Кім
Шрифт:
Каралёў. Ну ясна. А яна што расказвала табе пра мяне і ты ўсё запомніў… Калі яна памерла?
Кім. Я ж казаў… дзесяць гадоў таму.
Каралёў. I ты нешта запомніў з таго, што яна табе расказвала… пра мяне? У такім узросце?
Кім. Яна амаль нічога не расказвала… Толькі перад смерцю прашаптала: «Фестываль. Тваё імя — твой бацька…»
Каралёў. Чыё імя?
Кім. Маё.
Каралёў. А як цябе
Кім. Кім…
Каралёў. Пры чым тут я?
Кім. Вы знаёмы з абрэвіятурай? Назавіце сябе і зразумееце…
Каралёў. Называю: Каралёў… I што?
Кім. Поўнасцю…
Каралёў. Каралёў Ігар Міхайлавіч… I што? А-а-а… Крута… Кім атрымліваецца… Толькі няўвязачка з прозвішчам па бацьку. Справа ў тым, што мяне на вакзале некалі знайшоў сяржант міліцыі… Мая мамачка пакінула мяне на падаконніку… Прозвішча ў сяржанта было Міхайлаў… Так я стаў Міхайлавічам.
Кім. А чаму Каралёў?
Каралёў. Тады ўсе шызелі ад касманаўтыкі… Акурат на тым тыдні памёр славуты генеральны канструктар…
Кім. A Ігар?
Каралёў. А вось гэтага не ведаю… Можа нянечка якая ахрысціла, а можа клапатлівая матуля запіску пакінула… Не ведаю.
Кім. Даруйце…
Каралёў. Усё пуцём, Кім! Дык ты кажаш мой сын? I прыйшоў па аліменты? Лады, Кім… Толькі давай так… Колькі ты заяўляў?
Кім. Пяцьдзясят тысяч.
Каралёў. Замётана. Тры нулі закрэсліваем і… Атрымай і распішыся!.. (Падае купюру.)
Кім. Мне столькі не трэба.
Каралёў. Маеш рацыю. За геніяльную прыдумку трэба дадаць яшчэ… (Дастае яшчэ купюру.)
Кім. Бывайце…
Каралёў. Чакай! Што ты сабе хочаш купіць? Велік? Камп’ютар?
Кім. Я нічога не хачу купіць. Мне патрэбна пяцьдзясят тысяч долараў.
Каралёў. На меншае ты не згодны?
Кім. Не.
Каралёў. Я балдзею ад цябе… Ну ты ж разумны, мужык… Табе не смешна? Я прачынаюся з пахмелу, заяўляешся ты і… здравствуйте, я ваша тётя! Не тётя, а сын! Сын! I за гэту хохму ты хочаш атрымаць пяцьдзясят тысяч баксаў… Навошта яны табе?
Кім. Асабіста мне непатрэбна ані цэнта. Такія грошы трэба маёй сястры… На лячэнне.
Каралёў. Гэта яна цябе паслала?
Кім. Не.
Каралёў. I колькі ёй?
Кім. Дваццаць два.
Каралёў. Клас! Значыць, у мяне і дачка зусім дарослая! Ну раз ты мой сын, а яна твая сястра… Колькі кажаш? Дваццаць два? А-а-а, помню, помню… Я тады ў пяты клас хадзіў, а яна нарадзілася перад самымі вясеннімі канікуламі… Мяне завуч з дырэктарам павіншавалі і адпусцілі з урокаў у раддом.
Кім. Бывайце.
Каралёў. Стаяць! Я цябе яшчэ не адпусціў. Кажы, хто і навошта цябе прыслаў да мяне?
Кім. Мяне ніхто не прысылаў… Мая сястра хворая. Мне патрэбны грошы, каб вылечыць яе…
Каралёў. Якая к чорту сястра, калі ты сцвярджаеш, што ты мой сын!
Кім. Канечне, яна не родная мне. Калі здарылася Зона і дзетдом рассялілі, яна ўзяла мяне, Піню і Баранесу на выхаванне… Мэрыя выдзеліла трохпакаёвую кватэру. Гэта называецца сямейны дзіцячы дом. Яна нас усынавіла і ўдачарыла…
Каралёў. А цяпер ты хочаш, каб я яе ўмацярыў, аж на пяцьдзясят тысяч баксаў?!
Кім. Яна захварэла! Гэта пасля Зоны!.. I калі не будзе грошай, яна памрэ! I нас расселяць па дзіцячых дамах! Я — нічога… Прывыкну… А вось Піня з Баранесай…
Каралёў. Хто такія Піня з Баранесай?
Кім. Дзеці. Хлопчыку пяць, дзяўчынцы тры…
Каралёў. Яны таксама ад мяне?
Кім. Пусціце!
Каралёў. Не, пачакай…
Кім. Я болып нічога не скажу!
Каралёў. Я скажу, сынуля… Мяне сентыментальнымі байкамі разжалабіць не атрымаецца… Па-першае, я сам хапануў за жыццё вось так і болей, але я ніколі не быў няшчасненькім. Ніколі! Галодным быў! Прыніжаным быў! Бітым быў! У адчаі да слёз гарачых быў! Але няшчасненькім ніколі! Ні-ко-лі!
Кім. Не ва ўсіх жа клыкі, як у ваўка.
Каралёў. Ты як з бацькам размаўляеш, гадзёныш!
Кім. Даруйце.
Каралёў. Гэта першае. А па-другое, сын мой, калі чалавек пакутуе, значыць, Гасподзь Бог яго за нешта пакараў! Ён адпрацоўвае свае грахі… I калі я буду аблягчаць яго долю, хоць самую горкую, значыць уступлю ў канфлікт з самім Богам! А з гэтым паханам лепш не спрачацца…
Кім. Вы падвялі пад сваё злое існаванне прымітыўную філасофскую базу і гэтым апраўдваеце свае абыякавыя адносіны да ўсяго і ўся… I ў першую чаргу да сябе самога…
Каралёў. Чаму ты раней да мяне не прыходзіў?!
Кім. Таму што маці, паміраючы, сказала: «Кім, дай мне слова, што звернешся да яго толькі тады, калі не будзе выйсця, калі будзе тупік. Я яго кахаю і не хачу, каб хоць нечым ён быў у жыцці засмучаны». У мяне цяпер тупік. Калі яна памрэ, я згублю сям’ю… I дзеці згубяць яе… А так я ніколі б да вас і не звярнуўся і не падышоў…
Каралёў. Чаму?
Кім. Ваўкоў баюся.