Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— "Граф, — прачытаў Выбіцкі. — Корчак з людзьмі ідзе на Гарыпяцічы. Усімі сіламі паспрабую зрабіць так, каб не палілася кроў. Не хачу гэтага. Абяцайце мне словам двараніна, што даб'ецеся ў губернатара, каб не каралі нявінных вясковых жыхароў. Яны, напэўна, прыйдуць глядзець, але яны не вінаватыя. Ведаю з надзейных крыніц. Малю вас і сам зраблю ўсё".
Выбіцкі паківаў галавою і паклаў паперку на стол.
— Я не павязу ў Магілёў даносу, князь. Прыйдзе войска.
— Я не пасылаю даносаў, пан Адам, — жорстка сказаў Алесь. —
Н-не разумею.
— Войска прыйдзе з Сухадола, а не з Магілёва. І з войскам — Мусатаў. Людзей раздушаць яшчэ да таго, як з губерні прыйдзе адказ. І таму гэта не данос. Я не хачу, каб лютавалі над народам, і раблю спробу рэабілітаваць яго. Корчак пойдзе ў лес, а людзі, Выбіцкі? Няўжо вы думаеце, што слова найбагацейшага гаспадара ў абарону мужыкоў нічога не азначае?
— Ну?
— Ну і вось. Я не хачу, каб расстрэльвалі і хвасталі. Не хачу расправы. Паспрабую спыніць бойку. А Ісленьеў зробіць так, што расправа не будзе жорсткая.
— І гэта вас клікалі чырвоным?
— Я і ёсць чырвоны. Але я не хачу, каб чырвоныя перадчасна пралілі чырвоную кроў. Пе-рад-час-на.
Выбіцкі пачырванеў.
— Я завязу ліст, — сказаў ён. — Даруйце мне.
— Вельмі буду абавязаны, — сказаў Алесь. — Гэта вызваліць, магчыма, і маю шкуру.
Аконам хаваў у кішэнь пулярэс:
— А можа, не рызыкаваць?
— Не, — сказаў Алесь. — Спяшайцеся, Выбіцкі. Я паеду без зброі. І тыя і іншыя могуць зрабіць са мною, што хочуць.
Ён паспешліва збіраўся. Загадаў Логвіну асядлаць Ургу. Накінуў плашч. У саквы загадаў пакласці бінты, корпію і ёд.
Хвілін праз трыццаць пасля таго, як аконам вылецеў з двара, Алесь сышоў па сходах.
— Можа, трэба па дапамогу? — спытаў Халімон Кірдун.
— Не трэба. Бывай, Кірдун.
Ён крануў каня з двара, адчуваючы дзіўную звонкую пустату, якая поўніла ўсё цела. Так заўсёды бывала перад небяспекай: стан, падобны на захапленне ці на лёгкі хмель.
"Ах, коннічак ты мой на белым кані, — іранізаваў ён з сябе. — Ах, галава ты дурная. Бачыце, збавіцель".
Але не скакаць у Гарыпяцічы ён не мог.
XVII
Людзі ішлі ўжо вечар і ноч. Уначы — чырвона-чорныя, асветленыя зарывамі, удзень — нібыта звычайныя, толькі ў вачах як быццам аставаліся агонь і ноч.
Пачалося з таго, што ўстаўныя граматы прывезлі ў Браніборшчыну. Перавялі ў грошы аброк, расклалі ўстаўную суму на ўсе двары, палічылі, колькі пойдзе на кожную наступную дзесяціну зямлі. Паколькі кожная наступная каштавала танней — горш за ўсе давялося бедным, якія не маглі многа купіць.
Шасціпрацэнтавы гадавы ўзнос у выкуп быў такі — не асіліць.
Браніборцы падумалі крыху і самі сабе сказалі: канец. Лепей паншчына, лепей нясцерпнае рабства.
Здзіўляла жорсткасць царскай волі. Загорскі і Раўбіч, паны, вызвалілі сваіх
А потым нехта пусціў чутку, што Раўбіч і Загорскі проста ведалі аб сапраўдным маніфесце і не палічылі за магчымае ісці супраць царскай волі. Нездарма князь у Мілым падчас чытання вачэй не мог узняць з сораму. Але супраць астатніх ісці, відаць, не рызыкнуў. Толькі што сам вырашыў не браць граху на душу, вызваліць "па-царску".
Мужыкі адмовіліся ад устаўных грамат. Аконам Браніборскага пачаў пагражаць. Людзі крычалі і стукалі кулакамі ў грудзі.
I тут з'явіўся Корчак з людзьмі. Глядзеў у натоўп шалёнымі чорнымі вачыма, гаварыў незразумелае:
— Не мог цар даць такую волю. Сапраўдная воля за сямю пячацямі. У ёй для ўсіх сыраядцаў смерць. Цар загадаў волю віламі браць. Ён за сваё жыццё баіцца. Але як пойдзеце паноў біць — узрадуецца ягоная душа.
Марта з Паківачовага млына (многія ведалі яе па патаемных маленнях) глядзела вялізнымі вачыма. Вочы напалову твару, і ў іх — апантанасць і ўтрапенне:
— Праўду гаворыць Корчак! Сама ад лёзных [76] людзей чула! Расце белабожы конь! Як не падтрымаеце яго — у пекле вам быць! Божае жарабя прадасцё — не бачыць вам шчасця!
Плач баб рэзаў па сэрцы. Усё адно было прападаць з такім выкупам. I таму людзі слухалі. А Марта крычала:
— Маці божая з былой Алейнай брамы плача. Валасы ў яе пасівелі і дыбарам усталі. Мёртвых дзетачак бачыць. Прадалі іх бацькі.
Зрэнкі Марты пашырыліся на ўвесь раёк і трапяталі:
76
Вандроўных.
— Бог, бог сказаў! Выдавацьме брат брата і бацька сына на смерць; і паўстануць дзеці на бацькоў і пазабіваюць іх; і будуць вас ненавідзець за імя маё, але хто выцерпіць да канца, спасён будзе.
Мужыкі, урэшце, паверылі. Справа была не ў ляманце Марты. Проста жыць стала нельга, а лямант надаваў становішчу неабходнае адценне жуды і велічы. Хай галосіць.
— Крывёю рака паплыве, калі не заступіцеся!!!
— Глядзіце, хлопцы, — сказаў Корчак. — Не пойдзеце з намі — адзін пайду. Вам потым сорамна будзе.
У гэты час прыйшлі вязыніцкія. Іх прывёу той самы Брона, што калісьці разрэзаў вяроўкі на руках Раўбіча. Вялізны, з англійскім штуцэрам у руках, ён прыйшоў пад абшчынны дуб і кінуў толькі некалькі слоў:
— Вандроўнік дарогаю казаў: паны папоў падкупілі. Папы сапраўдную царскую волю ў царквах схавалі. На прастоле пад сукном.
Натоўп маўчаў. Падобна было на тое. Папы чыталі волю, але папоў на Прыдняпроўі, якіх вера (то адна, то другая) біла і трэсла столькі стагоддзяў, ніколі не любілі.