Дажыць да світання
Шрифт:
Вядома, ён быў далёкі ад таго, каб спадзявацца на хуткую ўдачу, на зручны для пераходу момант, але ўсё ж такога ўпартага нешанцунку ён не чакаў. Моцна замёрзшы на ветры, ён ледзьве датрываў, пакуль прагрукаталі на дарозе машыны. Здавалася, паблізу нікога больш не было. Але толькі ён высунуўся з-за ўмерзлых на брустверы камякоў, як зноў убачыў непадалёк немцаў. Іх было трое, гэта былі сувязісты. У той час, як адзін, узлезшы на слуп, корпаўся там з правадамі, двое іншых з апаратамі сядзелі на ўзбочыне дарогі — відаць, ладзілі сувязь. З-за іх спін тырчалі ствалы вінтовак, на зямлі ляжалі скруткі правадоў і нейкія інструменты. Праўда, занятыя сваёй справай, немцы не звярталі на іншае ўвагі, але, ведама, не так,
Значыцца, зноў трэба было чакаць.
І лейтэнант паныла ляжаў на мёрзлых, прысыпаных снегам лыжах і не адрываў вачэй ад шашы. Было вельмі студзёна, мерзлі ногі, параненае сцягно балела ўсё больш, і гэты боль усё часцей звяртаў на сябе яго ўвагу. Рух машын на шашы ўжо некалькі разоў то аднаўляўся з найбольшаю шчыльнасцю, то заціхаў трохі, і тады паяўляўся разрыў на кіламетр ці больш. Разы два выпадаў больш-менш зручны момант, каб перабегчы на той бок, але немцы ўсё яшчэ корпаліся ў сваёй сувязі. Лейтэнант тры разы даставаў важкі кубік танкавага гадзінніка, які апошні раз паказаў палову адзінаццатай. Сувязісты не ішлі. Мінула якіх паўгадзіны, пакуль той, што сядзеў на слупе, нарэшце злез на зямлю, і лейтэнант падумаў, што, можа, цяпер яны пойдуць. Але немец валюхаста перайшоў да наступнага слупа і, начапіўшы на боты свае сярпы-кошкі, зноў палез угору. Утрох яны там аб чымсь размаўлялі, але вецер адносіў іхнія галасы ўбок, і лейтэнант не мог нічога ўчуць.
Так цягнулася бясконца доўга. Іваноўскі пачаў ужо азірацца, шукаючы дзе якое болей зручнае месца, як раптам убачыў, што каля двух немцаў на ўзбочыне паявіўся і трэці. Адкуль ён узяўся тут, было невядома, напэўна, заслонены ад яго пагоркам, сядзеў дзе-небудзь непадалёк ад дарогі. Лейтэнант адчуў на сабе лёгкія дрыжыкі ад таго, што так блізка быў да бяды. Калі б ён наважыўся перабегчы шашу, дык напэўна налез бы на гэтага не бачанага ім немца. Між тым немец прысеў над апаратам, аб чымсь перагаварыў з астатнімі і махнуў рукой таму, што сядзеў на слупе, і той пачаў нетаропка злазіць. Пакуль ён злазіў, гэтыя трое ўсталі, разабралі свае сумкі і скрынкі і пайшлі ўздоўж па дарозе.
На гэты раз яны спыніліся значна далей ад рова, на слуп ніхто ўжо з іх не палез, і лейтэнант зірнуў у процілеглы канец шашы — цяпер, мабыць, трэба было рашыцца.
Ён жвава споўз па адхоне на дно рова, павярэдзіўшы набалелае сваё сцягно. Півавараў ускочыў з наседжанага ў снезе месца, Іваноўскі моўчкі кіўнуў яму, і яны, прыціскаючыся да крутога боку адхону, хутка пайшлі па рове ўніз. Тут іх ужо лёгка маглі заўважыць з дарогі, лейтэнант упаў за снегавую хрыбціну, уціснуўся ў снег; побач спрытна закапаўся ў снег Півавараў. Апухлы ад сцюжы і бяссонніцы хлапечы твар байца знерухомеў у найбольшай увазе, час ад часу лейтэнант перахопліваў яго ўстрывожаныя запытальныя позіркі. Лежачы на дне рова, баец нічога не бачыў і ва ўсім спадзяваўся на камандзіра, які прымаў цяпер рашэнні, што так многа значылі для абодвух.
Але адсюль ужо і сам лейтэнант нічога не мог убачыць і змушаны быў спадзявацца на слых, якім старанна перабіраў усе разрозненыя зменлівыя гукі, што даляталі з дарогі. Ведама, гэта быў не самы надзейны спосаб з усіх магчымых для пераходу, але іншага ў яго не засталося. Дачакаўшыся, калі вуркотны гул дызеляў на шашы трохі аслабне, і не злавіўшы паблізу якіх новых гукаў, Іваноўскі сказаў сабе: «Давай!» — і ўскочыў на ногі.
Праз некалькі скачкоў па глыбокім снезе ён дасяг прыдарожнага канца рова, выглянуў з яго — на шашы сапраўды было пуста, хаця на дальні пагорак ён проста не паспеў глянуць. Ён з шалёным імпэтам выскачыў на наезджанае палатно шашы і размашыста саскочыў з яго ў снег на дно наступнага адрэзка рова. Бегучы, ён з задавальненнем учуў за сабой стомленае дыханне Піваварава і з усяе сілы кінуўся да
— Фу, чорт!
Абодва хвіліну аддыхваліся, пасля Іваноўскі прыўстаў на каленях і агледзеўся. Здаецца, паблізу быў нейкі хмызняк — рэдзенькае яго вяршалле месцамі тырчэла з-за высокага бруствера, і лейтэнант з байцом расслаблена пайшлі па рове. Далекавата ўжо адышоўшыся ад шашы, яны спрабавалі вылезці ў поле, і, на здзіўленне камандзіра, Півавараву гэта ўдалося хутчэй; лейтэнант жа з першай спробы дабраўся толькі да сярэдзіны адхону і, паслізнуўшыся на круцізне, споўз да самага нізу. Зноў вельмі забалела сцягно. На гэты раз ён не захацеў душыць у сабе стогн, і Півавараў азірнуўся на брустверы, кінуўшы ў яго бок востры, недаўменны позірк.
— Нічога. Усё ў парадку.
Іваноўскі сабраўся з духам, пераадолеў боль, баец падаў камандзіру лыжную палку, з яе дапамогай той нарэшце пераваліўся цераз бруствер.
— Так. Цяпер на лыжы.
Тут, напэўна, ужо можна было ісці каля рова, ад дарогі прыкрываў бруствер і няблага хаваў хмызняк. Справа і воддаль шарэла вяршалле хвойнічка, дзе іх сёння чакалі ўдача або няшчасце, слава або, можа, смерць — іх лёс.
7
Пакуль яны прадзіраліся на лыжах у кустоўі, Іваноўскі адчуў прыступ нейкага непрыемнага, амаль неадольнага ў сабе неспакою.
Было зусім невядома, чаму гэты неспакой менавіта цяпер так настойліва даняў лейтэнанта. Урэшце, усё складвалася больш-менш удала: яны перайшлі шашу, здаецца, іх не заўважылі, зусім ужо блізка была мэта іх труднага шматкіламетровага начнога шляху. Хаця і з непаладкамі, але набліжаўся фінал, пэўна, цяпер яны маглі ўжо што-небудзь зрабіць. Праўда, сілы іх зменшыліся — частку страцілі пры пераходзе лініі фронту, двое зніклі ўначы, трое засталіся па той бок шашы, і тут іх было толькі двое. Двое, вядома, не дзесяць. Але наўрад ці гэтая акалічнасць была прычынай яго невыразнага і такога неадольнага цяпер неспакою.
Чым бліжэй яны падыходзілі да хвойнічка, тым усё нецярплівей рабілася на душы ў лейтэнанта. Нецярпенне нарэшце ахапіла яго так моцна, што ён не мог дазволіць сабе спыніцца, каб паправіць на сцягне павязку, — здаецца, пачала крывяніць рана. Зрэшты, ён даўно ўжо стараўся не заўважаць свае раны, да яе збольшага прыцерпеўся за ноч. Цяпер ён нават не дужа азіраўся па баках — ён упарта імкнуўся да хвойніку, быццам там чакала яго самая вялікая ў яго жыцці ўзнагарода. Півавараў, мокры ад поту, які ён перастаў ужо выціраць з твару рукавом маскхалата, стараўся не адстаць, і яны задыхана, хуткім крокам шыбавалі ўскрайкам кустоўя. Ужо зусім добра развіднела, дзьмуў нямоцны марозны вецер, неба, завалочанае хмарамі, нізка навісла над шэрым, непраглядным, затуманеным марознай смугой прасторам.
Іваноўскі першы ўзабраўся на вяршыню пагорка і праз голае сучча алешніку паглядзеў уніз. Перад ім была лагчына з нешырокім языком хмызняку, у якім лейтэнант ледзьве пазнаў той алешнічак, дзе яны з Волахам чакалі ночы. Але замест гушчару, што тады прытуліў семярых, цяпер сіратліва чарнелі на снезе тонкія дубчыкі, у якіх магло схавацца хіба некалькі птушак. Затое на пагорачку за лагчынай па-ранейшаму таямніча зелянеў хвойнік, абнесены рэдкімі слупкамі нямецкай загарадзі, ля якой ім тады так не пашэнціла з Волахам, але павінна, не можа не пашанцаваць цяпер…