Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
Матуля цалавала Алеся ў скроню, трымала за падбародак вузкай, да смешнага маленькай рукой, пытала — зрэдку па-французску, каб прывучыўся, — як спаў.
— Бьен, мадам, — адказваў ён, так пакутліва падбіраючы словы, што нават малому Вацаку рабілася смешна.
Елі аўсянку з малаком, яйкі ўсмятку, тарцінкі з маслам і сырам, тварог і мёд. Дарослыя пілі каву, дзеці — чай. З'яўляўся з аб'езду бацька, загарэлы, смяшлівы, сыпаў жартамі.
У рэкрэацыйнай чакалі ўжо Фельдбаўх і швейцарскі француз monsieur Jannot (гэтаму, як найбольш тандэтнаму, дазвалялася снедаць у сваім пакоі). І тут пачыналася пакута не пакута, а нешта
Гадзіна ішла за гадзінай. Алесь дзякаваў богу за тое, што англічаніна і настаўніка дзяржаўнай мовы бацька абяцаў запрасіць толькі ўвосень, калі прадасць ураджай. Часам словы трох моў блыталіся ў галаве, ў хлопцу хацелася толькі аднаго: каб сёлетні ўраджай быў дрэнны. Але ён адразу ўспамінаў Кагутоў, і яму рабілася сорамна. Ды хоць бы нават і дрэнны ўраджай. Не, яго, Алеся, ужо нічога не ўратуе… Усё адно стары Загорскі дапаможа, у яго грошай граблямі грабі.
Ад гэтых думак яго адрываў натхнёны голас гера Фельдбаўха, у якім гучалі нечаканыя для немца басовыя ноты.
Гувернёр стаяў перад сакратэрам у позе Гракха на форуме: рука выцягнута дагары далонню, вялікі палец адстаўлен убок. Твар ганарысты. Брушка наперад. Гэта ён граміў бязбожных рымлян, што задалі такой шкоды нямецкай айчыне:
— Eben darum st"ur-rzte sich German Cher"usc einem L"owen gleich auf den gr-r"aulichen Varus, den F"uhrer der ver-rf"uhr-rten Romanier. Und Teutoburger Wald wurde zum Fel-lde der deutschen Ruhmheit [18] .
"Як гэта лес мог стаць полем, — думала няшчаснае дзіця, — высеклі яго немцы, ці што? Магчыма, і так. Ад іх усяго можна чакаць. Немцы".
18
Таму Герман Херуск, льву падобна, р-рынуў на аг-гіднага Вара, правадыра р-разбэшчаных рымлян. І Таўтабургскі лес стаў пол-лем нямецкай славы (ням.)
…Бiў гонг, абвяшчаючы канец заняткаў. Вочы Фельдбаўха, якiя толькi што кiдалi блiскавiцы, зноў рабiлiся блакiтнымi i добрымi.
Пасля заняткаў на хлопца наводзілі вонкавы лоск. Гадзіна танцаў (акампаніраваў на лялечнай скрыпцы monsieur Jannot), якая была для малога пакутай, а пасля гадзіна верхавой язды ў манежы.
Падчас танцаў француз прывіваў дзіцяці вытанчаныя манеры, якія потым паспяхова разбураў грубаваты, як кожны аматар коней, містэр Крэбс.
— Шэнкелямі не цісні, шэнкелямі, кажу, не цісні. Не нервуй каня, сто тысяч д'яблаў і зарад карцечы табе ў задніцу… Як пaдаеш? Як пa-да-еш?! А яшчэ лорд! Лорд нават з каня падае прыгожа!
Непарушны англічанін да непазнавальнасці змяняўся, калі даходзіла да коней.
— Аз-зіяты! Хіба вам па-еўрапейску ездзіць?! Іначай вам ездзіць, вар-ва-ры. Ах-люп-кай, — з цяжкасцю вымаўляў ён чужое слова.
А потым шкоду, нанесеную англічанінам, зноў лячыў француз, і на заднім двары яшчэ гадзіну чуўся звон шпаг і буркатлівыя выгукі:
— Тэрца… Квінта… Не так… О месье, не так… Зноў у пазіцыю… Як вы стаіцё, месье? Вы трымаеце шпагу, як начны гаршчок, — пардон… Раз-два… О-ла-ла!.. У вас нечакана
Бадай, адно жалезнае, цалкам мужыцкае здароўе дазволiла Алесю вытрымаць усе гэтыя выпрабаваннi. Ён схуднеў, на нагах i грудзях выявiлiся зусiм не дзiцячыя мускулы, позiрк стаў пiльны i насцярожаны. Але затое ў руках усё часцей прарывалася новая, лёгкая i пластычная зграбнасць.
Можа, таму, што ён і раней добра біўся на палках — асабліва вялікімі былі поспехі ў фехтаванні. Ды і Крэбс, калі хлопец не чуў яго, усё часцей казаў:
— Будзе. Будзе наезнік.
Пасля купання аж да вечера быў вольны час. Але "вольны" было толькі словам. Абед быў не абед, бо ўвесь час даводзілася памятаць, які нож для чаго. Лёгка было толькі есці курыцу, бо гэта елі, як і ў Азярышчы, рукамі. Часцей за ўсё ён уставаў з-за стала галодны, і Халімон Кірдун, каб не звялося дзіця, цішком прыносіў яму ў пакой пад'есці. Са скрухай глядзеў на Алеся, уздыхаў па-бабску:
— За што ж табе, гаротны, пакуты? Божа лiтасцiвы, забiваюць дзiця. Жыўцом ядуць.
Толькі часам, вельмі рэдка, можна было ўцячы ў дворню ці ў асобны дамок, дзе жыў даязджачы Карп са сваёй жонкай Анежкай, і там адпачыць душой. Дзяцей у Карпа не было, і таму Анежка шкадавала паніча, частавала звыклым: арэхамі, праглымі на сланечкавым алеі.
Русая і сінявокая, такая распаўнелая і добрая, Анежка глядзела на Алеся і ціхутка падгалошвала:
— Еш, бедненькі, еш, зблажэлы ты мой. І нашто, каму гэта патрэбна, пакутніца ты мая Дарота? Па шкле цябе вадзілі, бедную, а яго па пакутах…
Гэтае падгалошванне было такое чуллівае, што з вачэй Алеся, ад шкадобы да сябе, самі сабой пачыналі падаць рэдкія і буйныя, як боб, слёзы.
Але і наплакацца ўдосталь не давалі. Толькі аджыў, як ужо шукаюць.
…Бацька вядзе па галерэі продкаў.
— Даніла Загорскі!.. Пэндзля невядомага мастака… Даніла ўзначальваў смяротны атрад пры Крутагор'і. Загінуў разам з усімі воінамі…
Ян Загорскі… Пэндзаль Сальватора Розы… Бадай, адзіны, які перайшоў у каталіцтва. Пасля страты зяця зноў удаўся ў схізму, быў пракляты папскім нунцыем і загінуў пры таямнічых абставінах…
Багдан Загорскі. Пісаў крукамі царкоўныя гімны…
Бадай, адзіным шчасцем Алеся было тое, што для бацькі гісторыя рода і геральдыка былі яшчэ больш нудныя, чым для яго. Таму ён і не мог перадаць сыну захаплення гэтымі небяспечнымі рэчамі.
Затое бацька зусiм змяняўся, заходзячы ў круглую карцiнную залу. Тут ён мог гаварыць i гаварыць. Блага цi добра, але ён даваў сыну частку таго запалу, якiм гарэла яго душа.
І ўсё ж найбольш цягнуў да сябе Алеся той самы "Хлопец з канём" Мантэньі. Было ў гэтай карціне нешта наіўна-прывабнае і мудрае.
І не ў тым справа, што хлопец быў — выліты. Ён, хаця і ў чужым заморскім касцюме, а конь — сапраўдны Урга, той самы Урга, які палюбіў яго, Алеся, больш за іншых, бо хлопец не абразіў яго нават празмерным недаверам на бар'еры, нават ганьбай шэнкеляў, калі конь разумее без іх, як яму трэба рабіць.
Не ў гэтым была справа.
Справа была ў тым, што праз лісце густа-зялёнай яблыні з залатымі пладамі глядзеў такі далягляд, якога не бывае на зямлі, далягляд невядомай блакітнай краіны, у якую спакойна і ўпэўнена крочылі чалавек і белы конь.