Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
Алесь устаў.
— Ну вось, — сказаў ён. — А цяпер…
— Вядома, — сказаў Мусатаў. — Я спадзяюся, вы зразумелі, што гэта быў жарт?..
— Я і не сумняваўся ў гэтым. Хіба такія рэчы гаворацца не ў жарт паміж цывілізаванымі людзьмі? Вядома, жарт.
Капітан сядзеў бледны.
Алесевы вочы смяяліся.
— До, капітан. Я спадзяюся, вы адменіце гэты загад і знойдзеце сапраўдных злачынцаў? Бо калі кожны залп — гэта прыступка вашай кар'еры, я пакладу гэтаму мяжу.
I ўпершыню за ўсю размову ўзвысіў голас:
— I калі вы кранеце яшчэ аднаго з іх — вас павязуць адсюль пад рагожай у Магілёў ці пад
Мусатаў сядзеў, гледзячы на дошкі стала.
— Добра, — сказаў ён урэшце. — Я адмяняю загад, Буланцоў… Пагоню за Корчакам.
Праз тры гадзіны прыбыў ад Ісленьева ледзь жывы ганец. Ён прывёз загад: "Тэрмінова адпусціць невінаватых, шукаць Корчака з бандай, на час разгляду справы князя Загорскага — пад хатні арышт".
Алесь усміхнуўся: Ісленьеў думаў, каб яму, Загорскаму, не зрабілі пад гарачую руку шкоды. Стары клапаціўся аб ім. Вось дык стары! I гэта нічога, што загад віцэ-губернатара нібы ўзвысіў трошкі ва ўласных вачах жандарскага капітана, ворага, ад якога з часам нельга будзе чакаць літасці, калі яго толькі не заб'юць Корчак ці Чорны Война.
Хай сабе ўзвышаецца, хай думае, што калі хатні арышт, то апошняе слова астаецца за ім. Алесь ведае, для чаго так зрабіў Ісленьеў, і, значыцца, ён дасягнуў мэты, не даў праліцца крыві і ўратаваў невінаватых.
Лекар Яраслаўскага палка Зайцаў падышоў нават падзякаваць яго за перавязкі, сказаў, што зроблена гэта досыць добра. Алесь пакасіўся на капітана, сказаў, што яму прыемна пахвала адукаванага і спрактыкаванага чалавека, і запрасіў Зайцава бываць у сябе.
Стары пачырванеў. Пачырванеў і Мусатаў, толькі з другой прычыны. I не вытрымаў. Суправаджаючы Алеся да санак пад цікаўнымі і добразычлівымі позіркамі салдат, пачаў з удаванай спагадай ушчуваць яго.
— Тут чорт ведае што робіцца. Папячэнне патрэбна, а то ўсе вакол нясытымі вачыма глядзяць. Іудзеяў адных на краіну колькі — і ўсе яны нямецкія шпіёны. А тут яшчэ свае нігілісты, папоўскае ды мужыцкае насенне. Народ нацкоўваюць! Эх, пане Загорскі, такое становішча, а вы ў гэтыя глупствы па маладосці год лезеце. — I лагодна заглядае яму ў вочы: — Вам што выпадае? Вы ў першых расійскіх памешчыках па багаццю, — гудзеў жандар. — Хіба ў вас не воля? Ды вам у сто разоў лепшая воля, чым у іхніх халуйскіх фаланстэрах [77] .
77
Фаланстэры — своеасаблівы камуны, апісаныя ва ўтапічных творах Фур'е.
"Нічога ў мяне няма, — думаў Алесь. — Нічога з таго, што мне трэба. А трэба мне ўсё. I перш за ўсё воля ўсім народам і маёй радзіме. Што ты ведаеш аб гэтым, брудная свіння? I разважанні твае толькі і можна назваць, што le delire du despotisme [78] , як сказаў бы стары Ісленьеў. I сам ты быдла, лёкай душою".
Ён сеў у сані і заплюшчыў вочы, каб не глядзець на вартавога салдата. 3 уздыхам і палёгкаю заплюшчыў вочы і выцягнуў ногі. Два салдаты паскакалі за ім, каб правесці за сяло.
78
Трызненем
За санямі бег на доўгім повадзе Урга. Ён не звык да такога — пырхаў і матляў галавою.
Расталы сакавіцкі снег, вароны, прыціснутая чаканнем вёска, рэзкія галасы салдат.
На хвіліну яму стала балюча. Ён успомніў словы Корчака і падумаў, што за пагарду продкаў да народа, за пагарду адукаваных да народа — каб не давялося плаціць дзецям, якія любяць гэты народ. Але тут жа падумаў, што пастараецца, каб Корчак, калі звядзе іх лёс, змяніў аб ім думку. Ён бачыў у гэтым мужыку вялікую чысціню нянавісці. Як патрэбныя ім людзі, якія ўмеюць ненавідзець! Харошы мужык! I як шкада, што нельга ўсяго раздаць, каб паверылі табе. Грошы патрэбны справе. Нічога, з Корчакам яны яшчэ сустрэнуцца. Ён, Алесь, зробіць ўсё, каб той быў таварышам яму. У іх адна справа.
Нічога. Нічога. Усё яшчэ будзе добра, чыста, смела. I людзі на зямлі будуць людзьмі.
Сядала пурпуровае сонца, і цені на снезе зрабіліся ізумрудна-зялёныя, чысцейшыя за мароскі зялёны прамень, убачыўшы які, кажуць, нельга памыліцца ні ў каханні, ні ў любові, ні ў нянавісці.
I ён цяпер цвёрда ведаў, што ён любіць і што ненавідзіць, і адкуль у яго такі боль, і чаму ён ніяк не можа супакоіць сябе.
…Ён расплюшчыў вочы. Ехалі азярышчанскім берагам, ледзь не над самым урвішчам. I ён успомніў, як даўно-даўно, адзінаццаць год назад, тут сядзелі пад гарачым сонцам маленькія дзеці.
Што тут было яшчэ? Ага, груша.
Яна стаяла той год толькі сілаю ўласных карэнняў, умацаваўшы імі для сябе паўкруглы фарпост. Ва ўласных руках трымала жыццё.
I за ёю была зямля, а перад ёю плынь, і наступная паводка павінна была кінуць грушу ў хвалі, і ёй варта было б падрыхтавацца да смерці. Але яна не ведала гэтага, яна цвіла.
I пялёсткі падалі на быстрыню ракі.
Дзе яна цяпер? Алесь глядзеў пад адхон і ўрэшце ўбачыў тое месца. Пад стромай растаў снег, і ў пра-таліне чарнела нешта доўгае.
Мёртвы ствол занесенай пяском грушы.
Сані завярнулі і спыніліся перад ганкам загоршчынскага дома. Алма, падстаркаватая ўжо, тоўстая, як туга напхнуты шырокі мяшэчак, заматляла хвастом, пабегла да санак, потым убачыла чужога са зброяй і забрахала на яго так, што, здавалася, разарвецца ўсё яе цельца.
Зміцёр ўзяў Ургу і пайшоў з ім. Ад'ехаў і салдат. Алесь павольна пачаў падымацца ў дом.
…Ён блукаў па пакоях, сам не ведаючы, што яму трэба, да чаго яго цягне. I ўрэшце, сам не ведаючы як, прыйшоў туды, дзе яны з Майкай яшчэ дзецьмі глядзелі праз каляровыя шкельцы. Усё было як раней. Вось на гэтай канапе калісьці сядзела Майка, калі ён адвёў потым вочы на сценку і заўважыў яе, чорную з ліловымі валасамі.
А вось і скрыначка са шкельцамі. Забылі. Калі глядзець праз чырвонае шкло — якое страшнае, дымна-барвянае полымя раве над светам. Такое страшнае, нібы вось-вось заравуць трубы архангелаў і неба ўпадзе на зямлю.
А гэта што?
Бог ты мой, чарапок кітайскай вазы, што разбілі тады. Дзед яшчэ казаў:
— Біце, так ёй і трэба.
Ён раздаў чарапкі. Цікава, ці зберагла Майка? А Франс?
Колькі сяброў, равеснікаў. Можна склеіць усе гэтыя чарапкі, і зноў будзе ваза. А вазу паставіць у агульным, у сонечным доме, у якім жывуць усе.