Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
Пішу табе з тым, каб ты аднавіў сувязь з хлопцамі "Чартапалоху і шыпшыны", праверыў, хто з гэтых рамантыкаў не атлусцеў, і збіў з іх ядро, якое потым магло б абрасці новымі людзьмі. Можаш сказаць найбольш надзейным, што гэта не гульня і не дарэмная рызыка, што нас шмат і колькасць сваіх людзей няўхільна расце.
Спадзяюся, што за гэты час ты не змяніўся. Калі гэта так — напішы мне звычайны ліст, хаця б пра сваё здароўе, пра Мсціслава і добрую Майку і запячатай яго не радавой, а сваёй пячаткай. Я буду ведаць, што ты згодзен са мной і пачаў рыхтаваць сяброў. Пастарайся таксама ўспомніць, хто з хлопцаў, якія падчас славутай гімназічнай
Дзейнічай, дружа. Дзейнічай, сябра мой.
P. S. Ад генерала пайшоў. Буду бегаць па грашовых уроках у сумленных людзей. Віктар знайшоў работу ў Публічнай бібліятэцы. Неяк пражывем. Дзякуючы сваёй рабоце і сувязям ён пазнаёміўся са шмат якімі прыстойнымі людзьмі. Ну, а праз яго і я. Адзін з іх — фігура самая дзівосная, якую можна ўявіць. Гэта паляк, нашага поля ягада. Шмат адседзеў і адмаршыраваў у тых краях, дзе замест прыгарадаў усё "фарштаты" і дзе над зямлёю лунае нябачны дух Ямелькі Пугача. Там ён, між іншым, блізка пасябраваў з тваім улюбёным Тарасам, які ўсё яшчэ, бедалага, пакутуе сярод бурбонаў, п'янюг ды Іванаў Няпомнячых. Прозвішча паляка — Зыгмунт (а па-нашаму Цыкмун) Серакоўскі. Уяві сабе тонкую моцную постаць, разумны твар, стрымана-цвёрдую хаду. Белы бландзін. І на абліччы ззяюць сінія, найсвяцейшай чысціні і цвёрдасці вочы. Пазнаёміўся я з ім нядаўна, але ўжо зачараваны і логікай ягонай, і патрыятызмам, і воляй, і мужнасцю, і той вышэйшай душэўнай прыгажосцю, якая заўсёды спадарожнічае сціплай велічы сапраўднага чалавека. Вы павінны былі б спадабацца адзін аднаму… Кідай ты хутчэй усё. Едзь сюды. І мне будзе весялей, і табе не так будзе лезці ў галаву твая прыдняпроўская дурасць".
Ліст быў спалены. Быў пасланы адказ, з асабістай пячаткай.
…У сваім спакоі, у плыні жыцця, якое нічога, здаецца, не абяцала, ён узрадаваўся лісту Каліноўскага.
Добра было ведаць, што трэба дацярпець толькі да восені, а там гары яно ўсё гарам. Увосень ён паедзе ў Пецярбург, звяжацца з Кастусём і сябрамі. Будзе віраванне спрэчак, учынкаў — усяго, што завецца жыццём.
І, калі спатрэбіцца, ён аддасць гэтае жыццё братам.
Усё добра. Хоць нехта ёсць на свеце, каму яно патрэбна.
Радзіма.
Родная зямля.
Беларусь.
…Майскімі раніцамі, да ўсходу сонца, скакалі ў жытах дзяўчаты.
Хлопцы ўначы, прабіраючыся на могілкі, палілі там невялікія, таемныя для ўсіх, хто не ведаў, вогнішчы і потым палохалі дзяўчат.
— А унь русалкі. Ты глядзі, не хадзі без мяне. Заказыча.
І дзяўчаты слухаліся іх.
Ярасна цвіло па-над шляхамі жоўтае купалле: ведала, што век у яго кароткі і хутка яго пачнуць увіваць у вянкі.
Набліжаўся час, калі русалкі асабліва шкодзяць людзям, і трэба знайсці хоць які дзень-два, каб утаймаваць іх, а заадно пасмяяцца, паспяваць ля вогнішчаў і ўдосталь нацалавацца дзе-небудзь у сініх ад празмернай зелені жытах.
Па сёмусе прыйшоў русальны тыдзень.
Азярышчанскія дзеўкі звівалі вянкі і вешалі іх на бярозах. А хлопцы неслі на зялёных насілках у бярозвавы гай абраную ўсімі русалку: самую ладную дзяўчынку, якая знайшлася ў Азярышчы, трынаццацігадовую Яньку Кагут.
У белым рубку [16]
16
Рубок — тонкае жаночае адзенне накшталт доўгай сарочкі.
А за ёю ішла ў вянках яе прыгожая світа.
…Палілі агні. Кідалі ў іх вянкі. Дзяўчаты ўцякалі ад Янькі, а яна лавіла іх і казытала. Дзеўкі ў парах гулялі з хлопцамі.
Не абышлося i без бойкi. Сутыкнулiся за Галiнку Янук Лапата i Кагутовы блiзнюкi. Медзведзяваты Аўтух заступiўся за брата i пачаў валяць Кандрата з Андрэем. У бойку ўлез Алесь i, на агульнае здзiўленне, даў Аўтуху такога дыхту, што той нават кiнуўся ўцякаць. Уцячы Алесь яму не даў.
Урэшце іх памірылі, хоць Янук і глядзеў ваўком… Пілі піва і скакалі ля вогнішчаў.
І ўсё гэта было весела, але весялосць была афарбавана лёгкім адценнем журбы. Магчыма, таму, што набліжаўся Ян Купала, і хоць лета было яшчэ ледзь не ў самым пачатку — усім было ясна: сонца вось-вось пойдзе на сход.
Спаляць сабраныя з двароў старыя бароны, разбітыя сані, аглоблі. Кожны дасць трохі цеплыні са свайго двара, але ўсё адно не падтрымае гэтым сонца. І, як сонца, скоціцца з высокай гары ахопленае агнём кола. Будзе каціцца ніжэй і ніжэй, а потым кане ў Дняпро і згасне.
Журба, амаль непрыкметная, жыла ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой.
Утрапёнасць квітнення, песень і пацалункаў скончылася. На яе месца прыйшло задумлівае чаканне плёну.
І таму на кветках, на вярбовых косах, на дарогах, што заблудзіліся ў палях, панаваў спакой і лёгкі сум.
Усё было аддадзена. Усё было споўнена на зямлі.
Яны стаялі ля храма бога вод. Сонечныя, зеленаватыя плямы святла беглі па іхніх абліччах, а проста ад ног ішоў у імшаную, як мядзведзь, цёмна-зялёную цемру доўгі адхон, што ўвесь тачыўся вадой.
Ад густой зеляніны жывое срэбра струменьчыкаў здавалася зеленаватым. Журлівым звонкім халадком патыхала ў яры.
Родная зямля — гэта крыніцы. І тут было адно з незлічоных месцаў іх нараджэння.
Выйсце крыніц. Воды. Воды. Струменьчыкі, ручаіны, рака, мора. Зялёны звон пад нагамі.
— Чаму ты ўнікаеш мяне, Гелена? — спытаў Алесь.
— Я не ўнікаю.
Вочы глядзлi ўбок, вышэй Нептуна, дзе зеленаваты ад ценю струменьчык выбiваўся з зямлi.
У яе сапраўды было змарнелае і светлае аблічча. Новае, нічым не падобнае на ўсе яе іншыя абліччы.
— Сядзь, — ён пасадзіў яе на каменную лаву. — Ты… не трэба так… Ты ведаеш, я шкадую цябе, як нікога. І я не хачу быць ні з кім, акрамя цябе.
Яна адмоўна паківала галавой. Струменьчыкі звонка скакалі ў яр.
— У мяне будзе дзіця, Алесь.
Ён маўчаў, так раптам упала сэрца ад нечаканасці і дзіўнага прадчування, падобнага да прадчування бяды. Гэтага не магло быць. Ён — і дзіця.
— Я думала спачатку, што гэта памылка. І вось пераканалася. Будзе.
Бледны ад разгубленасці, ён глядзеў на яе. Гэтыя вочы, і іскрыстыя валасы, і тонкая постаць — гэта цяпер не проста яна. Гэта ўжо і ён, і тое, аб чым яшчэ ніхто нічога не ведае. Трое ў адной.