Дэмакратыя i этычнае жыццё
Шрифт:
Аргументы на карысць філасофіі не маюць на мэце аспрэчваць мэтазгоднасць — дзеля дасягнення пэўных навуковых мэтаў — разгляду чалавека як часткі фізічнага сусвету, які вывучаецца прыродазнаўчымі навукамі. Такі падыход дае чалавеку магчымасць спецыфічнага кантролю над сваім лёсам. Дзеля прыкладу можна сказаць, што распрацоўка канцэпцыі прычынна-выніковых сувязяў даказала сваю каштоўнасць для развіцця такой галіны, як фізіка. Але прызнанне практычнай каштоўнасці гэтай і іншых канцэпцый прыродаэнаўчых навук не азначае прыняцця чыста «прыродазнаўчага» погляду на свет. Такі погляд абапіраецца на ўзвышэнне фізічнага сусвету, калі ён успрымаецца ўжо не проста як абстрактная гіпатэтычная канструкцыя, карысная пры даследаваннях у пэўных галінах, а ўзводзіцца ў статус усёй рэчаіснасці ў цэлым. Такім чынам, ігнаруецца сутнасць усіх гуманітарных ведаў, якія ўтрымлівае філасофія: чалавек, як мы ўсведамляем яго з уласнага досведу, не замкнёны ў нейкай каўзальна вызначанай вялікай сістэме. Быць чалавекам — гэта значыць
Мова філасофскай самаінтэрпрэтацыі складаецца з такіх паняццяў, як «досвед», «дзеянне», «намер» і «свабода». Яны з'яўляюцца неабходнымі пры аналізе спецыфічнага чалавечага жыцця, але страчваюць сэнс, будучы прымененымі для апісання рэчаў. Рэчы не набываюць «досведу», «намераў», не ўчыняюць «дзеянняў» і г.д. I наадварот, паняцці кшталту «прычына і вынік», «функцыя» і іншыя з фізічных навук — далёкія ад апісання чалавечай дзейнасці, хоць і могуць часам выкарыстоўвацца дзеля метафарычнага апісання. Тэорыя, быццам свабода ёсць ненавуковая ілюзія, якую паступова знішчыць выяўленне каўзальных «схем» у розных галінах даследаванняў, застаецца метафізічнай выдумкай, абстрактным меркаваннем, гвалтам над магчымасцю асэнсавання. Няслушная і адвольная выснова з незавершаных інтэлектуальных канструкцый, пабудаваных эксперыментальнымі навукамі, уцісквае сапраўдны чалавечы вопыт у абмежаваную і скажоную схему тлумачэння.
Палітычныя даследаванні, якія нібыта вядуцца ў адпаведнасці з навуковым метадам, звычайна выратоўваюцца пастаянным і непазбежным зваротам да гуманістычных інтэрпрэтацый. Менавіта яны забяспечваюць для самога даследчыка і ўсіх, хто вывучае яго адкрыцці, захаванасць часткі гуманістычнага зместу, які страчваецца пры спробе сфармуляваць палітычную рэчаіснасць з дапамогай прыродазнаўчай метадалогіі. Нават узнікае пытанне, ці сапраўды могуць абаронцы строгай прыхільнасці да навуковага метаду наблізіцца да абвешчанай імі ідэальнай формы аналізу ў галіне філасофіі. Такім чынам, я аспрэчваю ў першую чаргу не тое, што робяць гэтыя палітолагі, хоць гэта ўрадлівая глеба для крытыкі, а тое, што яны зрабіць спрабуюць.
Яшчэ вельмі далёкая ад знікнення, спакуса «прыродазнаўчага» падыходу, тым не менш, здаецца распаўсюджанаю ў паліталогіі ўжо не так шырока, як раней. Магчыма, гэта адзнака пачатку новаадкрыцця менавіта чалавечага парадку дзейнасці. А калі так, то ёсць надзея на адраджэнне гуманістычнай, філасофскай сутнасці палітычнай навукі, для якой такія паняцці, як свабода і мэта, з'яўляюцца не непажаданымі ўскладненнямі, а стымулам да разважанняў.
Фізік і хімік, як і біёлаг, шмат чаго могуць паведаміць нам пра чалавека. У мае намеры не ўваходзіла адмаўляць тое, што чалавек шмат у чым нагадвае жывёлу. У яго ёсць патрэбнасці, якія небеспадстаўна можна разглядаць як вынікаючыя з удзелу ў жыцці арганічнага свету. Але прыродазнаўчай навуцы з яе эмпірычнымі схемамі, у адрозненне ад філасофіі, нестае дакладнасці ў апісанні універсальнай структуры пастаяннага назапашвання вопыту; наадварот, гэтыя схемы з'яўляюцца гіпатэтычнымі, прагматычнымі канструкцыямі, якія мусяць увесь час пераглядацца. Для палітолага першапачатковую важнасць мае тое, што, апроч як у вельмі спецыфічных і абмежаваных мэтах, чалавека нельга разглядаць з чыста эмпірычнага пункту погляду ў якасці арганізма з адпаведнымі функцыямі. Па словах Эрнста Касірэра, чалавек ёсць animal symbolicum, істота, якая мае розум і ўяўленне. I яны, розум і ўяўленне, працуюць на сімвалах6. Розум чалавека, як сцвярджае Сьюзэн Лэнджэр, «ёсць орган, які абслугоўвае асноўныя патрэбнасці, але патрэбнасці, характэрныя толькі для чалавека»7. Якімі істотнымі ні былі б падабенствы паміж чалавекам і жывёлай, усёпранікальнасць сімвалізацыі ў разумовым працэсе чалавека стварае адзінае ўсёвызначальнае адрозненне. Гэта адрозненне, якое непасрэдна адбіваецца на вывучэнні палітыкі, было ўважліва прааналізавана ўплывовай школай сучасных даследаванняў, вядомай як «філасофская антрапалогія», якая выкарыстоўвае і аб'ядноўвае адкрыцці біялогіі, заалогіі, псіхалогіі жывёл, антрапалогіі і філасофіі. Касірэр і Лэнджэр — асноўныя прадстаўнікі гэтай школы, вядомыя, перш за ўсё, сваім філасофскім укладам8.
Даследаванні ў гэтай галіне не спыняюцца, і цалкам магчыма, што погляды філасофскіх антраполагаў будуць у далейшым патрабаваць мадыфікацыі ў частцы адрознення чалавека ад жывёлы. Але сутнасць маёй аргументацыі не залежыць ад дакладнасці размежавання. Нават калі будзе ўстаноўлена, што некаторыя жывёлы здольныя мысліць больш абстрактна, чым філасофскія антраполагі былі схільныя лічыць, іх стаўленне да прыроды чалавека застанецца без зменаў.
Новыя адкрыцці будуць азначаць толькі тое, што гэтыя жывёлы маюць больш агульнага з чалавекам, чым раней меркавалася, і што неабходна будзе прывесці ў адпаведнасць метадалогію псіхалогіі жывёл.
Філасофская антрапалогія сцвярджала, што галоўнае адрозненне чалавека — у яго унікальным самаўсведамленні, якому спрыяе сімвалічнае мысленне. У той час, калі перспектыва погляду жывёліны на свет абмежаваная практычнай патрэбнасцю моманту, чалавек здольны выйсці за ўласнае «я» і паглядзець на з'явы і рэчы, з улікам сябе, з неабмежаванай колькасці пунктаў погляду. Мыслячы сімваламі, ён можа абстрагавацца ад свайго месца знаходжання ў часе і прасторы. Чалавек, здаецца, з'яўляецца адзінай істотай, здольнай уявіць «рэч» у якасці ясна ўсвядомленай і доўгачасовай падзеі. Такое ўменне патрабуе розуму, які надае адчуванням складаны змест і працягласць. Успрыняцце апельсіна чалавекам можа суправаджацца рознымі сімвалічнымі вобразамі, дзякуючы чаму ён не абмяжоўваецца малюнкам, створаным яго органамі пачуццяў, і дапаўняе яго форму і колер адчуваннем мяккасці, сакавітасці, смаку, магчымага выкарыстання і г.д. Сімвалізацыя дазваляе розуму абстрагавацца ад з'яў ці размяшчаць іх у кантэксце мінулага, сучаснага ці будучага. Для жывёлы прадметы не маюць якасці асобных і перманентных з'яў у больш шырокім кантэксце; іх змест вызначаецца патрэбнасцю, якая адчуваецца ў дадзены момант. Для галоднага сабакі костка — «нешта, што можна з'есці», для гуллівага — «нешта, з чым можна па-забаўляцца». Прызначэнне косткі залежыць ад патрэбнасці, якая адчуваецца ў дадзены момант. Уявіць яе сабе па-за межамі неадкладнай патрэбнасці сабака не можа.
Toe, што называюць мовай жывёл, складаецца не з сімвалаў, якія ўвасабляюць прадметы ці з'явы ў адрыве ад адчування ў дадзены момант, а са знакаў — гыркання, брэху і г.д., выкліканых тым, што знаходзіцца зараз у цэнтры ўвагі жывёлы, як, напрыклад, праява варожасці з боку іншай жывёлы. Сьюзэн Лэнджэр сцвярджае, што розум нават самага разумнага сабакі ёсць «не больш чым просты і прамы транслятар уздзеянняў знешняга асяроддзя на яго маторныя цэнтры»9. «Мова» жывёл не сімвалічная, а сімптаматычная. Фактычна менавіта аб гэтым адрозненні вёў размову Арыстоцель, калі казаў, што «гаворка ёсць нешта іншае, чым голас»10.
Сутнасць аргументу не ў тым, што жывёлы пазбаўлены інтэлекту любога роду. Калі пад інтэлектам разумець уменне «прыстасоўвацца да бліжэйшага асяроддзя ці адаптыўна ўносіць у асяроддзе змены»,11 дык трэба адзначыць, што шмат якія з жывёл — носьбіты высокага інтэлекту. Справа ў тым, што жывёла ці ўвогуле не валодае, ці валодае толькі ў зародкавым стане тым тыпам разумнасці і ўяўлення, які дазваляе абстрагавацца ад месца і часу падзеі.
У чалавека любы досвед аўтаматычна праходзіць, паводле вызначэння Сьюзэн Лэнджэр, «сімвалічную трансфармацыю»12. Паток адчуванняў і імпульсаў пераламляецца і трансфармуецца. Змест патоку разгортваецца ў святле розуму ў сімвалічным выглядзе. He імпульсы кіруюць чалавекам, а ён аналізуе і ацэньвае іх незалежна ад таго, хоча ён мець такую магчымасць ці не. Ланцуг стымулу і рэакцыі не скоўвае яго свабоды. На думку Касірэра, «існуе відавочнае адрозненне арганічных рэакцый ад чалавечых. У першым выпадку рэакцыя на знешні стымул непасрэдная і імгненная, у другім — рэакцыя затрымліваецца. Яе перапыняе і адтэрміноўвае павольны і складаны працэс мыслення»в. Райнхольд Нібур спасылаецца на «ўсведамленне ўсведамлення» ці «самаперавышэнне», якое «выражаецца сродкамі памяці і прадбачання»'4. Ва ўласцівым яму ўнутраным маналогу чалавек свабодна маніпулюе адчуваннямі моманту, успамінамі і праекцыямі на будучыню дзеля мэты, якую імкнецца здзейсніць. Калі жывёла здаецца заўсёды прывязанай да сваёй адмысловай схемы паводзін, дык чалавек здольны ўяўляць сябе ў новых абставінах.
Чалавек усведамляе сябе як частку нейкага аднаго вялікага цэлага. У яго ёсць свой свет. Ен здольны на структурнае ўяўленне рэчаіснасці. Ен можа навуковым шляхам вывучаць сваё асяроддзе і можа будаваць уяўныя светы. Чалавек ёсць істота творчая. Чалавечае жыццё адбываецца ў кантэксце культуры. Працэс сімвалізацыі, на якім грунтуецца гэтая дзейнасць, з'яўляецца значнай часткай таго, што я называю духоўнасцю чалавека. Макс Шэлер пісаў: «Духоўная істота... ужо не падпарадкаваная сваім імпульсам і асяроддзю. Наадварот, яна «свабодная ад асяроддзя» ці... «адкрытая свету»15. Аналагічнае стаўленне да духоўнай прыроды чалавека ў Пола Тыліча: «Чалавек мае свет, які ёсць структурнае адзінства незлічоных складовых, космас, як яго называлі грэкі дзякуючы яго структурнаму характару, даступны чалавеку праз акты творчага ўспрымання і трансфармацыі. Мець свет — гэта больш, чым мець асяроддзе»16.