Дажыць да світання
Шрифт:
Як і ўсе ў групе, яе камандзір амаль выбіўся з сілы за гэтую надзвычай цяжкую ноч. З натугай пераадольваючы не моцны, але несціханы боль, ён ледзьве варушыў параненай нагой. Тым не менш, утаіўшы ад астатніх сваё раненне, ён заставаўся ў вачах байцоў роўны з усімі ў сваіх фізічных магчымасцях, і гэта без скідкі накладвала на яго роўныя з іншымі абавязкі. З нейкага часу ён пачаў адчуваць у сабе некаторую няёмкасць за тое, што, вымушаючы іншых на звышчалавечыя намаганні, сам ішоў улегцы, узяўшы ў якасці дадатковай нагрузкі толькі вінтоўку Піваварава. Ён не мог многага, але абавязак таварыскасці патрабаваў сумленна падзяліць з астатнімі ўсе іх дарожныя нагрузкі.
Яны абышлі хвойны ўзлесак і зноў рухаліся ўздоўж рэчышча, якое здавалася
— Ну як?
— Ды во, хутка выцягнуся. Далі б глыкнуць, ці што?
Лейтэнант даў яму пляшку, той зрабіў некалькі зацяжных глыткоў.
— Ну, лепш?
— Нібыта. Хутка зашабашым?
— Хутка, хутка. Давайце памагу. Удвох пацягнем.
— Ну якое ўдвох! Толькі тузацца будзем. Ужо сам як-небудзь… Быццам буран сціхае?
Лейтэнант азірнуўся і, на здзіўленне сваё, убачыў, што завея сапраўды амаль сціхла. Чорнае неба прыўзнялося, аддзялілася ад зямлі, унізе ляжала надзіва спакойнае белае поле, нібыта прыпухлае ад сакавітай начной белізны. Па баках зноў паявілася шэрая блытаніна хмызняку з рэдкімі плямамі маладых елачак. Мабыць, набліжаўся ранак. Ацяжэлай рукой лэйтэнант дастаў з кішэні гадзіннік — было чвэрць на сёмую.
— Ого! Яшчэ адзін рывок — і канец. Прывал да самага вечара.
Новы непакой на нядоўгі час надаў сілы, і лейтэнант энергічна заслізгаў лыжамі. З'явілася новая прыкрасць ад таго, што так не ў час сціхла завея, якая цяпер была б куды як дарэчы. Без завеі перайсці шашу будзе трудней, тым больш калі яны спозняцца. Здаецца, ім не хопіць якой гадзіны цёмнага часу, і гэтая гадзіна можа вырашыць усё. Генерал у кароткім наказе перад выхадам настойліва раіў максімальна выкарыстаць цемнату — толькі ноч абяцала ім нейкую надзею на поспех, удзень, згледзеўшы іх, немцы, вядома, пастараюцца знішчыць усіх да апошняга. Што гэта іменна так, лейтэнант выдатна разумеў без доказаў, і ўсё ж ён быў удзячны генералу за яго клопат і добрую параду, у якой адчувалася нешта зусім не генеральскае, а болей бацькоўскае ў адносінах да ўсіх і да лейтэнанта таксама. Вядома, яны разумелі, што на іх ускладвалася і што з гэтай ночы рабіліся поўнымі ўладарамі ўласнага лёсу, бо ў трудную хвіліну дапамагчы ім не зможа ніхто — ні генерал, ні сам Бог. Але ўсю дарогу ў гэтай шалёнай ночы лейтэнант нёс у сабе ціхенькую іскрынку ўдзячнасці генералу за яго зусім не генеральскае стаўленне да іхняга лёсу. Гэтая іскрынка грэла яго, вяла і таіла ў сабе маленькую жаданую надзею на поспех.
А ўсяго тры дні назад, аціраючыся пры штабе пасля выхаду з нямецкага тылу, Іваноўскі болей за ўсё баяўся трапіць на вочы менавіта гэтаму прыдзірліваму, строгаму і ўладарнаму генералу — начальніку штаба. Ды і не толькі ён — многія ў ціхай лясной вёсцы, дзе размясціўся штаб, з таропкай баязлівасцю праходзілі міма яго высокага, з блакітнымі аканіцамі, дома. Генерал быў бязлітасна строгі да ўсіх сваіх падначаленых, а тут, вядома, усе, апроч хіба самога камандуючага, былі ў яго прамым падначаленні. Аднаму Богу было вядома, за што ён мог кожную хвіліну прыдрацца: генерал не дараваў, калі кагось заставаў без справы, спаганяў за парушэнне формы адзення і маскіроўкі, лаяў тых, хто, на яго думку, недастаткова хутка выконваў загады, — ці мала за што можа прыдрацца да падначаленага строгі начальнік у арміі? Неяк міжвольна Іваноўскі зрабіўся сведкам, як генерал лаяў аднаго палкоўніка за адсутнасць нейкіх дадзеных на ўчастку левага фланга і як пасля гэтага палкоўнік, у сваю чаргу, разносіў камандзіра разведкі, дзве разведгрупы якога
Іваноўскі тут быў выпадковым, чужым чалавекам. За час сваёй не надта вялікай армейскай службы яму не даводзілася бываць нідзе вышэй штаба дывізіі, і цяпер ён з цікавасцю назіраў жыццё гэтай тылавой установы. Разы два, зрэшты, у вёсцы паднімаўся перапалох, калі наляталі «юнкерсы», скінутыя імі бомбы, аднак, не ўчынілі асаблівай шкоды, апроч таго што разбурылі пусты хляўчук ды забілі на вуліцы асядланую гнядую жаробку. У астатнім усё тут ішло мірна і роўна, хіба што часам па аддзелах пачынаў свой абход начальнік штаба, і тады ўсе палкоўнікі, капітаны і ўвішныя пісары ненадоўга перажывалі трывогу. Але неўзабаве, каму зрабіўшы вымову, а на каго проста накрычаўшы, генерал знікаў, і зноў у вёсцы ўсё ішло, як заўсёды.
Пасля пераходу лініі фронту лейтэнант Іваноўскі паявіўся тут з двума ўцалелымі разведчыкамі, бо пасля смерці капітана Волаха палічыў сваім абавязкам далажыць аб усім, што здарылася за два тыдні іх блукання па нямецкіх тылах. Але заклапочаныя сваімі справамі штабныя начальнікі аднесліся да яго без асаблівай увагі, і гэта яго пакрыўдзіла. Надта свежым быў у яго памяці боль нядаўніх страт, смерць Волаха, усе іх неймаверныя перажыванні там, у нямецкім тыле, каб ён так проста мог прымірыцца з гэтай няўвагай. Ён прыйшоў у хату разведаддзела да бялявага маладога палкоўніка і з ходу пачаў выкладаць яму сутнасць справы, але той доўга і невідушча глядзеў на яго, яўна думаючы пра нешта іншае. Пасля палкоўнік абарваў ягоны расказ і загадаў усё падаць у пісьмовай форме. Нібы між іншым, ён запытаўся, ці прайшоў лейтэнант праверку ў Дольцаве, дзе знаходзіўся зборны армейскі пункт. Іваноўскі пакрыўдзіўся. Ён сказаў бяляваму, з прыгожа ўкладзенымі валасамі палкоўніку, што ў Дольцава ён паспее, а вось да нямецкага склада боепрыпасаў можна спазніцца і тады ўсе іх намаганні і ўсе страты, у тым ліку і смерць выдатнага армейскага разведчыка капітана Волаха, могуць аказацца дарэмнымі.
— Як дарэмнымі? — здаецца, упершыню нешта сцяміў палкоўнік і адарваў аловак ад паперы, па якой старанна лінеіў нейкую складаную, з мноствам графаў табліцу.
— Вельмі проста, — адказаў лейтэнант. — Загінулі без карысці. Ні за панюх табакі.
— Во як! — сказаў палкоўнік і ўстаў, абцягваючы гімнасцёрку і крута выгінаючы зайздросна развітыя мускульныя грудзі. — Вы з якой, сказалі, дывізіі?
Іваноўскі назваў дывізію і полк.
— Гэта якой жа арміі? Гэта нават не нашага фронту. Так не пойдзе, пішыце аб'ясненне.
Нічога не зробіш, давялося ўзяцца за гэта «аб'ясненне». Ён пісаў яго двое сутак, хаваючыся ад прыдзірлівага генерала, які якраз прыехаў з перадавой і, як звычайна, пасля нядоўгай адсутнасці наводзіў у штабе парадак. Іваноўскі часова прытуліўся ў штабным АХО, з пісарам якога напярэдадні выпіў пляшку шнапсу, і той велікадушна падзяліў з «нічыйным» лейтэнантам свой ложак у паўразбуранай пустой хаціне. Праўда, у дадатак да пляшкі давялося адарыць гасціннага пісара трафейным люстраным компасам і назаўсёды расстацца з прыгожай запальнічкай-манахам. Але за два дні ён склаў падрабязную справаздачу памерам у два школьныя сшыткі ў клетачку.
Калі ён прынёс сваю працу, бялявы палкоўнік, відаць, быў не ў настроі. Размашыстым дакладным рухам, не зірнуўшы, ён перакінуў ягоныя сшыткі на суседні стол, за якім сядзеў над паперамі лысы брывасты маёр.
— Кавалёў, займіцеся. Што ён там сачыніў — мне чытаць няма часу.
Але Кавалёў таксама па нейкай прычыне не мог прачытаць гэта адразу, і лейтэнанту нічога больш не заставалася, як пайсці і чакаць у сваёй хаціне. Ён ужо ўскінуў да пілоткі руку, каб павярнуцца і выйсці, як дзверы ў хату шырока расчыніліся і на парозе, згінаючы галаву, паявіўся той самы, каго ён болей за іншых баяўся сустрэць. Камандзіры за сваімі сталамі ўскочылі, а Іваноўскі толькі павярнуўся ды так і застыў з паднесенай да пілоткі рукой.