Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— Пахне як, Юрась. Жыццём пахне.
Потым стары аглядаў лазню і ўспамінаў старую, якая сплыла, і мацаў рукою сена ў адрыне. Добрае было сена, зялёнае, ні разу не трапіла пад дождж.
— Скажаш, каб авёс не мантачылі. Ворыва хутка. І калоды ўсе хай Кандрат пакладзе на латы, каб не гнілі.
— Добра, дзеду.
Юрась быў узрадаваны, што прыехаў з акадэміі і затрымаўся, але сэрца ў яго балела за дзеда.
Стары ішоў сцежкай да дуба. Тут ляжаў маленькі сумёт саломы: блізнюкі пільнавалі тут зайцоў, якія панадзіліся ў сад.
Кагут старэйшы гладзіў далонню
Потым ён стаў глядзець на пасінелы лёд Дняпра, на паплавы і далёкія лясы. Шмат паветра было над вялікай ракой. Сіняга, халоднага, сляпучага. І ўжо трохі нібыта і цёплага. Лёду нядоўга асталося пужаць зямлю, і Дняпро напружыў пад ім усе свае магутныя мускулы.
Ветрык варушыў белыя дзедавы валасы. Суровыя вочы глядзелі ў абшар.
— Ухіляюся табе, рэчачка, — сказаў Кагут. — Бяжы сабе ды бяжы.
— Дзеду, — сказаў Юрась.
— Маўчы, — сказаў стары. — Не замінай. Што ўжо тут. Корсту Дняпровай вадой апырскайце. Я пачую.
Юрасю здалося, што дзед гаворыць не тыя словы. Але ён зірнуў у яго вочы і суняўся. У вачах не было ўжо нічога ад зямлі. Яны ведалі нешта такое, чаго не ведаў ніхто.
— Рэчка ты мая, рэчанька. Залаценькая ты мая. Бяжы сабе ды бяжы. Нясі сабе ды нясі.
Ён звяртаўся цяпер да ракі, як роўны да роўнага. Цяпер перад абодвума была вечнасць.
Косці стануць зямлёй, і вырастуць дрэвы, і пацякуць з іх кроплі дажджу. Проста туды, у раку. І ён стане ракою, а рака ім. І нават самы мудры, нават бог, іх не адрозніць.
Стары стаў на калені ў салому і пакланіўся рацэ, як тыя, старажытныя, што абагаўлялі Дняпро і таксама сталі зямлёю і ім.
А потым, нібы страціўшы цікавасць да ўсяго на зямлі, лёг на салому.
— Ну вось. Паміраць буду. Не крычы. Дай цішыні.
— Дзеду!
— Мне не балюча, то чаго крычаць? Не бойся, гэта нядоўга, — сонна мармытаў дзед.
Юрась, баючыся пабегчы за сваімі і пакінуць дзеда аднаго, сеў трохі ўбаку, вырашыўшы счакаць. А там ён завядзе старога ў хату.
Дзедавы вочы глядзелі ў сіняе неба, у якім магутна распасціраўся безліччу галін волат-дуб. Галіны пагойдваліся, нібы сам купал неба велічна гойдаўся на іх.
Кроў зямлі цякла ў жылах дуба. А кара была шурпатая, як мужыцкія рукі. А галін было — не злічыць. А за дубам быў Дняпро. А над Дняпром, і над дубам, і над ім, старым Кагутом, было сіняе неба. Добра будзе пад такім небам беламу каню… Стане моцным канём жарабятка… Справядлівасці ездзіць належыць на мужыцкіх пузатых конях.
Млявасць нарадзілася ў целе. Цёплая-цёплая. Цягнуўся ў неба дуб. Пачуліся гукі лірных струн. А можа, гэта зазвінелі, гойдаючыся, самі галіны дуба?
Дуб раптам вырас так, што зацямніў сонца. І толькі неба яшчэ трошкі свяціла праз звонкія галіны.
Потым неба згасла…
Мінула два дні з таго моманту, калі корсту з Кагутом апусцілі ў магілу.
Алесь усе гэтыя дні сядзеў дома, бавячы час з Вацлавам і кнігамі. Нікуды не хацелася ісці, а ў душы было пуста.
Алесь успамінаў гукі ліры, і песню пра белага каня, і белага-балага дзеда ў белым садку, і чырвань
Нібы адляцела з гэтай смерцю юнацтва. І ніхто больш не заспявае пра белае жарабя.
У шэры і золкі дзень прыехаў па мокрым снезе Адам Выбіцкі. Кінуў лейцы на рукі Змітру, скочыў на снег, амаль пабег па сходах у палац. Быў, відаць, устрывожаны.
Алесь якраз расшыфроўваў тайнапісны ліст ад Кастуся. Пад гарачым прасам літары сталі зеленаватыя. Пісалі, відаць, лімонам.
"Звяждоўскі ў Вільні складае арганізацыю па кіраўніцтву групамі ўсёй Беларусі і Літвы. Будзем збіраць сілы на будучае. Сваіх пакуль што стрымлівай ад непажаданай гарачкавасці. Пашырай арганізацыю і думай аб зброі. Я таксама не марную часу. Аб'ездзіў частку Слонімшчыны, быў у Зэльве і Лідзе, у Гродні, у Саколцы. Стварылі цэнтр па кіраўніцтву Гродзенскай губерняй. У ім Валеры, каморнік Ільдэфонс Мілевіч, Стах Сангін, і Эразм Заблоцкі, ды яшчэ Хвэлька Ражанскі, хлопец трохі з кашай у галаве, але рашучы. Піша вершы. І па-беларуску. Але гэта справа дзесятая. Арганізацыя ёсць, вось што галоўнае. Тэрмінова напішы, ці можаш паслаць дзве тысячы рублёў. Ёсць магчымасць танна купіць партыю зброі. Крадзеная інтэндантамі яшчэ ў вайну, і таму танная. Праўда, дубальтоўкі, а штуцэраў няшмат, але і тое добра. Жадаю поспеху, браце".
Алесь спаліў ліст у каміне. У гэты момант усхваляваны пан Адам зайшоў у пакой. Загорскі, нібы не заўважаючы, клаў грошы ў пулярэс.
— Паедзеш у Магілёў, — сказаў ён Выбіцкаму. — Адправіш грошы вось на гэты адрас пану Каліноўскаму. Майго імя не называй.
Выбіцкі муляўся.
— Княжа…
— Здарылася нешта?
Адам асеў, нібы з яго выпусцілі паветра:
— Бунт, пане княжа.
— Які я табе пане княжа?
— Бунт, Алесь. Паўсталі Браніборшчына, Крутое і Вязынічы, — ледзь варушыў вуснамі паляк. — Дарогаю ўзнялі дзве вёскі Хаданскага. Ідуць у Гарыпяцічы біць з тамтэйшай званіцы набат. Крычаць многа. Адмаўляюцца ад устаўных грамат і выкупу, не хочуць быць часоваабавязанымі.
Выбіцкі яшчэ больш збялеў і, зірнуўшы на Алеся, раптам сказаў глуха:
— Далучымся?
— Іх колькі?
— Пакуль пяць вёсак.
— А наваколле?
— А наваколле — вашы вёскі. Бунту ў іх няма і, пэўна, не будзе, — прызнаўся Выбіцкі.
— Ну, вось і далучайся на злом галавы. Ах, не да часу! Ах, д'ябал! Хто там у іх ядро? — кінуў Алесь.
— Корчакавы хлопцы. Усе ўзброеныя. А за імі — натоўп.
— Ёлуп хвашчоўскі твой Корчак, — раззлаваўся Алесь. — Ён нападзе ды ў пушчу пойдзе, а людзям потым што рабіць? Узрадаваўся, пачаў.
— З Корчакам ідуць блізнюкі Кандрат і Андрэй. Бацька Кагут, як дачуўся, кінуўся за імі, каб затрымаць.
— Разумнейшы, значыцца.
Нешта трэба рабіць. Неяк трэба ўтрымаць людзей ад крыві, абараніць ад бізуноў, знявагі, смерці. Пяць вёсак супраць імперыі! Лухта якая. То асцярожныя занадта, а то… Не, гэта трэба спыніць. Хай устаюць потым, калі ўстануць усе, калі возьмуцца за зброю сябры.
— У Магілёў паедзеш, — сказаў Алесь. — Дашлеш грошы, а Ісленьеву перадасі вось гэта.
Ён хутка напісаў некалькі слоў.