Дзярлiвая птушка
Шрифт:
Пазаўчора наважыўся Янук пайсьцi ў лес i адшукаць магiлу тых паўстанскiх гэрояў, аб якiх прыгадваў дзед. Ведаў, што Лазоўскi не дазволiць яму адлучыцца ад статку, дык пастанавiў скрывiць душой. Сказаў, што абавязкова мусiць бацьку праведаць i папрасiў дазволу прыгнаць статак у загарадзь ля хлявоў якую гадзiну перад захадам сонца. Лазоўскi ведаў хлапчукову настойлiвасьць. Ня пусьцiць, дык — чаго добрага — возьме ды ўцячэ, а пасьля шукай дзе другога пастуха.
Сонца нiзiлася ўжо цалкам на захад, калi Янук прыгнаў у загарадзь добра напасеных кароваў i памкнуўся з Тапсiкам у кiрунку Гараваткi. Зашыўшыся ў зарасьнiк, ён пераскочыў па жардзiнох цяпер ужо добра зьмялеўшую канаву ды з другога боку яе, як быццам некiм падганяны, рушыў борзда
Мала калi ўлетку блудзiў Янук па лесе, хоць на сумежжы яго праводзiў многа часу. Ад кароваў не было як адлучыцца. Цяпер-жа, увайшоўшы ў самы ягоны глыб, ён звольнiў кроку, разглядаўся, колькi разоў пiснуў ды прыслухоўваўся да рэха. А рэха паўтаралася, ляцела нейдзе воддаль i там яшчэ адклiкалася, быццам дражнячы яго. Тапсiк абнюхваў усё падарозе. Зазiрнуў у нару пад корч сьпiлаванае хвоi, залiвiстым брэхам даў ведаць пра сябе нявядомаму жыхару тэй нары. Янук адклiкаў Тапсiка, якi неахвотна, быццам iз дакорам глядзеў гаспадару ў вочы за тое (той не разумее й не дазваляе заняцца сабачай уцехай) ды паволi йшоў ззаду.
Да захаду сонца часу заставалася няшмат. Нельга марудзiць. З наблiжэньнем да Выгару Янук поўнiўся нейкай таемнай баязьлiвасьцяй, непакоем. Тая сьведамасьць, што вось ён iдзе на магiлу гэрояў, што, мабыць, неўзабаве адкрые яшчэ нейкую загадкавую бачыну кнiгi ў новым сьвеце, трывожыла ягоную кволую юнацкую душу. У насычаным змалку казкамi пра ведзьмаў, ваўкалакаў i зданяў уяўленьнi — нейкiя, неразгаданыя блiжэй, ценi захiнулi дарогу, i Янук звольнiў хаду. Паволi азiраўся навокал. Нiдзе не было жывое йстоты. Толькi птушкi, вавёркi й усе iншыя лясныя жыхары працягвалi свае перадвячорныя заняткi. З пазалочанымi ўверсе чубамi ленна стаяў лес. Тапсiк спынiўся перад пастухом i ўпорыста глядзеў яму ў вочы, быццам угадваючы, што Янук будзе рабiць далей. А Бахмач у думках ганiў сябе за недахоп адвагi й дзякаваў Богу за тое, што яго вартуе неразлучны й верны спадарожнiк. Iз гэткiм сябрам дык ня толькi ўдзень, але ўночы можна на якi хочаш курган пайсьцi.
Ладна папахадзiў хлапец навокал таго Выгару, а кургана нiяк знайсьцi ня мог. Да вушэй даляталi зводдаль i гукi дудкаў пастуховых, i песьнi жнейкаў, i гуканьне цягнiка, i карканьне варонаў нейдзе ўверсе над лясной шапкай. Скора пачне шарэць, i як тады знойдзеш тое мейсца?
Гэтак рашчараваны йшоў уперад сябе абы йсьцi, не пастанавiўшы яшчэ, цi працягваць пошукi, цi не. На вока трапiла рослая хвоя, якой споднiя галiны зьвiсалi аж на зямлю. Янук спынiўся й пачаў прыглядацца. Пад абвiслымi галiнамi хвоi спасьцярог пастух нешта паводле гарба, пакрытага йглiцай. Тапсiк падняў уверх галаву й пабачыў на хвоi вавёрку. Скочыўшы наперад, ён пачаў брахаць i шоргаць лапамi. Янук хацеў сьцiшыць сабаку, але зыркае вока ягонае пабачыла, што пад Тапсiкавымi лапамi было ня што iншае, як пляскаты, прадаўгаваты, адным канцом урослы ў зямлю, надмагiльны камень.
Не марудзячы нi хвiлiны, узяўся хлапец за работу. Адламаў канец галiны з хвоi ды зьмятаў iглiцу. Зь верхняга канца камяня распазнаў Бахмач знак крыжа. Нiжэй значылiся нейкiя напiсы. Забыўшыся пра ўвесь сьвет, Янук пачаў зграбаць з камяня зямлю й сцызорыкам, што, на вялiкае шчасьце, знайшоў у кiшэнi, сашкрабаў старую нарасьць. Сабака, зьдзiўлены гэткiм гаспадаровым захаваньнем, забыўся на пра вавёрку ды глядзеў, што робiць Янук.
Гэта карпатлiвая праца трывала хвiлiн мо дзесяць. Калi Янук скончыў, выпрастаўся на ўвесь рост ды прыглядаўся свайму цiкаваму адкрыцьцю. Якiм-жа ўдзячным тады быў ён свайму бацьку, што параiў некалi навучыцца «рускiя буквы» й паказаў кожную зь iх. Цяперака хоць марудна, iзь цяжкасьцю, але ўсё-ж прачытаў Янук пад крыжом наступнае:
Глухiм малатком бiлася сэрца ў грудзёх басаногага, худога юнака, што паволi ўсьведамляў значэньне выдзяўбанага на камянi долатам нейкага вясковага патрыёта напiсу. Гэта наваадкрытая бачына ўзрушыла яго сваёй прастатой i ляканiчнасьцю. Тут, пад ягонымi нагамi, парахнелi косткi ахвярных народных гэрояў, а ён, бедны, але прагавiты юнацкай цiкавасьцю, ня ведаў яшчэ, нашто яму гэта новазнойдзенае прыдасца. I ня мог нават варажыць тады, паднечаны такой знаходкай, што пацьвердзiла апавяданьне дзеда Якуба, што гэта — як i шмат iншага, знойдзенага пазьней у падарожжы па другiм баку адчыненых дзедам дзьвяроў, - распалiць-разьдзьмухае некалi ў будучынi ў ягоным сэрцы такое буйное й незгаручае полымя, што цi раз прывядзе яго на край страшэннае згубнае проданi.
VIII
Дуня, часта азiраючыся назад, бегла колькi моцы. Крокi ейныя звальнялiся ў меру таго, як грудзi дыхалi ўсё цяжэй i цяжэй. Гэта, мусiць, ня сэрца, а нейкi цяжкi молат малацiў у сярэдзiне. Цурком сплываў па твары пот. Змарылася дарэшты. Калi за бярэзьнiкам паказаўся просьвiт поля, звольнiла.
…Прыгадваючы ўчорашняе адкрыцьцё ў лесе, Янук думкамi яшчэ й яшчэ перабягаў усё тое новае, што ўведаў апошнiмi часамi. Нават забыўся пра кароваў, што вось панадзiлi ў суседнюю канюшыну. Тапсiк, як заўсёды, быў напагатове. Безь Януковага спануканьня ведаў сваю работу. I калi гэтым разам наёжыўся й пачаў брахаць, пастух думаў, што зноў падвялi яго рагатыя. Але сабака гэтым разам кiнуўся ў кiрунку лесу. Янук ня зьдзiвiўся, калi сабака спынiў брахаць, прыязна махаў хвастом, наблiжаючыся да дзяўчыны, што борздымi крокамi йшла да пастуха.
Так, гэта Дуня. Як добра, што яна ў гэты час зьявiлася. Можна будзе цяпер вось падзялiцца зь ёй тым сакрэтам, аб якiм згадваў ранiцою. Але што зь ёю? Чаму яна з пустымi рукамi? Чаму так зачырванеўшыся й спацеўшы, так цяжка дыхае? А грудзi?
Янук разявiў ад зьдзiўленьня рот i аслупянеў. Дзяўчына аднэй рукой трымала падзёртую на грудзёх i закрываўленую блюзку. Януку прыйшла ў галаву жахлiвая здагадка: Бжончэк, мусiць, на яе напаў. Дрыжыкi прабеглi па каленях, i цэлага холадам абняло.
— Што з табой, Дуня? Чаму ты такая?
— На… напаў на мяне басяк, — сказала, задыхаючыся.
У васiлькох на спацелым твары прытаiўся жах. Дрыжэла ўся, дый не ад холаду.
— Хто? Дзе? — крыкнуў Янук. У галаве закружыла. Думкамi ўжо баранiўся перад адказам, якi — ведаў — зараз пачуе.
— Гэты бандзюга драгомiшч…
— Ён? А я думаў — лясьнiк…
Тое, што не ўгадаў, анiчуць не зьмянiла Янукова настрою. Пад нагамi, здавалася, загушкаўся луг. Уяўленьне зручнымi й майстэрскiмi штрыхамi нарысавала вобраз у лесе: кволая, быццам тая вясеньняя неразбуйнеўшая яшчэ краска, ягоная мiлая сяброўка ў рукох дужага й прагавiтага ў юрлiвасьцi Лявона. Яна змагаецца, баронiцца апошнiмi сiламi, а ён iрве-шматае вопратку й налягае. Бездапаможны дзявочы крык клiча ратунку. I ненасытны, агрэсыўны мядзьведзь ломiць, абрывае з краскi кволыя пялёсткi, топча ягонае, Янукова, сьвятое сьвятых.
Нiколi не ўяўляў, што гэтая вясковая бедная дзяўчына так валодала iм. Цяпер пагвалчаная амаль перад ягонымi вачыма, яна тузала-разрывала ягонае чульлiвае нутро. Нешта сарвалася ў сярэдзiне. Дрыжэлi Януковы вусны. Ня мог здабыцца на слова. А ў Дунi, як пацеркi, па потным твары хлынулi сьлёзы. Забыўшыся на ўсё, яна рукамi намагалася выцерцi твар. З-пад парванай блюзкi на ўвесь рост вызiрнулi пунсовыя дзявочыя грудзi. Хлапец, канчаткова ашаломлены такiм вiдокам, апусьцiў унiз вочы. Чырваньню загарэўся ягоны твар.