Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
Бiм не зразумеў, паглядзеў у твар Iвану Iванавiчу, а той гаварыў:
– Толькi з-за цябе, Бiм, толькi з-за цябе, дурненькi. А так - не варта.
I зноў Бiм не зразумеў - не дазволена яму такое зразумець. Але ўсё паляванне гаспадар "пудлаваў", быццам сляпы. Зусiм засердаваў сабака, калi гаспадар у адну слонку зусiм не стрэлiў. Затое апошнюю зрэзаў чыста.
Дадому яны вярталiся ўжо прыцемкамi, абодва стомленыя i абодва добрыя, ласкавыя адзiн да аднаго. Бiм, напрыклад, не захацеў начаваць на сваiм лежаку, а прыцягнуў з яго падсцiлку да ложка Iвана Iванавiча i ўклаўся побач з iм, на падлозе. Гэта было неспраста: яго нельга было прагнаць
Тае ночы Iван Iванавiч чамусьцi цiхенька стагнаў, уставаў, каўтаў таблеткi i зноў лажыўся. Бiм спачатку насцярожана прыслухоўваўся, прыглядаўся да сябра, потым устаў i лiзнуў працягнутую з ложка руку.
– Асколак... Асколак, Бiмка... паўзе. Дрэнна, хлопчык, - сказаў Iван Iванавiч i трымаў руку ля сэрца.
Слова "дрэнна" Бiм ведаў выдатна i ўжо даўно. I вось ужо некалькi разоў ён чуў слова "асколак", ён не разумеў яго, але сабачым нутром здагадваўся, што яно трывожнае, нядобрае слова, жудаснае.
Але ўсё абышлося добра: ранiцаю, пасля праходкi, Iван Iванавiч сеў за стол, як i заўсёды, паклаў перад сабою белы аркуш i зашаптаў па iм палачкаю.
ЗАПIСКI ГАСПАДАРА
Учора быў шчаслiвы дзень. Усё як мае быць: восень, сонца, жоўты лес, артыстычная работа Бiма. Чаго ж яшчэ?
У аўтобусе Бiм, быць не можа iнакш, заўважыў, як я ўздыхнуў, i, вiдавочна, не зразумеў пра ўсё. Адкуль дадумацца сабаку, што я магу даць хабар шафёру. Сабаку начхаць на гэта. А мне? Якая там рознiца - даў рубель я за "малое", цi дваццаць за "большае", цi тысячу за "вялiкае"? А ўсё роўна брыдка. Быццам прадаеш сумленне па кавалачках. Вядома ж, Бiм стаiць непараўнальна нiжэй за чалавека, таму i нiколi не здагадваецца пра гэта.
Не зразумець гэтага Бiму, што сумленне i паперкi гэтыя, як нiтка з iголкаю. Але што я за дзiвак! Цi можна ж хацець ад сабакi больш, чым ён можа: ачалавечыць сабаку нельга.
I яшчэ: мне шкада стала забiваць дзiчыну. Гэта, бадай, старасць. Так добра было вакол, i раптам мёртвая птушка... Я не вегетарыянец i не ханжа, якi расказвае пра мукi забiтае жывёлiны i ўмiнае за абедзве мяса, але да апошнiх дзён раблю сам сабе наказ: адну-дзве слонкi за паляванне, не болей. Каб нiводнае - яшчэ лепей бы, але Бiм зачахне як паляўнiчы сабака, а я мушу буду купляць птушку, якую мне застрэлiць хтосьцi. Не ўжо, збаўце мяне ад гэтага... А да каго я гавару, уласна? Мусiць, самому сабе: раздвоiўся за доўгую адзiноту, i гэта непазбежна. Спрадвеку ад гэтага ратаваў сабака.
Чаму ж такi асадак пасля ўчарашняга дня? Цi толькi пасля ўчарашняга? Цi не прамаргаў я нейкую думку? Такiм чынам, учарашнi дзень: iмкненне да шчасця - i жоўты рубель; жоўты лес - i забiтая птушка. Гэта што? Цi не здрада сумленню?
Стой! Вось тая думка, што ўчора выслiзнула: не здрада, а дакор сумлення i боль за ўсiх, хто забiвае абы забiваць, што ў чалавеку нестае чалавечнасцi. З мiнулага, з успамiнаў пра мiнулае прыходзiць i расце ўва мне жаль да птушак i жывёлiн.
Я ўспамiнаю.
Была дырэктыва кiраўнiцтва Таварыства паляўнiчых, каб знiшчаць сарок за iх шкоднасць, i гэта грунтавалася, нiбыта, на назiраннях бiёлагаў. I ўсе паляўнiчыя бiлi сарок са спакойным сэрцам. Была такая ўстаноўка i пра каршуковых. Iх таксама забiвалi. I пра воўка. Гэтага выбiлi амаль падчыстую. За воўка давалi прэмiю (трыста рублёў) у старых грашах, а за лапкi сарокi цi коршака, якiя паказвалi ў паляўнiчым таварыстве, - цi то пяць капеек, цi то пяцьдзесят - не памятаецца.
Але тут, у новай устаноўцы, коршакi i сарокi аб'яўлены карыснымi, не ворагамi птушак: знiшчаць iх забаронена. Найстражэйшы загад знiшчаць замянiўся на стражэйшы наказ забароны.
Цяпер засталася адна толькi птушка, якую законам дазваляецца знiшчаць, якая па-за законам, - сiвая варона. Яна быццам разбурае птушыныя гнёзды (за гэта безапеляцыйна вiнавацiлi i сароку). Затое няма вiнаватага за атручаных ядахiмiкатамi птушак у стэпавых i лесастэпавых раёнах. Ратуючы лес i поле, мы нiшчылi птушак, а знiшчаючы iх... глумiлi лясы. Няўжо аказалася вiнаватаю сiвая варона, спрадвечны санiтар i спадарожнiк чалавечага грамадства?
Спiхай усё на сiвую варону!
– самае пэўнае, элементарнае апраўданне тым, хто вiнаваты за смерць птушак.
Доўгiя эксперыменты са смерцю - жахлiва. Паўстаюць ужо супроць гэтага справядлiвыя вучоныя-бiёлагi i паляўнiчыя, ужо барацьба за ахову лесу i птушак iдзе ў мiжнародным маштабе.
Цi падняў я ў свой час голас супроць эксперыментаў са смерцю? Не. I гэта дакор i майму сумленню. Як блекла i немачна прагучаў бы мой голас зараз, каб сказаў я, адумаўшыся, такое:
"Ратуйце шэрую варону - выдатнага санiтара людскога месцажыхарства, ратуйце яе ад вынiшчэння, бо яна дапамагае ачышчаць мясцовасць вакол нас так, як сатырык ачышчае грамадства ад духоўнае нечыстаты, ратуйце шэрую варону за гэта самае; хай яна крышку i зладзейка птушыных яек, але на тое яна i шэрая варона, каб птушкi ўмелi будаваць свае гнёзды; ратуйце гэту насмешнiцу, адзiную птушку, якая мае наiўнае нахабства, што нават у вочы чалавеку можа ляпнуць з дрэва: "Ка-ар-р!" (Пайшоў вон, дурань!) А вось адышлiся вы, зляцiць долу, насмешлiва каркаючы, возьмецца зноў аплятаць смярдзючы кавалак мяса, якi нiводзiн сабака не возьме ў рот; ратуйце шэрую варону - сатырыка ў птушыным свеце! Не бойцеся яе. Паглядзiце, як маленькiя ластавачкi дружна клююць яе i гоняць адтуль, дзе чыста, а яна ляцiць ад iх, здзеклiва пакаркваючы, туды, дзе пахне прытухлым. Ратуйце шэрую варону!"
Сапраўды, выйшла б i немачна i бяздоказна. Тады няхай i застаецца ў гэтым сшытку пра Бiма. Зараз вось так проста i напiшу на вокладцы: "Бiм". Тут усё будзе толькi самому сабе. I запiскi ж гэтыя я пачаў, каб выратаваць гонар Бiма, вiнаватага сваiм нараджэннем, але яны ўсё разрастаюцца, i ўжо пра ўсё тое, што звязана не толькi з Бiмам, але i са мною. Нiхто, вiдаць, iх не надрукуе, ды i каму ахвота чытаць пра сабаку i пра сябе? Нiкому. Так i хочацца напiсаць словы Кальцова:
Пишу не для мгновенной славы:
Для развлеченья, для забавы,
Для милых искренних друзей,
Для памяти минувших дней.
...А Бiм ляжыць i ўдзень - нарабiўся, прыяцель, нахапаўся гаючых пахаў жоўтага лесу.
Ах, жоўты лес, жоўты лес! Вось вам i асколачак шчасця, вось табе i месца, дзе падумаць. У асеннiм сонечным лесе чалавек робiцца лепшы.
Раздзел 5
НА АБЛАВЕ Ў ВОЎЧЫМ ЯРЫ
Аднаго асенняга дня да Iвана Iванавiча зайшоў чалавек, ад якога пахла стрэльбаю i сабакам. Хоць ён i не быў у паляўнiчых рэгалiях i апрануты быў звычайна, як усе малацiкавыя людзi, але Бiм адчуў ад яго i тонкi пах лесу, i след ад стрэльбы на далонях, i духмяны дух асенняга лiсту ад чаравiк. Вядома ж, пра ўсё гэта Бiм сказаў, абнюхваючы госця, пазiраючы на гаспадара i энергiчна пакручваючы хвастом. Бачыў ён яго першы раз, але ж адразу прызнаў за сябра без усякiх сумненняў i нерашучасцi.