Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
I, скоса пазіраючы на Фельдбаўха, які абапіраецца на лёску, як на шпагу, Кірдун бурчыць пад нос:
— Das ist ihm Wurst… Гэта яму каўбаса, ці ведаеце… I ўсё "нюх" ды "нюх"… Нюх ты і ёсць нюх. Нюхала нямецкае… Каб цябе ўжо на тым свеце так чэрці нюхалі смярдзючымі сваімі насамі.
Кірдуну зусім дрэнна. Але спраўна грукоча гармата, a то і тры, гледзячы на тое, які госць зварочвае на алею.
…Гэта яшчэ хто? Шарабан старэнькі, конь ледзь перастаўляе відавочна парэпаныя капыты. I тут мужык-запальшчык адказвае:
— То ж гэта высакародны пан Мнішак едзе на сваім Панчоху.
Ну, гэтаму хопіць і аднаго стрэлу.
…А гэта? Пара сытых коней. Тарантас лакіраваны. Ага,
…Карэта шасцерыком. Коні ў яблыках. Гэтыя, відаць, рэйнвейн п'юць, як пан Юры ў Кёльне, і хоць коні не чыстакроўкі…
— Страляй… Страляй з усіх чатырох. Хаданскія коцяць!
A немец стаіць. A немец чорт ведае чаго сюды прыцягнуўся. Мог бы стаяць сярод гасцей, — не, собіла яму, нюху праклятаму.
…Кірдун глядзіць на тэрасу, бачыць там фігурку маладога Загорскага, і жаль працінае яму сэрца, прымушаючы і пра немца забыць… Божа мой, нашто гэта? Дзіця цэлы дзень на нагах!.. Мораць, забіваюць дзіця. Паны і ёсць паны. Немец, відаць, усё ж не самы горшы… Прынамсі, любіць паніча, не мучыць яго, як тыя… Тое, што ён мяхом стукнуты — гэта ўсё лухта: без радзімы таксама, гаротны. A без радзімы хто хочаш ашалее… Таксама пашкадаваць трэба… Тым больш бясшкодны зусім, паскудстваў нікому не чыніць. Толькі што прыйдзе ўвечары да аканомкі і просіць: "Гнедзіге фрау… Айн гляс шнапс…" [21] Лузне сабе, бедалага, ды і пойдзе… I правільна кажа, бо ў немцах амаль усе жанчыны гнядыя, a аканомша — вылітая немка. Гнядая і ёсць… Толькі б тут не стаяў, a так зусім прыстойны немец… I паніча любіць… Чорт з ім, няхай стаіць, калі гэта яму цацкі… Немцы, яны немцы і ёсць. Усе чыста — як дзеці. Толькі б ім грымела ды блішчала… Так бы і гулялі ў салдацікі да сівых валасоў… Але ж як там дзіця?.. Беднае дзіця!
21
Дастойная фрау… Шклянку шнапсу… (ням.)
Алесю і сапраўды даводзілася цяжкавата. Ён стаяў на тэрасе, адступіўшы на некалькі крокаў ад дзвярэй y дом, так што кожны госць павінен быў прайсці непадалёку ад яго. I з кожным трэба было раскланьвацца. Бацькі стаялі далей, яны абменьваліся з кожным парай слоў, усміхаліся, — ім было не да яго, ён быў нешта накшталт перадавога паста, высунутага ў самае размяшчэнне ворага — enfant perdu, загубленае дзіця.
— Bonjour, madame [22] .
Мадам сто год. На руках y яе абрыдлівая, кірпатая балонка. Мадам мінае яго, і ён чуе, як яна кажа маці:
22
Добры дзень, мадам (франц.)
— Il est charmant [23] .
Часам на адну хвіліну да яго падыходзіць, каб памагчы, француз: шэпча, якога госця ён павінен сустрэць зараз, ці павінен сказаць яму некалькі слоў.
Некаторыя з гасцей выклікаюць y яго агіду. Па сваёй ахвоце ён ніколі б не паехаў да такіх y госці. Так і хочацца сказаць:
— Je faut que r`ecurez la maison de votre pr'esence [24] .
Але так нельга. I ён паважна схіляе галоўку з падплоенымі на канцах валасамі, робіць рукой гасцінны жэст і кажа:
23
Ён
24
Трэба, каб вы аслабанілі дом ад вашай прысутнасці (франц.)
— Bonjour, monsieur.
Бацька бачыць усё гэта аж занадта добра. У самай спіне хлопчыка невыказная пакута. Але ён усміхаецца і шэпча маці:
— Глядзі, што ён вытварае… Les merweilles gymnas tiques [25] .
Падыходзіць пан Мнішак… Гэтага шкада… Такі стрыманы гонар y вачах, і такі змучаны твар… Кажа нешта па-польску… Зразумець нельга, хаця гукі і некаторыя словы падобныя…
A вось гарматы грымнулі тройчы. Лёкай абвяшчае недзе пад тэрасай:
— Віцэ-губернатар, іх яснавяльможнасць граф Ісленьеў.
25
Дзівосы гімнастыкі (франц.)
На тэрасу падымаецца гнуткі і станісты стары ў мундзіры палкоўніка. У старога сівыя бакенбарды і зусім малады, без ніводнай зморшчынкі, румяны твар з яснымі вачыма.
Пра гэтага Алесь ведае. Выпадкова чуў размову бацькоў.
Граф не зробіць кар'еры. У яго занадта многа сваякоў, замешаных y той няшчаснай гісторыі, — пра яе ніхто толкам не ведае, яна адбылася год за трынаццаць да Алесевага нараджэння, — калі "ныне здраўствуючы" цар страляў з гармат па людзях. Невядома, што хацелі рабіць тыя людзі. Але стары прыемны. I ён не мучыць яго, Алеся. Ён ласкава, са старамоднай галантнасцю ківае яму галавой і адразу праходзіць да бацькоў.
Голас маці, y якім, як заўсёды, гучаць бездапаможныя інтанацыі. Яна пытае графа… Нешта аб пераводзе ў Вільню… Граф стрымана смяецца:
— Мне добра ў вашым доме… Рыцарства заняпала. Яго няма. Мы з вамі, як дрэвы на лядзе. Іх пакінулі выпадкова побач, і яны радуюцца гэтаму. Чаго яшчэ патрабаваць ад жыцця? Спадзяюся, ваш малады князь будзе, як вы.
— Я спадзяюся, што ён будзе лепей за нас, — строга адказвае бацька.
Іх не можа чуць ніхто. Іх не чуў бы і Алесь, каб не яго выключны слых, аб якім яны не ведаюць.
…Ідзе цэлая кампанія: поўны сівы чалавек y бездакорным фраку, старая ў чорных карунках і хлопец, можа, гады на два старэйшы за Алеся.
— Граф Мікіта Хаданскі!.. Графіня Альжбета Хаданская… Граф Ілья Хаданскі.
У старога графа паблажлівы, — бо не прыродны, a прыдбаны выхаваннем, — выраз на поўным, сінім ад брытвы абліччы, такі выраз можна бачыць на старых партрэтах. Ён ні да чаго не абавязвае, гэты выраз. Румяныя вусны завучана ўсміхаюцца, — нават ямачка амура на адной шчацэ. Відаць, быў y свой час селадон, ведаў сабе цану.
Калі спытаць аб такіх — добразычлівы чалавек толькі і скажа: "Il a de l'esprit" [26] , таму што больш y заслугу ім сказаць няма чаго.
Графіня пабляклая, з прыпухлымі вачыма. Адразу відаць, што злая румза. Алесь чуў і пра яе. Дворня казала. Казала, што з "людзьмі" капрызная, бо ўсё жыццё плача аб першым сыне, які памёр немаўляткам.
Затое Ілья Хаданскі нічога сабе. Гэткі звярок, рухавы, спрытны, гарэзлівы. Вочы сінія і дурнаватыя, як y кацяняці, валасы залацістыя. Такім галубоў ганяць.
26
Ён дасціпны (франц.)