Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
Салаўіны гром.
Вочы большыя, чым ва ўсіх, хто ёсць на зямлі.
…І ў палоне шчыльных, невыносна злітых абдымкаў ён са здзіўленнем, трапятаннем і болем, не верачы сабе, усёй істотай сваёй, ад бронзавага замка рук да вачэй, што глядзелі ў яе вочы, і да пахаладзелых ад здагадкі пальцаў ног, адчуў, як спалохана трапеча яе сэрца, адданае непазбежнаму, і небу, і салаўінаму грому, і яму, сэрца цнатлівай.
У гэтай здагадцы раптам злiлiся пошчак салаўёў, гаркавата-халодны пах ландышаў, крык леляка, зоры над галавой i пад нагамi.
А потым усё знікла.
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Галава жанчыны ляжала на грудзях мужчыны. Абое мўчалі, нібы баяліся расплюхаць тое, што неслі сабе.
Алесь асцярожна трымаў яе ля сябе, сам не разумеючы, што з ім. Іншай стала ноч. Іншымі сталі салаўі і пах вярбовай кары. Знікла некуды ўтрапёная страшная ярасць. Разбураны свет, што яшчэ гадзіну назад ляжаў у руінах, пачаў збірацца ў адно і, нібы сам сабою, выстройвацца ў нешта зладжанае. І самае пачуццё гэтай гармоніі пасля развалу і дымных руін было шчаснае і вялікае.
Ён нікога не ненавідзеў. Для гэтага новага, для сораму і гонару, для велічы і бязмернай глыбіні новага былі добразычліва-абыякавыя ўсе ворагі на зямлі.
Яна таксама ляжала нерухома. І ў яе сэрцы зліваліся гонар і адначасова цвёрдае разуменне таго, што яна зрабіла.
Усё пачалося з удзячнасці. У тую хвіліну, калі адзінаццацігадовы хлапчук у дарэмным — хіба дарэмным? — пратэсце, які нічога не мог змяніць, крыкнуў Шчуру гнеўныя словы. Гэта было кранаюча і смешна. Яна ўжо ведала: дзіваў не бывае на зямлі.
І раптам гэтыя рукі зламалі шыю лёсу. Такія яшчэ тады слабыя, а цяпер такія моцныя рукі.
Пачалося з гэтага. I ён, малодшы, раптам стаў усемагутны i нiбы старэйшы за яе i даражэйшы за бацькоў, бо яны далi толькi жыццё, а разам з iм рабства, а гэты — свабоду.
А потым прыйшло iншае. Гады тры як прыйшло. Пачалося з гэтай вось карцiны. Гралi "Медэю". Пасля першага ж спектакля прыезджая трупа адмовiлася граць з ёю. "Прабачце, гэта проста ўнiзiцельна для нас", — сказаў дырэктар… Яна ўзрадавалася. Усе гэтыя рымляне, грэкi, iспанцы даўнiм-даўно абрыдлi ёй. Чаму ў п'есах няма звычайных людзей, якiя вакол? Мужыкоў у хаце, вячорак на пакроў, вяселляў, сварак, сконаў? Чаму няма мяшчан, паноў, корчмаў? Чаму на сцэне рухаюцца quasi-iспанцы i на кожным кроку грымiць гром? Хiба такi бедны на трагiзм i на смешнае гэты край? У чым прычына?
Ён, той, што пабач, сустрэў яе ля каскада: відаць, чакаў.
— Вось. Гэта вам.
У пакоі яна разгарнула грубую паперу і ўбачыла хату з каравай белай грушай і чырвань захаду на тварах старых. Старыя чакалі. Як тысячы такіх на яе замлі. Як яе старыя, да якіх яна не вернецца, бо яны памерлі. А тыя, якія яшчэ чакаюць, не ведаюць, што ніхто яшчэ не вяртаўся да роднага дыму і роднай песні…
Раўла ўсю ноч, гледдзячы на квецень, прызбу і чаканне ў вачах старых. А потым зразумела, што кахае. Таму што ніхто так не разумеў яе… Яна ведала розніцу ў гадах, у паходжанні, ва ўсім… Але яна не магла глядзець ні на кога, апрача гэтага хлопца, хаця і ведала ўсю ненатуральнасць таго, што яна беражэ сябе для чалавека, які ніколі да яе не прыйдзе… Трэба
Сэрца балела за тое, што з ім зрабілі. А можа, гэта зноў быў лёс? Іначай яна не магла…
А ён ляжаў і думаў, што яму цяпер няма іншага выхаду, як ажаніцца з ёю, бо дзяўчына даверылася яму.
Няхай лямантуе наваколле — ён iм хутка замажа пашчы.
На хвіліну ў яго сэрцы варухнуўся амаль фізічны боль і нясцерпная шкадоба, але ён здушыў іх. Разуменне між ім і той, што была пабач, удзячнасць за зладжаны свет, дзе ўсё было ў ім і ён быў усё, удзячнасць за ахвяру як быццам змялі былое. Яны былі мацнейшыя.
У яго будзе самая лепшая і самая прыгожая на свеце жонка.
Сакавіты, добры пошчак салаўёў, здаецца, прымушаў дрыжаць зямлю. Ён быў такі свежы і халодны, гэты пошчак.
— Я, напэўна, вельмі дрэнная…
— Чаму? — спытаў ён.
— Так не робяць, так нельга… я ведаю. Але ты ўсё ж абдымі мяне.
— Я хацеў сказаць табе тое самае… Але я таксама думаў, што так нельга.
Іхнія ўсмешкі былі побач.
Абапершыся на локаць, яна глядзела на яго.
Не па ўзросту магутныя плечы, шырокія, як на грэчаскіх статуях, гладкія грудзі. Дасканалая закінутая галава.
Ён таксама глядзеў. Рукі пяшчотныя і тонкія. Валасы іскарцца. Вочы ў цемры вялікія-вялікія.
Гелена перакладвала хвалістыя пасмы яго валасоў:
— "Ў барвянапёрым шлеме і крылатым…"
— Ты памятаеш? — спытаў ён.
— Вядома.
— І я. Ты была такая… Раптам выйшла, рэючы плашчом, — аж валасы на галаве заварушыліся. Мне тады здавалася, што ты была ўдвая вышэйшая за іншых. Гэта не так, але вочы ў цябе і зараз большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі.
— А цябе я спачатку і не бачыла. Сядзіць нехта пабач са старым панам. І раптам крык. Бог ты мой, які! Аж сорамна стала, што нехта так верыць. Я забылася і глянула… Вежа чамусьці потым нічога мне не сказаў.
— Дзіва што, — усміхнуўся Алесь. — Я нават не заўважаў тады, што гэты семінарыст — аўтар — падвёў да Магілёва… мора.
— Не, не тое. Я глянула i ўбачыла хлапчука — я i сама была дзiця. А потым ты прыйшоў увечары i сказаў, што дзiвы павiнны заўсёды спраўджвацца. I я ўсмiхалася, а потым пакiнула ўсмiхацца.
Ён пацалаваў яе рукi.
— Я вельмі шкадаваў цябе. І гэта шкадаванне было, як любоў. І яшчэ было нешта вышэйшае. Я ад яго і зараз не магу пазбавіцца… Не веру, што ты тут, што мая… Гэта як самае вялікае дзіва.
— Дурнік, я вельмі звычайная.
— Не веру. Мне i зараз здаецца, нiбы ты прыйшла да мяне, а потым запалае заранка — i ты падымешся туды.
— Так i будзе. Толькi не туды, а ў нетры. Дзе нават апоўднi — цень.
— Што такое? — непаразумела спытаў ён.
— Потым… І вось ты прыйшоў… Я зразумела гэта як наканаванне.
Усміхнулася:
— Для іншых досыць банальная гісторыя: былы пан і яго былая актрыса. Але ты ніколі не быў панам. Аніводнай хвіліны.
— Аддзiн вечар. I не панам, а рабом таго, што ты рабiла са мной.