Дубянецкі
Шрифт:
І падаў Міцю не малы па фармату і памеру том:
– Энцыклапедыя старапольская! Удружу табе. Недзе тут яшчэ заваляўся другі томік… Ледзьве выратаваў…
– Як?! – перапытаў Міця, разгортваючы кнігу і гартаючы старонкі з гербамі.
– Сьмехата бярэ, як успомню. Ты, брат, веры не дасі. Падасьць мне кніжку і кажа: “Чытай”.
– А што, хіба сам ня ўмеў?
– Не… Я нават, зрэшты, падумаў. Ці ўмее ён па-руску.
– Прыкладаеце.
– Вот табе маеш, – Царык пацягнуў сябе за доўгі нос, чмыхнуў у яго. – Падаў кніжку Ажашковай і, калі прачытаў назву “Хам”, ажно чырваньню наліўся і кажа: “Вот
– Скуль жа ж ён такі?..
– Недзе свае гадоўлі дурань…”
На палях супраць гэтай гісторыі я напісаў: “Са зьдзіўленьнем і радасьцю ўбачыў тут сваё апавяданьне, расказанае некалі Табе.
Дзякуй, што надаў яму тое значэньне, якое і належыць.
Крыху, праўда, Ты зьмякчыў сітуацыю. Але, думаю, гэта пойдзе на карысьць: у такім выглядзе можа праскочыць праз цэнзуру.
Ну, а з часам я ўсё-такі апублікую ўсю тую “цывілізатарскую” дзейнасьць “вызваленцаў”.
Падпісаў і паставіў дату: 10. IV. 85 г.
28 красавіка 1985 г. Пярэдадзень ад’езду ў Аксакаўшчыну. Сёе-тое трэба удакладніць. Зьвязваюся па тэлефоне з некаторымі супрацоўнікамі: з Жанай Сьцяпанаўнай, з Серафімам Антонавічам. Перад ім паставіў задачу № 1 – давесьці да канца прадстаўленьне да заслужанага Лёні Прагіна; папрасіў, каб мне даставілі толькі што атрыманы з друку “Тэмплан’86”. Серафім кажа, што заўтра будзе сход з абмеркаваньнем “матэрыялаў” калегіі, “ ціснуць, кажа, на дысцыпліну, а галоўнае, што, здаецца, дазволілі браць М. Кусянкова загадчыкам рэдакцыі прозы”. Серафім вельмі задаволены – гэта ж яго кандыдатура, праўдзівей, яго, Пташнікава, Сачанкі, а там, недзе і Шамякіна, і Гаўрылкіна, і Мятліцкага, і астатніх гамяльчан. Кажа, што была “страшная” ананімка на Кусянкова, таму так доўга і “ўзгаднялі”. Ананімка з “высьвятленьнем” прычынаў, чаму ён апынуўся ў Сібіры.
Хацеў пагаварыць з Р. Хмялеўскай1, але ж яна недзе на дачы. У яе якраз удакладніў я ўсе вытворчыя нюансы, праблемы. Ідэалагічныя праблемы ведаю. Яны тыя самыя, што і былі, нават, здаецца, ускладняюцца больш.
Лёня ўчора прынёс мне куплены ў “Вянку” першы паэтычны зборнік Пімена Панчанкі “Упэўненасьць”, выдадзены ў 1938 годзе ў Менску Дзяржвыдавецтвам БССР.
Першы верш, як сьведчыць “Зьмест”, – “Сталіну” (стар. 3-4) выразалі. Невядома толькі хто – аўтар? той, хто здаў букіністу? ці букініст? Але ж гэта ня мае роўна ніякага значэньня, хто выразаў. Вядома ж, што ўсе літаральна тадышныя “паэты” мелі такія вершы, оды, кантаты, гімны, паэмы.
Але вось такі верш – ці багата хто меў?
Пяе беларускі народ
Гнеў, устань, раздаві фашысцкіх сабак!
Спапялі ядавітую гадзіну!
Яны прагнулі з пенай на сініх губах,
Адабраць, што нам Сталіным дадзена.
Слава пільным ежоўцам. Не ступлен іх меч!
Беларускі народ ашчасьліўлены
Ад Палесься да Полацка сьпеў загрымеў
Радасьць хлынула сьвежымі ліўнямі…
(І ў такім жа духу яшчэ 6 строфаў!)
Што можна нават цяпер сказаць на такую жывёльную радасьць “інтэлігента”, што “неступленыя мячы” “славутых пільных ежоўцаў” ледзь не напалову прарэдзілі беларускі народ?!
Ці ж можа Лёня і Лёні мець нешта агульнае з сёньняшнімі “народнымі”, “лаўрэатамі” і г. д.,
29 красавіка 1985 г. Прыезд у санаторый “Аксакаўшчына”, на “рафіку”. Прыехала чалавек 8-9. Сьняданьне. Рэгістрацыя: санкніжка 386, палата 222, аддзяленьне клінічнае. Тэрмін лячэньня з 29. IV. па 22. V. Урач Сяргей Сяргеевіч Карыцька. Паважаю і люблю яго яшчэ з першага свайго побыту тут. Дарэчы, я не сустракаў такіх, хто б яго не любіў. А гэта дзіўна, бо ён жа ня толькі ўрач, але і адміністратар – загадчык клінічнага аддзяленьня.
Прыйшоў у сваю палату. Яна на другім паверсе. Мой сусед пенсіянер нараджэньня 1926 году – Яўгеній Сяргеевіч Пераверзеў, служыў, як кажа, у пракуратуры, якая яго і зрабіла так рана інвалідам. Перанёс некалькі інфарктаў, да таго ж яшчэ мае кілаграмаў 30 лішняе вагі. Аднак цікава: маім суседам па палаце 406 у бальніцы таксама быў пракурор у адстаўцы, не стары, гадоў 60, а не працуе ўжо каля 10 гадоў – меў інфаркты і г. д. Сустрэўся з урачом. Свайго ўражаньня пра яго не памяняў, нават наадварот.
У першы ж дзень сустрэў тут аднаго з суаўтараў майго інфаркту – Марыну Канстанцінаўну Высоцкую. Сустрэча была халоднаю. Яна нешта зьбіралася спытаць пра здароўе, паспачуваць, але я не ўцягнуўся ў яе войканьні. Яна тут без інфаркту (дый ня дай Бог ёй гэтага: яна яшчэ маладая, мае сям’ю і ў прынцыпе з ёю можна было б працаваць, каб на яе ня ціснулі цыркуляры і “адданае” справе начальства.
1 мая 1985 г. Па радыё ледзь-ледзь прабіваецца ў мой пакой “першамай”. У душу не пранікнуў. Тут сітуацыя ранейшая, дзякаваць Богу. Разам з інфарктам не прышчапілі “першамайства”.
З дому перадаюць, што ўсе гэтыя дні багата тэлефонных званкоў, у асноўным ад пісьменьнікаў, цікавяцца здароўем, некаторыя – дакладным адрасам: В. Быкаў, А. Адамовіч, Л. Салавей, М. Мушынскі (сьпецыяльна прышоў да Галі, каб перадаць прывітаньне: “Такіх людзей усе мы павінны аберагаць, клапаціцца пра іх. Гэта сапраўдны дзеяч культуры. Толькі з-за такіх і разьвіваецца культура”.) Таксама В. Каваленка, А. Сабалеўскі, Я. Сіпакоў і інш.
Учора дзень прайшоў без асаблівасьцяў... Ніякіх зігзагаў у лячэньні і паводзінах не было. Хіба што ад тэлеэкрану і газетаў, якіх я праглядзеў, на жаль, забагата, і адразу абурыўся неаб’ектыўнасьцю ў адносінах да саюзьнікаў па вайне (у асноўным жа ўсё запоўніла вайна).
3мая 1985 г.
Witaj majowa juіrzenko,
W naszej polskiej swiec krainie.
My uczcimy cie piosenka.
Ktora nigdy nie zaginie:
Witaj Mai, 3-ci Maj,
Dla Polakow blogi raj!
Вось, што я нават памятаю пра Трэцяе мая! “Пёсэнка! – заслугоўвае крытыкі з боку беларусаў. Але ж тая дата, тая падзея, якой яна прысьвечана, – ні ў якім разе: яна ж залатымі літарамі на векі вечныя ўпісаная на самую сьветлую старонку гісторыі Чалавецтва. Беларусы, як і палякі, глыбока шануюць тую Вялікую Падзею і шчыра смуткуюць, што ёй, на жаль, не наканавана было стаць julrzenka.