Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
Шрифт:
– Табе ж i прыслаў, ага, - сказала Сцяпанаўна.
– Так i пiша: - Дайце Бiму гэтую чыстую паперку.
– Яна блiзка паказвала на паперку, прыгаворваючы: - Iван Iванавiч... Iван Iванавiч...
Бiм раптам расслаблена апусцiўся на падлогу i выцягнуўся, паклаўшы галаву на лiст. З вачэй яго пакацiлiся слёзы. Бiм плакаў першы раз у жыццi. Гэта былi слёзы надзеi, шчаслiвыя слёзы, скажу я вам, лепшыя ў свеце слёзы, не горшыя за слёзы радасцi ад сустрэчы i шчасця.
...Дай жа божа, дарагi чытач! Але павер мне: сетэр умее смяяцца i плакаць.
...Сцяпанаўна пачынала разумець сабаку, але яна зразумела i тое, што
Ой, як яму трэба была вада! Ён, чуць прыпадняўшыся, пiў прагна, капаючы на падлогу, а потым зноў лёг так, як i ляжаў. Бiм заплюшчыў вочы, здавалася, задрамаў.
Ужо досвiткам Сцяпанаўна выйшла так цiха, быццам баялася патрывожыць цяжка хворага чалавека.
А пасярод пакоя ляжаў усяго толькi адзiнокi сабака.
Колькi Бiм спаў, ён не ведае: магчыма, некалькi гадзiн, магчыма, i суткi i ачнуўся ад пякучага болю ў назе. Быў дзень, таму што свяцiла сонца. Нягледзячы на боль, ён панюхаў аркушык. Пах гаспадара быў слабейшы i быццам далёкi, але гэта не мела цяпер значэння. Галоўнае, самае важнае тое, што ён ёсць, недзе ёсць i яго трэба шукаць. Бiм устаў, напiўся з мiскi i захадзiў па кватэры на трох нагах; балела, але ён хадзiў, хадзiў, хадзiў з пакоя ў пакой, у прыхожую i назад, кружыў па пакоi. Iнстынкт яму падказваў: калi адлежаў адзiн бок, калi балiць, то трэба хадзiць. Скора прылаўчыўся хадзiць, каб не балела раздушаная лапа: яе трэба чуць падымаць угору, а не цягаць па падлозе, тады менш балiць. Калi ж Сцяпанаўна прынесла яму есцi, ён павiляў ужо ёй хвастом, парадаваў, а потым i пад'еў. I чаму, уласна, не есцi, калi ёсць надзея i ўзнiклi ў сабачай галаве два магiчныя словы - "шукаць" i "чакаць".
Але колькi ён нi прасiўся, колькi нi патрабаваў, Сцяпанаўна не выпускала яго (сядзi дома, ты хворы). Але нарэшце i яна здагадалася, што Бiм iстота жывая, што яму таксама ёсць патрэба выйсцi. Яна, бясспрэчна, не ведала, што здаралiся выпадкi, калi сабакi памiралi ад таго, што лопалiся кiшкi цi задыхалiся ад запораў, калi тых сабак не выпускалi больш чым тры днi. А такiя выпадкi былi не адзiн раз.
Вялiкая чалавечая спагада i дабрата душы вялi Сцяпанаўну па жыццi. Толькi i ўсяго. Яна зачапiла павадок за ашыйнiк i пайшла. А Бiм закульгаў побач.
У двары, у самым далёкiм кутку, стаялi двое: старая сiвая жанчына i кульгавы худы сабака - вось што выходзiла за карцiна.
Дзецi выбягалi з пад'ездаў, спяшалi да школы, але многiя з iх падбягалi i пыталiся:
– Бабулька, бабулька, чаму Бiм на трох нагах?
Або так:
– Бiмка, балiць табе?
Але ў школу бегчы трэба: гэта вялiкая адказнасць - хадзiць да школы, самая першая адказнасць у жыццi - перад сям'ёю, перад настаўнiкам, перад сябрамi. Таму яны i не затрымлiвалiся, беглi. Гэта здавалася вельмi важным i Сцяпанаўне i Бiму, хоць яны нiчога i не падазравалi, а проста пайшлi дадому, калi прыйшла пара.
Ля пад'езда iх спаткаў Палцiтыч (Павел Цiтыч Рыдаеў) i сказаў да Сцяпанаўны:
– Такое дзела, значыць. Псiна гэты - сабака варты, i яго трэба берагчы. Калi ўжо гаспадар даручыў табе, то вось табе парада: вазьмi на ланцуг. Абавязкова. Iнакш уцячэ. Не ўпiльнуеш. Выскачыць у дзверы - i каюк.
– Ды як жа можна такога разумнага сабаку - на прывязь?
– няўпэўнена запярэчыла Сцяпанаўна.
– Што: i цябе вучыць трэба? Запомнi: без гаспадара i без ланцуга сабака пачуе волю. I - каюк.
– Ды ён жа спаганiцца, як на прывязi стане.
– Зразумей ты, цёмны ты чалавек! Паганы стане - затое жывы будзе. На прывязь, на прывязь - вось табе i ўся мая iнструкцыя. Дабра хочучы, кажу: на прывязь!
Не паслухацца старшынi Сцяпанаўна не магла, таму яна купiла ланцужок за рубель дзесяць i на iм выводзiла Бiма на двор. Але дома адчэплiвала ад аброжка i кiдала ў куток. Хiтрая бабулька Сцяпанаўна - i ваўкi сыты, i авечкi цэлы. Мiж iншым, самой ёй давялося выходзiць з Бiмам усяго толькi два-тры разы, а прычынай таму былi незвычайныя падзеi, якiя пачалiся вакол Бiмкавага iмя.
Раздзел 9
МАЛЕНЬКI СЯБАР, ХЛУСЛIВЫЯ ЧУТКI, ДАНОС СПАДЦIШКА НА БIМА I АЎТАРСКАЕ АДСТУПЛЕННЕ
У школе, хвалячыся навiнамi, дзецi на першым жа перапынку пусцiлi чутку: у iхнiм двары ёсць сабака - хадзiў на трох нагах, а зараз на чатырох, i худэрбiна-худэрбiна, а быў не худэрбiна, быў сыты, а цяпер ускудлачаны, быў вясёлы, а цяпер сумны, i завуць яго Бiм; гаспадара павезлi ў Маскву на аперацыю, а водзiць яго зараз бабулька Сцяпанаўна.
Чутка дайшла да аднаго настаўнiка-метадыста, той на чарговай раённай нарадзе на наступны дзень у сваiм цiкавым выступленнi расказаў недзе гэтак: расце маладое пакаленне, выдатнае, яно "далучаецца да iдэi дабраты, якая ўключае ў сябе спачуванне да ўсяго жывога на зямлi". Усё гэта ён падмацаваў тым вялiкiм iнтарэсам аднае школы нават да нейкага невядомага сабакi з чорным вухам, гаспадара якога надоўга паклалi на аперацыю.
Тры днi запар ва ўсiх школах гарадскога раёна настаўнiкi расказвалi дзецям пра спачуванне i спагаду да жывёлiн, расказвалi, як добра i прыязна аднеслiся ў адной школе да адзiнокага сабакi. Але найбольш асцярожныя папярэдзiлi, што сабака ў такiм выпадку не павiнен быць шалёны, гэтага трэба сцерагчыся. У школе, дзе вучыўся Толiк, настаўнiца расказвала пра гэта ж самае, толькi проста i з душою.
– Ну, падумайце, дзецi, вы толькi падумайце!
– гаварыла яна.
– Нейкi жорсткi чалавек адарваў сабаку нагу. (Крыху так перамянiлася чутка сярод настаўнiкаў: чутка i ёсць - чутка!) Гэта не варта савецкага чалавека. А няшчасны сабака з чорным вухам навек калека.
– Яна адгарнула сшытак на патрэбную староначку i працягвала: - Цяпер, дзецi, напiшам сачыненне, маленькае i цёплае, на вольную тэму "Я люблю жывёлiн". Каб лягчэй пiсалася, каб нiчога не наблыталi, вось вам план-пытаннi.
I яна напiсала мелам на дошцы, гледзячы ў сшытак:
1. Як завуць вашага сабаку?
2. Белы ён, чорны цi якi?
3. Вострыя ў яго вушы цi абвiслыя?
4. З хвастом ён цi з кароценькай куксаю?
5. Якое ён пароды, калi гэта вядома дома?
6. Ласкавы ён цi злосны?
7. Цi гуляеш ты з iм, а калi гуляеш, то як?
8. Кусаецца ён цi не? Калi кусае, то каго?
9. Цi любяць яго тата i мама?
10. За што ты любiш сабаку?
11. Якiя ў цябе адносiны да iншае жыўнасцi (куры, гусi, авечкi, аленi, мышы i астатнiя)?