Дзярлiвая птушка
Шрифт:
Солтыс падыйшоў да Лявона Шпунта. Прабаваў пацягнуць дзяцюка за язык. Той збываў яго паўсловам, а нават маўчаньнем. Хто-як-хто, а Лявон-жа заўдзячваў Паўлоўскаму сваю працу «драгомiшча». I гэты гаварыць, адкрыцца не хацеў. Наапошку Паўлоўскi адчуў сябе зусiм чужым у гэтай грамадзе.
Каб гэта хто з гэтых мужыкоў ды кiнуў яму, як Паляку, абвiнавачаньне ў вочы, узяў яго за чуб! От схапiўся-б тады iзь iм уджкi. Што-б там нi было, але душэўную злыбяду прагнаў-бы. Дык-жа не. Проста, мусiць, залiчылi яго, пана солтыса, у лiк вiнаватых дый кропку над тым паставiлi. Нават толкам паслухаць яго
Пракоп, як той прывiд, шмыгнуў ля плоту, некаторымi нават незаўважаны, дый пайшоў на двор да Алеся.
— Наказаў? — спытаў швагра, адклаўшы малаток.
— Наказаў, толька…
— Толька што?
— Нi прыедзiць.
— Нi прыедзiць? Як-та так?
— Два пуды жыта захацеў.
— Аж два пуды?
— Так…
Ценi ад лiхтара замерлi на панадворку.
— Каб яму сваё бокам вылiзла, як ягонай прагавiтай кiшцэ мала! — плюнуў злосна Алесь. Пракоп стаяў моўчкi, трымаючы на дамавiне вочы.
— Сказаў-бы-ж ты, што аддасi, як сажнеш ды змалоцiш.
— Казаў.
— А ён?
— Хоча, каб адразу. Прасiўся я, казаў, што нi магу, дык ён каб табе на макулiнку пасобiў. Гаварыць, кажа, ня буду.
— Ну, гэта-ж ня поп, каб яго зiмля нi насiла!
Алесява правая рука да болю цiснула тапарышча. Страшна ў млявым асьвятленьнi лiхтара выглядаў гэты здаровы чарнявы мужчына. У галаве ўжо мяркаваў, цi мог-бы дзе пазычыць, каб швагру выручыць. У самога зубы на палiцы, добра што бульба ды капуста шчэ не зьвялiся. А ў каго-ж пазычыш? Тыя, што далi-б, дык ня маюць, а тыя, што маюць, дык не пасобяць. Злосьць на сьвятара адсунула ў бок усе iншыя думкi. Каб дубовiцкая чорная барада пад рукой была, дык, здаецца, бяз одуму рашчапiў-бы войстрай сякерай галаву.
— Дык як-жа гэта будзiць? — прашыпеў Алесь.
Замiж адказу Пракоп сеў на шырокую калоду, што раней прыцягнулi з дрывотнi, далонямi падпёр твар.
— Можа, якога другога папа папрасiць? — сказаў Васiль.
— Пазнавата. Дзе ты гэта каго… Заўтра-ж пахаваць трэба. Лiха яго матары, — цьвёрда наважыўся й глянуў на Пракопа Алесь, — Нi прыедзiць, дык i нi нада. Бiзь яго абойдзiцца!
— Бiз папа? — падняў галаву Бахмач.
— Бiз папа. Памолiмся й вечную памяць сьпяём самi. Панас зацягнiць, а мы падхопiм. Ня можа быць, каб Бог нас нi паслухаў.
Пракоп адказаў не адразу. Ён мяркаваў, цi гэта грэх будзе цi не, калi жонку безь сьвятара пахаваць.
— А можа, ты праўду кажыш?
— Пэўня-ж, праўду. Нiхай яму грэх будзiць, а нi нам. От як…
На двор выйшла Кацярына. Вестка, прынесеная Пракопам, маланкай перадалася прысутным ля Бахмачовай хаты. Як лес, ускалыханы ветрам перад навальнiцай, гэтак ажывiлiся цяпер лiтоўскiя сяляне. У хаце стары Панас кiнуў чытаць псалтыр, колькi разоў перахрысьцiўся на абразы й сеў на лаву, а пасьля выйшаў на двор зачарпнуць сьвежага паветра. У галаве ягонай памясьцiцца не магло, каб сьвятар зрабiць паховiны нябожчыцы адмовiўся.
Тлеючая ў сялянскiх сэрцах нянавiсьць да Палякоў скiравалася цяпер у iншы бок. Поўную волю свайму языку даў солтыс Паўлоўскi. Усе, як-бы забыўшыся, што было колькi хвiлiн таму назад, патаквалi яму, памагалi словамi, лаянкай. Шматлiкiя пайшлi ў панадворак, абступiлi Пракопа й мужчын ля дамавiны ды распытвалiся пра дробязi. Вылез цяпер на паверхню Лявон Шпунт. «Драгомiшч» i солтыс раптам знайшлi супольную мову, кожны iз сваёй мэтай. Шпунту, як на замову, зьявiлася добрая нагода ня толькi ўдарыць па сваiх архiворагах сьвятарох, але й распалiць народны гнеў, накiраваць яго, можа, нават у пажаданае рэчышча. Паўлоўскаму-ж таксама цяпер была магчымасьць рэабiлiтаваць свой гонар, накiраваць увагу людзей у iншы бок ад Палякоў, нацкаваць на Абухава.
— Пайдзем, наб'ём папа! — кiнуў Лявон Шпунт.
— Пайдзем! Давайце ўсе, дадзём гаду!
— Папа наб'ём!
Мiкола, што прыслухоўваўся, кульгiкаючы, пабег у панадворак.
— Тата, людзi папа iдуць бiць! — кiнуў, бегма.
— Якога папа? Што яны, падурэлi? — схамянуўся Бахмач.
— Абухава, каго-ж…
Пракоп ускочыў i разам зь iншымi пасьпяшыў на вулiцу. Запраўды, натоўп рушыў зь мейсца. Бахмач голасна зьвярнуўся да ўсiх:
— Гэта куды вы?
— Iдзём папа адлупцуем, так яго маць!
— Два пуды жыта яму бокам вылiзуць!
— Стойце, людзi добрыя! — прасiў Пракоп. — Чаго вы ўсхадзiлiся? Няможна-ж так. Калi гэта вы за мяне, дык астаўце, Бог зь iм…
— Чорт iзь iм, а ня Бог! А мы яго правучым! Iдзём, дзяцюкi, дадзём чорнай барадзе!
Алесь бачыў, што цяжка людзей стрымаць, дык пасьпяшыў на помач швагру:
— Людзi добрыя, на прамiлы Бог, цi то вы падзiчэлi? Што вы з таго папа выб'еце? Цi вы яго зьвяжыце й прывядзiцё? Гэта-ж нашто разбой па начы? Астаўце, нам такая помач ня трэба!
Тыя, што йшлi, завагалiся, спынiлiся. Пачалi мiж сабой спрэчку. Лявонава падбухторваньне страцiла першы ймпэт. Асядаў злосны ўздым. Вiдаць было, што пагавораць, палаюць уволю Абухава, дый толькi таго.
Ужо было за поўнач, калi разыходзiлiся па хатах.
XV
На вялiкiм лiтоўскiм могiльнiку, мiж бярозаў, асiнаў, бэзу й меншага кустаўя, горда й велiчна, быццам манарх i каралева ў зграмаджэньнi сваiх вернападданых, узвышалiся дзьве вялiкiя сосны. Большая зь iх — у камлi тоўстая, як пяцём мужчынам ледзь абняць — нахiлiлася сваiм чубам да меншай, простай i ў шапцы зусiм сымэтрычнай, якраз так, як гэта робяць вясковыя цёткi, калi адна другой на вуха вялiкi сакрэт манiцца пераказаць. Тысячамi вялiкiх каранёў i мiльёнамi маленькiх карэнчыкаў, заглушаючы суседнiя дрэвы, прагна смакталi гэныя дрэвы пажыву з могiлак, так добра ўзбуйнеўшых на попелах мiнулых лiтоўскiх пакаленьняў. Ды ня толькi лiтоўскiх хавалi тут на вечны супачын: былi тут i дзялкi малых падсуседзяў з ваколiцы.
Гаварылi цi раз, гледзячы на гэныя сосны-прыгажунi, людзi:
— Глянь, якiя пекныя! Дзiва што! Столька народу там ляжыць. Як iм гэттака нi расьцi…
Здаралася й так, што казаў адзiн другому жартам:
— Цi ты калi думаў, што гэта, можа, нашы дзяды цi бабулi шышкамi парабiлiся?
— Як гэта?
— Ну от, скажам, гэна вялiкая сасна на могiльнiку карэньнямi залезла ў дамавiны, на попеле нашых людзей жывець, дык шышкi павырасталi. Як ты думаеш?
— А ты знаiш, што iкраз так быць можыць…