Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў
Шрифт:
Абняць неабдымнае. Гл. абдымаць (абняць) неабдымнае.
Абое рабое. Агульны для бел. і ўкр. (обое рябое) м. Адны не лепшыя за другіх, адзін не лепшы за другога. Раздушыце інквізітараў — усё адно, папоў ці ксяндзоў. Абое рабое (УКараткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
Выраз з’яўляецца фрагментам рыфмаванага выслоўя Абое рабое, паеў воўк абое, у якім першапачаткова меліся на ўвазе, відаць, маладыя істоты. Форма абое рабое замест чаканага абое рабыя выклікана патрабаваннем рыфмы. Існаванне фразеалагізма
Абразаць (абрэзаць) крылы (крылле) каму, у каго. Калька з франц. м. (соuрег lеs аіlеs 'a qn). Пазбаўляць магчымасцей дзейнічаць, ажыццяўляць што-н. Ну, вядома, шляхта, у якой абразаюць крылы, не з намі, ды яна нам і не патрэбна (Я. Нёманскі. Маці).
Склаўся шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое ўжываецца ў дачыненні да птушак.
Абрастаць (абрасці) мохам. Агульны для ўсходнесл. (руск. обрасти мохом, укр. порости мохом) і польск. (mоhеm рогоsnaс) м. Ужыв. са значэннямі ‘станавіцца багацейшым, разжывацца’ і ‘адставаць ад жыцця, духоўна апускацца’. —Дык ты, напэўна, ужо даўно тут жывеш? — Не так даўно, а мохам крыху аброс (І. Аношкін. Сустрэча). Без таварыша… без блізкага чалавека цяжка робіцца жыць… Прыязджай, каб не абрасці мохам (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Паходзіць з прыказкі На адным месцы і камень мохам абрастае і сваім першым значэннем знаходзіцца ў семантычнай сувязі з яе сэнсам ‘жывучы на адным месцы, чалавек разжываецца, становіцца багацейшым’.
Абрэзаць крылы каму, у каго. Гл. абразаць (абрэзаць) крылы (крылле) каму, у каго.
Абсалютны нуль. Агульны для ўсходнесл. м. Нікчэмны чалавек, зусім бескарысны ў якой-н. справе. Хоць ён («дзеяч») асабіста для ўсіх нас уяўляў сабою абсалютны нуль, але ж з займаемага крэсла яму прагнулася даваць «каштоўныя ўказанні», і, хочаш не хочаш, кожны, калі ён выклікаў, павінен быў выслухоўваць яго саматужныя прамудрасці (К. Кірэенка. Размова з Андрэем Макаёнкам).
Узнік у выніку пераасэнсавання адпаведнага састаўнога тэрміна. Ім абазначаецца самая нізкая магчымая тэмпература (-273,16 °C), пры якой спыняецца хаатычны цеплавы рух малекул у целе.
Абсевак у полі. Агульны для бел. і руск. м. Няварты чалавек, не такі, як усе, горшы за іншых. Абсеўкам у полі жыла Агата ў сям 'і Сымона Карпача (Я. Нёманскі. Тодар Базылёнак).
Склаўся на аснове адпаведнага свабоднага словазлучэння. Абсевак — незасеяная лапіна на ніве, прапушчанае пры сяўбе месца.
Абтрэсці прах з ног чый, каго, чаго. Запазыч. з царк. — слав. м. Канчаткова парваць з кім- ці чым-н. Калі рваць, дык рваць рашуча… Абтрасём яго прах з нашых ног! (П. Місько. Шчасця ключы).
У
Абуць у лапці каго. Гл. у лапці абуць каго.
Абы дзень да вечара. Агульны для бел. і ўкр. (аби день до вечора) м. Ужыв. са значэннямі ‘як папала, нядбала, без ахвоты і старання (рабіць, працаваць і пад.)’ і ‘каму-н. абсалютна аднолькава, без розніцы, не мае значэння для каго-н.’. Нядаўна і яна [Крышталевіч] пабывала ў гэтым калгасе і бачыла, як нехаця там калгаснікі працавалі — абы дзень да вечара (В. Якавенка. Сэрца — не камень). Гэта яму, Хамянку, абы дзень да вечара, яму і заробак ні ішоў ні ехаў, і так грошай у бацькі з маткаю хоць сцены ў хаце абклейвай (М. Кусянкоў. Прыгода ля зімоўя).
Відаць, паходзіць са сказа Абы дзень да вечара прайшоў, дзеяслоўны кампанент якога адпаў. Параўн.: «Не шчыруе, не стараецца і цяпер асабліва ён на калгаснай ніве. Так, целюхаецца абы з ранку да вечара дзень прайшоў» (Б. Сачанка). Ф. М. Янкоўскі мяркуе, што фразеалагізм утварыўся з прыказкі Абы дзень да вечара, а там печ увечары, якая бытуе ў гаворцы «на поўдні ад Глуска».
Абы з рук. Уласна бел. Вельмі нядбала, без ахвоты і старання (працаваць, рабіць і пад.). Клаліся Дзюдзюновы стажкі і вазы не проста так сабе, не абы з рук (Ф. Янкоўскі. Дзюдзюн).
Паводле паходжання гэта «абломак» фразеалагізма абы з рук збыць, які абазначае ‘каб толькі адкараскацца ад чаго-н.’; параўн.: «Кляновіч насупіўся і падумаў: „Яму абы з рук збыць. За зямлю, за яе ўрадлівасць ён не турбуецца“» (П. Пестрак).
Абяцаная зямля. Паўкалька з царк. — слав. м. (земля обетованная). Месца, куды хто-н. моцна імкнецца трапіць. Славутая Запарожская Сеч… як абяцаная зямля вабіла да сябе непакорных людзей (Я. Колас. Шаўчэнка і беларуская паэзія).
Выраз сустракаецца ў Бібліі (Пасланне апостала Паўла да яўрэяў, 11, 9), ім называецца Палесціна — «зямля добрая і прасторная, дзе цячэ малако і мёд», куды Бог, як і абяцаў Майсею, прывёў яўрэяў з Егіпта, дзе яны доўга пакутавалі ў палоне.
Абяцанка-цацанка. Агульны для бел. і польск. (оbіесапка сасапка) м. Ненадзейнае ці нездзяйсняльнае абяцанне. — А пра зямлю, пра дзяленне — нічога? Дзяліць калі? — Перадзялілі ўжо! — Гаварылі, дурылі!.. Абяцанка-цацанка!.. (І. Мележ. Людзі на балоце).
Паходзіць з прыказкі Абяцанка-цацанка, а дурню радасць. Скарачэнне прыказкі адлюстроўвае адзін з жывых працэсаў і часткова вытлумачваецца стылістычным недагаворваннем, тактычным замоўчваннем. Параўн.: «— Я ж пісаў табе… і ў апошнім пісьме таксама. — Ці мала каму хто і пра што піша… Абяцанкі-цацанкі, а… — але яна не сказала „дурню“, падабрала замест гэтага слова непгга іншае, як ёй здавалася, бяскрыўднае, — а некаму радасць» (І. Чыгрынаў). Слова цацанка, неўжывальнае па-за прыказкай і фразеалагізмам, — суфіксальнае ўтварэнне ад назоўніка цаца, выкліканае патрабаваннем рыфмы з першым кампанентам.