Дзярлiвая птушка
Шрифт:
Ды й у Алесевым голасе чулася няпэўнасьць. Нiколi-ж так раней не разважалi аб вялiкай праўдападобнасьцi таго, аб чым сяньня з пагрозай сказаў Пракопу Сабакевiч.
— Алесь, а што будзiць, калi й праўда возьмуць i прыйдуць, а гэткi бандзiт i злодзей станiць над табой начальнiчаць? Га?
I на гэта пытаньне нiхто не адважыўся адказаць.
Доўга тэй ночы ня мог заснуць Пракоп. На яго жыцьцё лёг новы цень.
V
На двары пачалi ўжо голасна гарлапанiць пеўнi, калi прачнулася Дуня Макатунiшка. Правы бок ныў ад цьвёрдых палаткаў, на якiх шчыльна, покатам адно побач другога, спала цэлая сям'я Макатуноў.
Ды не ад самой цьвёрдасьцi азбудзiлася Дуня. Нешта моцна ўпiлося ў мякаць шыi. Памацала пальцам, расьцёрла нешта лiпкае зь едкiм смуродам. Здагадалася: гэта клоп.
Збоку раз-пораз варушылiся, кiдаючыся з аднаго на другi бок, дзецi й жанчыны. Паразiты не давалi спаць. Дунi сон адразу сагналi з павек. Пэўны час ляжэла спакойна, углядалася ў цемру й думала. Тады нешта покнула зьверху проста на голыя грудзi. Дуня зноў абмацала клапа, з агiдаю адкiнула ў цемру. Ужо ведала — клапы вандравалi па столi, ды покалi ўнiз на сваю пажыву.
Цi-ж першы гэта раз? Ведала, што будзе далей. Зараз ускарабкаюцца кабеты, засьвецяць газьнiчку, пазапальваюць лучыны ды з бурчэньнем пачнуць паляваньне на агiдных смактуноў крывi. Пасьля ўскапышацца, тручы спрасонку ручкамi заспаныя вочы, ды ўзьнiмуць лямант дзеткi.
У гэткiя часы прыгадвала Дуня свайго бацьку, таксама быццам як праз сон. Было гэта, мусiць, даўно-даўненька, перад тым, мусiць, пакуль на сабачы сенакос наважыўся йсьцi. Зьяўляўся ён у ейным уяўленьнi амаль заўсёды iз лучынай у руцэ. Насуплены, злосны. Капцiць лучынавы агонь, трашчыць ды прагна жарэ сухую драўнiну чырвоны язык i ўсё падарожнiчае па шчэлках ложка, палаткаў, па печы, па сьценах. Бацька — заядлы паляўнiчы на клапоў. У паляўнiчага густымi чорнымi валасамi абрасьлi напаўзакрытыя шэрай зрэбнай кашуляй грудзi. Калi пападзе на вялiкую здабычу, тады чуваць нейдзе з глыбiнi гэных касматых грудзей голас:
— Iж ты, падла, як крывi нажлопаўся, што ажно паўзьцi ня можыць. Цьфу!
Бацька брыдка мацюкаецца. Мацi цi каторая сястра памагаюць з лучынамi. Калi дзе ў якой шчылiнцы большую клапiную сям'ю апоруць, тады труць, поруць так заўзята, ды палююць, што аж лучына ад смуроду сквiрчыць. Забаўным, хоць i дакучлiвым, было для Дунi тое паляваньне. Сон пераб'е яно, што пасьля цэлы дзень рот ад зяваньня балiць.
Было вось так некалi ў старой хаце. Мяркавалi, што калi ў новую перабяруцца, то не дадуць-жа паразiтам распладзiцца. Ажно й не прадбачылi трываласьцi клапiнага племя. Мусiць, у латаных кажухох i iншых рызманох на развод iх прынесьлi. Ня здолялi як сьлед абжыцца, як паразiты ў перабудаванай iз старых бярвеньняў хаце загнезьдзiлiся, а пасьля неўзабаве на худую Макатунiшыну сям'ю начамi iнвазii пачалi рабiць.
— Божачкi сьвятыя мае! — цi раз змораным i крыўдным аж ад адчаю голасам наракала начамi старая Макатунiха. — Гэта-ж во як на беднага дык i людзi i ўсякiя пранцы нападаюць. А каб-жа вы ўзялi ды дзе да каторага сытога й багатага ў хату заблудзiлi, ягоную таўстую шыю цi плечы папакусалi!
I чаго ўжо толькi нi прабавалi, каб якое збаўленьне ад клапоў знайсьцi, Макатунiшкi! Павыносяць, было, зiмою ў траскучы мароз на двор усю-ўсенькую вопратку, рызманы й пасьцелю. У хаце сьцены варам пааблiваюць, нiводнай шчылiны ня мiнуць стараюцца. Разам iз тым варам кiпiць у нявыгляднай Макатунiшынай хаце колькiгадзiнная праца. Дашчэнту, здаецца, выпякуць клапiнае племя.
— Ну, паглядзiм-жа ўжо цяперака, — кажуць змораныя жанкi. — Калi сягоньнiка iх нi зьвялi, дык якiя пранцы тады памогуць?
Адна, другая, трэцяя ноч пройдзе спакойна. На чацьвертую цi пятую пачынаецца-аднаўляецца папярэдняе. А клапом на дапамогу вошы й блохi. Хоць ты няведама што, зьнiкуль ратунку няма.
Бедавала Макатунiха, цi раз бедаваньне лаянкай перасольваючы:
— Гэта-ж каб на вас парашкi цi якую халеру, каб раз i наўсягды выдушыць можна было. А то ратуначку нiма!
Гэту ноч, калi ўсе азбудзiлiся, пачалi плакаць дзеткi, перабралася Дуня на шырокую лаву на покуцi. Зграбла, вытрасла што магла з пасьцелi, скамячыла нейкую вопратку пад галаву, сяк-так накрылася. Пастанавiла, што ўвечары пойдзе спаць на сена. Праўда, сена тое, — за недахопам мейсца ў пунi хлявушкi, складзенае было збоку пад страхой. Лiчы што на двары было. Страшнавата аднэй дзяўчыне там спаць.
— Дунечка, як-жа ты, дзетка, там засьнеш? — турбавалася мацi, шкадуючы яе. — Гэта-ж лава голая. Каб табе што пад бок.
— Ну й тамака, мамачка, нiма як. Глядзiце вы ўжо сябе.
На халоднай i мулкай лаве было яшчэ больш нявыгадна, але-ж хаця ад паразiтаў далей. Яны там ля палаткаў панадзiлi. Ужо сама сьведамасьць таго, што тут на покуцi, мабыць, клапоў няма, супакоiла дзяўчыну, i яна намагалася заснуць.
Сон ня браў. Ляжала й думала. Марыла аб выгаднай мяккай пасьцелi, чыстай коўдры й сяньнiку. А каб яшчэ асобнае ложка! Гэткiя сьмелыя думкi выдавалiся ёй недасяжным шчытам мараў. Ведала, што некаторыя якраз так i жывуць: сьпяць асобна ды ў чыстым, ядуць уволю, працуюць, сiлаў не надрываючы. Ня так, як яны, Макатуны — вечна зубы ашчэрыўшы, каб зусiм у бяздоньнi галечы не загразнуць, каб як-небудзь з дня на дзень дух перавесьцi.
Была, мусiць, нейдзе ў жыцьцi й лагодная рука лёсу, i поўная мерка шчасьця, i волi, i радасьцi. Дзе яна? Цi судзiў Бог маладой i адно што падрастаючай Дунi калi зь ёю сустрэцца? Iншыя ўмелi й шчыра сьмяяцца, i поўнай мерай чэрпаць жыцьцёцую асалоду, як тая пчолка вясной i ўлетку нэктар з прывабнае краскi. Дуня-ж калi й сьмяялася, дык стрымана, вонкава, адно быццам для вока людзкога. Праўда, былi хвiлiны, што падзiцячаму забывалася пра сваю худую долю, аддавалася й сьмеху й радасьцi. Але трывала гэта коратка. Сьмех i радасьць былi нетрывалкiмi, зманлiвымi.
Была-ж нейдзе на сьвеце й прыгажосьць. Вядома, ня тая, якой поўнiцца лес i поле, i вада, i неба, i сонца, i месяц. Гэта прыродная прыгажосьць была сталая. Бог даў яе для ўсiх, што ўмелi яе бачыць i цанiць. Дуня мела ў думках прыгажосьць самаго жыцьця, быту; прыгажосьць наедзенага чэрава й добра апранутага цела, мэтанакiраванай i плённай працы дый спажываньня тых плёнаў. Была, мусiць, i гэткая, ды не для яе.
Ведала дзяўчына, што й думаць аб такiх рэчах дарэмна. Куды ўжо ёй з такой апошняй у вёсцы й затуканай-загуканай сям'i ды аб нечым лепшым марыць. Сьмешна проста, дый годзе. Думкi адно й застануцца нiколi нязбытымi марамi ды мо шчэ больш напоўняць коўш горычы. Жыцьцё ейнае як палын, нiчога яго, мусiць, не асалодзiць. Такiмi думкамi сабе адно шкоду робiць. Цi ня лепш ужо нiчога ня думаць ды каратаць бяду — вечна ў будзённай беспрасьвецiцы iзь сёстрамi й маткай калупацца?
Калi-нiкалi было й спадзяваньне на Бога. Гэта-ж пра Яго казалi, што ўсемагутны й справядлiвы, бачыць усю бяду й галiту й ведае ўсё чысьценька. Цi праўда гэта? Якi-ж Ён запраўды? Цi гэткi суровы, iз насупленымi брывамi, што вунь на покуцi ў iхнай хаце царствуе ды шкляным, iльдзяным зрокам абыякава на ўсю злыбяду iхную прыглядаецца? Цi, можа, ён зычлiвы, ласкавы, добры, мiласэрны, такi як яго адзiн раз у школе намаляваў на лекцыi рэлiгii той дубовiцкi сьвятар? Хто-ж яго ведае…
На каго-ж тады спадзявацца, калi не на Яго?