Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
Алесь маўчаў і так. Яго краналі не словы, а проста мёртвы сон камянёў, дрэў, будыніны, якую абкружалі, сціскалі дубы.
— Тут было паганскае капішча, — сказаў нарэшце бацька. — Якому богу яны маліліся — ніхто не ведае. Бо з іх не ўцалеў ніхто… Яны пакінулі гэтыя камяні і гэты серп маладзіка і зніклі, як аблокі. Тут яны збіраліся, а гэты камень і чаша на ім былі, відаць, ахвярнікам. Колькі год так было — невядома. А потым з Полацка прыйшоў Дняпром бліжні дружыннік Глеб, і тады гэтыя людзі ўбачылі кроў. Не варта было, калі не хацелі крыжа? Вядома. Але хто звяртаў увагу
Бацька памаўчаў.
— Тут было раней два рады камянёў. Вонкавы ўзялі і залажылі ў падмурак будынка. Але потым Глеб раздумаў. Відаць, таму, што тут быў такі спакой і нельга было не палюбіць гэтага месца. Таму ён проста загадаў асвяціць галоўны камень вобразам пастыра, але тых камянёў з падмурка не выняў. Ты іх можаш убачыць… Спачатку пабудавалі першую частку будыніны, самы ніз. Другую трэць надбудавалі праз трыста год, калі ўжо і косці Глеба згнілі ў Куцеянскіх пячорах. Вежкі надбудавалі яшчэ праз дзвесце год… І вось усё гэта стаіць: камяні на беразе става, дубы, што ў тры разы маладзейшыя за іх, і камяніца.
— Што гэта? — спытаў Алесь.
— Гэта магільня Загорскіх, сыне.
Бацька павольна адхінуў траву ад вобраза пастыра.
— Калісьці мы, напэўна, маглі быць вялікія, але не здолелі. Наша палітычнае быццё скончылася. У нас — толькі магілы. Толькі адны магілы, раскіданыя па гэтай зямлі. Курганы на беразе Дняпра, капцы на сялянскіх могілках, твая і мая магільня, сыне… Вось яна…
Моўчкі, быццам усё было сказана, яны пайшлі да магільні.
Бацька адчыніў дзверы. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. У нішах, пад замком, ляжалі скруткі нейкіх дакументаў, кнігі ў драўляных вокладках. Паміж імі стаялі срэбныя каўчэгі для асабліва важных манускрыптаў.
Бацька зняў з цвiка доўгую гнуткую кальчугу.
— Бачыш, гэта пра яе сказаў Сімяон Вежа: "Бог сведка, тады было гора. Я сам бачыў чалавека, у якога на кожным дробным кольцы кальчугі была выбіта назва месца, дзе яны рабіліся: сутычкі і сечы, змовы і паядынкі… Чалавек той быў мой бацька".
Кальчуга пералівалася ў руках бацькі.
— Бачыш, на грудзях і жываце ніводнага вольнага кольца…
Па каменных плітах падлогі пан Юры прагрукаў да адной пліты, у якой было кольца.
Пашча ямы адкрылася перад імі. Прыступкі вялі ўніз. Пан Юры першы спусціўся туды. Працягнуў Алесю руку.
Потым унізе пыхнула губа, а за ёю кнот тоўстай і высокай, у рост хлопца, чырвонай свячы ў нізкім свечніку.
Глыбокае і вузкае памяшканне было паточана на сценах нішамі, падобнымі да пячных чалеснікаў. Частка іх, не больш трэці, была закрыта — гэта былі месцы пахавання. Налой з евангеллем, свяча і нішы — больш нічога. Ды яшчэ на столі старая чырвоная фрэска: архангел з мячом у адной руцэ і царквою на далоні ў другой.
— Вось, — сказаў бацька. — Гэта ўсё яны. Гэта ніша Акіма Загорскага. А тут яшчэ дзве пустыя. Старога Вежы і мая…
Яму
— У наступную… палажы гэта.
Ён выцягнуў з-за пояса жалезную скрыначку, тую самую, у якую клалі сёння сажу.
— Ідзі, — сказаў ён. — Праз сто год гэта пакладуць табе пад галаву.
Алесь падышоў да цёмнай нішы і засунуў у яе куфэрачак.
— А цяпер ідзі сюды.
Яны стаялі ля свечніка. Бацька апусціў руку на плячо сына.
Полымя свячы рабіла ягоны твар суровым, бадай велічным. Толькі гэта давала Алесю змогу не адчуваць гідоты і пратэсту супраць усяго, што тут рабілася, супраць самай думкі пра трэцюю нішу.
— Паўтарай за мной, хлопчык, — сказаў бацька.
— Добра, — шэптам сказаў Алесь.
— Я прыйшоў да вас, — шэптам сказаў бацька.
— Я прыйшоў да вас.
— У мяне няма нічога, акрамя вас.
— У мяне няма нічога акрамя вас, — ужо больш цвёрдым голасам паўтараў малады.
— У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
— У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
Бацька выпрастаўся, як ад нейкага натхнення.
— Я клянуся любіць вас.
— Я клянуся любіць вас.
— Я клянуся абараняць вашы магілы мячом і зубамі, нават калі мая магіла будзе далёка ад вас.
— Я клянуся… далёка ад вас.
— Бо я ўсё адно буду тут, з вамі. Ба мяне нельга аддзяліць ад вас.
— Бо я… з вамі… Бо мяне нельга аддзяліць ад вас.
— Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
— Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
— Аман.
— Аман.
VII
Лёгкі звон рынуў з вышыні званіцы на цвінтар, на людзей, што выходзілі з царквы, на навакольны парк. Званіца стаяла наўздалёк ад стройнай, са святла пабудаванай царквы, і ў вяроўках званоў біўся, як муха ў павуцінні, клышаногі званар Давід. Дзярбаніў і падцілінкваў так, што званіца як не бурылася.
А з царквы насустрач сонечнаму ліпеньскаму дню выходзілі людзі.
Алесь ішоў недзе пасярэдзіне працэсіі.
— На тваім пострыгу будзе хлопец, якому дадуць трымаць тваю пасму, — сказаў бацька. — Потым ты аддзячыш яму тым самым. Гэта азначае, што вы ўжо ніколі не будзеце ворагамі. Не маеце права.
— А калі і сябрамі не будзем?
Бацька легкадумна засмяяўся.
— Ніхто не прымушае. Але я думаю, вам будзе добра разам. Гэто ўжо маці і я пастараліся. Гэта сын майго лепшага друга, нябожчыка, — мяккая яму зямля, — Мсціслаў Маеўскі.
І вось цяпер Алесь ішоў і напружана чакаў, які ён будзе, гэты невядомы хлопец, з якім яны цяпер не маюць права быць ворагамі. Тое чаканне прымусіла яго быць няўважлівым да царквы і да набажэнства. Помніў толькі суровыя, нечалавеча вялікія вочы анёлаў, іхнія трошкі азызлыя твары і нясмелыя, уседаравальныя ўсмешкі. Помніў застылыя ўсплёскі іхніх крыл над яго галавой і незразумелыя па колеры, — ці ружовыя праз блакітнае, ці блакітныя праз ружовае, — складкі адзенняў. Помніў пералівістую, фіялетавую з золатам фелонь папа і тое, як падала ўніз ягоная епітрахіль — проста, бы драўляная.