Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
— н. — небудзь ням. — нямецкі
параун. — параўнай польск. — польскі
р. — род род. — родны руск. — рускі
серб. — харв. — сербскахарвацкі
скл. — склон ужыв. — ужываецца укр. — украінскі
устар. — устарэлы усходнесл. —
франц. — французскі
царк. — слав. — царкоўнаславянскі
чэшск. — чэшскі
А
Абарваць тэлефон. Відаць, запазыч. з руск. м. Часта, доўга званіць і размаўляць па тэлефоне. На стале ляжала запіска: «Ты, канечне, забыў, што ў Васіля дзень нараджэння. Ён абарваў тэлефон…» (М. Кацюшэнка. Урок маўчання).
Сэнсавым цэнтрам гэтага фразеалагізма з’яўляецца назоўнікавы кампанент, які выконвае сэнсаўтваральную функцыю і суадносіцца, але не супадае з адпаведным словам свабоднага ўжывання.
Абводзіць (абкручваць) вакол (кругом) пальца каго. Агульны для ўсходнесл. і польск. м. (руск. обводить вокруг пальца, укр. обводити (обкручивати, обертати) круг (кругом, навколо) пальца, польск. окгeсі'c, owina'c wokol раlса). Спрытна, хітра ашукваць, падманваць каго-н. Пакуль я падумаю, як абдурыць яе, дык яна мяне незлічона разоў вакол пальца абвядзе (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Таго Міканора каморнік сорак разоў абкруціць вакол пальца! (І. Мележ. Людзі на балоце).
Ёсць некалькі версій пра ўзнікненне гэтага выразу. Паводле адной з іх, ён паходзіць ад жульніцтва базарных ілюзіяністаў. Фокуснік браў у гледачоў які-небудзь прадмет і абводзіў ім вакол пальца, адцягваючы іхнюю ўвагу, а ў гэты час фокуснікавы хаўруснікі ачышчалі кішэні гледачоў.
Абдымаць (абняць) неабдымнае. Калька з руск. м. (объять необъятное). Ставіць нерэальную задачу вельмі шырокага ахопу чаго-н. — Лепш, па-мойму, не абдымаць неабдымнае. Нам будзе дорага ўсё, напісанае табой, але каб нешта выйшла на людзі… — Галя паківала галавой (Э. Ярашэвіч. Белыя Лугі).
3 афарызмаў К. Пруткова, змешчаных у «Плёне роздуму» (1854, 1860): «Ніхто не абдыме неабдымнага», «Ці ёсць на свеце чалавек, які мог бы абняць неабдымнае?».
Абедзвюма рукамі. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘з вялікай ахвотай, жаданнем, радасцю (падтрымліваць каго-н.)’ і ‘вельмі моцна, з вялікай зацікаўленасцю (брацца за што-н.)’. [Праменны: ] Будзе і ўмяне жонка… Цудоўная, чулая жанчына… Падтрымліваеш? [Язва]: Абедзвюма рукамі (К. Крапіва. Мілы чалавек). Усё тут на сярэднім узроўні, і таму не адразу здагадаешся, за што трэба ўзяцца абедзвюма рукамі, каб падняць калгас у гору (У. Шахавец. Месца ў жыцці).
Узнік на аснове фразеалагізма хапацца абедзвюма рукамі за што (гл.) у выніку ўсячэння
Муж аб’еўся груш. Уласна бел. Незаконны, не аформлены юрыдычна або які знік, прапаў. — Яна што? Замуж выйшла? — Якое там замуж… Муж аб ’еўся груш (Л. Арабей. Іскры ў папялішчы).
Ужываецца толькі пры слове муж як іранічна-ацэначны, камічны, смехатлівы дадатак да гэтага назоўніка, з якім звязаны рыфмай як сродкам спайкі і зліцця абедзвюх частак у непадзельны і марфалагічна нязменны комплекс. Выкарыстоўваецца і з нарашчэннем і лопнуў: «— У мяне муж ёсць… — Быў у цябе муж, ды аб’еўся груш і лопнуў, — зласліва пажартавала Агата» (Р. Сабаленка).
Абіванне парогаў. Агульны для ўсходнесл. м. Настойлівы зварот з просьбамі да каго-н. Відаць, сноўданне ды абіванне парогаў у пошуках лёгкага хлеба збіла яму [Івану] рогі (А. Васілевіч. Шляхі-дарогі).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага абіваць парогі чые, каму, каго, чаго (гл.).
Абіваць (паабіваць) парогі чые, каму, каго, чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Настойліва хадзіць куды-н., просячы, дамагаючыся чаго-н. Месяцамі калясіў Мікалай у пошуках заробку па пыльных дарогах чужога краю, абіваў парогі розных кантор (В. Праскураў. Аповесць пра шчасце).
Утвораны шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое абазначае ‘частай хадой стоптваць парогі, шкодзіць іх паверхню’.
Абкласці чырвонымі сцяжкамі каго. Уласна бел. Стварыць крайне неспрыяльныя ўмовы для чыёй-н. жыццядзейнасці. Атрымліваецца, што рэдактара газеты абклалі чырвонымі сцяжкамі (Нар. воля. 7.05.2002).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з аблавай на ваўкоў. Параўн. у апавяданні В. Карамазава «Час ваўкоў»: «Ваўкі ішлі ўздоўж чырвоных, нібы плямы крыві на белым снезе, сцяжкоў, а мы з Петраком стаялі ў крузе, у загоне, і добра бачылі, як прыгожа яны ішлі. Нас шэрыя пачулі даўно, можа, як толькі мы тут з’явіліся, чулі, як абносілі іх лес сцяжкамі».
Абкручваць вакол пальца каго. Гл. абводзіць (абкручваць) вакол пальца каго.
Абліванне граззю <каго>. Агульны для ўсходнесл. м. Несправядлівае абвінавачванне, незаслужанае зневажэнне. Масей Сяднёў як мага стараўся быць нейтральным да бакоў што змагаліся між сабой, не займаўся паклёпніцтвам і абліваннем граззю свайго непрыяцеля (ЛіМ. 3.09.1999).
Сфармаваўся ўнутрыфразеалагічным спосабам на базе суадноснага дзеяслоўнага выразу абліваць граззю (каго, што) і адрозніваецца ад яго семантыкай, катэгарыяльным значэннем прадметнасці, марфалагічнымі формамі і сінтаксічнай роляй.
Аблудная авечка. Гл. заблудная (блудная, аблудная) авечка.
Абмазаць дзёгцем каго, што. Гл. мазаць (абмазаць, вымазаць) дзёгцем каго, што.