Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
9 John Dewey. The Public and Its Problems (Chicago: Swallow Press, 1954), 148.
10 Каб пазбегнуць непаразумення, я павінен адзначыць, што, надаючы дэмакратыі статус ладу жыцця, я застаюся ў баку ад той ідэі, што ўсе рашэнні, якія маюць «грамадскую» вьгаву, павінны прымацца ў адпаведнасці э мажарытарнай працэдурай ці нейкім іншым дэмакратычным прынцыпам «удзелу».
11 Гл.: Robert Nisbet. Community and Power (New York: Oxford University Press, 1962).
12 Benedetto Croce. Politics and Morals. Пераклад Salvatore J. Castiglione (New York: Philosophical Library, 1945), 22, 25.
13 Ibid., 3. Неабходна адзначыць, што з ранняй палітычнай філасофіі Крочэ іншымі былі зробленыя высновы, якія падштурхнулі некаторых аналітыкаў да абмежаванага суаднясення Крочэ са станаўленнем італьянскага фашызму. Хоць Крочэ і нясе пэўную адказнасць за тое, што такія высновы мелі месца, у цэлым ягоная палітычная філасофія не дае падстаў для такой інтэрпрэтацыі і, наадварот, робіць відавочным, што Крочэ са значнай рызыкай для сябе стане публічным крытыкам фашысцкага рэжыму.
14 Параўн.: James M. Buchanan and Gordon Tullock. The Calculus(Ann Arbor: of Consent: Logical Foundations of Constitutional Democracy University of Michigan Press, 1962).
У працэсе свайго развіцця этычная тэорыя дэмакратыі ўваходзіць у сутыкненне з прадузятасцю сучасных поглядаў на тое, што для палітолага можа служыць сведчаннем, якое заслугоўвае даверу. Як ужо адзначалася, сумленне ў гэтым даследаванні будзе разглядацца як праваднік да ўсёпранікальнай мэты чалавечага жыцця. Такое разуменне сумлення часткова фарміруе пашыраны погляд на прыроду чалавека, згодна з якім яго духоўная сутнасць заключаецца ў спалучэнні самасвядомасці і свабоды, чаго пазбаўленыя фізічная прырода і свет жывёл. На такі погляд, як і на той тып этычнай філасофіі, з якім ён (погляд) непарушна звязаны, нярэдка робяцца нападкі за іх заснаванасць на «ненавуковым», неэмпірычным падыходзе да доказаў.
Апошнія два стагоддзі адметныя тым, што за гэты час значна пашырыліся і колькасна павялічыліся даследаванні ў прыродазнаўчых навуках. Прагрэс, які дазволіў нам падпарадкаваць фізічную прыроду, зрабіў эксперымент вельмі прывабным навуковым метадам і шмат каго заахвоціў распаўсюдзіць, наколькі магчыма, яго выкарыстанне. Эксперыментальныя навуковыя метады пачалі разглядацца некаторымі ў якасці ключа да больш поўных і дакладных ведаў пра чалавечую прыроду і грамадскае жыццё, а не толькі неадушаўлёныя рэчы і з'явы. У выніку менш выразны характар набыло і адрозненне чыста чалавечага, духоўнага пачатку, у якім не толькі асноўнымі, але і абавязковымі складовымі з'яўляюцца свабода і адказнасць, ад пастуляванага «колькаснага» парадку прычынных сувязяў. Адлюстраваннем гэтай агульнай тэндэнцыі з'яўляецца тое, што сучасная палітычная навука дэманструе пэўную неахвоту вывучаць палітыку ў святле філасофскага разумення чалавека, згодна з якім жыццё павінна разглядацца з пункту погляду рэальнага асабістага досведу, а не ў адпаведнасці з прагматычным веданнем фізічнай прыроды. Шмат палітолагаў схільныя абыходзіць цяжкае пытанне пра асаблівасці прыроды чалавека і яе значэнне для вывучэння палітыкі і кіруюцца замест гэтага прызнаным «навуковым метадам». У гэтым кароткім даследаванні немагчыма дэталёва абгрунтаваць аргументы супраць таго, што эмпірычна-колькасныя метады — і сама тэорыя як набор рабочых гіпотэзаў, якія патэнцыйна могуць быць даказаныя з дапамогаю гэтых метадаў, — могуць быць у навуцы нормай аналізу палітыка. Але сказанага тут, спадзяюся, будзе дастаткова, каб паказаць, што такі падыход мае сур'ёзныя заганы. Асноўная ж мая задача будзе заключацца ў іншым і я паспрабую развіць такія доказы і аргументацыю, якія рабілі б яснейшым паняцце чыста чалавечай духоўнай прыроды. Трэба адзначыць, што мая крытыка будзе накіравана супраць пэўнай агульнай тэндэнцыі ў сучаснай палітычнай навуцы і іншых сацыяльных навуках, а не супраць індывідуальных інтэлектуальных пазіцый, якія, напрыклад, можна напаткаць сярод тых, каго вельмі адвольна і часта двухсэнсоўна называюць біхейвіярыстамі. Я далёкі ад таго, каб адмаўляць існаванне палітолагаў, якіх часам прыпісваюць да апошняй катэгорыі і якія асабліва на практыцы выходзяць з рамак дагматычнай прыхільнасці да эмпірычна-колькасных метадаў і спалучанага з імі тыпу тэорыі. I, вядома, мае аргументы не накіраваны супраць імкнення знайсці ў фактах абгрунтаванне той ці іншай гіпотэзы. Цяжка спрачацца з жаданнем акумуляваць як мага больш ведаў адносна прадмета, калі гэты прадмет сапраўды заслугоўвае ўвагі, а збор інфармацыі абумоўлены адчуваннем прапорцый. У фокусе маёй крытыкі — тэндэнцыя вызначаць «факты» сацыяпалітычнага асяроддзя гэтак сама, як гэта робяць прыродазнаўчыя навукі, і тым самым сцвярджаць, што прырода чалавека і грамадства не выходзіць за межы той рэчаіснасці, як яе пастулюе прыродазнаўства. Такі погляд, нават будучы разбаўлены ці ўраўнаважаны менш сумніўнымі падыходамі, вельмі ўплывае на дакладнасць разумення палітыкі. Таму ў сваёй аргументацыі я стаўлю сабе за мэту пакрытыкаваць тых сацыёлагаў, якія сёння з'яўляюцца прыхільнікамі гэтай тэндэнцыі, і напомніць аб мінулых грахах тым, хто пачынае ставіцца да яе ўжо больш крытычна. У спробах забяспечыць пры вывучэнні палітыкі максімальна магчымае набліжэнне да прынцыпаў прыродазнаўчых навук асаблівая каштоўнасць надаецца доказам, якія лічацца колькаснымі ці паддаюцца колькаснаму выражэнню. Паводле аднаго з піянераў гэтай сучаснай арыентацыі Артура Бэнтлі, найлепшым апісаннем сацыяльнага факту «заўжды будзе тое апісанне, якое больш за іншыя наблізіць нас да яго колькаснай ацэнкі». На думку Бэнтлі, «ідэі» і «пачуцці» — гэта бессэнсоўныя абстракцыі, а не разумныя сацыяльныя сілы. Сацыёлаг павінен імкнуцца пазбавіць свае даследаванні «невымерных элементаў» і стаць на зайздросную пазіцыю прыродазнаўцы, чый доследны матэрыял «паддаецца вымярэнню і колькаснаму параўнанню ад пачатку да канца»1. Ці не нагадвае гэта фразу Уільяма Джэймса пра тое, што «з кожнага слова трэба выцягваць яго практычную вартасць»2. Вельмі падобны, хоць і больш блізкі да нас па часе, погляд на палітычную навуку належыць Дэвіду Істану. Істан ставіцца да «інтраспектыўнай псіхалогіі» з крыху большай прыязнасцю, але падкрэслівае, што яна шмат чым абавязаная Бэнтлі. Ен таксама заклікае да распрацоўкі тэарэтычнага «майстраплана» эмпірычных даследаванняў, якія аднойчы, магчыма, «дасягнуць такога ж узроўню сталасці, як, напрыклад, у тэарэтычнай фізіцы». У сваіх меркаваннях адносна развіцця гэтай галіны Істан выказаў шкадаванне, што фізічныя навукі на стагоддзі апярэджваюць сацыяльныя і што, такім чынам, «усе сацыяльныя даследаванні пазбаўленыя метадалагічнай стройнасці прыродазнаўчых навук ці сістэмы кшталту фізічнай мадэлі»3.
У пэўнай ступені спробы ўвесці ў арсенал палітычных навук метады, якія, як лічыцца, набліжаюцца да строгасці і дакладнасці, уласцівых метадам навук прыродазнаўчых, могуць з'яўляцца рэакцыяй на павярхоўнасць у навуковых даследаваннях і экстравагантныя меркаванні ў мінулым. Але прапанаваным «лекам» характэрныя не менш праблематычныя рысы, чым самой хваробе. Вядома, у паліталагічных даследаваннях існуюць напрамкі, у якіх да вымяральнасці — у пэўным сэнсе гэтага слова — трэба імкнуцца, але ці ёсць сэнс імкнуцца да яе нават тады, калі атрыманая карціна палітычнай рэальнасці будзе аднабаковаю ці скажонай, не кажучы ўжо аб трывіяльнасці знаходкі? Ці не лепей больш уважліва паставіцца да выслоўя Арыстоцеля, што «адзнака адукаванага чалавека — ісці ў пошуку дакладнасці ў кожным класе рэчаў не далей за мяжу, акрэсленую прыродай прадмету»4. Больш за тое, можна сцвярджаць, што існуе тып філасофскай дакладнасці, які характарызуе прадмет ці з'яву лепшым чынам, чым любы колькасны эквівалент.
Адной з мэтаў выкарыстання навуковага метаду ў палітычных навуках з'яўляецца вызначэнне «схем» ці «правіл» у палітычных паводзінах. Вось як выглядае адно з тлумачэнняў гэтага падыходу яго прыхільнікамі: «Мы... мяркуем, што такія правілы магчыма прадставіць у выглядзе абагульненняў, якія набліжаліся б да універсальнасці законаў ці тэорыі прыродазнаўчых навук»5. Гэта, мусіць, павінна азначаць, што палітычная навука не бярэ пад увагу ці наогул адмаўляе своеасаблівасць прыроды і складанасць катэгорыі чалавечага жыцця. Зменім крыху фармулёўку, каб удакладніць змест слова своеасаблівасць: пры ўсім разуменні наяўнасці адрозненняў паміж чалавекам і рэччу, чалавекам і жывёлай яны нібыта не такога кшталту, каб патрабаваць розных прынцыпаў тлумачэння. Цяжка нават уявіць, каб такая блытаніна ў паняццях магла працаваць на ісціну. Дзеля прыкладу, можна сказаць, што толькі праз празмернае спрашчэнне ўплыў сацыяльнага становішча чалавека на яго палітычныя паводзіны можна залічыць у тую ж катэгорыю «заканамернасцяў», што і ўздзеянне рычага на рычаг ці нейкага знешняга стымулу на пацука. Такі ўплыў належыць выключна да сферы асэнсаванай і мэтанакіраванай дзейнасці чалавека, і яго разгляд у кантэксце аналізу павінен ажыццяўляцца толькі тымі метадамі, якія грунтуюцца на ўсведамленні фундаментальнага адрознення ў сэнсах тэрміну «ўздзеяння», калі ён тычыцца палітычных паводзінаў чалавека і калі ён тычыцца пэўнага механізма або біялагічнага арганізма.
Перавага ў выкарыстанні метадаў прыродазнаўчых навук, якую ім аддаюць іх прыхільнікі ў навуках сацыяльных пры даследаванні палітычных праблем, мае больш глыбокую падаплёку, чым гэта прынята лічыць. Прыхільнікі навуковага метаду часам заяўляюць, што яго выкарыстанне пры даследаванні сацыяпалітычнай рэчаіснасці неабавязкова з'яўляецца спробай распаўсюдзіць яго прымяненне на ўсё, што адбываецца ў свеце, — хутчэй гэта спроба садзейнічаць развіццю метаду, які даказаў сваю «працаздольнасць», напрыклад, дзеля палягчэння прагназавання. У такім выпадку будзе карысным паставіць пытанне: ці не азначае імкненне капіраваць механізмы прыродазнаўчых навук, што чалавечыя паводзіны могуць вызначацца пэўнымі канкрэтнымі характарыстыкамі? Калі ж апроч біялагічных і фізічных працэсаў адбываюцца і нейкія іншыя, якія характарызуюць чалавека як палітычную істоту і абавязкова павінны ўлічвацца пры вызначэнні палітычнага жыцця ў цэлым, то выкарыстанне ў палітычнай навуцы выключна эмпірычна-колькасных метадаў і звязанай з імі тэорыі давядзецца прызнаць спосабам нездавальняючым і няслушным. Такі спосаб будзе мець права на існаванне толькі ў тым выпадку, калі «схемы» і «заканамернасці» палітычнага жыцця не будуць выходзіць за рамкі прычынна-выніковых сувязяў рэальнасці, устаноўленых прыродазнаўчымі навукамі. Сама сабой напрошваецца выснова: калі адзіным шляхам набыцця дакладных ведаў аб сацыяпалітычнай рэчаіснасці з'яўляецца навуковы метад, значыць, гэтая рэчаіснасць павінна ў сваіх асноўных характарыстыках адпавядаць прыродзе ўзаемасувязяў, якія існуюць паміж рознымі з'явамі фізічнага і біялагічнага свету. Але ў такім выпадку погляд на чалавечую прыроду і грамадства ўжо загадзя ставіцца ў жорсткія рамкі.
У адказ можна пачуць аргумент, што дакладныя — a значыць, тыя, што сапраўды заслугоўваюць давер,— веды аб сацыяпалітычнай рэчаіснасці можна атрымаць, толькі канцэнтруючы ўвагу на з'явах, якія паддаюцца вымярэнню, і імкнучыся да колькаснага іх выражэння. Але чаму трэба аддаваць такую перавагу ведам, «дакладным» у колькасным сэнсе? Калі ўжо загадзя так ці іначай не прадвызначаць, што сабой уяўляе сацыяпалітычная рэчаіснасць, чаму толькі такія веды трэба лічыць адзінымі, якія заслугоўваюць давер?
Схаванае прызначэнне чалавека і грамадства пастаянна бярэцца пад сумненне (у лепшым выпадку не аспрэчваецца актыўна), паколькі ўсе «заканамернасці» палітычных паводзін уціснуты ў пракрустава ложа «навуковага» тлумачэння. Мяркуецца, што схаваны элемент непрадказальнасці і нявызначанасці або недасягальны для пазнання навуковымі сродкамі, або проста з'яўляецца часовай праблемай, вырашэнне якой павінна пачакаць больш маштабных даследаванняў і далейшага ўдасканалення метадалогіі. Такі падыход часта выглядае амаль як ньютанаўская канцэпцыя рэчаіснасці, якая нібыта не цалкам вытрымліваецца нават у фізіцы. Пярэчанні гуманітарна-філасофскага характару наконт таго, што «схемы» сацыяльнага жыцця належаць не да той самай катэгорыі, што і, напрыклад, «схемы» астраноміі ці фізікі, бо з'яўляюцца актамі волі ў кантэксце свабоды, мэты і адказнасці,— такія пярэчанні не могуць устояць з дапамогаю ўласцівай толькі ім аргументацыі. Яны або адкідаюцца як «ненавуковыя», а значыць, не эаслугоўваючыя ўвагі навукоўцаў, або выпустошваюцца з дапамогаю падмены канцэптуальных паняццяў згодна з тым, як гэтага патрабуе прыродазнаўчы метад, г.зн. зводзяцца да тлумачэння загадзя вызначанай пазіцыі.
Сказанае вышэй сведчыць, што прыхільнікі выключнай ці пераважнай апоры на эмпірычна-колькасныя метады ў паліталогіі дэманструюць фундаментальную адвольнасць у вызначэнні таго, што з'яўляецца сапраўды навуковым. I іх адвольнасць робіцца яшчэ больш відавочнай, калі яны, апроч іншага, не прызнаюць яшчэ і патрэбу ў філасофскім асэнсаванні чалавечай прыроды і грамадства. Цяжка зразумець, як можна адстойваць метады прыродазнаўчых навук ці падобныя да іх метады ў якасці ідэальных для навук сацыяльных, так ці іначай не прааналізаваўшы перад гэтым, што сабой уяўляе чалавечая прырода ва ўсёй яе складанасці, і не вызначыўшы, у якой ступені гэтыя крытэрыі могуць быць прыдатнымі для вывучэння перадусім самога чалавека. Гэта — філасофскія пытанні і, апроч таго, вельмі складаныя. Дзеля лепшага разумення ролі і значэння палітыкі ў чалавечым жыцці і таго, якая метадалогія найбольш падыходзіць для гэтай задачы, неабходна праводзіць даследаванні такім чынам, каб факты рэальнага жыццёвага досведу і самаспасціжэння чалавека маглі гаварыць самі за сябе. Палітолагу не да твару пачынаць з увядзення нягнуткае шкалы доказаў, запазычанай з нейкай спецыялізаванай даследчыцкай галіны. Адмаўленне вяршэнства філасофскага пачатку чалавечай прыроды пры адначасовым адстойванні універсальнасці прыродазнаўчай метадалогіі раўназначна прызнанню апошняй у якасці вышэйшага суддзі рэчаіснасці і, тым самым, прыняццю застылай метафізічнай сістэмы. У сваю чаргу, прызнанне неабходнасці філасофскага аналізу ў якасці навукова абгрунтаванага даследавання чалавечага досведу дазваляе выйсці з цеснаты эмпірычна-колькасных метадаў, бо філасофская аргументацыя не прадугледжвае адначасовага выкарыстання гэтых метадаў і звязанай з імі тэорыі, а з'яўляецца агульнаю ацэнкай рэчаіснасці, якая лагічна папярэднічае ім.