Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
ПРАДМОВА
У беларускай мове, як і ў іншых мовах, будаўнічым матэрыялам, «цаглінкамі» для сказаў служаць не толькі словы, але і фразеалагізмы — устойлівыя, узнаўляльныя, не менш як двухкампанентныя моўныя адзінкі, якія спалучаюцца са словамі свабоднага ўжывання і маюць цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў фразеалагічных кампанентаў (калі іх разглядаць на ўзроўні слоў). Гэта, напрыклад, такія кароткія, але змястоўныя і трапныя выразы, як ад яйка адліць, аршын з шапкаю, выйсці сухім з вады, гады ў рады, дзірка ад абаранка, за дзедам шведам, малоць не падсяваючы, сабакам сена касіць, следам за дзедам, смаловы дуб, як босаму разуцца. Іх у нашай літаратурнай мове больш за шэсць
Пісьменнікі, фалькларысты, лінгвісты слушна называюць фразеалагізмы самародкамі, самацветамі роднай мовы, залацінкамі народнай мудрасці. Каб залацінка гэта свяцілася ў пісьмовым тэксце, у вусным маўленні, яе трэба выкарыстоўваць умела і дарэчы.
Свядомае і асэнсаванае засваенне, а затым і ўжыванне шмат якіх фразеалагізмаў можа быць паспяховым толькі пры ўмове, калі носьбіт мовы ведае вытокі, гісторыю ўзнікнення гэтых выразаў, мае хоць бы элементарнае ўяўленне пра жыццё пэўных фразеалагізмаў у часе і прасторы. У досыць многіх з іх, як пісаў Б. А. Ларын, «усе словы вядомыя, а сэнс цэлага застаецца няясным» [1] . Так, частаўжывальны, асабліва ў апошняе дзесяцігоддзе, фразеалагізм пятая калона (калька з іспанскай мовы) абазначае ‘варожая агентура ўнутры краіны'. А каб зразумець, пры чым тут калона і чаму пятая, трэба ведаць этымалогію гэтага выразу. А бывае так, што сэнс фразеалагізма, напрыклад, шуры-муры (‘любоўныя справы, прыгоды’), прывычны, знаёмы, вядомы, а яго састаўныя часткі, неўжывальныя па-за фразеалагізмам, — незразумелыя, таямнічыя. А між тым гэты выраз склаўся ў выніку некаторага скажэння французскага свабоднага словазлучэння сhеr атоur (чытаецца як «шэр амур»), дзе сhеr — ‘дарагі, мілы’, а атоur— ‘любоў, каханне’ і ‘страсць, жарсць’.
1
1
Ларин Б. А. История русского языка и общее языкознание. М., 1977. С. 153.
Даволі многія фразеалагізмы могуць быць супрацьпастаўлены адпаведным свабодным, пераменным словазлучэнням, на аснове якіх яны ўзніклі і на фоне якіх ўспрымаюцца як разгорнутыя метафары. Супаставім, напрыклад: «Каровы стаяць сярод вуліцы, выцягнуўшы ўперад галовы, і сонна жуюць жвачку» (К. Цвірка) і «Ты мне жвачку не жуй, гавары канкрэтна» (А. Кудравец). Выдзелены ў папярэднім прыкладзе фразеалагізм абазначае ‘гаварыць нудна, аднастайна і бесталкова пра адно і тое ж’ і з’яўляецца выразам з жывой унутранай формай [2] . Матыў узнікнення гэтага фразеалагізма, як і многіх іншых, зразумелы і без этымалагічнага растлумачэння, хоць, па сутнасці, як слушна лічыць А. І. Малаткоў, «кожны фразеалагізм мае патрэбу ў гістарычна-этымалагічнай даведцы, у гістарычна-лінгвістычным вытлумачэнні свайго ўзнікнення і свайго мінулага» [3] .
2
2
Унутранай формай называюць вобраз, які ляжыць у аснове фразеалагізма, ці, паводле В. У. Вінаградава, вобразнае ўяўленне, якое спадарожнічае значэнню фразеалагічнай адзінкі.
3
3
Молотков А. Н. Основы фразеологии русского языка. Л., 1977.
У дзвюх частках майго «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў» (Мн.: Нар. асвета, 1981; Ч.2, 1993) атрымалі гістарычна-этымалагічную даведку больш за 1300 фразеалагізмаў [4] . Пошукі этымалогій працягваліся. Цяпер у даведніку, што прапаноўваецца ўвазе чытача, аб’яднаны ранейшыя і новыя этымалогіі, раскрываецца паходжанне
4
4
Дарэчы, тыраж выданняў, нават па ранейшых мерках, даволі значны: 1-я частка — 37 000, 2-я — 15 000 экз.
Слоўнікавы артыкул гэтага даведніка ўключае: а) загаловачную частку; б) агульную характарыстыку фразеалагізма паводле паходжання; в) тлумачэнне сэнсу фразеалагізма; г) ілюстрацыйны матэрыял; д) этымалагічную даведку. У асобных, рэдкіх выпадках паслядоўнасць частак слоўнікавага артыкула не захоўваецца: гэтага вымагае спецыфіка этымалогіі фразеалагізма, паказ на сувязь паміж зыходным і сучасным яго значэннем, на развіццё фразеалагічнага значэння і г.д.
Фразеалагізм прыводзіцца ў сваім мінімальным саставе і найбольш тыповай форме. Калі фразеалагізм мае не свабодны, а фіксаваны парадак кампанентаў або найчасцей ужываецца не з прамым, а з адваротным парадкам кампанентаў, то гэта адлюстроўваецца ў загалоўку: вадой не разальеш каго, жыўцом з’есці каго, на ваду брахаць. Месца націску ў кампанентах загаловачнага фразеалагізма абазначаецца толькі ў асобных выпадках, калі неабходна папярэдзіць розначытанне: 'aрэдавы вякі, выкручваць сырыцу з каго, на грэчаскія кал'eнды, на кругі свая, спусціўшы рукавы. Фанетычныя, акцэнтна-фанетычныя, марфалагічныя, словаўтваральныя і лексічныя варыянты фразеалагізма ўключаюцца ў загаловак і даюцца ў круглых дужках:
Іерыхонская (ерыхонская) труба.
Злавіць двух зайцаў (зайцоў).
Каменьчык(-і) у агарод чый.
Танцаваць ад печы (ад печкі).
Вайна (бітва, змаганне) з ветракамі.
У круглых дужках падаюцца і трывальныя формы дзеяслоўных фразеалагізмаў, а таксама тыя нешматлікія формы зменлівага кампанента, у якіх здольны ўжывацца пэўны выраз:
Брацца (узяцца) у рожкі з кім.
Лавачка закрываецца (закрылася, закрыецца).
Як не свой (свая, сваё, свае).
Калі дзеяслоўнаму фразеалагізму ўласціва лексічная варыянтнасць, а яго граматычна галоўны кампанент можа ўжывацца ў незакончаным і закончаным трыванні, то ў загалоўку адна група формаў і варыянтаў аддзяляецца ад другой групы кропкай з коскай:
Выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю.
Выводзіць (вывесці; спісваць, спісаць) у расход каго.
Даволі многія фразеалагізмы не могуць ужывацца без абавязковага аб’ектнага акружэння («справа»). Іх значэнне рэалізуецца толькі ў строга акрэсленай канструкцыі. Гэта абавязковая лексіка-граматычная сувязь «справа» падаецца ў загалоўку слоўнікавага артыкула:
Адальюцца слёзы каму чые.
Зуб за зуб зайшоў у каго, з кім.
Клюнуць на вудачку чыю, каго, чаго, якую.
Некаторыя фразеалагізмы маюць валентна абмежаванае значэнне. Яно выяўляецца толькі ў спалучэнні фразеалагізма са строга акрэсленымі словамі. Напрыклад, выраз куры не клююць (‘вельмі многа’) уступае ў кантакт толькі са словам грошай. Пры такіх фразеалагізмах у загалоўку прыводзіцца іх абавязковае слоўнае акружэнне. Словы-суправаджальнікі, без якіх той ці іншы выраз не можа рэалізавацца ў маўленні, падаюцца ў адных выпадках перад фразеалагізмам, у другіх — пасля яго: