Дэпэш Мод
Шрифт:
Сяргей Жадан
Дэпэш Мод
Судзьдзя – западліст:
ён ня любіць «Мэталіст».
15.02.04 (нядзеля)
Калі мне было 14 і ў мяне былі свае віды на жыцьцё, я ўпершыню накачаўся алькаголем. Пад самую завязку. Было вельмі цёпла і нада мной плылі сінія нябёсы, а я ляжаў і паміраў на паласатым матрацы і нават пахмяліцца ня мог, таму што мне было толькі 14 і пахмяляцца я яшчэ проста не навучыўся. За апошнія 15 гадоў у мяне было больш чым дастаткова падстаў, каб не любіць гэтае жыцьцё, жыцьцё спачатку, як толькі я пачаў яго ўспрымаць, выявілася штукай подлай і няўдзячнай, яно адразу ж узяло за звычай абарочвацца такімі лажовымі сытуацыямі, згадваць пра якія ня хочацца, але запамінаюцца якія надоўга. Хоць са свайго боку я асаблівых прэтэнзій ніколі не выказваў, відавочна, у мяне ўсё добра ў маіх стасунках з жыцьцём, нават насуперак ягонай клінічнай мудакаватасьці. Мяне, па вялікім рахунку, калі не траплялася чарговых дэмаршаў звонку, усё задавальняла – мяне задавальнялі абставіны, у якіх я жыў, задавальнялі людзі, зь якімі я меў зносіны, зь якімі я час ад часу бачыўся і зь якімі мне даводзілася мець справу. Яны мне, па вялікім рахунку,
Цяпер мне 30. Што зьмянілася за апошнія 15 гадоў? Амаль нічога. Нават зьнешнасьць гэтага ё…га прэзыдэнта ня надта зьмянілася, ва ўсялякім разе яго партрэты як рэтушаваліся тады, так і цяпер рэтушуюцца, нават я гэта заўважыў. Зьмянілася музыка на радыё, але я яго, па вялікім рахунку, і ня слухаю. Зьмянілася адзеньне, але 80-тыя, наколькі я разумею, і надалей у модзе. Не зьмянілася тэлекарцінка, яна такая ж ліпкая й едкая, як разьліты на паркеце ліманад. Не зьмяніўся клімат, зімы ўсё такія ж доўгія, а весны – доўгачаканыя. Зьмяніліся сябры, то бок адны назаўсёды зьніклі, а іншыя замест іх зьявіліся. Зьмянілася памяць – яна стала даўжэйшай, але ня стала лепшай. Спадзяюся, яе хопіць яшчэ гадоў так на 60 трывалага пабытовага пахуізму і нязломнай душэўнай раўнавагі. Чаго я сабе і жадаю. Амінь.
17.06.93 (чацьвер)
Уступ №1
16.50
17 чэрвеня каля пятай гадзіны дня Сабака Паўлаў намагаецца спусьціцца ў падземку. Ён падыходзіць да турнікету, ідзе проста на жанчыну ўва ўніформе і дастае з кішэні вэтэранскае пасьведчаньне. Жанчына ва ўніформе глядзіць у пасьведчаньне і чытае: «Паўлава Вера Навумаўна». «Ну?», – пытаецца.
– Бабуля, – кажа Сабака Паўлаў.
– Дзе бабуля?
– Гэта, – паказвае Сабака пасьведчаньне. – Мая бабуля.
– Ну і што?
– Яна – вэтэран.
– Ну, а ты што хочаш?
– Яна ў танку гарэла.
Жанчына яшчэ раз глядзіць ў пасьведчаньне. Хто яе ведае, думае яна, можа і гарэла, па фота ня скажаш.
– Ну, добра, – кажа яна. – А ад мяне што трэба?
– Прапусьціце, – гаворыць Сабака.
– А ты што – таксама ў танку гарэў?
– Ну, пачакайце, – пачынае таргавацца Сабака, – можа я ёй паесьці нясу.
– Што паесьці?
– Ну, паесьці, – Сабака прыгадвае, што насамрэч есьць ягоная бабуля, калі ёй даюць. – Малочныя прадукты, разумееце? Сыр.
– Сам ты сыр, – бяззлобна кажа цётка ва ўніформе.
Сабака разумее, як усё гэта выглядае з боку. Што вось ён б’ецца галавой аб велічэзны бясконцы мур, якім ад яго адгарадзілася жыцьцё, б’ецца без ніякай надзеі на посьпех, і ўсе жыцьцёвыя спакусы, у тым ліку і праезд у мэтрапалітэне, яму цяпер проста ня сьвецяць, вось як гэта выглядае. Ён зьбірае ўсю сваю волю ў кулак і гаворыць нешта кшталту таго, што, маўляў, паслухайце, жанчына, ён, вядома, гаворыць ня так, але зьмест прыблізна такі. Дык вось, паслухайце мяне ўважліва, – кажа ён, – добра? Толькі не нэрвуйцеся. Вось што я вам скажу, жанчына. Вы, канешне, можаце зьневажаць мяне, я бачу, што вы зьневажаеце мяне, вы ж зьневажаеце, так? Паслухайце, паслухайце, я хачу яшчэ сказаць, паслухайце. Але пры ўсім пры гэтым, разумееце, як бы гэта сказаць – ну, вы там, я ня ведаю што, вы па-рознаму можаце да гэтага ставіцца, згодны, для вас гэта можа нічога ня значыць, але пагадзіцеся – мая бабуля можа здохнуць з голаду толькі праз тое, што мяне – яе законнага ўнука, перапрашаю, вось так проста не прапусьціла ў мэтро нейкая падла тылавая.
«Якая падла тылавая? – думае жанчына. – Я наагул – 49-га году нараджэньня».
17.10
Сабака выходзіць пад стадыёнам, на пустую плятформу, недзе праз гадзіну «Мэталіст» гуляе апошні дамашні матч, сёньня ўсе павінны зьехацца, ведаеце, як бывае, закрыцьцё сэзону і ўсё такое, наверсе дажджыстае лета, неба з хмарамі і недзе акурат над Сабакам стаіць напаўразвалены стадыён, у апошнія гады ён зусім размок і асунуўся, скрозь бэтонныя пліты пачынае прабівацца трава, асабліва пасьля дажджоў, трыбуны засраныя галубамі, на полі таксама гаўно, асабліва калі там гуляюць нашыя, разваленая краіна, развалены фізкультурны рух, вялікія стырнавыя праябалі найгалоўнейшае, як на мяне, вось жа, як ні круці, а ў Саюзе былі дзьве рэчы, якімі можна было ганарыцца – футбольны чэмпіянат і ядзерная зброя ;тых, хто пазбавіў народ такіх атракцыёнаў, наўрад ці чакае спакойная бестурботная старасьць, нішто так не падрывае карму, як хуёвая нацыянальная палітыка, гэта ўжо дакладна. Сабака яшчэ нейкі час стаіць на плятформе, зь іншага боку маюць пад’ехаць знаёмыя, так што патрэбна іх дачакацца, Сабака стомлены і змучаны – ён п’е ўжо трэці дзень, яшчэ і надвор’е дрэннае, напэўна, гэта ад надвор’я, ціск ці як гэта называецца, як называецца стан, калі ты п’еш трэці дзень і раптам перастаеш пазнаваць родных і блізкіх? Вядома, ціск.
Ён нават ня можа ўзгадаць, што адбылося – лета пачыналася так добра, ішлі дажджы, Сабака пасьпяхова і бестурботна прасяраў свае маладыя гады, але раптам сябры-рэклямнікі зацягнулі стабільна беспрацоўнага Сабаку ў нетры рэклямнае індустрыі, кажучы прасьцей, узялі кур’ерам у аддзел рэклямы сваёй газэты, Сабаку ламала, але ён трымаўся і хадзіў на працу. Карысьці ён прыносіў ня шмат, але добра было ўжо тое, што недзе лічыўся чалавекам, сам ён гэтым асабліва ніколі не пераймаўся, ну, а сябры, на тое яны і сябры, каб грубым кантактным спосабам выпраўляць твой сацыяльны статус, я ад самага пачатку казаў, што надоўга яго ня хопіць, але мяне ня слухалі, казалі нічога, ён нармальны ўвогуле хлопец, ёбнуты трошкі, але нічога, нічога, пагаджаўся я, нічога.
Сабакі хапае дзён на дзесяць, пасьля ён запівае і на працу больш ня ходзіць, а каб яго не знайшлі, п’е па знаёмых, у Сабакі ў ягоныя 19 паўгораду знаёмых, адну ноч ён нават начуе на вакзале – сустракае там знаёмых грыбнікоў, што едуць ранішняй электрычкай кудысьці на Данбас за сыравінай, і начуе зь імі пад калонамі на вуліцы, тройчы шманаецца патрулямі, сумленна адседжвае да ранку, слухаючы байкі пра грыбы ды іншыя тэрмаядзерныя рэчы, потым не вытрымлівае і звальвае дахаты. Тут яго і засьпявае тэлефонны званок. У іншым стане Сабака ні за што слухаўку ня зьняў бы, але ўнутры ў яго ўжо плаваюць срэбныя халодныя стронгі трохдзённага алькагольнага запою і балюча б’юць зь сярэдзіны хвастамі па нырках і печанях, так што сьвет ў Сабакавых вачах цямнее, і слухаўку ён бярэ аўтаматычна. «Сабака? – крычаць у тэлефон. – Ня сьмей кідаць слухаўку!»: сябры-рэклямнікі Вова і Валодзя, якія ўладкавалі яго на сваю галаву ў рэклямны бізнэс, сядзяць недзе ў сваім камсамольскім офісе, і, вырываючы адзін у аднаго слухаўку, імкнуцца пераканаць Сабаку пагаварыць зь імі, зьбіваючыся час ад часу на мат. «Сабака! – гавораць яны. – Галоўнае, ня сьмей кідаць слухаўку. Підар! – гавораць яны, пераканаўшыся, што Сабака іх слухае – калі ты зараз кінеш слухаўку, табе хана. Мы цябе ўрыем, чуеш?» «Алё» – кажа на гэта Сабака. «Што алё? – нэрвуюцца Вова і Валодзя – Што алё? Ты нас чуеш?». «Так», – кажа Сабака напалохана. «Добра, – жвавеюць Вова і Валодзя. – Значыцца так – цяпер дзясятая ранку». «Што»? – Сабака канчаткова пужаецца і слухаўку кідае. Тэлефон адразу трашчыць па-новай. Сабака нерашуча падымае слухаўку. «Ты!!! – раве ў слухаўцы. – Підар!!! Ня сьмей кідаць слухаўку!!! Ты нас чуеш??? Ня сьмей кідаць слухаўку!!!». Сабака цяжка зглытвае сьліну. «Ты нас чуеш?» «Ну», – няўпэўнена кажа Сабака. «Значыцца так – разрываюцца рэклямнікі. – Цяпер – дзясятая ранку. Ня сьмей кідаць слухаўку!!! Ты чуеш??? Ня сьмей кідаць слухаўку!!! Цяпер дзясятая. А палове на шостую мы чакаем цябе каля стадыёну. Калі ня прыйдзеш – мы табе адарвем яйцы. Калі прыйдзеш – мы табе таксама адарвем яйцы. Але табе лепш прыйсьці. Ты зразумеў???» «Так», – кажа Сабака. «Ты нас зразумеў?!!» – ня могуць супакоіцца рэклямнікі. «Зразумеў», – кажа Сабака Паўлаў, адчуваючы як стронгі весела ганяюць недзе ў яго пад горлам. «Што з табой? – нарэшце пытаюцца рэклямнікі. – Табе дрэнна?» «Так». «Табе чаго-небудзь прынесьці?» «Вадзяры прынясіце». «Підар», – гавораць Вова і Валодзя і кладуць слухаўку.
Сабака пераводзіць дых. Дзясятая гадзіна. Трэба пераапрануцца або пахмяліцца, лепш, канешне, пахмяліцца. З суседняга пакою выходзіць яго бабуля. Гэта яго бабуля, ён яе любіць, ну і ўсякае такое, нават ходзіць зь яе вэтэранскім пасьведчаньнем, можна нават сказаць, што ён ганарыцца ёю, не зусім, канешне, але да пэўнай ступені, гаворыць, што яна ў танку гарэла, я сабе слаба ўяўляю старэнькую ў танкавым шлеме, але усё можа быць. «Што, Віталік?» – гаворыць яна. «Праца, бабуля, – кажа Сабака. – Праца». «Што гэта за праца такая, – бядуе старэнькая. – Учора цэлы дзень тэлефанавалі, дзе, кажуць, гэты підар. А я адкуль ведаю?»
17.22
Вова і Валодзя выскокваюць з вагона, падбіраюць Сабаку і выходзяць на вуліцу. «Жывы?», – пытаюцца. Сабака зусім бледны, ніяк не паправіцца, яны цягнуць яго ў гастраном на Пляханаўскай і бяруць там дзьве пляшкі вадзяры, ня бойся, гавораць яны Сабаку, мы цябе спачатку адкачаем, а ўжо потым яйцы рваць будзем, які нам інтарэс рваць нешта ў цябе такога, ты на сябе паглядзі, яны падводзяць яго да вітрыны гастраному, гастраном цёмны і пусты, як і большасьць гастраномаў у краіне ў гэты трывожны час, развалілі краіну, сукі, глядзі, гавораць яны Сабаку, глядзі, на каго ты падобны, Сабака зусім расслаблены, ён глядзіць у вітрыну, за якой стаіць прадавачка ў белым халаце і таксама глядзіць, як за вакном на вуліцы, акурат насупраць яе, стаяць двое навалачнага выгляду ўблюдкаў, трымаюць пад рукі трэцяга такога ж і паказваюць на яе пальцамі. Яна глядзіць на іх зь нянавісьцю, Сабака неяк факусуе позірк, пазнае сваё адлюстраваньне і раптам заўважвае, што ў гэтым адбітку ёсьць яшчэ нехта, нейкая дзіўная істота ў белым адзеньні зь вялікай колькасьцю касмэтыкі на твары цяжка паварочваецца ў яго абалонцы, у межах ягонага цела, нібы намагаецца прарвацца скрозь яго, так што яму робіцца дрэнна, напэўна, думае Сабака, гэта мая душа, толькі чаму ў яе залатыя зубы?