Блакіт і золата дня
Шрифт:
Пацукалоў, аднак, з таго часу паглядаў на бацьку заўсёды са страхам.
Так ён і хадзіў па нашым ціхім гарадку: непрыкметны, непрыстасаваны да жыцця чалавечак, жорсткі вораг пацукоў, які, аднак, не мог бы пакрыўдзіць і мухі.
У маленькіх гарадках, напэўна, да другога прышэсця будуць вадзіцца плёткі. Адна такая плётка звязвала пацукалова з імем удавы Стучэўскай, што жыла наводшыбе, ля Старых Валоў, і з яе сынам, высокім, худзенькім юнаком.
Ці была тут праўда? Я думаю, не, хоць хлопчык меў, як казалі вулічныя “бабы багамерзкія”, нейкае падабенства з Карнеем. Рэдка бывае так, каб з плётак атрымлівалася што-небудзь вартае. Гэты выпадак быў шчаслівым выключэннем. Балачкі баб
Хлопец якраз скончыў школу. Жыццё ў хаце ўдавы было не такое і лёгкае. Усе думалі, што Янку Стучэўскаму давядзецца працаваць. Але тут здарылася нечаканае: хлопец паступіў у інстытут, а пацукалоў пасяліўся ва ўдавы. Як выявілася пазней, пацукалоў некалькі дзён хадзіў паўз яе вялікую запушчаную хату з зарослым садам, пры сустрэчах намагаўся нешта сказаць і нарэшце з’явіўся да гаспадыні ўвечары і са звычайнай сваёй прыдуркавата-хітрай усмешкай сказаў:
– Прабачце мне за тое, што я скажу. Але, мне здаецца, хлопчык павінен вучыцца. У яго светлая галоўка. Вы ведаеце, ходзяць плёткі, у якія я, вядома, ні сном ні духам не вінен. Жанчыны - гэта глупства, прабачце. Але рота людзям не замажаш. І я неяк палюбіў хлопца. Няхай здае экзамены, мне хочацца, каб ён быў інжынерам... Стыпендыя ж, кажуць, невялікая, дык няхай ён вучыцца і клопату не мае. Вы пытаеце, чаму я так хачу? Эх, пані, у мяне не было дзяцей, трэба думаць, што і не будзе. А ў хлопца, бачыце, мае вочы... І нос таксама. Так усе кажуць. Мог бы ён быць і сапраўда маім. І потым, калі гавораць, дык няхай ужо гавораць недарэмна. У мяне ёсць такія-сякія грошы. Толькі я хітры. І мне гэта будзе зручна, бо калі вы дазволіце я пасялюся ў вашай садовай лазні.
Не ведаю, як ён угаварыў яе. Але ён сапраўды пасяліўся ў лазні, што схавалася ля яра ў бузіне і крушыне, а пасля, з восенню, перайшоў у дом. Жаночае сэрца схільна шкадаваць, іншым нават здаецца, што менавіта гэта галоўнае ў ім.
Яна прала на яго, карміла, цыравала яго шкарпэткі. Купіла нават аднойчы яму гарнітур, але ён паслаў яго хлопцу, “сыну”, і з упартасцю вала хадзіў у тым самым клятчастым строі, на якім жывога месца не было ад лапікаў. Калі ў яго пыталіся, нашто ён, маючы грошы, так ходзіць, ён адмоўчваўся, але бацьку майму аднойчы сказаў:
– Не той цяпер час, як тады, калі я быў хлапчуком. Але я не хачу, каб Янка хоць на волас зазнаў таго, што зазнаў я. Мы жылі бедна, маці мая была таксама ўдава. Таму, напэўна, я і атрымаўся такі: сухі, кашчавы, п’янею ад першай чаркі. Таму я і стаў такі слабы і, што казаць, дурнаваты, няздатны ні на што. Мазгі ў мяне не працуюць як трэба. Самыя простыя рэчы я не разумею. А ў мяне ж ёсць сэрца, я таксама хачу быць чалавекам. Гэта, напэўна, вельмі добра - сядзець з жонкаю дзе-небудзь пад грушаю і піць чай... А ў нас, дзяцей, нават портак даўжэй, чым у каго на вёсцы, не было. Аднойчы маці са свае старой спадніцы зрабіла нам, чацвярым, порткі. Мне, малодшаму, яны атрымаліся вельмі вузенькія. Але ж затое сапраўдныя крамныя порткі! Быў вялікдзень. І вось пайшлі мы, дзеці, гуляць. Прыдумалі гульню: хто скокне цераз агароджу, таму фарбаванку. У нас і курэй не было, а скакаў я добра. Хочацца мне фарбаванку. Вось я разагнаўся і - цыб! Пераскочыў і з разгону аж прысеў. Глянуў на порткі, а яны на каленях луснулі і між нагамі луснулі, так што атрымалася двое портак, па адной калошыне на кожнай назе, - і ззаду луснулі.
А зашываць няможна, свята. Так я і прасядзеў увесь вялікдзень у хаце ды горка плакаў. Не дай божа, калі дзецям чаго-небудзь
Ён зноў усміхнуўся прыдуркаватай усмешкаю:
– Так, атрымаў фарбаванку. Карычневая... Ад цыбульнага лушпіння.
Карней усе апошнія гады перад вайною працаваў, як пчала. Удзень - па хатах, увечары - з рыдлёўкаю ў садзе ўдавы. Ён абшаляваў дом і перакрыў яго новымі гонтамі, пабудаваў уласнымі рукамі веранду, зрабіў у гушчары альтанку і нават “упрыгожыў” яе слупкі вельмі непрыгожай разьбой. Разжыўся недзе саджанцамі добрых яблынь. І калі яго пыталі, нашто гэта, ён адказваў кожнаму адно:
– Тут ён можа спаць улетку... А тут чай піць... Ведаеце, маладому вельмі карысна піць чай, ды яшчэ калі вакол такі вольны дух... А белы наліў, думаеце, не карысны маладому? У-га!
У яго бедных мазгах шчасце атаясамлівалася менавіта з тым, каб сесці пад дрэвам і піць смачны чай. Ды яшчэ калі з варэннем -ого-го!
Гэта былі гады яго залатога шчасця. Карміўся ён добра, нават папаўнеў. Янка, прыязджаючы на канікулы, часта хадзіў з Карнеем у кіно (ісці ўтраіх пацукалоў не згаджаўся, і сын пасля ішоў у кіно з маткай). Мне асабліва падабалася, што юнак не саромеецца гэтага чалавека, што яны пасля кіно разам п’юць па куфлю піва і адукаваны хлопец пачціва слухае блытаныя фразы Карнея.
– Бач ты, як ён яго... закруціў. А той яму на бульбе, значыцца, паказваў, як яно там... ваююць... А гэты, значыцца, вельмі прасіўся. А што ты думаеш, кожнаму стварэнню жыць хочацца. Вось яно, значыцца, і так. Але...
Аднойчы я разрагатаўся, пачуўшы яго тлумачэнні, і тата ўпершыню ў жыцці даў мне па карку. Мне было ўжо дзесяць год, і гэта было вельмі крыўдна.
А бацька сказаў:
– Пабачу я, колькі ты на сваім шляху знойдзеш людзей накшталт гэтага прыдуркаватага Карнея, ёлуп хвашчоўскі!
Але я не зусім паверыў яму. Не толькі я лічыў, што гэта глупства. Сапраўды, якія вялікія пачуці маглі жыць у гэтых грудзях? Ніякія.
Вось на полюс ісці, у нетрах цэнтральнай Афрыкі гінуць у ба-лотах, дзе архідэі і недзе далёка дзікуны б^ць у там-тамы - гэта так.
А тут... пацукоў выганяе чалавек.
Усе былі так упэўнены ў гэтым, што не здзівіліся, калі ён з’явіўся і пры немцах з той самай торбай і ў той самай вопратцы. “Сын” быў адрэзаны фронтам, удаву Карней адправіў кудысьці на вёску і застаўся ў доме адзін.
– Гэта мой дом, - пяшчотна казаў ён, пагладжваючы абсаду акна.
– Бачыш, як я адгабляваў!.. І сад пачаў цвісці. Сын ужо інжынер, разумны хлопчык. Іх хутка прагоняць, а ў яго - дом. Прыедзе ён з жонкаю, будзе піць чай пад дрэвам. А калі я кіну дом -яго ж парасцягаюць... Якія ж гэта людзі, яны нічога не пабудавалі. І пацукоў усюды развялося... Хіба гэта гаспадары? Яны дрэнныя людзі, яны нічога не будуюць. А чалавека павінен быць, як пчала... Іначай, што ж застанецца дзецям?
Але хутка “дрэнныя людзі” пачалі і будаваць. Надта ўжо выгаднае, наводшыбе, месца было ля хаты Карнея. Тут табе густы сад, далей - яр, які падыходзіў да рэчкі і густа зарос дрэвамі і хмызняком. Поруч толькі адзін будынак, былы рыбны склад з каменнымі сутарэннямі.
Склад абгарадзілі, накруцілі шмат дроту. Пасля з’явілася ля самага саду Карнея незразумелая рэч, падобная на літару “П”. Гаспадар установы, што пасяліўся ў Карнеевай хаце, быў пажылы, змучаны бяссонніцаю чалавек у акулярах, які сяк-так размаўляў паруску. Прыязджалі сюды і другія, часцей за ўсё па начах.
Карнея выгналі. Ён суцяшаў сябе тым, што цяпер хаты ніхто ўжо не кране. Будзе стаяць цалюткая, як рэпка. Але ён кожны дзень хадзіў туды, пакуль яго не ўзяў нейкі падазроны вартавы. Афіцэр, даведаўшыся, у чым справа, доўга рагатаў і дазволіў Карнею жыць у старой лазні. Яму нават выдалі “аўсвайс”.