Дзярлiвая птушка
Шрифт:
— У-ух! — злавiла паветра Макарунiшка. — Гэта-ж, мусiць, ня так лёкка, як я думала.
Яна пачырванела ня толькi ад напружанага дзьмуханьня, але й ад сораму.
— Ну гэта-ж нi бабская работа, — задзiрыста сказаў Янук. — Дый на пусты жывот цяжка. Ты-ж цi ела яшчо?
— Не.
— Дык от другiм разам папробуеш на поўны жывот.
— Дык пайду, — сказала дзяўчына, аддаючы пастуху дудку.
— Прыдзi другiм разам калi, дык пiрадам табе, што мне дзед Якуб расказваў.
— Добра, забягуся калi.
Яна ўзяла на руку напоўнены бурагаловымi баравiкамi кош i пайшла, а Янук
У Макатунiшыным падворку дзеткi корпалiся ў пяску, самы найменшы ганяўся за курыцай. Старая Макатунiха сварылася на яго, каб перастаў. Дуня на хаду хапiла астыўшую ўжо бульбiну з муньдзiрам, сербанула кiслага малака ды ўзялася за грыбы. Ладна прайшло часу, пакуль пачысьцiла, параскладала на бляхi й паставiла ў печ i на двор на падаконьнi сушыць баравiкi.
Ужо ля полудня пабегла яна з васiлькамi ў Гацi. У мястэчку быў адзiн крамнiк, што купляў зёлкi. Зваўся ён Габа. Было вельмi не на руку зьбiральнiкам зёлак, што Габа трымаў у Гацях зёлачны манаполь i плацiў менш, чымся рынкавыя цэны ў iншых далёкiх мястэчках, дзе зёлкамi гандлявалi Жыды. Хоць, праўда, усе тыя Жыды прапанавалi адну цану, як змовiўшыся, адылi на хуньце можна было якi лiшнi пятак вымантажыць. Але дзе-ж ты паедзеш такi сьвет дарогi. Цэлы дзень трэба трацiць. Не аплацiца аўчынка вырабкi. Дык i Дуня, адна з многiх, была на Габавай ласцы, калi прыносiла ў Гацi зёлкi.
Гэтым разам Жыда не было ў краме, а зёлкi прыняла старая Габiха. Грузная й таўстая над меру, брыдкая з твару, скупая на словы, яна папыталася Дуню, цi ўжо васiлькi скончылiся, ды якiя зёлкi яна цяпер зьбiрае. Раiла прыносiць усё назьбiранае да яе, бо яна дае найлепшую цану, нават большую, чымся ў Докшыцах цi Глыбокiм можна дастаць.
Дуня ведала цану жыдоўчыных словаў i таму дзiвiлася, як гладка гэтая таўстабрухая кабета магла чмуцiць. Не было-ж-бы для яе нiякага ўрону, каб не выхвалялася няпраўдай, каб памаўчала. Не, дык мусiць, ня ўцерпiць. Усе Жыды такiя, — думала дзяўчына.
Праз поўадчыненыя заднiя дзьверы, адкуль далятаў дзiцячы вэрхал, увайшоў у краму малы жыдзянёнак, гадоў так, можа, тры. У руках трымаў ён абкусаную вялiкую булку, якая — Дуня гэта ведала — каштавала ў пякарнi дзесяць грошаў. Хлопчык стаяў у дзьвярох замурзаны, дзьве сьвечкi з-пад носа аж у рот, ды мяў тую булку ў бруднай руцэ. Ажно Дунiны вочы разыйшлiся. Забылася, што мусiць сачыць, цi Габiха на вазе не ашукае, — зрок ейны ўпiўся ў тую булку. Малы паглядзеў на Дуню моўчкi, пасьля кiнуў булку вобземлю й пайшоў за дзьверы. Дзяўчына глядзела на булку, што ляжала на закарэлай i прагнiлай мейсцамi падлозе, ды нешта цiснула яе за горла.
Тымчасам Габiха адклала зельле й лiчыла грошы.
— Два злоты й фуфцiг, — сказала, перадаючы Дунi манэты.
— Як гэта? Тры кiлi было! — усхадзiлася дзяўчына.
— Нi было. Ты мяне асукаць хоца, — сказала Габiха. Чырвоны, як з на драждох падыйшоўшымi шчокамi твар задрыгаў пры гэтых словах.
— Матка iз бязьмен вазыла? — пыталася Дуню.
— На бязьмен, але-ж…
— Васа бязьмен нядобгы, — цьвердзiла сваё
Пры гэтых словах яна паклала на вагу кашолку, каб зважыць яе. Крыху нацiснула на кашолку рукой, каб збольшыць вагi. Рычаг паказаў блiзка паўкiляграма. Тады Жыдоўка высыпала ў яе высушаныя пялёсткi васiлькоў, гэтым разам iзноў не адымаючы i, як здалося Дунi, прытрымлiваючы вагу рукой. Дзюбкi рычагоў зыйшлiся гарызантальна. На талерцы ляжалi важыкi ў два з паловай кiляграмы.
— Ну вiдзiс, мае вес добгы, гэта васа бязьмен нядобгы.
Дуня была злосная. Нават стары Габа быў сумленьнейшым. Яна бяз слова загарнула грошы ў хусьцiнку, завязала iх старанна ды, цiснучы ў потнай руцэ, выйшла з крамы.
— Гэта лахудра, каб яе гаручка, абманываiць на вачох, — гаварыла дома Дунi матка. — Трэба было глядзець яе, ато жыць нябудзiць, калi не абманець.
VI
Сонца добра пахiлiлася ўжо з паўдня, калi Макатунiшка зноў пайшла па грыбы ў скарбовы лес. Ведала, што ўжо пачыналi нарастаць панчошкi, ягады на балоце чакалi яе. Неўзабаве трэба будзе на iх перакiнуцца. Апошнiмi часамi прайшло добрых пару дажджоў, вiльгаць трымала ў лесе, дык i шкада было-б кiдаць недагледжанымi цэлыя сем'i баравiкоў.
Наважыла дзяўчына абегаць тыя мейсцы, дзе не была ранiцай. Як заўсёды, цягнула яе дуброва. Здавалася, што там баравiкi былi прыгажэйшыя. Ведала, што Брунiськi — найбольшыя лiтоўскiя канкурэнты па ягадах i грыбох — маглi тут ужо вызьбiраць. Але не. Нешта яшчэ засталося. У вадным мейсцы натрапiла на вялiкую грыбную грамаду й цалкам аддалася нiзкiм паклонам. Сонца добра-ткi пякло ў шыю. Ужо забылася яна пра злосьць на Габiху й суцэльна занятая была цяперашнiм. Адзiн за другiм падразала карэньнi й клала грыбы ў кошык.
Непадалёк на старой бярозе голасна загрукатаў дзяцел, i Дуня выпрасталася, каб паглядзець. Любiла яна сачыць ляснога лекара пры працы й не магла надзiвiцца, колькi ў яго было сiлы ў малой, здаецца, кволай шыi й дзюбе. А дзяцел, не зважаючы на тое, што наглядала ягонае майстэрства маладая прыгажуня, заядла церабiў кару.
Там, дзе дубы падступалi да гусьцейшага лесу, амаль суцэльным плотам расьлi ляшчыны. На чупрынах дрэў гэйсала рудая, зь вялiкiм пушыстым хвастом, з добрую мяцёлку, вавёрка. Хвост задзiрлiва трымала ўверх. Адно калi пераскоквала на iншае дрэва, тады хвост абнiжаўся, быццам памагаючы ўласьнiцы плысьцi па паветры. Ведала Дуня, што недалёка той час, калi пачнуць дасьпяваць арэхi. Цяперака яны налiваюцца ўсярэдзiне малаком, а можа ўжо й цьвярдзеюць.
Дзяўчына падыйшла да арэшнiку, прыгнула галiну й разглядала сарваны арэх. Яшчэ ня ёсьць арэхавая пара — пастанавiла, раскусiўшы мяккую шкарлупiну.
Гэтак стоячы й разважаючы пра арэхi, дзесь ззаду за сабой пачула трэск. Здалося, што нехта падкрадаецца. Азiрнулася. Нiкога не было навокал. Iзноў узялася за грыбы. Гронка баравiкоў падвяла яе зусiм блiзка пад гушчар, i не магла яна ведаць, што адтуль спамiж галiнаў сочыць за ёй юрлiвая пара вачэй. Дуня была так занятай, што спасьцерагла чалавека толькi тады, калi быў ён побач.