Дзярлiвая птушка
Шрифт:
А за сьцяной яшчэ сьмялей дзёрлi свае глоткi пеўнi. Раз-пораз кукарэкаў Макатунiшын галаган, у вадказ адгукаўся нейдзе на ўзгорку певень старой Пятушыхi, там далей рэфрэн трымалi зладжана — Дуня гэта ведала, — трывожачы сваiх курэй, блiжэйшыя й далёкiя. Мабыць, нейдзе на ўсходзе за балотам, калi неба не замурзана, паказалiся ўжо зарнiцы сонца, што паволi ды няўхiльна наблiжаецца, каб азбудзiць да жыцьця Лiтоўцы й цэлую сьпячую салодкiм сном кароткай летняй ночы ваколiцу.
I тады ў Дунiным уяўленьнi вырас перапоўнены багатымi чарамi скарбовы лес. Гэта-ж зараз, мусiць, трэба ўстаць — усяроўна сну ўжо ня будзе, — ды па грыбы сьпяшацца. Там пад дубамi й гладкакамлёвымi бярозамi пасьмялелi й павылазiлi з травы наверх баравiкi. Некаторыя, можа, й ня сьняць, што прывiтаецца зь iмi
Праўда, там хадзiў iз злым сабакам забойца Бахмачыхi. Дуня яго зручна абмiнала й дагэтуль клопату ня мела. Як тая спрактыкаваная лiска, выхадзiла-выбегала яна гэны лес, угадвала, дзе й калi пайсьцi, каб зь бядой лоб-у-лоб не сутыкнуцца. Лясьнiк, праўда, заўсёды трымаў сабаку пры сабе, а часта й без сабакi валачыўся па лесе.
А лес, — Божа мой! — гэта цi не другi ейны дом. Там яна чулася вольнай i лёккай, прыглядалася кожнай букашцы й матыльку, лавiла чар салаўiнай песьнi й кожнае рэха. I здавалася ёй цi раз, што добра было-б у лёкка-пырхаючую птушку замянiцца, ейным крылатым бесклапотным жыцьцём дыхнуць. Але-ж ня можа быць, каб птушкi сваiх клопатаў ня мелi. На iх i каршукi й iншыя дзяруны палявалi, яны-ж мусiлi й гнёзды на хiсткiх галiнах майстраваць, i дзеткаў гадаваць, i ўсякую непагоду пераносiць. Ды ня можа быць, каб не жылося iм лацьвей, чымся лiтоўскiм Макатуном.
Ужо добра парадзела цемра, калi ацiхла ў хаце. Дуня ўстала, на дыбачках каб, баранi Божа, нiкога не азбудзiць, — падыйшла да сьцяны, брала зь вешалкi сваю вопратку й апраналася.
— Дачушка, ты куды? — азвалася мацi.
Дзяўчынка ў думках упiкнула сябе за тое, што не магла цiшэй, што матчына чуткае вуха ейнае вандраваньне па хаце распазнала.
— Па грыбы, мама.
— Паспала-б яшчэ — рана, мусiць.
— Ат, дзе там рана. Пайду.
Матка змоўкла. Дуня бачыла, як перавярнулася з другога боку ля сьцяны Параска. Мусiць, i яна чула.
Белая Дунiна хусьцiнка, якой перавязала валасы, мiльгала ў шарэчы раньняга сьвiтаньня. На правай руцэ тарабанiла кошык, а ў iм — iз кароткiмi чыранкамi ножык. Борздымi крокамi мерыла дзяўчына мяжу мiж нiвамi, абмiнула з паўднёва-ўсходняга боку Гараватку ды накiравалася на калёнiю Лазоўскага. Босыя ногi абмывалiся сакавiтай расой, што даймала сьвежым i прыемным халадком. Ведала Дуня, што покуль дойдзе да лесу, а ў тым лесе да аблюбаваных баравiкамi мейсцаў, сонца высадзiць свой чырвоны лоб з-за балота, каб пачаць сьвяцiць людзям у яшчэ адзiн працавiты летнi дзень. Шапку Архiпа абселi вароны. Дзесь на ўзьлесьсi, а мо ў вербах над канавай, аж заходзiўся ў сьпеве салавей. Яму дапамагаў другi й трэцi.
Вялiкi луг Лазоўскага драмаў пад шыза-зялёным дываном роснай атавы. Дуня прастала нацянькi да ўзьмежжа жытняга поля, пакiдаючы за сабою сьцежку, як добрую баразну. Драмалi, здавалася, важкiя адраныя каласы жыта. У раньняй задуме, мусiць, чакалi яны жняцоў. Дуня кiнула зрокам на вялiзную жытнюю нiву. Асаднiк яшчэ не зажынаў. Хутка, можа ўжо й сяньня, стануць нейдзе ў хвасьце вясковыя наймiткi-жнейкi i з традыцыйным «Божа памагай» зьвяжуць першы снапок, каб стануў ён ганарова на покуцi гаспадаровае хаты. Сярпы пачнуць уядацца ў моцную мязгу вырослых на сакавiтым угнаеньнi жытнёвых сьцёблаў. Дзяўчаты й жанкi, як адважныя жаўнеры ў гарачай бойцы, зацята цяць будуць высокую сьцяну каласоў, у хвасьце за сабой пакiдаючы суцэльны памост снапоў. Пад вечар мускулiстыя рукi парабка Яўхiма паставяць тыя снапы ў тоўстыя бабкi, а журботная жнiўная песьня зь перасохлых i патрэсканых ад сьпёкi вуснаў паплыве над шырынёй урадлiвае нiвы.
I, сьпяваючы песьню гэную журботную, у сваёй красе непаўторную, думаць будуць жанкi аб нiшчымнiцы й нядолi пад струпелымi саламянымi стрэхамi. Прыгадаюць багацьце роднае зямлi, што поўнiць чужыя кiшэнi, лёс свой гаротны, сям'i й дзетак, што чакаюць пакуль наймiткi-маткi вернуцца ў родныя гнёзды. Разагнецца-выпрастаецца на захад сонца балючая сьпiна сялянкi, апусьцяцца спрацаваныя млосныя рукi, а змораны мiгценьнем сьцёблаў i каласоў зрок пабяжыць па заваяваным полi.
Раз цi два кiнула Дуня позiрк у Лазоўскага двор. Церабiла дзяўчына скусанае паразiтамi ўночы цела, тулiла перавешаны на руцэ кошык i паглядала на задорна падняўшыя свае гонтавыя чубы гаспадарскiя збудаваньнi Лазоўскага. Дуня ведала, што, пэўна, у гэты час пад гэнымi стрэхамi завiхаецца ў раньняй гарачцы, каб выгнаць на поле статак, ейны найлепшы сябра й спадарожнiк Янучок. Дуня прыгадала, што ўжо пару тыдняў ня бачыла хлопца. Што зь iм? Як ён чуецца й што думае? Ад таго часу, калi Алену забiлi, нiколi не давялося зь iм сустрэцца. Ныла ў сваёй хаце бяда. Трэба было на зiму забясьпечыць ня толькi сябе, але й матцы памагчы. Чым далей, тым яна больш горбiлася, станавiлася бурклiвай, сварлiвай. Сёстры пакiдалi ёй на догляд сваiх дзетак, хадзiлi ў наймы, ды, мусiць, думалi, што матка неяк там дому й дзетак дагледзiць. А матка, вядома, сэрца для ўсiх мае вялiкае. Прыбiтая горам, яна трывала, цягнула як магла.
А Дуню клiкалi баравiкi ў дубровах, ягады на ўзбалотках i балотах, зёлкi на чыгуначных адхонах, палёх i палянах. Лета-ж не надгаблюеш. Яно кароткатрывалае й багатае плёнамi. Завiхайся, як тая пчолка, пакуль час, пакуль не перацьвiло, ня згнiло. Дуня-ж ня ўчора спавiваная была — ведала яна гэта аж занадта добра. Iншыя жалi чужое поле, натужвалiся на чужых нiвах, а для яе было сваё жнiво й свой незаменны час.
Што-ж з тым Янучком? Якi ён бедненькi й пануры быў у гэны вечар! Што ён цяпер думае? Чаму-ж усе самыя найгоршыя беды валяцца на Бахмачову сям'ю? Ужо й пра палiцыю дый пра той войстры Сабакевiчаў нож, каторым старога Бахмача Косьцiк страшыў, ведала цэлая вёска, у тым лiку й Дуня. I спачуваньне й жальба шырака расьпiрала маладыя дзявочыя грудзi. Так палюбiла яна гэтага задзiрлiвага хлопца. I хоць нiколi шчэ нiчога важнага не было выказана славамi, шматлiкае было перададзена позiркамi. Калi-б нават, здаецца, i мову адняло, дык, зiрнуўшы адно аднаму ў вочы, мiгам выказалi-б усё.
Трэба яго на днях, а й сяньня шчэ ўбачыць, распытацца, разьведаць, як жыве, у якi бок накiраваныя ягоныя думкi… Сваё гора ўпярэмяшку з чужым палыном пякло нутро. I не ўсьведамляла, i ня ведала Дуня Макатунiшка, што не на ёй быў пачатак i не на ёй скончыцца; што й пад гэтым старым сiвастагоднiм дубам Архiпам i ў гэтым, цяпер скарбовым, лесе — гэтак раней зь бясьсiльнай немачай у грудзёх тое самае цярпелi й думалi ейныя продкi, дый, можа, тое самае пераносiць будуць i ў немачы падносiць да Бога заплаканыя вочы нашчадкi.
Лес бурлiў тысячагалосьсем гаманлiвай птушынай сымфонii, сьвяцiўся-зiхацеў тысячакалёр'ям хварбаў расьцiннасьцi. Лес славiў новы й у сваёй асаблiвасьцi, можа, яму аднаму характэрны новы дзень. Тут быў свой чар, адмысловы ягоны подых. Тут была воля, прастор, бязьмежжа. Поўнымi грудзьмi i ўсёй сваёй iстотай упiвалася Дуня гэтым раньнiм лясным чарам. Здавалася, што яна была таксама часткай гэтае бязьмежнае й шматколернае стыхii, што мiж бязьлiчных i зьменных колераў i адценяў матэрыi й гуку нейдзе займала сваё асаблiвае й аднэй ёй апрычонае мейсца. Дыхала яна й упiвалася багацьцем шчодрых прыродных сокаў i гукаў, разам з усiм жывым i квiтнеючым у думках славiла Стварыцеля, пышнасьць i плённасьць ды незаменнасьць Ягонага тварэньня.