Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
— Панiча намуштраваць, — сказаў Загорскi. — Навучыць скрэбцi, чысцiць, мыць, даглядаць капты. Навучыць лекавым травам для коней.
— Зробiм, — сказаў Логвiн.
— То тады бывайце… Бывайце, мiстэр Крэбс.
Яны прайшлi конскiя двары i падышлi да старасвецкай каменнай сабакарнi. Чалавек сярэднiх год, з прыкметнай ужо сiвiзною ў доўгiх вусах, буры, як абкураная пенкавая люлька, павольна iшоў да iх. На поясе, што ладна перахватваў яго зялёную венгерку, вiсеў доўгi медны рог.
— Карп, — сказаў бацька, — старшы даязджачы. З гэтым, брат, трымай вуха востра. Сур-ровы.
Карп падышоў да iх i, не вiтаючыся, пачаў дакладаць звонкiм i
— Юнка адышла, пан Загорскi.
— Ведаю, — сказаў бацька, — старасць. А добрая была.
— Знайд, памятаеце, са своркі адбiўся. То схапiў, вiдаць, ад нейкай вясковай сучкi, скурапею. Мазалi празрысценькiм бярозавым дзёгцем i акурвалi. Празз два тыднi будзе як шкло… Сцiнай паздаравеў… I яшчэ Аза мела ласку прынесці шчанюкоў.
— Вось гэта добра. Хадзем, Карп.
Сабакарня ўнутры была паўцёмнай, з вузкiмi акенцамi. Каля паўсотнi сабак розных парод i масцей ляжалi i хадзiлi па загарадках. Тут былi выжлы, ганчакi, норныя, дацкiя п'яўкi для мядзведжага палявання. Брудастыя, шчыпцовыя, камякалапыя… Але хлопец яшчэ не мог адрознiваць iх, i таму асаблiва зацiкавiў яго стракаты ньюфаундленд, з добрае цяля ростам, i куток хартоў.
Харты былi ўсе белыя, з доўгiмi шчыпцамi [14] . Вялiзныя iхнiя вочы былi, як чорныя слiвы.
Бацька на хаду даваў парады, якiя Карп слухаў пачцiва, але з нейкай сваёй думкай.
— Пайшлi б вы ўжо, княжа, да Азы, — сказаў ён. — Хвалюецца.
Калiдорчыкам прайшлi ў парадзiльнiк. Тут, у плеценым кашы, ляжала на аўсянай саломе чорная з белым сука iспанскай пароды i махала куртатым хвастом. Ля яе саскоў павiсквалi цёплыя шчанюкi.
Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Вялiзныя, усе ў дробных завiтках, чорныя вушы раскрылiся.
14
Шчыпец — пашча ў хартоў (паляўнiчы жаргон).
— Бачыш, — сказаў Алесю пан Юры, — на качак i цецерукоў лепшага не бывае. А якая акуратная. Не сабака, а арыстакратка.
— Я вазьму аднаго шчанюка, — сказаў Алесь.
— Ну вось, — сказаў бацька, — цяпер маеш усё. А iмя ёй будзе — Алма.
Хадзiць давялося доўга. Аглядалi палi, не вельмi добрыя. Аглядалi бровар i — здалёк — багадзельню. Ля сцежкi, што вяла туды, выпадкова падслухалi размову дзвюх старых. Стаялi, абапiраючыся на кii.
— Ты куды iдзеш?
— Га?
— Куды iдзеш, кажу?
— А-а… У анвалiдны дом.
— Ну i як там?
— Нiшто-о.
— Кормяць хаця добра?
— До-обра. Цэбар крупнiку дадуць на тыдзень, акрамя сухога, то хочаш адразу з'еш, хочаш — раздзялi.
I гэта размова сапсула хлопцу ўсю радасць ад Ургi, Касюнькi i Алмы. Не ўзнiмаючы вачэй, ён глуха спытаў бацьку:
— Гэта праўда, што iм адразу даюць?
— А што iм, дрэнна?
— Але чаму адразу?
Селi адпачыць у парку, на лаўцы з неашкураных бярозак.
Бацька пакручваў хвалiсты бялявы вус, з усмешкай паглядаў на сына. Яго загарэлы твар здаваўся алiўкавым ад рухомага ценю дрэў.
— Добры ты, сыне. Я вось купiў у матчынага траюраднага брата, у Кроера, цукраварню. Прыйшоў — аж работнiкi ўсе ў масках, каб не елi цукру. Гэта Кроер прыдумаў.
— Ну i дурань, — сказаў сын. — Я i чуў, што гадзюка.
— Ды i не ў тым справа. Нельга дазволiць такога здзеку. Што яны, быдла, гэтыя людзi, цi што? Я зняў… Але ж нельга
— Не.
— Патомных нешта каля дваццацi сямi тысяч, асабiстых — каля трох з паловай, але гэтыя не ў лiк. Дык вось, з гэтых дваццацi сямi тысяч маюць права голасу на выбарах у губернскi сход толькi пяцьсот восемдзесят два. А сялян у губернi восемдзесят сем тысяч пяцьсот шэсцьдзесят адна душа — па тры душы на аднаго дваранiна. Дробная шляхта — гэта бочка з порахам. Ненавiдзяць i нас, i сялян. А ў цябе з братам сем тысяч гаспадарскiх душ. Ты з часам дваццаццю дзевяццю тысячамі будзеш уладаць. Трэцяй часткай усiх душ губернi, не лiчачы тых, што за яе межамi. I калi будзеш даверлiва глядзець у драпежныя зяпы — жывога праглынуць.
— А нашто яна мне патрэбна, тая, трэцяя? — спытаў Алесь.
Бацька аслупянеў.
— Ну, хаця б для таго, каб быць добрым да большай колькасцi хрысцiян… Ты не Кроер, не Хаданскi, не Таркайла… Нашы людзi бога моляць, каб не трапiць ад нас да iх.
— Усё адно гэта нiкуды не варта. Хай добры ты. Хай добры буду я. А што, як памрэм? Яны ж тады сваякам пяройдуць, напэўна… тым. Куды ж такi парадак варты, калi чалавек не ведае, што з iм будзе заўтра? I людзi на вёсцы так гавораць i баяцца.
— З намi нiчога не зробiцца, — сказаў бацька. — Не тое перажывалi. Восемсот год за плячыма. I вера ў будучае. Я не баюся нi чумы, нi вайны, нi палiтычных забойстваў, нi руднiкоў. Хвала богу, усяго было. Горшага не будзе.
Памаўчаў, водзячы прутком па пяску.
— Справа ў тым, што ты належыш да самай дзiўнай суполкi на зямлi. У гэтага клана было славутае i грознае мiнулае, — але i тады ў яго не было iмя. У гэтага клана сучаснае, горш за якое цяжка знайсцi, i будучае, што губляецца ў тумане невядомага. Гэта грамада не мае свайго аблiчча — i пагражала калiсь ордэнскiм землям. У яе няма душы — i яна выклiкае магутны выбух сiл у кожнага суседа, што датыкнецца да яе. Тады яна дае такiя ўзлёты генiя, што ўсiх бярэ здзiўленне. Часам яна знiкае, як рака пад зямлёй, каб усплыцъ у зусiм нечаканым месцы, Штохвiлiнна гiне i адначасова жывучая, як нiхто. У цябе няма адзнак, i менавiта ў гэтым вялiкiя твае перавагi. Ты бязлiкi i ты мнагатвары, ты нiшто i ты ўсё. Ты кладоўка самых неверагодных магчымасцей. I ты ганарыся гэтым, ганарыся сваей магутнасцю, ганарыся тым, што ты — гэта ты.
Пан Юры паглядзеў на постаць сына i раптам спахапiўся:
— Ах, божа, ты ж яшчэ шмат чаго… Ды добра, добра… Я, цi разумееш, i гаварыць не магу. Не мая гэта справа, я чалавек просты. Вось паляваць ды сабачнiчаць — гэта ўжо iншае.
Зноў абмiнулi дом з серабрыстымi фантанамi iтальянскiх таполяў. Ад бакавога ўвахода ў яго цягнулася вузкая алейка. У канцы яе стаяў той круглы павiльён, што заўважыў Алесь, пад'язджаючы да Загоршчыны. Дах гэтага павiльёна перарываўся па кругу суцэльным шкляным акном, а вышэй шкла ўзносiўся зграбны круглы купал.
— Царква, цi што? — спытаў Алесь.
— Гэта карцiнны павiльён. Зрэшты, ты пакуль мала што яшчэ зразумееш. Я хачу табе паказаць толькi адну карцiну.
I ён адчынiў дзверы.
— Тут, брат, усё ёсць. Лепшая калекцыя толькi ў твайго дзеда… Вось глядзi.
Проста перад iмi вiсела на сцяне даволi вялiкая карцiна ў цяжкай, пацьмянелай ад часу залатой раме. На карцiне быў пейзаж, якiх не бывае — празрыста-блакiтны i няўлоўны.
— Мантэнья, — сказаў бацька, — славуты iтальянскi мастак.