага памочніка з залатой табакеркі і кажа рыбаку:
— Накажы, калі ласка, каралю, што заўтра, пакуль сонца ўзыйдзе, ён сваю дачку ўбачыць.
Рыбак пайшоў і расказаў пра гэта каралю. Паклікаў кароль да сябе Янку. Паглядзеў на яго, скрывіўся: няўжо, думае, гэты просты мужык зробіць тое, чаго князевічы ды каралевічы не зрабілі? Ня можа таго быць! Але каралю так захацелася ўбачыць сваю дачку, што ён не пасьмеў адмовіцца лішні раз паспрабаваць шчасьця. Вось ён
— Ці праўда, што ты бярэшся маю дачку зь няволі выбавіць?
Пакланіўся Янка каралю і адказвае:
— Праўда, пане кароль. Ілгаць я ня ўмею.
— Ну, то глядзі, — кажа кароль, — каб заўтра да ўсходу сонца мая дачка была ў мяне, а не — дык загадаю разарваць цябе зялезнымі баронамі.
— Добра, — кажа Янка. — Няхай будзе так.
Выйшаў ён з палацу, адчыніў залатую табакерку. Выскачыў адтуль шустры чалавечак:
— Што загадаеш, гаспадар?
— Зрабі, браток, ласку: вылажы за ноч зялезны мост ад каралеўскага палацу да заклятай Зьмеявай выспы і пастаў на ім залатую карэту з шасьцю коньмі. Заўтра чуць сьвет я паеду на выспу.
— Добра, — адказаў чалавечак, — усё будзе зроблена, як ты просіш.
Пайшоў Янка да рыбака і лёг спаць. Назаўтра ўстаў чуць сьвет, глядзіць — ляжыць зялезны мост ад каралеўскага палацу да Зьмеявай выспы, а на мосьце стаіць залатая карэта, шасьцю коньмі запрэжаная, і каля іх памочнік з пугаю стаіць.
Падыйшоў Янка да свайго памочніка, выняў табакерку і кажа:
— Дзякуй, браток. А цяпер ідзі адпачывай, бо ты-ж, відаць, дужа змарыўся.
Чалавечак аддаў Янку пугу, а сам, як бачыш, зьнік у залатой табакерцы.
Сеў Янка ў карэту і паехаў па каралеўну. Прыяжджае на выспу, бачыць — стаіць на ёй вялікі цёмны замак, і з акна глядзіць на яго зьдзіўленая каралеўна. Даўно ня бачыла яна людзей і так зарадавалася Янку, як роднаму бацьку.
— Хто ты такі? — пытаецца ў яго. — І чаго ты прыехаў сюды?
— Ня пытайся, паненка, — адказвае Янка, — а садзіся хутчэй у карэту. Паедзем да твайго бацькі.
— Але-ж я не магу праз дзьверы выйсьці, — кажа каралеўна, — там пракляты Зьмей сьпіць. Ён ноччу па здабычу лятае, а ўдзень каля дзьвярэй адпачывае.
— То лезь праз вакно.
— Баюся, — кажа каралеўна.
Выставіў Янка рукі:
— Скакай!
Скокнула каралеўна з вакна і якраз трапіла яму на рукі. Схапіў Янка каралеўну, пасадзіў у карэту ды паімчаўся проста да каралеўскага палацу.
Пачуў Зьмей грукат, усхапіўся, бачыць — няма каралеўны… Ён — наўздагон. Ляціць, аж мост дрыжыць, агонь зь зяпы шугае.
Азірнуўся Янка — смаліць за ім Зьмей. Вось-вось дагоніць. Ён давай пугаю коней хвастаць. Тыя рвуцца наперад, — траха ня із скуры лужацца.
Прыімчаўся Янка на бераг, зьняў каралеўну з карэты, потым адчыніў цішком залатую
Тым часам прачнуўся кароль, глянуў праз вакно — вачам ня верыць: вядзе да палацу Янка ягоную дачку!
Выбег кароль насустрач, давай дачку абнімаць, цалаваць. Такі шчасьлівы, што і сказаць ня можна.
— Ну, хлопча, — кажа кароль да Янкі, — парадаваў ты мяне. Аддам табе за гэта сваю дачку замуж і апішу вам пасьля сваёй сьмерці ўсё каралеўства.
Справілі вясельле, і стаў Янка мужам каралеўны. Усе яго любілі, адна толькі каралеўна коса паглядала: не падабалася ёй, што стала жонкай простага мужыка. Прыстала яна аднойчы да Янкі:
— Скажы, хто табе той мост зрабіў, па якім ты мяне прывёз?
Аднекваўся Янка, аднекваўся — рады няма.
— Памру, — кажа жонка, — калі ня прызнаешся.
Што было рабіць — прызнаўся Янка і паказаў жонцы залатую табакерку.
— Толькі, кажа, — прысягні, што ты сама безь мяне ніколі яе ў рукі ня возьмеш.
Прысягнула жонка, а потым зноў прыстала да яго:
— Хачу жыць у замку на высьпе! Загадай свайму памочніку, каб зрабіў мост.
Янка не пасьмеў пярэчыць: адчыніў пры жонцы табакерку, загадаў памочніку — і стаў мост.
Пераехалі яны ў Зьмеяў замак. Жонка кажа:
— Ня зьнімай маста: мы будзем па ім на бераг езьдзіць — у госьці да бацькі і куды захочам.
Пажылі яны колькі дзён у замку. Захацелася Янку на паляваньне паехаць. Узяў ён лук, катка і мышку, каб весялей было ў дарозе, і паехаў па мосьце на бераг.
Толькі сышоў ён на бераг, як бачыць — ня стала за ім маста! «Што за дзіва?» — думае Янка. Мац у кішэню — аж няма табакеркі! Катка ўзяў, мышку ўзяў, а табакерку забыўся…
Тут ён аб усім здагадаўся.
«Вось табе і прысяга каралеўны! — падумаў сам сабе засмучаны Янка. — Я яе зь бяды выбавіў, а яна мне за дабро злом заплаціла. Цяпер зноў давядзецца ісьці ў сваю хатку і галадаць, як раней».
Сеў ён на беразе мора і аж заплакаў ад крыўды. Раптам чуе — мышка скрабецца ў кішэні. Высунула адтуль галоўку і пытаецца:
— Чаго плачаш, добры чалавек?
Расказаў ёй Янка пра сваю бяду.
— Нічога, — суцяшае яго мышка, — гэтай бядзе мы дамо рады.
Пашапталася яна аб нечым з катком, потым села яму на сьпіну, і паплылі яны цераз мора. Даплылі да замку. Тут каток схаваўся ў садзе, а мышка прабралася праз шчыліну ў пакой да каралеўны. Доўга сядзела яна там, цікуючы, дзе каралеўна хавае табакерку. І дагледзела-такі — у драўляным куфэрку!
Уночы, як лягла каралеўна спаць, прагрызла мышка куфэрак, схапіла табакерку ды пабегла ў сад да катка.