Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
Пайшоў ён добры, без хiтрыкаў, пагладзiў Бiма i сказаў:
– А ты жывi, значыцца. Але з Цёткаю не займайся.
– I да мяне: - Ну, бывай. Пiшы, вiдаць, што зробiш, калi такая справа.
Мы пацiснулi адзiн аднаму рукi. Бiм правёў яго да дзвярэй, вiляў хвастом i зазiраў у твар. У Бiма з'явiўся новы знаёмы: Павел Цiтавiч Рыдаеў, у абыходзе: "Палцiтыч".
Затое ў Бiма з'явiўся i вораг: Цётка, адзiны чалавек з усiх людзей, якiя яму не вераць. Сабака спазнаў паклёпнiка. Але паляванне прапала. Бывае так: чакае чалавек добрага дня, а мае адны непрыемнасцi. Бывае.
Раздзел 4
ЖОЎТЫ ЛЕС
У адзiн з наступных дзён досвета яны
Потым, ужо за горадам, ехалi на аўтобусе, у якiм было толькi пяць-шэсць чалавек у такую рань. Калi садзiлiся, шафёр нешта прабурчаў, паўтараючы "сабака" i "няма дазволу". Бiм лёгка ва ўсiм разабраўся: шафёр не хоча iх везцi, i гэта дрэнна, - гледзячы на твары зразумеў. Адзiн пасажыр заступiўся за iх, другi, наадварот, паддакнуў шафёру. Бiм зацiкаўлена глядзеў на спрэчку. Нарэшце шафёр выйшаў з аўтобуса. На парозе гаспадар даў яму жоўценькую паперку, узышоў па прыступках разам з Бiмам, сеў на сядзенне i журботна ўздыхнуў: "Эх-хэ-хэ!"
Бiм даўно прыкмецiў, што людзi мяняюцца нейкiмi паперкамi, якiя пахнуць бог ведае чым. Аднаго разу ён пачуў, што адна з тых, што ляжалi на стале, пахне крывёю, патыкаў у яе носам, каб заўважыў гаспадар, але той i ў вус не дзьмуў - бясчутны!
– а толькi паўтараў сваё "нельга". Ды яшчэ i замкнуў паперкi ў шуфлядзе. Некаторыя, пакуль чыстыя, пахнуць хлебам, каўбасою, наогул, магазiнам, але амаль усе - безлiччу рук. Людзi любяць iх, гэтыя паперкi, хаваюць у кiшэнi, у шуфляды, як гаспадар. Хоць у гэтым Бiм мала петрыў, аднак сцямiў: як толькi гаспадар даў шафёру паперку, яны пасябравалi. Але чаму ўздыхнуў Iван Iванавiч, Бiм не разумеў, i было гэта прыкметна па яго пiльнаму позiрку ў вочы свайму сябру. Наогул, пра магiчную сiлу паперак ён i прыблiзна не здагадваўся - недаступна гэта сабачаму розуму, не ведаў ён, што яму яны некалi саслужаць пагiбельную службу.
Ад шашы да лесу iшлi пяшком.
Iван Iванавiч спынiўся на ўзлеску адпачыць, а Бiм паблiзу аблазiў мясцовасць. Такога лесу ён яшчэ не бачыў нiколi. Лес-то, прынамсi, той самы яны былi тут вясною, прыходзiлi i летам (так, пагуляць), але цяпер усё тут навокал было жоўтае i барвовае, здавалася, што ўсё гарыць i свецiць разам з сонцам.
Дрэвы толькi-толькi пачалi распранацца, i лiсце падала, пагойдвалася ў паветры, нячутна i павольна. Было халаднавата i лёгка, а таму i весела. Пах восеньскага лесу - незвычайны, непаўторны, моцны i чысты такi, што за дзесяткi метраў Бiм чуў, дзе гаспадар. Лясную мыш ён "прыхапiў" здалёку, але не пайшоў за ёю (яна вядомая драбяза), а вось нешта жывое так шыбанула ў нос, што Бiм прыпынiўся. А як падышоў, забрахаў на калючы мячык.
Iван Iванавiч устаў з пянька i падышоў да Бiма.
– Нельга, Бiм! Нельга, дурненькi! Вожык гэта. Назад!
– i павёў Бiма за сабою.
Выходзiць, вожык - добры звярок, а чапаць яго нельга...
Цяпер Iван Iванавiч зноў сеў на пянёк, загадаў Бiму таксама сядзець, а сам зняў шапку, паклаў яе побач на зямлю i глядзеў на лiсце. I слухаў лясную цiшыню. I, вядома ж, усмiхаўся! Ён быў цяпер як i заўсёды перад паляваннем.
Бiм таксама слухаў.
Прыляцела сарока, патрашчала нахабна i паляцела. Пераскокваючы з галiнкi на галiнку, наблiзiлася сойка, пакрычала з кашэчым надрывам i таксама паскакала прэч, па галiнках. А вось i каралёк-матылёк-малютка, гэты зусiм-зусiм побач: "Свiць, свiць! Свiць, свiць!" Ну што ты яму зробiш? Сам з жучка, а i ён табе: "Свiсць, свiсць!" Быццам вiтаецца.
А ўсё астатняе - цiшыня.
I вось гаспадар устаў, дастаў з футарала стрэльбу, заклаў у ствалы набоi. Бiм затрымцеў ад хвалявання. Iван Iванавiч ласкава пакудлацiў яму загрывак, i Бiм яшчэ больш захваляваўся.
– Ну, хлопчык, шукай!
Бiм пайшоў! Малым чаўнаком пайшоў, лавiруючы мiж дрэў, прысеўшы, прыгнуўшыся, напружыўшыся i амаль нячутна. Iван Iванавiч пакрысе рушыў услед, любуючыся на работу сябра. Цяпер лес з усёю прыгажосцю астаўся на другiм плане: галоўнае - Бiм, зграбны, азартны, лёгкi на нагу. Зрэдку Iван Iванавiч клiкаў яго да сябе, загадваў ляжаць, каб даць супакоiцца, прызвычаiцца. А скора Бiм пайшоў ужо роўна, па-гаспадарску. Вялiкае майстэрства - работа сетэра! Вось iдзе ён лёгкiм галопам, падняўшы галаву, яму не трэба апускаць яе i шукаць панiзе, ён чуе пах зверху, i шаўкавiстая шэрсць аблягае яго быццам вытачаную шыю; таму такi i прыгожы ён, што нясе галаву высока, з гонарам, упэўненасцю i азартам.
Гэтыя часiны Iвану Iванавiчу былi часiнамi забыцця. Ён забываўся пра вайну, забываўся пра нягоды мiнулага жыцця i пра сваю адзiноту. Нават сын Коля, яго роднае дзiця, якога забрала бязлiтасная вайна, быццам быў побач, быццам ён, бацька, прыносiў радасць яму, нават мёртваму. Ён жа таксама быў паляўнiчы! Мёртвыя не выходзяць з жыцця тых, хто любiў iх, мёртвыя толькi не старэюць, застаюцца ў сэрцах жывых навек маладымi. Так i ў Iвана Iванавiча: рана зацягнулася шрамам на душы, але неадступна балiць. На паляваннi ж усякi боль душы робiцца хоць крышку слабейшы, лягчэйшы. Шчасце таму, хто нарадзiўся паляўнiчым!
I вось Бiм пайшоў павальней, звузiў чаўнок, прыпынiўся на секунду i пайшоў цiха, крадком. Нешта кашачае было цяпер ва ўсiх яго рухах, мяккiх, асцярожных, плаўных. Цяпер ён ужо выцягнуў галаву на ўзроўнi з тулавам. Кожнаю часцiнкаю цела, i нават выцягнутым хвастом, апераным доўгаю шэрсцю, ён быў засяроджаны на струменi паху. Крок... I паднiмаецца толькi адна лапа. Крок - i другая лапа гэтак жа на долю секунды застыне ў паветры i нячутна апускаецца. Нарэшце пярэдняя правая, як амаль i заўсёды, застыла, не дакранулася да зямлi.
Ззаду, узяўшы напагатове стрэльбу, цiха падышоў Iван Iванавiч. Цяпер дзве статуi: чалавек i сабака.
Лес маўчыць. Толькi ледзь-ледзь хвалюецца залатое лiсце бяроз, купаецца ў сонечным бляску. Зацiхлi маладыя дубкi побач з велiчным асiлкам дубам, бацькам i прародзiчам. Бязгучна трапяталiся на асiне срабрыста-шэранькiя лiсцiкi.
А на апалым жоўтым лiсцi стаяў сабака - адно з лепшых тварэнняў прыроды i чалавечага цярпення. Не варухнецца нi адзiн мускул! У такiя хвiлiны Бiм здаецца паўмёртвым, быццам у трансе ад захаплення i азарту. Вось што такое класiчная стойка ў жоўтым лесе.
– Наперад, хлопчык...
Бiм падняў слонку на крыло.
Стрэл!
Лес здрыгануўся, адгукнуўся незадаволеным, пакрыўджаным рэхам. Здалося, што бярозка, якая зайшла да мяжы дубняку i асiннiку, спалохалася, здрыганулася. Дубы вухнулi, як вiцязi. Асiна, што побач, паспешна пасыпала лiсце.
Слонка ўпала, як камячок. Бiм падаў яе як належыць. Але гаспадар, пагладзiўшы Бiма i падзякаваўшы за прыгожую работу, патрымаў птушку на далонi, паглядзеў на яе i задумёна сказаў:
– Эх, не трэба было б...