Чтение онлайн

на главную

Жанры

Шрифт:

17.35 – 18.15

Цягам сарака пяці хвілін Сабаку прыводзяць у прытомнасьць. У яго ўліваюць вадзяру, і, па нейкіх законах фізыкі, Сабака, напаўняючыся ёю, прыбывае на паверхню, гаворыць усім прывітаньне, яго таксама вітаюць усе прысутныя, зь вяртаньнем цябе, піянер-герой Сабака Паўлаў, клёва, што ты вярнуўся да нас, нам тут цябе таксама не хапала, ага, гавораць прысутныя, то бок Вова і Валодзя, мы проста мусілі цябе адкачаць, каб яшчэ раз паглядзець у твае, хоць і п’яныя, але ўсё адно сумленныя вочы, каб ты нам сказаў, за што ты так ненавідзіш рэклямны бізнэс цалкам і нас з Валодзем – кажа Вова – у прыватнасьці, што мы табе зрабілі, што ты нас так беспантова кінуў, зьнік зь вельмі важнай, дарэчы, карэспандэнцыяй, за якую, калі б маглі, мы б табе двойчы адарвалі яйцы. І так паміж імі вядзецца нейкая такая сяброўская размова, ведаеце, як яно бывае, і Сабака поўнасьцю вяртаецца на сьвет, зь якога яго лездь не выштурхнула яго ж уласная душа, ён азіраецца навокал і прыслухоўваецца: стронгі ляжаць недзе на глыбіні, злы залатазубы анёл у белым халаце і капронавых панчохах таксама адляцеў, рэклямнікі Вова і Валодзя зацягнулі яго кудысьці ў зелень за мэталічныя, пафарбаваныя ў белы, кіёскі і шчодра пояць вадзярай. Соцыюм патрабуе кампрамісаў.

18.15

Чаму яны ніколі не прыходзяць на стадыён своечасова, калі там гучаць маршы і прывітальныя прамовы клеркаў ад муніцыпалітэту? Па-першае, яны зазвычай прыходзяць не зусім цьвярозыя і ўжо дрэнна арыентуюцца,

колькі часу, іншым разам яны наагул дрэнна арыентуюцца, што ўжо там час, яны поры году не адрозьніваюць, заўжды то ў цёплых швэдрах пад пякучым сонцам, то ў мокрых футболках пад першым сьнегам. Па-другое, перад матчамі адбываецца якая-небудзь лятарэя, а ў лятарэю яны ня вераць, тут і гаварыць няма пра што. Па-трэцяе, іх таксама можна зразумець – калі табе 19 і ты запаўзаеш у свой сэктар, і ўсе – уключна зь міліцыяй – бачаць, у якім ты цудоўным прыўзьнятым стане, што можа быць больш узбуджальным для цябе? Потым, калі ты вырасьцеш і станеш працаваць ў банку ці газавай канторы, калі з рэальнасьцю будзеш вымушаны мець зносіны толькі па тэлевізары, а зь сябрамі – па факсе, калі ў цябе будуць сябры, а ў іх – факс, тады, канешне, табе по хуй будзе такая штука як п’яны тынэйджарскі драйв, што зносіць башку і кідае цябе на ўсе амбразуры сьвету, калі вочы вільгатнеюць ад ўзбуджэньня, кроў пад пазногцямі спыняецца ад таго, што вось некалькі сотняў чалавек сочаць, як яны заходзяць у сэктар і шукаюць свае месцы, і нават кагосьці нясуць на плячах, называючы яго чамусьці сабакам, час ад часу губляюць яго паміж лавамі, але ўпарта і настойліва падбіраюць і цягнуць на запаветныя месцы, далей ад вартавых, далей ад прадавачак марозіва, увогуле – далей ад футболу, як яны яго разумеюць.

18.25

Наступны раз у прытомнасьць Сабака Паўлаў прыходзіць ужо на стадыёне, добра вось так сядзець зь сябрамі, думае ён, на лаве, недзе пад нейкімі дрэвамі, што шумяць і хістаюцца ва ўсе бакі, не, раптам думае ён, гэта ня дрэвы, тады што гэта?

Празь некалькі сэктараў, зьлева ад іх, пад цяжкім чэрвеньскім дажджом, стаяць фанаты суперніка. Іх некалькі дзясяткаў, яны прыехалі зранку на вакзал і за імі цэлы дзень цягаецца некалькі патрулёў, на стадыёне ім адвялі асобны сэктар, у якім яны сумна махаюць размоклымі і разбухлымі сьцягамі. Яшчэ да перапынку нашыя, незадаволеныя вынікам і надвор’ем, прарываюць кардон і пачынаюць іх біць. Зьнізу, ад поля, падцягваецца рота курсантаў-пажарнікаў, міліцыя, зрэшты, не прыдумвае нічога лепшага, як выпхаць усіх са стадыёну, і пачынае адцясьняць народ да выхаду, пакуль яшчэ ідзе першы тайм; усе, ясная рэч, забываюцца на футбол і пачынаюць хварэць за нашых на трыбунах, каманды таксама больш пераймаюцца бойкай, чым вынікам, цікава ўсё ж такі, непрадбачана, тут на полі і так усё было зразумела – хтосьці пад канец абавязкова гульню салье, а там – бач ты, нейкая барацьба, зусім табе рэгбі, вунь і пажарныя па галаве ўжо атрымалі, а тут і тайм заканчваецца, і каманды неахвотна цягнуцца ў тунэль, міліцыя выносіць апошніх гастралёраў, таму, калі гульня аднаўляецца, сэктар пусты ўжо. Толькі растаптаныя і разарваныя сьцягі, нібы фашысцкія штандары на чырвонай плошчы, сьцяжэла ляжаць у лужынах, нашыя, хто ацалеў, задаволена вяртаюцца ў свае сэктары, найбольш зацятыя і прынцыповыя заўзятары едуць на вакзал – адлоўліваць тых, хто будзе вяртацца дадому; і тут, недзе на пятнаццатай хвіліне другога тайму, на трыбуны забягае яшчэ адзін гастралёр – зусім юны чувак, раскудлачаны і намоклы, дзе ён быў дагэтуль – невядома, але вось ён ужо дакладна ўсё найцікавейшае прапусьціў, ён убягае і бачыць сьляды пабоішча і рваныя сьцягі сваёй каманды і нікога зь сяброў; дзе нашы? – крычыць ён, азірнуўшыся на прыціхлыя трыбуны, эй, дзе ўсе нашы?! – і ніхто яму нічога ня можа адказаць, шкада чувака, нават ультрасы замоўклі, абарвалі сваё працяглае «судзьдзя – підарас», глядзяць сарамліва на гастралёра, няёмка перад чуваком, сапраўды – неяк непрыгожа выйшла, і чувак глядзіць зьнізу на заціхлыя сэктары і глядзіць на мокрае поле, на якім месяць гаць каманды, і глядзіць у халоднае і маларухомае неба і ня можа зразумець – што адбылося, дзе пацаны, што гэтыя клоўны зь імі зрабілі, і падбірае пагнутую піянерскую трубу ,у якую да гэтага дзьмуў нехта зь яго палеглых сяброў, і раптам пачынае пранізьліва сьвісьцець у яе, плаксіва і роспачна, так што аж усе афігелі – трэба ж так, сьвісьціць, адвярнуўшыся і ад поля, і ад ультрасаў, і ад прыціхлых і прысаромленых пажарных, сьвісьціць нейкую сваю, толькі яму аднаму вядомую, гучную і фальшывую ноту, укладаючы ў яе ўсю сваю адвагу, усю сваю безнадзейнасьць, усю сваю чыста пацанскую любоў да жыцьця...

19.30

Пад самым дахам, над апошнімі радамі, сядзяць сонныя галубы, якія ўжо звыклі да паразаў нашай каманды, і сонна буркочуць, жывуць сабе, нікому не перашкаджаюць, прыкольныя мокрыя зграі, але вось Сабака слухае іх скрозь сон, яны яму зьяўляюцца ў ягонай алькагольнай прастрацыі і выцягваюць яго адтуль, ведаеце, такі дзіўны стан, калі ты адным вокам бачыш сьвятло сьпераду, а іншым, як бы гэта патлумачыць – іншым ты бачыш тое, што можна, напэўна, назваць іншым бокам сьвятла, ну, вы разумееце, адным словам, калі табе адначасова паказваюць вельмі многа, але ты ў такім стане, што ўбачыць ужо нічога ня можаш. Ды й ня хочаш. Таму Сабака спаўзае на цэмэнтную падлогу і пачынае адпаўзаць у бок праходу, трушчачы сваімі змучанымі грудзямі сланечнікавае шалупіньне, недапалкі і лятарэйныя білеты. Адпаўзае да праходу, устае на ногі і нерашуча рушыць наверх, да апошняга раду, чапляецца там за мэталічнае мацаваньне і павісае на ім зусім бязь сілаў – ня ўпасьці на трыбуну і не прыціснуць заўзятараў якіх-небудзь калі ўпадзеш трэба будзе выбачацца з кімсьці сутыкацца, штосьці гаварыць і тады ўсе адразу адчуюць як дрэнна пахне ў цябе з рота і адразу здагадаюцца што ты піў так што галоўнае ні з кім не гаварыць і ні да каго не зьвяртацца а калі ўпадзеш абавязкова з табой хто-небудзь загаворыць і не адкруцішся потым скажуць што ў цябе так з рота дрэнна пахне дакладна ўнюхаюць толькі пачнуць гаварыць нават калі адвярнуцца і гаварыць убок усё адно ўнюхаюць хіба што добра адвярнуцца і так гаварыць. што гаварыць? што трэба гаварыць каб яны не даведаліся? што я павінен сказаць? хутчэй а то заўважаць скажуць што-небудзь. што скажуць? скажуць чаму маўчыш? не крычыш? чаму я не крычу? трэба крычаць інакш яны заўважаць што ў мяне дрэнна пахне з рота скажуць што ў мяне дрэнна пахне з рота таму што я не крычу або падумаюць што я п’яны таму што я не крычу што я павінен крычаць? што я павінен крычаць? ну што я павінен крычаць? трэба запытаць у каго-небудзь трэба адвярнуцца і запытацца або адвярнуцца і закрычаць тады ніхто нічога не заўважыць усё адно не заўважаць такі шум стаіць добра я крыкну штосьці ў бок ніхто не пачуе як у мяне дрэнна пахне з рота але ўсе заўважаць што я крычу значыць я не п’яны нармальна гэта я нармальна прыдумаў толькі што крыкнуць ну што ж мне крыкнуць што яны ўсе крычаць? пра судзьдзю пра судзьдзю толькі крыкнуць убок каб не пачулі і каб не заўважылі неяк так патрэбна крыкнуць і абавязкова пра судзьдзю тады будзе нармальна – і тут наш форвард вывальваецца сам-насам з брамнікам і б’е, проста хуячыць з усяе моцы, некалькі тысяч мокрых заўзятараў заміраюць, затрымліваюць, можна сказаць, дых, і тут за іхнымі сьпінамі ў вільготнай цішыні роспачна лунае:

– Гэээээээээээээээй!!! Тыыыыыыыыыыыыыыыыыыы!!!!!!!!!!!!!!!

І мокрыя заўзятары ў бліжніх сэктарах зачаравана паварочваюць галовы і бачаць там Сабаку Паўлава, старога добрага Сабаку Паўлава, якога тут ведае кожны сабака, то бок кожны сэржант з рацыяй, ён зусім зьняможана павісае на жалезным мацаваньні, павярнуўшыся да трыбун, назавем гэта сьпінай, і працяжна вые кудысьці ў нікуды, ці як гэта назваць.

19.45

Чаму? Таму, што ты ня проста нейкі мудак, які зьмірыўся з існуючым несправядлівым станам рэчаў і са штодзённымі наёбкамі зь яго боку, таму што ты не зьбіраешся да канца сваіх дзён угрызацца ў чыёсьці горла за расфасаваную імі хаўку. Таму, што ты, у рэшце рэшт, маеш што сказаць, калі б нехта запытаў у цябе пра найгалоўнейшае, так што гэтага ўжо хопіць, думае Сабака, дакладней ён, вядома, у такім стане нічога падобнага ня думае, але каб ён мог зараз думаць, ён, мне здаецца, думаў бы менавіта так, таму ён пачынае лезьці ўгору па бэльцы, што падпірае дах, зьдзіраючы пальцамі старую зялёную фарбу і засохлае пташынае лайно, прыціскаючыся да халоднай трубы, асьцярожна цягнецца ўгору, перастаўляючы ногі па жалезнай канструкцыі, апынаецца акурат над галовамі сяржантаў, што на нейкі час забыліся на яго, над галовамі ўсіх сваіх мокрых і п’яных знаёмых, колькі іх тут ёсьць, над шчасьлівымі галовамі Вовы і Валодзі. Іх ён і пазнае і спыняецца акурат над імі, разглядае іх зьверху, думае, о, як клёва, калі працягнуць руку ўніз, можна абодвух падняць сюды, і ён цягне да іх руку і нешта ім кажа, нават не заўважаючы, як дрэнна ў яго пахне з рота.

І тут нашы закалочваюць мяч, і мокрыя горлы равуць – вау-у-у-у-у!!! – вау-у-у-у-у!!! – равуць яны, і ад гэтага рову сотні і тысячы сонных галубоў выпырхваюць са сну і вылятаюць, як снарады, са сваіх седалаў, усланых пер’ем, зямлёй і лятарэйнымі квіткамі, вылятаюць хваляй пад мокрае неба і гэтая хваля б’ецца аб Сабаку і той ня ўтрымліваецца і ляціць уніз, пралятае свае некалькі мэтраў і смачна плюхаецца на лаву, поруч з Вовам і Валодзем, тыя нарэшце згадваюць пра свайго таварыша, паварочваюцца да яго і бачаць яго побач з сабою, як і мае быць.

– О, Сабака, – крычыць Вова.

– Сабака, мы забілі, – крычыць Валодзя.

– Здорава, – гаворыць Сабака і ўсьміхаецца. Упершыню за апошнія тры дні, дарэчы.

19.50 – 8.00

Вова і Валодзя не наважваюцца паказаць свае дакумэнты, таму да шпіталізаванага Сабакі іх не пушчаюць, яны тлумачаць, што яны сябры, нават родныя, далёкія, але ўсё ж такі родныя, але ім кажуць, што такіх родных, як Сабака, саромецца трэба, і ўкладваюць яго – п’янага і соннага – на насілкі, а потым запіхваюць у хуткую, чамусьці яны ўсе думаюць, што Сабака менавіта траўмаваны, а не п’яны, гэта яго і ратуе, яго не забіваюць на месцы, як гэтага вымагаюць інструкцыі паводзінаў для сяржантаў, старшынаў і мічманаў пры гераічнай абароне спартыўных комплексаў і месцаў масавага адпачынку працоўных падчас правядзеньня там футбольных матчаў, палітычных мітынгаў ды іншых фізкультурна-асьветніцкіх шабашаў. Нейкі сэрдабольны сяржант нават падыходзіць да кіроўцы хуткай, запісвае яго каардынаты, пакідае яму свой працоўны тэлефон і загадвае неадкладна імчаць цажкапараненага Сабаку, а заўтра, калі нічога сур’ёзнага ня здарыцца, прывезьці яго залатанае цела да іх у руус для далейшых лябараторных дасьледаваньняў, там яны і высьветляць, што гэта за Гагарын наябнуўся ім на галовы. Кіроўца бярэ пад казырок, ну вы разумееце, пра што я, і хуткая зьнікае за зялёнай брамай стадыёну, разганяючы сваімі сырэнамі мокрых заўзятараў, у вясёлым віры якіх губляюцца і Вова з Валодзем – бо перамога прадугледжвае гуртаваньне і радасную калектыўную масу, салюты і зладжаны харавы сьпеў, і толькі параза, горкая асабістая параза, не прадугледжвае нічога, акрамя п’яных санітараў і апарату штучнага дыханьня, які, да таго ж, і не працуе, дакладней не – ён працуе, але ніхто ня ведае як.

Да раніцы Сабака абрыгвае ўсе прасьціны, у якія ён быў загорнуты, і выклікае рэзкую агіду з боку мэдычнага пэрсаналу. Дзяжурныя мэдсёстры намагаюцца кудысьці дазваніцца, знайсьці тых далёкіх родзічаў, якія хацелі гэтую навалач забраць яшчэ там – на стадыёне, але тэлефону ніхто ня ведае, у Сабакі з усіх дакумэнтаў знаходзяць толькі вэтэранскае пасьведчаньне, выданае на імя Паўлавай Веры Навумаўны, усе разглядаюць гэта пасьведчаньне – пашарпанае й абгарэлае па краях – але Сабака, хоць ты забі, на Паўлаву Веру Навумаўну ня цягне, яны на ўсякі выпадак яшчэ глядзяць па картатэцы і са зьдзіўленьнем высьвятляюць, што, згодна зь іхнымі запісамі, гэтая самая Вера Навумаўна яшчэ тры з паловай гады таму богу душу аддала, але ў гэтых картатэках такое трапляецца, гаворыць старшая дзяжурная медсястра, поўнасьцю прызнаць, што перад ёю такі не Паўлава Вера Навумаўна, а нейкі неідэнтыфікаваны ўёбак, яна адмаўляецца, таму зранку яны вызвоньваюць кіроўцу з хуткай, той толькі што адпрацаваў зьмену і з гэтай нагоды піў усю ноч, таму пра Сабаку зразумеў не адразу, сказаў, што ніякай Веры Навумаўны ён учора са стадыёну не прывозіў, бажыўся, што жанаты і што з жонкай у іх усё добра, нават сэкс зрэдчас бывае, калі ён не на зьмене, ну, але зрэшты зразумеў, пра што вядзецца, і выдаў мэдсёстрам тэлефон сяржанта, што цікавіўся ўчора далейшым лёсам падабранага Сабакі. Мэдсёстры кідаюцца тэлефанаваць сяржанту, гавораць, што, маўляў, бяда, таварыш сяржант, у нас тут ляжыць абрыганы неданосак, які-які? з ранішняй бадзёрынкай у голасе перапытвае сэржант і тут такі пачынае запісваць, запісваю, кажа ён – аб-ры-га-ны, ну-ну? вось, кажуць мэдсёстры, мала таго, што абрыганы, дык ён яшчэ і бяз пашпарта, так-так-так, адказвае на гэта сяржант, не так хутка – ма-ла-та-го-што-аб-ры-г, слухайце, раптам пытаецца ён, ну, а мне-та што, можа ў яго страсеньне мазгоў? Няма ў яго, – кажуць сёстры – ні страсеньня, ні мазгоў, ён наагул нейкі дэзэртыр, ходзіць з чужымі дакумэнтамі, ага, ажыўляецца сяржант, з чужымі, яшчэ і абрыгаў нам тут усё, – ня могуць супакоіцца сёстры, ну, гэта вы добра, сувора гаворыць сяржант, давайце, цягніце яго да нас, але хутчэй, у мяне а дзявятай зьмена сканчаецца, а напарнік мой зь ім цягацца наўрад ці захоча – у яго ціск. Зразумела, кажуць сёстры, ціск.

Яны тут-такі выклікаюць дзяжурнага кіроўцу, забірай, кажуць яму, гэтую навалач, якая нам тут усё абрыгала, і вязі яе ў Кіеўскі руус, у яе там нейкі непарадак з дакумэнтамі, ага, кажа кіроўца, вось зараз усё кіну і павязу вашую навалач выпраўляць дакумэнты, можа, яго яшчэ ў загс адвезьці? рабіць мне няма чаго, у прынцыпе, ён нядаўна заступіў на зьмену і рабіць яму сапраўды няма чаго, ты давай не выёбвайся, гаворыць яму старшая дзяжурная мэдсястра, чыя зьмена заканчваецца, адвязеш яго і адразу назад, у нас тут яшчэ работы мора, ну да, кажа кіроўца, чорнае мора, і грэбліва ўзяўшы пад руку аслабелага і дэмаралізаванага Сабаку, вядзе яго ўніз, адчыняе заднія дзьверы хуткай, давай, кажа Сабаку, залязай, сядай вунь на насілкі, а лепш кладзіся, а то ўпадзеш на павароце, разаб’еш якое-небудзь шкло, або парэжашся, або фарбу перакуліш, якую фарбу? пытаецца Сабака, якую-небудзь, гаворыць кіроўца, кладзіся давай, можа я пасяджу? баязьліва пытаецца Сабака, ты давай не выёбвайся, кажа яму кіроўца і сядае за штурвал. Сабака спрабуе легчы, але яму адразу ж робіцца дрэнна, і ён пачынае рыгаць – на насілкі, на сьцены, на нейкую фарбу, ну вы разумееце. Кіроўца ў адчаі тармазіць, бяжыць да задніх дзьвярэй, адчыняе іх, атрымлівае сваю порцыю Сабачых рыгакаў і выкідае напаўахаладзелага Сабаку на ранішні харкаўскі асфальт, і ўжо лаючыся на чым сьвет стаіць, вяртаецца назад у шпіталь, дзе яго, калі сказаць па праўдзе, ніхто асабліва не чакае.

Уступ № 2

9.00

– Ведаеце, што найгоршае – я ня ведаў, што там іх дзьве. Адна на балконе была.

– Ну.

– Ну, я зайшоў, а яна там адна. Я ж ня ведаў, разумееце? І яна ляжыць амаль поўнасьцю распранутая, там нейкія трусікі, бюстгальтары.

– Што, некалькі бюстгальтараў?

– Не, ну, проста розная бялізна.

– Як гэта?

– Ну, рознага колеру, разумееш?

– Нават гаварыць пра гэта не хачу.

– Я ж кажу. Я наагул не люблю бялізну. Жаночую, маецца на ўвазе.

Поделиться:
Популярные книги

Убийца

Бубела Олег Николаевич
3. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.26
рейтинг книги
Убийца

Темный Лекарь 5

Токсик Саша
5. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 5

Наизнанку

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Наизнанку

Темный Лекарь 4

Токсик Саша
4. Темный Лекарь
Фантастика:
фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Темный Лекарь 4

Мастер Разума IV

Кронос Александр
4. Мастер Разума
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Мастер Разума IV

Солдат Империи

Земляной Андрей Борисович
1. Страж
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.67
рейтинг книги
Солдат Империи

Неудержимый. Книга II

Боярский Андрей
2. Неудержимый
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга II

Идеальный мир для Лекаря 19

Сапфир Олег
19. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 19

Назад в СССР: 1985 Книга 4

Гаусс Максим
4. Спасти ЧАЭС
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Назад в СССР: 1985 Книга 4

Пустоцвет

Зика Натаэль
Любовные романы:
современные любовные романы
7.73
рейтинг книги
Пустоцвет

Невеста

Вудворт Франциска
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
8.54
рейтинг книги
Невеста

Совок 9

Агарев Вадим
9. Совок
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.50
рейтинг книги
Совок 9

На границе империй. Том 7. Часть 2

INDIGO
8. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
6.13
рейтинг книги
На границе империй. Том 7. Часть 2

Мне нужна жена

Юнина Наталья
Любовные романы:
современные любовные романы
6.88
рейтинг книги
Мне нужна жена