Час чумы
Шрифт:
Рым, 1521
I
— Гэта праўда, што вы нарадзіліся ў самым сэрцы варварства?
Жанчына хацела здавацца абыякавай, але ў трошкі прымружаных агатавых вачах пад негустымі цёмнымі бровамі свіцілася цікаўнасць. Вясновы вецер варушыў празрыстыя запавесы, раз-пораз напаўняючы іх і робячы падобнымі да ветразяў. Са спічастага прачыненага вакна, што глядзела на кветнік, плыў водар размарыну. Удалечы жаўцелі тэрмы імператара Каракалы. Мужчына маўчаў. Пытанне было не з тых, на якіх можна адказаць адным ці двума
Ён быў непаглядны, прынамсі, непаглядны паводле канонаў гэтай краіны і свету, да якога належала жанчына. Невысокі і шырокі ў плячах, з выцягнутым тварам, адзінаю вартасцю якога знаўцы законаў прыгажосці назвалі б грубаватую правільнасць ліній, з доўгімі дужымі рукамі, ён быў падобны да прасталюдзіна, але гэтаму ўражанню пярэчыла ўнутранае святло, што адбівалася ў шырока пасаджаных вачах, выдаючы чалавека не толькі разумнага, але і асвечанага. Пра гэта казала і адзенне: белая кужэльная кашуля і строгі глухі каптан з квадратным выразам, такі, што носяць бакалаўры або іншыя людзі, якіх кормяць вольныя мастацтвы. Незвычайныя ў італьянцаў звіслыя вусы, густыя валасы колеру жытняй саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй сведчылі, што чалавек гэты з далёкіх паўночных краёў. Мужчыну было блізу сарака, і ён пражыў на свеце ўдвая болей за сваю суразмоўніцу.
— Вы прымушаеце даму чакаць, — незадаволена сказала жанчына, папраўляючы залацістыя, з масянжовым адлівам валасы.
— Я не хацеў бы пакрыўдзіць вас сваім адказам. — Мужчына гаварыў па-італьянску, крыху расцягваючы словы. — Мне таксама даводзілася чытаць кнігі, якія сцвярджаюць, што ў маёй краіне зоркі свецяць удзень і ўначы, што золата ў нас нязмерна больш, чым жалеза, а людзі, не раўнуючы як цыклопы, маюць па адным воку пасярод ілба. Магу вас запэўніць, што гэтыя звесткі настолькі ж праўдзівыя, як і тыя, што па Рыме ходзяць мядзведзі і што ў Вечным горадзе ляжыць вечны снег. Зрэшты, пра колькасць вачэй у маіх адназемцаў вы можаце меркаваць і самі, варта толькі ўважлівей зірнуць на аднаго з іх…
Ён, відавочна непакоячыся, што апошнія словы прагучалі занадта рэзка, кінуў на жанчыну хуткі позірк, але тая сядзела, не мяняючы паставы, і, як і раней, ленавата абмахвалася прастакутным ядвабным вахлікам з жоўта-зялёнай выяваю заморскай птушкі.
— Але я схільны вінаваціць не аўтараў гэтых кніг і тым больш не чытачоў, якія мусяць верыць у бязглуздыя прыдумкі, — гаварыў далей мужчына. — Мы вінаватыя самі, бо яшчэ не здолелі сказаць свету слова праўды пра сваю зямлю.
— Няўжо ў вас няма дзівосаў, пра якія столькі гавораць? — расчаравана і недаверна спыталася жанчына.
— Дыму без агню не бывае. Ніхто не мае такіх бязмежных, як нашы, лясоў. Царства нашых звяроў і птушак найбагацейшае на ўсім свеце. Толькі ў нас жывуць зубры, якіх ахоўвае княжая грамата. Мы і самі пакуль што не зведалі ўсіх таямніц нашых пушчаў.
— Я чула, у юнацтве вы былі простым паляўнічым…
— Гэта праўда.
— Раскажыце. — Яе просьба прагучала амаль як загад.
Яна паднялася з лёгкага трохногага крэсла і наблізілася да вакна. На нізкім століку перад крэслам засталася ляжаць кніга. Гэта быў трактат Катарыны Сфорца «Як стаць прыгожай», які вывучалі цяпер знатныя дамы ўсёй Эўропы, і мужчыну захацелася сказаць, што донне Франчэсцы няма аніякай патрэбы чытаць гэтую кнігу, напісаную сваячкай вялікай княгіні літоўскай і каралевы польскай.
— Паляўнічымі былі мой бацька, і мой дзед, і дзед майго бацькі. Першы раз мяне ўзялі на
Ён падышоў да крэсла, дзе толькі што сядзела жанчына, і паклаў на прыслон свае шырокія далоні.
— У нашых лясах няма такога звера, на якога мне не давялося б паляваць. Але гэта могуць сказаць пра сябе многія. У нас кожны — паляўнічы…
Мужчына непрытоена любаваўся доннай Франчэскай. З таго цьмянага і настылага зімовага дня, калі ён убачыў яе ля калоны ў саборы святога Паўла і яна здалася яму ўвасабленнем самой маладосці, ён упершыню быў з ёю з вока на вока… Ён лічыў за шчасце так блізка бачыць гэты пяшчотны авальны твар з бездакорнымі прапорцыямі, чысты і высокі ад прыроды лоб, над якім не трэба было на два пальцы галіць валасы, як рабілі рымскія красуні, гэтае лёгкае золата валасоў, перахопленае ніткаю жомчугу, і вялікія, крыху пукатыя вочы, і круглявы падбародак з трыма пацеркамі маленькіх радзімак… У донне Франчэсцы ўсё здавалася яму суладным: пашытая з цяжкога ядвабу бэзавая сукенка з гранатавым узорам дзіўным чынам адпавядала яе імю, а буйны смарагд у авянечніку не толькі надаваў бляск вачам, але і падкрэсліваў чырвань вузкіх, аднак жывых і паўнакроўных вуснаў. Нават абцягнутыя саф'янам чаравікі-цаколі на высокай, ледзьве не на локаць драўлянай падэшве, мода на якія прыйшла летась з Венецыі і якія ён, сустракаючы ненатуральна высокіх модніц, пагардліва ахрысціў дыбамі, нават гэтыя чаравікі на яе нагах выдавалі дарэчнымі.
Ён глядзеў на яе і апавядаў, як яшчэ дзіцем пераносіў па цаліку суліцы, як пераплываў побач з канём рэкі і месяцамі блукаў пушчаю. Яму хацелася, каб Франчэска ўвачавідкі ўбачыла, як стралец, злажыўшыся з лука, зразае жораву крыло, як ляціць па зямлі імклівы птушыны цень і, палохаючыся яго, маланкава зрываецца з месца зубр. Яму праглася, каб яна пачула, як разлягаецца ў прыцемку рэзкае «гох! гох!» і як, пазнаўшы саміцу, адгукаецца магутным працяжным ровам і напралом, абдзіраючы бакі, нясецца на здрадлівы голас паляўнічага-вабіка падмануты лось…
Мужчына гаварыў і бачыў, што яе вялікія вочы расплюшчваюцца яшчэ шырэй і з твару знікае ўдаваная абыякавасць. Ён чуў радасць ад улады сваіх слоў, але раптам у вачах у Франчэскі плескануўся спалох і тонкія белыя пальцы — нібы яна хацела ад нечага абараніцца — моцна сціснулі тронак вахліка.
— Хопіць, — холадна прагучаў яе голас, і мужчына з горкім непаразуменнем замаўчаў.
— Я хачу пачуць, як гучыць на вашай мове вашае імя, — без усякай сувязі з папярэднім сказала яна.
Мужчына падумаў, што для яе гэта проста прыхамаць, не болей. Кароткай пярэрвы было дастаткова, каб Франчэска з нейкай палёгкаю засмяялася.
— Ён забыў сваё імя, — узмахнуўшы вахлікам, прамовіла яна скрозь смех. — Памятае ўсіх сваіх звяроў, а імя — забыў.
Мужчына таксама ўсміхнуўся — стрымана, але ветліва — і са здзіўленнем адзначыў, што ўжо не адчувае аніякае крыўды.
— На мове майго народа мяне завуць Мікола. Мікола Гусоўскі.
Ён сказаў усю фразу не па-італьянску, і Франчэска, услухаўшыся ў нязвыклае гучанне чужых слоў, на момант утаймавала сваю весялосць. Аднак хутка яна ўжо зноў смяялася — без дай прычыны, як быццам проста дзеля таго, каб пахваліцца прыгожымі зубамі.