Героі Элады
Шрифт:
– Кентаўры!
– усклікнуў Геракл.
Нібы бура, пранесліся кентаўры паўз Геракла, крышачы ўсё на сваім шляху, і памчаліся проста ў паселішча, што знаходзілася пад гарой.
«Гэта страшней за дзікага вепра!» - падумаў Геракл і зразумеў цяпер, чаму Еўрысфей паслаў яго сюды на паляванне.
Але ён не спалохаўся і пайшоў далей. Неўзабаве ён убачыў пячору, перад якой стаяў на варце малады кентаўр.
Геракл смела падышоў да яго і сказаў дружалюбна:
– Я царскі паляўнічы. Цар загадаў мне высачыць і забіць дзікага вепра, што жыве тут на гары. Ці не падкажаш мне, як яго
Кентаўр ахвотна адказаў:
– Гэты вепр дапякае і нам, жыхарам гэтага лесу. Праз яго я павінен ахоўваць пячору, каб ён не спустошыў наша жытло. Добра, калі ты заб'еш яго. Я пакажу табе яго след. Але спачатку будзь маім госцем.
І ён прывёў Геракла ў пячору, расклаў агонь і пачаў частаваць паляўнічага мясам і садавінай.
– Я прывык ежу запіваць віном, - сказаў Геракл, - ды ў вас, мабыць, няма віна.
– Як гэта няма!
– закрычаў з пахвальбой кентаўр.
– Сам Дыяніс, бог віна і весялосці, падарыў нам нядаўна цэлую бочку маладога віна. Так і быць, пачастую цябе, але няхай пра гэта не ведаюць мае таварышы.
І ён адкрыў запаветную бочку, зачэрпнуў віна сабе і Гераклу, і яны пілі і весяліліся.
Раптам каля пячоры пачуўся стук капытоў - пах віна прывабіў кентаўраў, і яны прымчаліся, змучаныя смагай. Дазнаўшыся, што нехта чужы прабраўся ў іх жытло і п'е іхняе віно, яны ўзлаваліся і з дзікім крыкам акружылі пячору.
Геракл з глыбіні пячоры пачаў кідаць у іх палаючыя галавешкі. Спалохаўшыся агню, кентаўры ўцяклі.
Геракл выйшаў з пячоры і хацеў падацца ў лес. Але кентаўры пільнавалі яго і, убачыўшы, што ён адзін, падбадзёрыліся і напалі на яго зноў. Тады ён пачаў пускаць у іх стрэлы, атручаныя крывёю Лярнейскай гідры, і адзін за адным яны мёртвыя падалі на зямлю.
Тут з пячоры выйшаў малады кентаўр, які частаваў Геракла, і са здзіўленнем пазіраў на мёртвых кентаўраў, што ляжалі вакол.
– Як! Гэты маленькі кавалачак дрэва забівае насмерць?
– спытаў ён.
– Гэтая тонкая палачка можа забіць?
– І ён выцягнуў стралу з цела аднаго з кентаўраў.
– Асцярожна!
– крыкнуў Геракл.
Ды ўжо было позна: кентаўр выпусціў стралу з рук, і яна ўпілася яму ў нагу. Кентаўр нават не войкнуў, не крыкнуў і ўпаў мёртвы.
Геракл перанёс целы забітых кентаўраў у пячору, заваліў яе вялікім каменем, нібы грабніцу, і пайшоў далей.
Ён лёгка высачыў у лесе вепра, параніў яго ў нагу, звязаў і, ускінуўшы сабе на плечы, вярнуўся ў Мікены і прыйшоў у палац Еўрысфея.
Дзікі вепр вішчаў на ўвесь палац, і цар Еўрысфей са страху залез у вялікі медны чан для вады, што стаяў на двары.
Геракл усё ж знайшоў яго. Але як толькі цар убачыў над краем чана страшную морду вепра, ён замахаў рукамі і закрычаў тонкім голасам:
– Ідзі, ідзі адсюль хутчэй!
Геракл пасмяяўся, пайшоў і загадаў закалоць вепра і наладзіць баль для народа.
Пяты подзвіг. Геракл разганяе Сцімфальскіх птушак
Бог вайны Арэс меў чараду дзікіх птушак. Кіпцюры і дзюбы ў іх былі жалезныя, а медныя пёры іх, выпадаючы з цела, ляцелі ўніз і забівалі, як стрэлы. Птушкі жылі
Цар Еўрысфей загадаў Гераклу ісці да Сцімфальскага возера і прагнаць птушак Арэса далёка за мора.
Геракл паклікаў з сабой Іалая, узяў свой лук з атручанымі стрэламі і падаўся ў горы. Доўга яны блукалі па кручах, нарэшце прыйшлі ў цясніну, на дне якой ляжала Сцімфальскае возера.
Пуста і дзіка было вакол: голыя камяні, ні травы, ні кветак, ні дрэў. Вецер не маршчыніў гладкую паверхню возера, рыбка не плёскалася ў вадзе, яшчаркі не грэліся на сонейку паміж камянёў. Мёртвая цішыня панавала над возерам. Геракл і Іалай селі на камяні каля самай вады і пазіралі на нерухомае возера. Сум агарнуў іх, стома скавала цела, стала цяжка дыхаць.
– Са мной творыцца штосьці нядобрае, - сказаў Геракл сябру, - цяжка дыхаць, сэрца замірае, і лук выпадае з маіх рук...
Чарадзейны сон агарнуў іх.
Тады з астраўка пасярод возера са звонам узняліся адна за адной вялізныя чырвоныя птушкі. Яны кружыліся над возерам, над цяснінай і неўзабаве, нібы хмара, закрылі ўсё неба, і барвовы цень лёг на ваду.
Раптам штосьці ўпала каля Геракла, загрымела на камені, і ён прачнуўся.
Каля яго ног ляжала звычайная драўляная бразготка, якой сяляне праганяюць птушак з садоў і агародаў. Яе паслала герою багіня Афіна, мудрая настаўніца і памочніца людзей.
Геракл усхапіўся, пабудзіў Іалая, даў яму бразготку і загадаў трэсці яе. Яна бразгацела і грымела над сонным возерам, і горнае рэха ў сто разоў памнажала шум. Напалоханыя незвычайнымі гукамі, птушкі мітусіліся і разляталіся ў розныя бакі, губляючы пёры. Геракл схапіў лук і пускаў у птушак стралу за стралой. Падбітыя птушкі падалі ў возера, і цяжкае апярэнне цягнула іх на дно.
Накрыўшыся шкурай Нямейскага льва, якую не маглі прабіць ніякія стрэлы, Геракл бязлітасна страляў страшных Сцімфальскіх птушак. Шмат іх патанула ў чорных водах возера. Цяпер яно ўжо не было спакойнае: вада ў ім бурліла і віравала; белая пара падымалася да неба.
Птушкі, што засталіся жывымі, узняліся высока над возерам, сабраліся ў чараду і паляцелі прэч. Яны пакінулі Грэцыю і апусціліся далёка-далёка, на бязлюднай выспе ў бурным моры.
– Хутчэй хадзем адсюль, - сказаў Геракл, - пакуль нас не ахапіў смяртэльны сон.
– І, кінуўшы ў ваду бразготку Афіны, сябры пайшлі ад мёртвага возера.
Шосты подзвіг. Геракл ачышчае Аўгіевы канюшні
Невыказна багаты быў цар Эліды Аўгій. Незлічоныя статкі яго валоў і авечак і табуны коней пасвіліся ва ўрадлівай даліне ракі Алфея. Трыста коней з белымі як снег нагамі меў ён; дзвесце - чырвоных, нібы медзь; дванаццаць коней былі белыя, нібы лебедзі, а ў аднаго з іх блішчала на лбе зорка.