Кім
Шрифт:
Хадзееў. Я — Хадзееў…
Каралёў. Мне ўсё адно. Святыя сёстры падарылі мне кніжку, а я не магу яе пачытаць, бо ты мне яе сапсаваў. Яна прабіта атручанай куляй і залітая маёй крывёй… Я не магу яе пачытаць!!! Дык вось, гэта… гэта мой тавар… вось гэтая кніжачка… Я яе мяняю на тое, што я табе вінен… Я так яе ацаніў! Яна столькі каштуе!
Хадзееў. Не псіхуй!
Каралёў. Ты згодны на абмен?
Хадзееў. Ты ж прыйшоў адзін…
Каралёў.
Хадзееў. Згодны.
Каралёў. Слова!
Хадзееў. Слова.
Каралёў (аддае яму пісталет). На, я прыйшоў адзін, ён зараджаны. Ты можаш мяне застрэліць. Я асуджаны. Але перад смерцю прашу выканаць маё апошняе жаданне. Відак працуе?
Хадзееў. Працуе…
Каралёў. Хачу мульцікі перад смерцю паглядзець…
Дастае з кішэні відэакасету, устаўляе ў відэамагнітафон.
Уключы… (Хадзееў уключае.) Дзень першы, пасля таго, як ты мяне хацеў замачыць… Ды там дата стаіць, ты бачыш… Та-а-к… Вось тваю Зайку выводзіць з дома ахоўнік… Ты здымаеш для яе катэдж у Баравусе… Азёрная, 4… Глядзі, глядзі… Вось ён адчыняе машыну. Зараз на яе шапачцы чырвоненькая кропачка з’явіцца… Ведаеш, што гэта? Лазарны прыцэл! Та-а-ак… Элітарны ліцэй… тысяча баксаў у месяц. Урок па прадмеце «Чалавек і свет»… Зараз наезд будзе… Воось… Гэта праз акно здымалі… Вунь Зайка сядзіць на другой парце… Уй, які банцік! А на банціку бачыш чырвоненькую кропачку… О, о! Настаўніца занепакоілася… Заўважыла! Але падумала, што нехта з вучняў забаўляецца лазерным ліхтарыкам… I быў дзень, і быў вечар… Дзень другі… Глядзім…
Хадзееў (кідаецца да Каралёва). Ты… ты… скаціна… Калі з ёй што-небудзь… Калі хоць адна валасінка… Я… я цябе…
Каралёў. Што? Што ты мяне? Я ж табе пісталет аддаў! Ты думаеш, я гарбатага ляплю… Дай сюды! (Забірае пісталет.) Якая ў цябе тут самая каштоўная ваза… А, вунь! (Прыцэльваецца, страляе. Ваза разлятаецца на кавалкі.) Бачыў? На! Там яшчэ шэсць патронаў засталося. Стаць да сценкі? Ці мо ў ванную пройдзем? Га? Hi храна ты са мной не зробіш і нічым не дастанеш… Я — адзін… У мяне нікога. Нікога. Зразумеў, Халдзей?
Хадзееў. Я — Хадзееў…
Каралёў. Хадзееў! Ты мяне цяпер ахоўваць будзеш… Варта толькі мне знікнуць. Знікнуць на адзін дзень, і банцік тваёй Зайкі будзе сапсаваны… Той самай куляй, што прабіла гэту кніжачку! I нідзе ты яе не схаваеш! Яе дастануць, нават на Канарах! Ты б ужо спраўляў па ёй дзевяць дзён, каб не прыдуркаватая медзічка з клінікі, якая зубамі дастала кулю з маіх грудзей! Яна на каленях прасіла мяне не рабіць гэтага, бо мяне ўратаваў сам Бог, паклаўшы ў маю кішэню гэтую кніжачку! Так што давай грошы на свечку… Я не жартую… Грошы на тоўстую-тоўстую свечку!
Хадзееў. Хопіць?
Каралёў. Хопіць. Хаця не! Я прыехаў сюды на таксі… Давай і за таксі. А сам чытай знявечанае пісанне і малі Бога, каб мне на галаву не звалілася цагліна, каб не збіла машына, каб не прыхапіў інфаркт, каб я не атруціўся ў рэстаране чым-небудзь… Таму што кветкі з маёй магілы можна будзе ўскласці на магілу тваёй Зайкі. Завянуць не паспеюць.
Бар. За столікам Юля. Перад ёй бакал. З’яўляецца Кім.
Кім. Тут холадна, мэм, я прынёс вам кофту.
Юля. Дзякую…
Кім. Вы сваёй сумнай постаццю нагадваеце нешта з імпрэсіяністаў. О! «Абсент» Ван Гога.
Юля. «Абсент» у Гагена. Двойка.
Кім. Дарэчы, што такое абсент?
Юля. Алкагольны напой на палыне. Яшчэ адна двойка.
Кім. Я непаўналетні і маю законнае права гэтага не ведаць.
Юля. Калі непаўналетні, няма чаго швэндацца вечарам па барах…
Кім. Я прынёс вам кофту, няўдзячная! I заадно паведаміць, што сям’я хвалюецца і хоча ведаць, ці хутка вы з’явіцеся дадому. Малым класціся спаць, ці вас яшчэ можна дачакацца?
Юля. Ідзі. Я хутка.
Кім. Праз паўгадзіны я вас чакаю каля пад’езда.
Юля. Добра.
Кім. Я пайшоў.
Выходзіць. З’яўляецца Каралёў.
Каралёў. Што адзначаеш, прыгожая?
Юля. Свята…
Каралёў. Чаму адна?
Юля. Так.
Каралёў. А якое ў цябе свята?
Юля. Не ў мяне асабіста, ва ўсіх. Няўжо не чулі? Сёння дзень закаханых…
Каралёў. А-а-а, нешта чуў… Людзі ўсё, чым толькі ні займаюцца на зямлі, якой бы брыдотай ні займаліся, усё хочуць звязаць, знітаваць з нябёсамі… Са святымі. Як яго?
Юля. Дзень святога Валянціна…
Каралёў. Гэта яшчэ нічога… А ты ведаеш, што ў ракетчыкаў… ну ў тых, што з ядзернымі боегалоўкамі… таксама ёсць свая святая. Чэснае слова! Святая Варвара… Варррваррра… Смешна?
Юля. Не.
Каралёў. I мне не смешна. А ты што, закаханая?
Юля. Так.
Каралёў. I хто ён?
Юля. Мужчына.
Каралёў. Ты вельмі прыгожая…
Юля. Дзякую.