Дзярлiвая птушка
Шрифт:
— Ня вiдзiў я, — казаў Арсень. — Толькi пачулi мы стрэл i тады крык, i як падбеглi, дык Бахмачыха ўжо была нiжывая. У правы бок стрэлiў.
— А што-ж пан Бжончэк? Што ён казаў?
— Уцёк, нi сьледу ягонага там…
— Ну едзь, — загадаў Лазоўскi Яўхiму.
Парабак сеў на кашэль i ўзяў у рукi лейцы. Янук мiгам ускочыў на воз i сеў за парабкам ззаду. Арсень не садзiўся.
— А ты куды, Арсень? Чаму нi садзiсься? — спытаў Янук.
— Я, мусiць, у вёску пабягу, раскажу.
Ён борзда накiраваўся да брамы. Тапсiк мецiў, каб скочыць на воз.
— Ты бяжы! — загадаў яму Янук.
Добра адпасены гняды конь, паслухмяны лейцам гаспадара, трушком пабег з двара. Заляскаталi-зарыпелi
XI
З гэтага боку Лiтоўцаў пад бальшак вулiца йшла дугой. На самым чубку дугi, бочнай сьцяной да вулiцы, стаяла Пятухова клець. Ля клецi была доўгая лава. Гэтае мейсца было як-бы ўмоўленым зборным пунктам вяскоўцаў. Калi была непагадзь у якое сьвята цi ў будзённы вечар, дык сядзелi па хатах, калi-ж пагода — тут абавязкова можна было таго цi iншага спаткаць.
Гэты пункт, калi так яго можна назваць, быў найбольш стратэгiчным у вёсцы. Адсюль добра можна было бачыць вёску напралёт у два бакi, назiраць што рабiлася й на бальшаку. Тут больш мо чым дзе пераказвалiся вясковыя навiны, спатыкалiся маладыя й старыя. Насупраць клецi — з другога боку вулiцы — была высокая, роўная зь верхам страхi клецi, гушкалка. Пабудавалi яе пазалетась. Гушкалiся найбольш дзяцюкi й дзеўкi, бо для малечы была яна не па сiлах. Каторы сьмелы дзяцюк, устоячкi разгушкаўшыся, сягаў часам вышэй вярха перакладзiны. З асаблiвай цiкавасьцю сачылi яго тады ўсе прысутныя.
У гэну нядзелю, калi здарылася трагедыя ў скарбовым лесе, ля Пятуховай клецi было асаблiва людна. Моладзь манiлася рабiць вечарыну. Нехта пайшоў ужо да Кмiтавага Тодара прасiць хаты. Тым часам прыходзiлi яшчэ дзяцюкi зь дзеўкамi, гаманiлi, жартавалi. Гулкiм сьмехам зьвiнелi дзявочыя галаскi. Усе былi апранутыя ў найлепшае.
Сваiм франтаўством i адвагай перад вялiкiм гуртам моладзi захацеў пафарсiць Шпунтоў Лявон. Аж здаравенныя слупы гушкалкi заўважна хiсталiся пад ягоным калыханьнем. Расшыбнуўся колькi ставала сiлы, ды ўсё яшчэ падпiхаў, каб тарчма стануць над перакладзiнай. Ягоная даўгая, ветрам раскiданая, блёнд чупрына апаўзала на вочы. Тады ён нэрвова торгаў у бакi галавой, каб адкiнуць валасы набок, ды з задавальненьнем кiдаў вокам на тых, што прыглядалiся, быццам хацеў сказаць iм: «гляньце, якi зь мяне гэрой, вам не раўня!»
У гэты час — адкуль нi вазьмiся — зьявiўся Захарукоў сын Пятро. Яго лiчылi ў вёсцы вялiкiм палахлiўцам i прыдуркам. Для таго, каб Пятра залiчыць да разумова зьвiхнутых, не было падставы. Гэта праўда, што ў сваiм выглядзе й норавах, Пятро быў простым, неахайным i наiўным. Але-ж не адзiн ён быў гэткi. Як той Дастаеўскага князь Мышкiн, Пятро быў няхiтры, шчыры й надта добры ў вадносiнах да людзей. Ягоная даверлiвасьць да любога чалавека была поўная. Кожны мог яго абхiтрыць, абдурыць, абсьмяяць. Пятро не засвойтаў у сваiм характары галоўных рысаў спаўжыцьця зь людзьмi, дзе хiтрасьць, няшчырасьць, чмута й ашуканства, прынамся ў практыцы, заўсёды былi карыснымi бакамi, а шчырасьць, няхiтрасьць, прастадушная дабрыня й даверлiвасьць — недаравальнымi заганамi.
Пятро быў цяпер у палатанай будзённай саматканай вопратцы, босы, з бруднымi нагамi, нястрыжаны. Яму было гадоў звыш за сямнаццаць. Высокi ростам i нябрыдкi выглядам — мог-бы даўно канкураваць зь iншымi дзяцюкамi за ласкi вясковых прыгажунь.
Гэтым разам захацеў падражнiць яго вядомы вясковы дзяркач Антось. Падыйшоўшы, ён сыкнуў на дзяцюка, ды якраз так, каб усе чулi.
— Табе чаго? — агрызнуўся Пятро.
— А ты куды гэта? — наёжыўся Антось. —
Антось зрабiў крок наперад, а Пятро падаўся назад.
— Ну а толька-ж папробуй! Як чмыхну ў рыла, дык зараз пiракоцiсься! голасна пагражаў Пятро, ды аглядаўся, каб у выпадку непералiвак, шмыгнуць зручна назад.
— Дай яму, дай, Пятро! — рагаталi сабраныя.
Быццам два пеўнi ля якога сьметнiка, Антось i Пятро мецiлiся адзiн на другога, пагражалi сабе й другiм людзям на пацеху. Антось падмiргваў дзяцюком, каб гэта яны ведалi, што ён так сабе наўмысьля, адно зводзiць хлапца.
Ды прыелiся ўжо ўсiм такiя Антосевы штучкi. Некаторыя мяркавалi, як-бы паддаць iм iмпэту, каб i папраўдзе пачалi «чмыхаць у рылы». Ведалi, што нiкому ня ўдасца зьвесьцi Пятра да бойкi, бо ён, калi запраўды на бойку заносiлася, як каторы зь дзяцюкоў насядаў на яго, тукаючы-гукаючы, адыходзiў дзе ў кут, каб ня быць на вачох у людзей. За гэта, мусiць, i палахлiўцам яго лiчылi.
Непаседлiвай моладзi рупiла, каб барзьдзей пайсьцi й пусьцiцца ў скокi, некаторыя адыходзiлi ўжо ў кiрунку Кмiтавай хаты, каб даведацца, як будзе зь вечарынай. Казалi, што й музыка Тадэўка iз сваiм цымбалiстым неўзабаве мае зьявiцца.
У гэты час з-за Тахвiлiнага саду, што быў воддаль вулiцы ў той бок пад Гараватку, паказаўся Пiлiпаў Арсень. Ён бег мяжой ля высокага тыну. Вiдаць было, што змарыўся, бо часамi звальняў, iшоў борздым крокам, тады зноў бег. Ад гэнага бегу неспакойна дрыгаў на ягонай галаве чорны чуб. Задыхаўшыся, стануў ён пасярод вулiцы, зачарпнуў поўныя грудзi паветра ды так, каб усе людзi чулi, голасна крыкнуў:
— Бахмачыху лясьнiк у лесе застрэлiў!
Гоман сьцiх, як хто адрэзаў. Усе павярнулiся й упiлiся вачамi ў хлапца.
— Што ты гаворыш? Калi? Чаму? — пасыпалiся пытаньнi.
Арсеня абступiлi шчыльнай сьцяной i намагалiся пацягнуць за язык. Пятае празь дзясятае распавёў, што бачыў на свае вочы й чуў на свае вушы ў лесе, ды, крутануўшыся, подбегам рушыў у кiрунку свайго дому, што быў у тым канцы вёскi пад Лiпавiчы, непадалёк Бахмачовага.
Моладзь цяпер ажывiлася. Пачалi на ўсе лады абмяркоўваць i перажоўваць пачутае. Пасьля першага ўструсу наступiла маўчаньне. Усе, як умовiўшыся, рушылi да Бахмачовай хаты.
Вестка аб забойстве ў лесе маланкай абляцела Лiтоўцы ды пашыбавала ў суседнiя вёскi. Ля Бахмачовай хаты рос натоўп. Чакалi, выглядаючы на дарогу, што за аселiцамi.
З гасьцiнца, што паўз скарбовы лес i лiпавiцкiя землi бег на Гацi, павярнула на лiтоўскую прасёлкавую дарогу хурманка, а за ёю група людзей. Яўхiм, трымаючы ў ваднэй руцэ лейцы, iшоў побач возу й стрымлiваў руплiвага каня. Адно рыпеньне восяў, драбiнак i ляскатаньне колаў суправаджалi гэтую панурую маўклiвую працэсiю.
Ззаду за возам, панурыўшы галаву, iшоў Пракоп, побач яго — заплаканы Янук i Тапсiк, за iмi — людзi з кошыкамi. Бахмач, звычайна абярэжлiвы й разважны, цяпер ня бачыў цi не зважаў, дзе крыва ступiў у каляiну, цi босай нагой у якi камень на няроўнай дарозе стукнуў. Ён усёй iстотай патануў нейдзе ў мутных глыбiнях, як праз сон адно бачыў, што дзеялася навокал, ды йшоў, мусiць, толькi таму, што яго вось скранулi зь мейсца ды йшлi ўсе навокал. Каб раптам хто яго затрымаў, дык не адразу здагадаўся-б чаму, а стаяў-бы да таго часу, пакуль iзноў нехта цi нешта спрычынiлася-б да руху наперад, дый тады без усьведамленьня, навошта гэта патрэбна, пачаў-бы перастаўляць свае ацяжэлыя ногi. У ягоным уяўленьнi ўсё яшчэ стаяў каржакаваты руды чалавек iзь зьвярыным поглядам i трыманай напагатоў стрэльбай. Зноў i зноў паўтаралася тая страшная сцэна, што так брутальна й нечакана адабрала ў яго найдаражэйшую й зусiм у жыцьцi незаменную падпору. I пры кожным такiм балючым паўтарэньнi ўмiрала маленькая частка Пракопа.