Дзярлiвая птушка
Шрифт:
Да сваiх-жа сыноў Гаравiк быў надта строгi. Ён каждага ваеннага рамясла навучаў, на паляваньнi з сабой браў ды на ваенныя гульнi. Думаў-жа, што, калi сам памрэць, дык яны будуць над народам гаспадарыць; трэба, значыцца, каб умелi разумна са сваiмi й чужымi жыць, а калi трэба, дык каб i за сваё ў баi адважна пастаялi.
Паплыла пра гаспадарства князя слава далёка й шырока, бо пры ўмелай гаспадарцы i народ багацеў i князю самому ўдастатак было. Поўна ў засеках было, ды золата i ўсякага багацьця ў скарбнiцы князёвай. Адным словам, чулi пра яго блiзка й далёка. Свае лiрнiкi й дудары пiялi пра яго й славiлi яго, чужыя-ж на край i людзей зь вялiкай прагавiтасьцяй глядзелi
Надумалiся тады гэныя прагавiтыя чужнiкi на Гаравiкова гаспадарства напасьцi, багацьцi ўсе пазабiраць i людзей заняволiць. Сабралi такую вялiкую сiлу, што сьвет яшчэ такой ня вiдзiў, i на наш край паходам пашлi. А Гаравiковы ганцы, што па краёх стаялi, князю данесьлi, што вялiкая сiла чужых людзей на яго iдзець. Па ўсiм вялiкiм Гаравiковым гаспадарсьцьве зайгралi тады паходныя дуды й пачаў сплывацца да князя народ. А ён узяў усiх сваiх трох сыноў, вялiкiх i малых ваенных начальнiкаў, цэлую сваю дружыну ды пашоў тым на спатканьня.
Доўга яны йшлi, а калi iз ворагам спаткалiся, дык той ужо — каб яго макарэц спалiў! — глыбака ў нашу зямлю залез, народ забiваў, дабро палiў i рабаваў. Вялiкi, дзетка, сярдзiты й даўгi быў бой. Удужкi як схапiлiся, дык болi як тры пары старалiся адзiн аднаго пiрасiлiць. Галовы людзей як тыя снапы на таку пад цэпам клалiся, рэкi ад крывi пачырванелi. Сам князь Гаравiк i два ягоныя сыны — найстарэйшы й наймаладзейшы — надта-ж адважна бiлiся, а пры iх i народ цэлы. Яны от як гэты дуб Архiп саўсiм зь места нi сайшлi i ў крывi варожай былi чырвоныя. Толька сярэднi сын, калi прыйшла цяжкая варожая навала, дык ён струсiў i ходу з поля бою даў. Гэта нашым многа пашкодзiла, бо трэба было дзiрку залатаць, за гэнага князёвага сына, што ўцёк, грудзьмi пастаяць. Алi ўсяроўна ворага адбiлi, хоць вялiкая-ж надта сiла свайго народу лягла.
Як вярнуўся князь дамоў iз двумя сынамi ды дружынай i цэлым войскам, дык перш за ўсё Богу дзякаваў за тоя, што сiлу iм даў. А тады князь зрабiў вялiкая гуляньня. Усiх харобрых да сябе паклiкаў, нагароды каждаму даваў i цалаваўся з каждым, як з родным братам. Княжы замак ад таго народнага гуляньня, мусiць, сем дней i начэй гудзеў. Толька ўжо як узнагародзiў князь усiх харобрых i двух сыноў сваiх пiрад усiм народам, тады пазваў таго сярэдняга сына, што струсiў на полi бою, ды дамоў уцёк.
I от, сынок ты мой, прывялi зьвязанага гэтага труса Гаравiкова сына пiрад чало самога гаспадара. А ён сядзiць пры стале, ды ўся сьвiта ягоная, усе ў баi загартаваныя пасьля сьвежай пiрамогi. I кажа тады Гаравiк сыну:
— Выпрастайся, трус! Калi нi асьмелiўся ты, як вой, на полi бою ворагу ў вочы глянуць, дык чаго-ж тады баiсься глядзець у вочы сваiм людзям? Нiхто-ж цябе за гэта ня зьесьць.
Падняў той дзяцюк галаву, алi цяжка было яму глядзець у вочы бацьку ды воям харобрым, бо ўсiм вялiкую ганьбу ён прынёс, крыўду зрабiў, калi плячо ў плячо iзь iмi на полi бою нi пастаяў.
А князь тады яму кажыць:
— За тоя, што ты з поля бою ўцёк i другiх на нiбясьпеку выставiў, на вялiкую кару заслужыў. Ты сам гэта знаiш.
Сын апусьцiў галаву й дрыжэў ад страху.
— Гэтыя мне сыны, — сказаў князь i паказаў на двух, што сядзелi ля яго з правага й левага боку. — А ты ня сын! За цябе многа народу нашага лягло, бо сам ты, як крот, у дзiрку схаваўся дый цяпер ад страху дрыжыш. А цi-ж ня ведаў ты, што на гэтым сьвеця ня ўсё дабратой робiцца? Нiкаторыя дабраты ня цэняць i толька сiлу знаюць. Дык i мы так: каб жыць вольна, каб над намi чужак верху нi ўзяў, мусiм сiльнымi быць, а як трэба, дык i баранiцца.
Уся сьвiта ягоная, дый княгiня, што зь левага боку ля сына
А Гаравiк тады й кажа:
— Ты ёсьць маё роднае дзiця, маё цела й кроў. За тоя, што ты зрабiў, я цябе мушу караць галавой. Ты сам гэта знаiш. Алi Бог мне сьветкай нiхай будзiць, што я ў ласцы заўсягды быў болi шчодры, чымся ў караньнi. Дык i я для цябе такiм буду. Галавой цябе нi пакараю, а дам табе нагоду паправiцца. Дык от слухай: ты возьмiш людзей i ўсё, што трэба, i пойдзеш адгэтуль у той бок, дзе заходзiць сонца. Будзiш iсьцi тры днi й тры начы. Сярод лясоў там знойдзеш выгадная места, пабудуiш замак, зарганiзуiш дружыну й будзiш гаспадарыць над часьцяй народу, што табе прыдзялю. Зьбярэш i навучыш сваю дружыну, ажэнiсься й заложыш сваю гаспадарку.
Толька-ж помнi, што ад таго часу свайго гаспадарства будзiш баранiць сам, калi хто нападзець. Нiхто з нас табе на помач ня прыйдзiць так, як ты нi прыйшоў нам на помач на полi гэтага бою, ды ўцёк, як вялiкi трус, якога я цяпер мушу цурацца. А калi-ж на цябе нападуць, дык ты нi абаронiсься i ў баi ляжаш, дык будзiць тады твайму народу вялiкая гора. Гараваць ён будзiць пад чужымi, аж пакуль зь яго нi народзiцца новы адважны воiн, каторы чужых прагонiць ды людзям волю вернiць.
Так загадаў князь.
I от даў Гаравiк сыну таму людзей, што ў вайсковай штуцы добра зналiся, а таксама такiх, што будаваць умелi, даў конi i зброю, харчы, ды выслаў яго туды, дзе заходзiць сонца. Iшоў той сын трохi што нi бiзь пiрастанку тры днi й тры ночы, аж прыйшоў от сюды й задзержыўся тутака, дзе мы з табой на Гараватцы. Надумаўся тут замак свой будаваць.
Пагараваў ён тутака многа, пакуль замак збудавалi ды гаспадарку на парадак навёў. Можа гэта ад таго й пачалi людзi гэта места Гараваткай называць. Дык от гэты новы гаравацкi князь, як ужо збудаваў вялiкi й пекны замак, дружыну сваю выдрасiраваў i добра на ногi паставiў, тады нагледзiў сабе дзеўку, таксама са свайго народу, ды ажанiўся. Нiкаторыя дзiвiлiся, што ён так зрабiў. Трэба табе, сынку, ведаць, што тады князi толькi iз княжнамi жанiлiся, хоць i чужымi, а ён дык iз простай сваёй. Дзяўчынка, казалi, была, як малiна. А жанiўся ён iз сваёй, хоць i простай, таму, бо ўжо тады пазнаў мудрасьць жыцьця, а сама найболi дык тоя, што iз сваiм народам трэба быць, любiць яго трэба, за яго галавой пастаяць. Бо нiколi нi забыўся ён вялiкага сораму, што нажыў, калi з поля бою ўцёк. Пёк той сорам яго, як перац у гарляку. I думаў сабе гаравацкi князь, што, калi ўжо час прыйдзiць, дык ня толька тое паршывае кляймо зь сябе крывёй змыiць, але яшчэ пастараiцца й славу сабе вярнуць, каб i бацька агледзеўся. Ды бацька скора ўжо памёр. Два браты ягоныя гаспадарылi пасуседзтву, алi нiнадта каб яны дружна iз сабой жылi, нi гаворачы каб iзь iм.
От жанiўся, знацца, гаравацкi князь, надта-ж пекную дзяўчыну ўзяў. У сваiм замкавым дзядзiнцы разам iз новай улюбленай княгiняй дубок малады пасадзiў ды загадаў палiваць-даглядаць, каб вялiкi рос i пекны быў. Мы — кажыць — тут як гэты дубок расьцi будзем i нiхто нас зь места нi кранець. Гэты дубок i ёсьць от гэты самы Архiп.
Пачаў, адным словам, гаравацкi князь шчасьця пазнаваць. Думаў, што ацiхла ўжо, вайны праклятай ня будзiць. У яго навiт дружына добра выдрасiраваная была, гаспадарка на добры лад пашла. Калi-ж нiбясьпекi зьнiкуль нi было вiдаць, дык памякчэў гаравацкi князь, нi такiм пiльным стаў i, мусiць, трохi ваенная рамясло закiнуў.