Дубянецкі
Шрифт:
А за што ж, Юзічак дарагі, арыштавалі і замучылі Жылку? А ці не за тое, даражэнькі, што ўбачылі ў яго асобе сапраўднага свайго класавага ворага. Дарэчы, як і ў асобе кожнага рэпрэсаванага тады беларускага дзеяча – а іх вялікія тысячы мы цяпер налічваем, як і ў асобе кожнага сасланага ў Сібір заможнага селяніна, гараджаніна, інтэлігента, якіх мы цяпер лічым мільёны!
Трэба б яшчэ пагартаць астатнія выданьні гэтага перыяду – што яны пішуць пра Ул. Жылку. У такім салідным выданьні, як “Полымя” – няма нічога. Не памятаю 5-га нумару “Маладосьці” – можа, што і ёсьць. А як “рэспубліканскія” газеты? У “Звяздзе”, напрыклад, ён жа нават працаваў пасьля Прагі.
Усе
26 чэрвеня 1985 г. Праходзячы паўз Дом фізкультуры таварыства “Спартак”, я вырашыў яшчэ раз агледзець яго з усіх бакоў. Гэта ж колішні кафедральны Марыінскі касьцёл! Помнік барока 17 стагоддзя. Мала хто пра гэта ведае, бо будынак гэты заціснуты з абодвух бакоў іншымі сьценамі і з вуліцы можна бачыць толькі яго галоўны фасад.
Гледзячы на гэты фасад, ніхто ўжо не ўгадае, што стаіць перад старажытным цудоўным храмам, перад колішняй трохнефавай базілікай. Не дарэмна той архітэктар, што перапланіроўваў касьцёл усярэдзіне і перабудоўваў яго фасад, названы ў БелСЭ – Драздоў яго прозьвішча. Ён прыбраў з фасаду ўсе асаблівасьці культавага збудаваньня. Аднак тры астатнія вонкавыя сьцяны, якія можна ўбачыць толькі адтуль, куды я прыйшоў, не пацярпелі ад руплівасьці М. Драздова. Уласна кажучы, гэта і ня тры сьцяны, а цэлы комплекс сьценаў, з дзьвюма капліцамі пад купалападобнымі дахамі.
Я пераканаўся, што рэстаўраваць гэты старажытны будынак можна. Падумалася яшчэ і шырэй пра магчымы лёс нашых былых сьвятыняў. Як вядома, большасьць іх зьнішчана дашчэнту, прытым ня войнамі, а бальшавікамі. Нават пасьля самых жорсткіх войнаў (а лагодных над нашай зямлёй не было) заставаліся хоць сьцены. Бальшавікі, калі зьнішчалі, дык ужо дашчэнту. Некаторыя, разграбіўшы, разграміўшы, ператварылі ў архівы ды склады. Крыху выратавалася, выстаяла і дагэтуль зьяўляюцца пакуль храмамі дзеючымі. Праўда, нярэдка былыя каталіцкія сьвятыні дайшлі да нас ужо як праваслаўныя. У тым ліку і Менскі барочны касьцёл бернардзінак пасьля акупацыі ў 1793 годзе рускімі Кацярына ІІ аддала праваслаўным. Цяпер гэта галоўны праваслаўны храм на Беларусі. Калі Беларусь будзе Беларусьсю, такія храмы ні ў якім разе ня будуць вяртацца першапачатковым гаспадарам. Гэтыя выдадуць дароўную грамату цяперашнім гаспадарам аб перадачы на вечныя часы ўсіх атрыманых у свой час чужых храмаў. Кожная рэлігія будзе мець дастатковую колькасьць сьвятыняў.
28 чэрвеня 1985 г. Учора разам з братам Станіславам займаліся помнікам нашай незабыўнай, сьветлай памяці, маці. Ні мармур, ні граніт заказаць нельга: усё ідзе на Менскае метро. Засталіся так званыя мазаічныя. Думаю, што гэта цэмент, пасыпаны зьверху мармуровай крошкаю. Сьпецкамбінат робіць некалькі варыянтаў іх.
Усе яны складаюцца з дзьвюх асноўных частак – пастаменту і стэлы. Пастамент амаль аднолькавы ва ўсіх. Стэлы – розныя: прамавугольныя (шырокія і вузейшыя); з закруглёным верхам (“барока”); са скошаным верхам (так званы “парус”); з сілуэтам “смуткуючай жанчыны”; зусім нізенькія, сантыметраў 45, невядома чаму пастаўленыя
Нам нічога не заставалася, як выбраць з таго, што ёсьць. Спыніліся на стэле з авальным верхам. Пад нумарам сем значыцца ён у іх (“тип 7”). Як і ўсе пералічаныя “тыпы”, ён зусім не дарагі. Разам з кветачніцай-аблямоўкай магілы, з фотамедальёнам, з надпісам – дзевяноста рублёў. Каля сарака-пяцідзесяці рублёў будзе каштаваць устаноўка помніка на магіле.
Я сказаў брату, што мне няёмка такі помнік заказваць сваёй маці. Ён супакоіў мяне тым, што будзем лічыць яго часовым. Вальней стане з добрымі матэрыяламі – закажам, які захочам. Праўда, не “які захочам”, а толькі лепшы за гэты.
“Які захочам” помнік камбінат ня будзе выконваць. Можна зрабіць прыватным чынам, але такія забаронена (!!!) ставіць з ідэалагічных і ідэйна-палітычных меркаваньняў. А то хто-небудзь уздумае і помнік-крыж змайстраваць, ці, скажам, “Пагоню”. А я якраз і марыў пра вялізны, масіўны, мармуровы чорны крыж. Гэтага, як высьвятляецца, нельга, крый Божа (!). Маленькі часовы крыж некаторым удаецца паставіць. А крыж-помнік – ні ў якім разе!
Вельмі зьдзіўленая была немаладая сімпатычная прыёмшчыца, калі паглядзела на пададзены мною ў яе акенца тэкст на помнік. “По-бе-ло-русски?” – працягнула яна ледзь не на каломенскую вярсту гэтае слова. “Так, па-беларуску”, – спакойна адказаў я. “Ну, как знаете” – ціха ва ўнісон мне кінула яна і пачала афармляць – салідна, без мітусьні, з тактоўнымі час ад часу пытаньнямі да нас.
Усё гэта я ўспомніў і сёньня, праходзячы па вуліцы Карла Маркса паўз вядомы ўсім мінчанам дом, што насупраць аэракасаў. У гэтым доме жылі шмат хто з відных партыйных дзеячаў. Некаторых з іх “увекавечылі” тут жа, на сьцяне, мемарыяльнымі дошкамі.
Кідаюцца ў вочы перш за ўсё тры мемарыяльныя дошкі – Аляксандру Чарвякову, Петрусю Броўку, Феліксу Дзяржынскаму. Усе яны разьмешчаныя на галоўным фасадзе дома, на адным узроўні, па-мастацку выкананыя бронзавыя партрэты з адпавенымі надпісамі. Толькі пад Броўкавай дошкаю прымацаваны металічны “кошык” ці палічка для кветак. У гэтыя дні адзначаецца 80-годдзе з дня яго нараджэньня, таму букет кветак стаіць. Цікава толькі, ці многа разоў будуць пакладзены сюды кветкі ў гэты дзень. Упэўнены, што зусім ня многа.
На гэтым доме ёсьць і яшчэ дзьве (пакуль што) “дошкі” – акадэмікам Мікалаю Нікольскаму і Міхаілу Мацапуру. І яны таксама выклікаюць пэўныя эмоцыі адносна іх часу і іхняй персанальнай ролі ў ім. Але ж гэта, як бы сказаць, разрозьненыя “экземпляры” – кожны сам па сабе, кожны незалежна адзін ад аднаго рабілі б сваю справу нават і тады, калі б яны жылі ў адзін час! А тыя трое – не! Тыя складаюць незалежны ансамбль, у якім кожны з іх – незаменны. Тыя трое ўвасабляюць сабою цэлы СССР, увесь савецкі рэжым і асабліва яго рэпрэсіўную сістэму, якая б не змагла б існаваць без любога з іх. Гэта ж іх вялікасьць Ахвяра, Даносчык і Жандарм-кат.
Я аж зарагатаў (у душы, канешне), калі мне прыйшоў у галаву такі магутны вобраз.: сапраўды адкрыцьцё: гэта ж своеасаблівая адухоўленая эмблема кожнай рэпрэсіўнай дзяржавы – ад фашысцкай дзяржавы і СССР да ўсіх цяперашніх камуністычных дзяржаваў тыпу прафашысцкіх ЮАР, Польшчы і Ко.
З пачуцьцём вынаходцы (люблю ў сабе гэтае пачуцьцё) я спусьціўся ў пераход “Банк--ГУМ” і , ня доўга думаючы, у газетным кіёску купіў два аркушы паштовых марак “М. А. Шолахаў” (5х5 і 5х6) і некалькі квартблокаў гэтых і іншых марак. Хоць я ўжо зьбіраюся неяк вызваліцца ад сваёй немалой філатэлічнай калекцыі, але няхай будуць пакуль і гэтыя. Яны не з найгоршых.