Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— Дазвольце спытаць, чым абавязаны?
— Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.
— Ну, што ты…
— Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі…
— Гэта
— Я… А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх "Агула", ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.
— Гэта Віктар, — сказаў Алесь.
— Чаму так думаеш?
— Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?
— Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму… Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, "Літаратурныя вечары".
— I ў гэтым гуртку ты, Віктар і яшчэ з тых, каго я ведаю, бадай, Валеры.
— Тфу ты, чорт, — сказаў Кастусь. — Ішоў бы ты на месца Пуціліна [24] , кучу грошай зарабіў бы.
— Кінь, Кастусь, я проста цябе ведаю. Я проста сем год пражыў са старым Вежам. А гэта, брат, школа. Ну, што "Вечары"?
24
Пуцілін Іван — наглядчык маскоўскай паліцыі, пазней начальнік вышукной паліцыі ў Пецярбургу. "Рускі Шэрлок Холмс".
— Ты трапіш туды. Спадзяюся, хутка. Людзі там выключныя. Па-першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі. Пра гэтага я табе пісаў. Сем год ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў. Пра астатніх пакуль не трэба. Сам убачыш. Дый кола іхняе ўвесь час пашыраецца.
— Палякі?
— Розныя.
— Што думаюць пра нас?
— Частка думае вось так. Паўставаць — разам. Лёс Беларусі і Літвы — плебісцытам яе жыхароў. Значыць, або самастойная федэрацыя, або аўтаномія ў межах Польшчы, палітычная і культурная. Як скажа народ. Урублеўскі, напрыклад, лічыць, што плебісцыту нельга дапусціць ні ў якім разе пры цяперашняй слабой народнай самасвядомасці. Ён так і кажа, што проста Польшчы трэба адмовіцца ад правоў на Беларусь і Літву, паколькі ў свой час дваранства страшэнна скампраметавала самую ідэю такога саюза. Добрыя суседзі, браты — вось і ўсё.
— Чаму ты кажаш "частка"? — спытаў Алесь. — Хіба ёсць такія, што іначай думаюць?
Каліноўскі спахмурнеў.
— У тым і справа, што з самага пачатку існуе пагроза расколу. Я кажу: лепей з самага пачатку ад
згоднікаў, шавіністаў, патрыётаў ад касцёла і розгі — вызваліцца. Распусціцца для выгляду, а потым — верным і чыстым — ткаць сцяг нанава. Прынамсі, еднасць.
— Па-мойму, верна.
— Зыгмунт пратэстуе, — са скрухай сказаў Кастусь. — Залішняя вера ў суседа, залішняя даверлівасць.
— Хто
— Што? Праўда хіба? — спалохаўся Кастусь.
— На жаль, праўда.
— Разумееш, са свайго боку Зыгмунт мае рацыю. Занадта нас мала. Калі выкінуць іх — астанецца нас купка. І потым, да пэўнай мяжы нам з імі ісці адной дарогай. Мы за волю, яны за незалежнасць.
— А потым што — здрада?
— Я і кажу. Эдвард Дэмбоўскі [25] разумеў паўстанне як трэба. Перш за ўсё воля і роўнасць усіх людзей. Але мы пакуль што вымушаны ісці на саюз з імі. Мала нас. Ах, чорт, мала!
25
Глава кракаўскай рэвалюцыі 1846 года.
— Хто яны?
— Белыя. Так мы іх называем. "Ах, радзіма! Ах, веліч! Ах, слава!" Знаеш, нашто ім бунт? Каб прывілеяў сваіх не згубіць, каб да ўлады дарвацца.
— Досыць паскудна.
— Спяць і ў сне бачаць свайго караля, сваіх айцоў царквы, свае прыёмы, балі, сваю паліцыю, сваіх катаў на айчынных эшафотах. Хоць паршывае, ды сваё.
— Песня знаёмая, — сказаў Алесь. — Лізагубава песня. Дый сёння я яе чуў.
— Дзе?
— Ад Яманта. Не падабаецца мне Ямант, Кастусь.
— Ну, Яманта да іх не мяшай. Ямант ідэаліст.
— Табе лепей ведаць. Але белых я, на вашым месцы, гнаў бы.
— Будзеш разам са мною біцца?
— А што я — сюды маліцца прыехаў?
— Добра, — сказаў Кастусь. — Руку.
— А яшчэ хто ёсць?
— Яшчэ, як усюды, балота. I палітыкі ім хочацца, і дыпломаў, і каб царства божае само прыйшло. Надта ж ужо ім не хочацца бойкі да зубоў. Крычаць, што гэта толькі ўжо калі нічога зрабіць будзе нельга.
— Гэтых трэба пераконваць.
— Але… Ну і, урэшце, мы. Чырвоныя.
— Гэта ясна. Паўстанне. Сацыяльны пераварот. Гэта па мне.
Кастусь глядзеў на яго трохі здзіўлена.
— Вырадак ты, Алесь. Табе па паходжанню, сувязям самы рэзон да белых. Яны багатыя, а мы — галота. Яны лібералы, мы — якабінцы і сацыялісты. Яны збіраюцца цэрквы ды заводы будаваць, мы…
— До, — сказаў Алесь. — Распеўся. Сам кажаш, што яны пераважна з царства польскага. А я беларус. I калі ўжо яны аб уладзе над маёй зямлёю крычаць, то ім не сябра. Мне свая каліта не дарагая. Мне мая зямля дарагая. Яна мне патрэбна. Вы за яе — значыць, я з вамі. А тое, што я князь, — справа дзесятая. Нікога гэта не цікавіць. А мяне менш за ўсіх… Давай спынімся ды пачакаем хлопцаў. Вось мы і дома.
…Усе сядзелі за сталом і елі, аж за вушамі пішчала, калі Аглая паклікала Алеся за дзверы.
Стаяла перад ім, прыгожая, уся як літая, гаварыла ціха:
— Хлопцы якія! Ну, Кастусёк — гэтага ведаю. Але ж і астатнія! I паляк гэты! А ўжо Эдмунд гэты… Трымайцеся за іх, паніч!
— Збіраюся.
— Вой, хлопцы!
— Што, пацалавала б?
— А што, грэх?
Аглая раптам пасур'ёзнела.
— Я не тое, паніч. А пра другое. На гэта я дазволу пытацца не буду. Будуць яны да нас хадзіць?