Час чумы
Шрифт:
— Я ўжо не пасол… — паўтарыў ён.
— Няхай монсеньёр скажа, каго з вялікіх не грызла ненажэрная пашча зласліўцаў. Але ж у пакутах гартуюцца дух і воля. Для Кракава монсеньёр ужо не пасол, але для Рыма і Эўропы ён застаецца знакамітым дыпламатам і не менш знакамітым апекуном музаў.
— Пасол без дзяржавы… — са слабаю ўсмешкаю азваўся Вітэліус.
— Кароль і двор — яшчэ не ўся дзяржава. У той час калі Сулейманавы сланы топчуць няшчасных сербаў, калі турэцкая чума распаўзаецца ўсё шырэй і шырэй…
— Sapienti sat. Разумнаму дастаткова. Я ведаю, пра што ты хочаш сказаць, — перапыніў мецэнат. — Статак сапраўды невінаваты,
Мікола заўжды зайздросціў волі апекуна, але такое хуткае вяртанне разгубленага і зламанага Эразма да сваёй звычайнай іпастасі нарадзіла акрамя зайздрасці і крыўду: паэт зразумеў, што шчырасць у паводзінах мецэната зараз была добра-такі разбаўлена падступствам. Ён ведаў, што Эразм разлічвае на ягоную дапамогу, але разумеў, што хвілінная біскупава слабасць таксама была маскаю. Той і цяпер заставаўся дыпламатам, вёў сваю гульню, і ад немагчымасці прабіцца нават да гэтай блізкай душы, ад усведамлення мяжы, што пралегла паміж імі, як пралягае паміж дзвюма рэкамі ўзвышша водападзелу, не дазваляючы ім сустрэцца ў адным моры, ад гэтых думак, хоць Гусоўскі і разумеў, што замова папы ўсё адно ў сіле, яму зрабілася непрытульна і самотна.
— У нас няма выбару, — прамовіў Эразм. — З гэтага дня мы — ізгоі. Табе не трэба тлумачыць, колькі залежыць цяпер ад тваёй музы. І для цябе, і для мяне, і для мільёнаў нашых суайчыннікаў.
Гусоўскі задуменна пазіраў на новую карціну. Востры сонечны прамень крануў чало Збавіцеля і слізгануў па малітоўна складзеных руках грэшніцы.
— Няхай умацуе мае слабыя сілы Ўсявышні.
Паэту хацелася пабыць на адзіноце, каб паўтарыць прамоўленыя словы таму, каму належала іх пачуць, але Вітэліус яшчэ не адпускаў яго.
— Дарагі Nicolaus, прызнаюся, што сярод трывог апошніх дзён у маім сэрцы знайшло свой куток і тое, пра што мы абодва пакуль што маўчалі. Мяне турбуюць твае сардэчныя справы.
— Я… — з выклікам пачаў Гусоўскі.
— Паслу ех officio [8] належыць ведаць усё, што чыніцца з ягоным сакратаром, — паспешліва сказаў Эразм, каб дапамагчы ці то паэту, ці то самому сабе. — А я не толькі пасол і мецэнат. Я сябра. Я ведаю імя тваёй абранніцы. Гэтая жанчына ніколі не пераступіць цераз забабоны, з якімі мы змагаемся ўсё жыццё…
8
Паводле пасады (лац.).
— Яе няма ў Рыме. Я ўбачу яе не раней як праз паўгода, — сказаў Гусоўскі, каб хутчэй скончыць гэтую цяжкую тэму, і мецэнату не ўдалося схаваць ад яго радасць.
— Я ведаю, што ты пісаў да яе, і здагадваюся, што яна табе адказала. Няхай расстанне будзе бальсанам на твае раны. Памятай, у тваіх руках не толькі твой лёс.
Вітэліус падышоў, каб развітацца, і калі ён злёгку сціснуў Гусоўскаму плячо, той насупор зусім нядаўнім пачуццям адчуў да мецэната спагаду. Знячэўку ён на ўсю поўніцу зразумеў, наколькі знітаваліся іхнія лёсы, і ў гэты момант зноў убачыў ланцужок слядоў на плітах калумбарыя.
V
Цяпер
Пачуццё такое пранізлівае, што ён ачынаецца. Бярэцца на ранне. Яшчэ праз туманец сну Гусоўскі бачыць над ложкам ладунку з барсучынае шкуры. У махрах цьмяна пабліскваюць каваныя трокі. Цела дагэтуль памятае, як ладунка прыемна адцягвае плячо, і, каб узгаданае адчуванне было паўнейшае, ён на момант заплюшчвае вочы.
На белай сцяне праваруч вакна — скіфскага выгіну лук вышынёю на рост паляўнічага. Кібіць абкладзена касцянымі пласткамі з нябачнымі яшчэ маленькімі выявамі тарпанаў. Цеціва ўжо даўно аслабла, а часам, вось як у гэтую хвілю, так хочацца ўскінуць лук, нацягнуць да лёгкага звону і адчуць хвосткі ўдар па скураной наручцы. Калісьці ён мог выбраць за сотню крокаў дубовы стаўбур і дванаццаць стрэлаў малявалі роўны шасціканцовы крыж.
Ён спрабуе разгадаць сон. Эх, пад'есці б зараз печанага на вуголлі глушцовага мяса! Учора яму выпаў зусім нішчымны дзень: думкі былі быццам камяні ў крушні, і на паперу леглі ўсяго два нежывыя радкі, а кожны паляўнічы Княства ведае, што глушцовае мяса дае спажыву не толькі целу, але найперш розуму; нездарма кажуць: жывіся глушцом — будзеш мудрацом.
Бліжэй да вакна, пры самым стале, тул з тузінам даўгіх стрэлаў з лебядзінымі пёрамі. Гэткія ж пёры і на стальніцы, побач з кнігамі, свечкай і пясочным гадзіннікам. На перасценку, пад простым абразом Багародзіцы, вісіць няраз працёрты крывёю з мезеніка — каб быў шанцунак — самастрэл з казінаю нагой.
Туга па лясной маладосці заўсёды жыла ў ім, як у сухмень пад мохам і шыгавіннем жыве грыбніца. Сёлета туга прыходзіла да яго асабліва часта, але ён сустракаў яе з радасцю, бо разам з ёю ажывалі і абкружалі яго прызабытыя зыкі і пахі і ён чуў у сваім пакоі пошум пракаветных лясоў. Ён аддаваўся ўспамінам усёй сваёй істотаю, і надыходзіла хвіліна, калі знікалі сцены, знікалі камяніцы і галасы Вечнага горада, знікаў Тыбр і разлогія кроны піній, і ён бачыў мірную зубрыную чараду на тым баку Нёмана. Потым яму было цяжка даць веры, што гэтыя роўныя лацінскія радкі накрэсліла на паперы ягоная, а не чыясьці іншая невідочная рука, што іх пакінуў звычайны атрамант з сажы і гарэхаў, а не нейкае магічнае рэчыва.
Але надаралася і шмат іншых дзён, такіх, як учора і пазаўчора, такіх, калі ягоныя блуканні па рымскіх вуліцах і плошчах нязменна выводзілі яго на Апіеву дарогу і вялі да пахавальні Цэцыліі Метэлы, сваячкі таго самага Краса, што ўкрыжаваў тут тысячы непакорлівых рабоў. Нядаўна ён даўмеўся, чым надзіць яго гэтая цыліндрычная спаруда сярод чэзлых дрэўцаў і хмызняку: у яе абрысах хавалася падабенства з Камянецкай вежай.
Вітэліус чацвёрты месяц падарожнічаў па Італіі, а ён пісаў і цешыўся са свае адзіноты.