Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
— Зноў Грыма?! — пагрозліва спытаў Гедымін.
І тады, разумеючы, што ў такі момант гнеў гэтай падлы можа каштаваць Усяславу тройкі за паводзіны, Пятрок Ясюкевіч узвысіў свой мілагучны, бы музычная скрынка зайграла, голас:
— Прабачце, пане настаўнік. Гэта я.
— Што такое? — бледна-блакітныя вочы Гедыміна дапытліва глядзелі ў нявінныя, шчырыя вочы Петрака.
Вочы ў Ясюкевіча не ўмелі хлусіць. Як бы ён ні сваволіў, яны былі простыя і сумленныя, гэтыя вочы. Такому хлопчыку магла б паверыць і пусціць яго ў дом нават самая багатая з касцельных дэвотак.
— Ну? — трохі больш мякка сказаў Гедымін.
— Я выпадкова наступіў
— Што ён сказаў?
— Плакаць будзеш зараз… Нядбайла, — аддана і проста сказаў Пятрок.
— Д-добра, — памякчэў Гедымін. — Маеце шчасце, Грыма.
Падумаў.
— А за тое, што ўжываеце мужыцкую гаворку — будзеце мець клопат, Ясюкевіч. Пяцьсот разоў перапішаце гэта па-французску, руску і нямецку.
— Па сто шэсцьдзесят шэсць і дзве трэці раза на кожнай мове, — прыкінуўшы, шэптам сказаў Мацей Біскуповіч. — Як з двума трэцямі быць, га?
— Дзякуй, Пятрок, — на гэты раз шэптам сказаў Грыма. — Танна вылез.
Сашка Волгін, Алесеў цёзка, падміргнуў Грыму:
— Нішто. Выручым.
Сашка вызначаўся з усіх фенаменальнай здольнасцю падрабляць руку кожнага чалавека так, што той і сам не адрозніў бы.
— Гімназісты славутай нашай гімназіі, — ціхім і прачулым голасам, які аж дрыжаў ад хвалявання, пачаў Гедымін. — Вялікае гора напаткала нашу краіну. У бозе пачыў наш імператар, наш палкаводзец, гаспадар рускай зямлі, Мікалай Паўлавіч, чалавек вялікай духоўнай моцы, дабрадзей усяго нашага народа, зіждзіцель светлага храма нашай будучыні і, пакуль што, самая светлая асоба нашай гісторыі пасля Пятра Вялікага.
— "Пакуль што", — буркнуў Грыма.
— Ліс, — з нянавісцю гледзячы на Гедыміна светлымі вачыма, сказаў Сашка. — Пры кожным выпадку такое кажы — не памылішся.
Голас у Гедыміна сарваўся:
— Рускі народ у журбе і тузе.
— Сашка, — шапянуў Алесь, — ты ў журбе ці, можа, у тузе, га?!
— У вялікай, — усхліпнуў Сашка. — Проста рыдаю. Харошы быў чалавек. Хрысціянін. Даўгі за Пушкіна паабяцаў заплаціць, калі той на ложы смерці выспавядаецца і святыя дары прыме… Заплаціў…
Гедымін глядзеў некуды ўгору вычыма, у якіх аж трапяталі сардэчнае замілаванне і скруха.
— Ён тужыць бязмерна… наш… рускі… народ…
— А каб ты спрах! — ціха сказаў Сашка.
Грыма штурхнуў яго пад рабрыну:
— Цс-с, пасадзяць у карцэр — хто тады паможа?
Алесь ціха смяяўся. Ён ведаў, што гэта Волгін быў завадатарам гісторыі з Гедымінавай радаслоўнай. Сабралося некалькі хлопцаў і склалі жартоўнае "дрэва годнасці" настаўніка, дзе сама менш сем продкаў былі ўсе хто хочаш, толькі не рускія, а бацька — паляк. Потым Сашка напісаў ліст почыркам Гедыміна. А ў лісце было пакаянне ў тым, што вось да гэтага часу ён, Гедымін, толькі вонкава трымаўся праваслаўнага абраду, а сам лічыў яго за ерась і схізму і не хоча больш губіць сваю неўміручую душу. Тым больш што ягоны, Гедымінаў, бацька быў паляк і ўсё жыццё змагаўся з няправеднай справай мітрапаліта літоўскага Ёсіпа Сямашкі, які злашкодна і падступна вынішчаў унію. І што ён, Гедымін, у гэтым дастойны сын свайго бацькі і просіць лічыць яго надалей католікам, тым больш што ў яго, Гедымінавым, дваранскім гербе ёсць крыж. А, усім вядома, калі ў гербе ёсць крыж — гэта азначае, што продак быў выхрыстам.
Ліст з радаслоўнай накіравалі віленскаму папячыцелю і сталі чакаць, што з гэтага будзе.
Папячыцель паверыў. Яму здалося, што Гедымін з'ехаў з глузду. Ён выклікаў "рымскага каталіка і нашчадка выхрыстаў" да
Завадатараў свавольства шукалі, але не знайшлі.
…Настаўнік тым часам дабраўся да апошніх хвілін "хрысціяніна". Голас дрыжаў, рукі, ускінутыя на ўзровень твару, далонямі да яго, калаціліся, нібы вось-вось маглі ўпасці на вочы, каб ніхто не ўбачыў слёз, ды толькі жахлівае намаганне волі трымала іх.
— Ён кіраваў, як сапраўдны ўладар, ён жыў, як чалавек, ён любіў супругу, як хрысціянін… А адыходзіў да продкаў, — Гедымін зрабіў разгублены жэст рукамі, — як нібыта сумясціўшы ў сваім апошнім слове ўсе свае якасці. Я не пабаюся нават сказаць іпастасі. Слухайце гэтыя словы… На ложы смерці ён сказаў сыну і спадкаемцу свайму… "Служы Расіі, сын мой! Я хацеў узяць на свае плечы ўсе цяжкасці, каб пакінуць табе вялікую дзяржаву, спакойную, упарадкаваную, шчаслівую. Але вышэйшая воля меркавала іначай".
Гедымін паклаў руку на горла.
— Ён ляжаў на сваім простым ложы, накрыты салдацкім плашчом… Вы ведаеце, ён заўсёды спаў, як просты воін. Ён усё жыццё не накрываўся нічым іншым. І гэты плашч увойдзе ў гісторыю нароўні — не, вышэй! — з трывуголкай Напалеона, з ягоным шэрым паходным сурдутам, з простым кіем вялікага Пятра, з сядлом пад галавою Святаслава… Плашч… простага… салдата!
Рыданне раздзерла горла настаўніка.
— І ён сказаў сыну свае апошнія словы… "Вучыся паміраць…" — Гедымін зрабіў доўгую паўзу. — Вы чуеце гэтыя словы?! Гісторыя запіша іх на свае скрыжалі!.. "Вы-чы-ся па-мі-раць!", "Вучыцеся паміраць" — вось які апошні запавет ён пакінуў нам, панове.
Слёзы тачыліся праз карцінна прыціснутыя да аблічча рукі настаўніка…
Тры месяцы прайшло з таго часу. Далёка ад паўночнай магілы "чалавека і хрысціяніна", не даходзячы да яе нават водгуллем, густа-густа падалі бомбы на бухту, магілу флоту, і горад, магілу велічы.
І яшчэ на шматлікія магілы людзей.
Бо нехта вучыў паміраць, а не жыць.
Аддалі Малахаў курган. Пайшлі з Севастопаля.
Расплаціліся за ўсе дзесяцігоддзі, у якія распіналі ўсё як ёсць маладое, смелае, годнае.
А, між тым, апошніх слоў імператара, за якія так распіналіся тысячы гедымінаў, зусім не было. Іх прыдумалі потым, каб людзі вучыліся гінуць, не наракаючы.
XXVIII
У жніўні тысяча восемсот пяцьдзесят пятага года да Алеся, які ў гэты час жыў у Вежы, прыскакаў з Загоршчыны Логвін, прывёз ліст у грубым пакеце з шэрай паперы.
"Дружа, — пісаў Каліноўскі. — Я скончыў сваю мачыху-прагімназію. Еду паступаць у альма матэр. У Маскву. Хацелася б убачыцца з табою, ды толькі ведаю: немагчыма. Трохі-трохі падзарабіў, атрымаў у начальніка губерні пашпарт і падарожную за нумарам пяцьдзесят шостым. А ў ёй — усё. Двухгаловая курыца, рубель срэбрам гербавых зносаў, прыкметы (аблічча — авальнае, цяжкае, год — семнаццаць, рост — сярэдні, валасы — цёмна-русыя, бровы — чорныя, вочы — сінія, нос і рот — памяркоўныя, трохі велікаватыя, падбародак — звычайны, — распісалі, хоць ты на Ветку, да раскольнікаў, уцячы, і то знойдуць). Такая лухта! Пачынаецца падарожная, як выявілася, словамі: "Па ўказу яго Вялікасці гасудара імператара Аляксандра Мікалаевіча…" Аж во як! Нібыта кожнага з падарожных ляпае па плячы: "Едзь, братка, шчаслівай табе падарожы".