Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
I ён не ўзяў рукi, хоць i ведаў, калi не возьме, бацька будзе пакутаваць у падпеччы асаблiва доўга: ноч, дзве, магчыма, нават тры.
Ён сядзеў над старым амаль да ранiцы. I той увесь час стагнаў i ўсё часцей i часцей пачынаў нема крычаць. А Марка сядзеў над iм i плакаў ад жалю.
Перад свiтаннем ён устаў. Ен вырашыў. Вядома, тое, што ён хацеў зрабiць, пагражала яму, Марку, апраметнай i вечнымі пакутамi, але ж за адну хвiлiну рабiла бацькаву душу вольнай ад кiпцюроў нячыстага.
Усе ведалi, што пакутнiцкая смерць, ды яшчэ ад рукi блiзкага, адразу нiшчыць уладу цёмнай сiлы. А хто ж блiжэй Раману, як не ён?
Ён пайшоў на прыгуменне i прынёс вiлы.
. . . . . . . . . . . . .
Даведаўшыся, Загорскi пачаў судзiць сябе i забойцу. Так, гэтаму варварству i дзiкунству няма апраўдання. Але ж хто вiнен у тым, што гэтыя людзi дзiкуны? Дзяржава, якой ёсць да iх справа толькi ў часы мяцяжу? Уладары над душамi, якiм ёсць да iх справа толькi пасля жнiва? Адкуль iм ведаць асновы свету, што вакол iх? Царква крычыць iм аб апраметнай, паданнi пагражаюць д'яблам i ведзьмакамi.
Вось і суду толькi цяпер будзе справа да Маркi.
I чым дапамог гэтым сваiм людзям ён, Акiм Загорскi? Не забiваў, не рабаваў, бо не меў у гэтым патрэбы. Але што агульнага памiж Маркам i iм, якi ганарыцца тым, што наведаў у Фернэ Вальтэра? Гаспадар i мужыкi — жыхары розных светаў.
I хутка ад усiх разважанняў у яго сэрцы засталося толькi разуменне таго, што суд зробiць кепска i ён, Загорскi, не здолее нiчым перашкодзiць. Сляпыя судзiлi сляпога.
Таму Загорскi ўсiм сваiм уплывам цiснуў на судовых, i прысуд быў мяккi: дзесяць год катаргi.
…Марка з Сiбiры не вярнуўся. Данiла, i той даўно стаў дзедам. Памерла iмператрыца, i сын, і адзiн з унукаў яе. Памёр i Акiм Загорскi. Амаль забылася i здарэнне з лазняй, а потым i лазню злiзаў Дняпро. Быццам i не было нi людзей, нi закуранай нiзкай будынiны на беразе. Толькi груша…
За ёю ляжалi прыдняпроўскiя адхоны, вёскi, пушчы i мястэчкi. За ёю стаялi замшэлыя замкi, чорныя хаты i старажытныя белыя званiцы.
А груша цвiла апошнi год. Дняпро падбiраўся да яе спакваля, як разбойнiк. Гэты апошнi год яна стаяла толькi сiлай сваiх карэнняў, умацаваўшы iмi сабе паўкруглы фарпост.
Чарговая з мiльёнаў паводак якiя бачыў Дняпро, спадала. Наступная павiнна была кiнуць дрэва ў хвалi, разам з квеценню. Але яна не ведала аб гэтым. Яна цвiла ў вiраваннi пчол, i пялёсткi падалi на быстрыню ракi.
II
Дняпро цячэ мiж высокiх берагоў спакойна i ўпэўнена, вымываючы з-пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад iх: наздраватыя вапнякi, чырвоныя з лiловым адценнем плiткi жалезняку i векавечныя, варажскiх часоў, дубы.
Яны чорныя, як косць, гэтыя мораныя дубы. Як абгарэлая чорная косць. I калi бачыш на водмелi напаўзанесенае пяском мокрае бервяно — адразу становiцца зразумела, адкуль узяў народ паданне аб волатах, што спяць, засыпаныя жвiрам i заплеценыя травой, спяць, пакуль не прыйдзе час вялiкай бяды i пакуль iх не паклiча народ.
…Бяда прыходзiла шмат разоў, а яны не ўваскрасалi. Можа, сапраўды скамянелi, як тыя дубы?
Хто ведае?
Але плыве i плыве вялiкая рака. Нас не было, а яна ўжо несла свае хвалi мiма заток, пушчаў i буславых гнёздаў.
…У той майскi дзень на пясчаным адхоне, пад той самай грушай, якой канчаўся цяпер Кагутоў надзел, сядзела чародка дзяцей — тры хлапчукi i дзяўчынка.
Толькi два старэйшыя — кожнаму год па адзiнаццаць — сядзелi, абкруцiўшы клубы кужэльнымi сарочкамi. Трэцi, сур'ёзны мужычок год васьмi, i дзяўчынка, яшчэ гады на два маладзейшая за яго, былі зусiм голыя, але нiколькi, вiдаць, не саромелiся з гэтай прычыны.
З гэтых чатырох два галышы i адзiн трохi адзеты былi вельмi падобныя. Залацiстыя зблытаныя валасы, дзiкаватыя светла-сiнiя вочы i, нягледзячы на дзiцячую рэзкасць, нейкая асаблiвая, няспешная ладнасць у рухах. Кожны, паглядзеўшы на iх, сказаў бы:
— Кагутова племя.
Чацвёрты быў зусiм непадобны на iх. Больш тонкi. Цёмны скурай. З простым носам, як астатнiя тры, але з крутымі ноздрамi. Са спакойным, не па-дзiцячаму цвёрдым ротам.
Ён i сядзеў неяк больш вольна i лёгка. Каштанавыя, вельмi iскрыстыя пад сонцам валасы гэтага хлопца ляжалi буйнымі хвалямi. Цёмна-шэрыя шырокiя вочы спакойна глядзелi на iмклiвую плынь Дняпра.
Нiчога не было на гэтай плынi, нi ветразя, нi чарады качак, i таму гэты занятак хутка абрыдзеў шэравокаму. Ён лёг на спiну i звярнуўся да суседа:
— Пойдзем яшчэ ў ваду, Павёлка?
— Здурэў, Алесь? — салiдна сказаў Павал. — Пачакай, усю ж ваду скаламуцiлi.
Вада ў Дняпры была яшчэ халаднаватая, i таму сябры выбралі для купання невялiчкую затоку, добра прагрэтую сонцам. Купалiся, вiдаць, зусiм нядаўна, бо валасы ў iх былі мокрыя.
— Горача, халера на яго, — уздыхнуў Алесь i апусцiў чорныя вейкi. — Пойдзем праз тыдзень на Равеку. Стафан там надоечы во якога акуня выхапiў.
Павал маўчаў.
— Ты што маўчыш, Павёлка? — сказаў Алесь. I, ужо ўстрывожаны, убачыў, што ў сябра дрыжаць вусны. — Ты чаго, Паўлюк?
— Праз тыдзень цябе, магчыма, тут не будзе, — глуха сказаў Павал.
— Во, дурына. Куды ж гэта я падзенуся?
— Сёння ранiцай — ты якраз апошнi воз гною на Нiзок вазiў — прыязджаў Карп з маёнтка. Сказаў, што паны пагаворваюць: маўляў, досыць. Маўляў, цяжка Мiхалу Кагуту без нашай дапамогi, i час браць Алеся… Гэта каб за цябе бацька "пакормнае" i "дзядзькавое" [3] атрымаў…
У вачах у Алеся з'явiлася трывога. I адразу ж знiкла, саступiўшы месца рашучасцi.
3
Па старому, часоў унii, звычаю, якi амаль знiк у XIX ст., беларускiя паны аддавалi сыноў на "дзядзькаванне" (выхаванне) у сялянскiя сем'i.