Кар'ер

на главную

Жанры

Поделиться:

Кар'ер

Шрифт:

Раздзел першы

Агееў толькі прачнуўся, як сон ужо знік; ён зразумеў гэта, хвіліну паляжаў ціха, з заплюшчанымі вачмі, нібы баючыся прагнаць рэшту дрымоты.

Некалькі апошніх дзён ён стаў прачынацца рана, калі яшчэ не пачынала світаць і парусінавы верх палаткі чарнеўся па-начному глуха, а навокал ляжала цішыня, якая бывае глыбокай ноччу або перад світаннем. Было халаднавата, ён гэта адчуў шорсткай ад шчаціння скураю твару, схаладнелай макаўкай галавы. За лета ён так і не прывык залазіць у спальнік з галавой — вечарам у тым не было патрэбы, палатка доўга хавала назапашанае за дзень цяпло, толькі на зыходзе ночы, перад світаннем, калі выпадала раса і верх палаткі набрыняў стылай вільгаццю, рабілася халадней. Зноў жа, на галаве ў Агеева даўно ўжо не было таго жорсткага непакорнага чуба, што ўпрыгожваў яго ў маладосці. З гадамі валасы парадзелі, страцілі былую пышнасць, сталі даўжэйшымі залысіны, галава зрабілася чуйнай да сцюжы.

Што ж, напэўна, усё як мае быць у жыцці.

Уставаць было ранавата, ды і не хацелася вылазіць з нагрэтай за ноч утульнай цеснаты спальніка, ён ляжаў так, з заплюшчанымі вачыма, дрымотна прыслухоўваўся да ледзь чутнага ў цішы пошуму голля на дрэвах паблізу. Пошум роўна плыў з-за каменнай агароджы могілак. Гэты ціхі, калі спакойны, а калі трывожна-настырны пошум лісця суправаджаў яго сон кожную ноч, часам крыху сціхаючы, але пад ранак ён звычайна рабіўся мацнейшы, неспакойны ці нават трывожны. Агееў ужо прывык да таго за лета, амаль не заўважаў яго — шум стаў часткай яго цішыні і яго працяглай адзіноты каля гэтых могілак на пагорку ля закінутага кар'ера.

Воддаль, за дарогай, у крайніх дварах пасёлка віскліва забрахаў сабачка. Агееў ведаў яго, часам той прыбягаў да яго адзінокага стойбішча, спыняўся здалёк, назіраў за ім ля палаткі, яўна чакаючы пачастунку. Агееў сабак не любіў з дзяцінства, і, хоць адносіўся да іх без асаблівай злосці, тыя заўжды адчувалі яго нядобразычлівасць і дужа не набіваліся на знаёмства. Сабачка пабрахаў нядоўга, магчыма, на ката ці на птушку ў садку і сціх, а Агееў пачаў чакаць іншых гукаў, якія ўзнікалі сям-там на світанні. Звычайна раней за іншыя ў чуйнай ранішняй цішыні раздаваліся прыглушаныя далечынёй хрыплыя вокрыкі — гэта гаспадыня высокага, пафарбаванага ў канарэечны колер дома выпраўлялася даіць і, мабыць, помсціла карове за нейкія свае крыўды ў жыцці, нярэдка злосна лаялася, непрыкметна парушаючы тым лагодны спакой летняга ранку. Некалькі разоў Агееў бачыў яе ў двары за плотам, гэта была не старая яшчэ, таўставатая, з упэўненымі манерамі хатняй кіраўніцы, з басістым голасам цётка, апранутая раніцой у заношаную ватоўку. Сёння, аднак, голасу яе не было чуваць: пэўна, заспала гаспадыня гэтага расфарбаванага дома. Трошкі навастрыўшы слых, ён адплюшчыў вочы — нізкі верх маленькай яго палаткі ўжо яўна выступаў з прыцемкаў сваімі дробязямі: матузамі шнуроўкі на выхадзе, размытымі, невядома якога паходжання плямамі на парусіне; у самым каньку матава свяцілася невялікая, з грывеннік, дзірачка, нядаўна прапаленая вугальком з кастра. Гэта ўжо надыходзіла раніца.

Пэўна, трэба было ўставаць, брацца за справу. Але да таго, як пачаць выбірацца са спальніка, Агееў паспрабаваў вызначыць чысло і не адразу, з намаганнем сцяміў, што сёння першае або нават другое жніўня. Дні тыдня ён памятаў добра, звыкла адчуваючы сутачную хаду часу, а чыслы… У гэтай справе звычайна памагалі газеты, але апошнія некалькі дзён, заняты работай у кар'еры, па газеты ён не хадзіў, транзістара не меў і вось зблытаў чыслы. «Маразм, маразм», — пабедаваў ён у думках. Не так каб яўны маразм, але памяць ужо не тая, што была ў маладыя гады, памяць часам здраджвала яму ў самыя нечаканыя моманты, і нярэдка трэба было намаганне, каб прыпомніць тое, што здавалася, немагчыма забыць. Асабліва імёны, назвы і чыслы. Нядаўна ён заўважыў, што не памятае імя камандзіра ўзвода, з якім яны выходзілі з акружэння ў сорак першым і так пасябравалі, што, здавалася, толькі смерць магла іх разлучыць. Смерць і разлучыла, але не тады, трохі пазней, і пры абставінах, якіх не дай бог нікому. І вось імя гэтага лейтэнанта выветрылася з памяці, засталося толькі прозвішча. І то добра.

Тым часам развіднела, у палатцы стала святлей. Ён убачыў у нагах скамечаную балонневую куртку; вопратку пад бакавой сцяной — яго запылены сіні фізкультурны гарнітур, майку; вялікі індыйскі тэрмас на белым раменьчыку, які ён звычайна ставіў ля сябе нанач; запыленыя кеды ля выхада. Уся яго астатняя маёмасць была на вуліцы, каля вогнішча і палаткі. Калісьці, пачаўшы свае тут раскопкі, ён усё збіраў нанач у гэтую цесную палатку, у якой і самому было недзе павярнуцца. Аднак неўзабаве пераканаўся, што пакінутае на двары нікому тут не патрэбна, ніхто не чапае нічога, і перастаў прыбіраць. Да яго тут мала хто прыходзіў, хіба што выпадковы прахожы з поля ды яшчэ Шурка з Артурам — два хлапчукі-аднагодкі, на выгляд спакойныя і маўклівыя, нібы насцярожаныя чымсьці. Яны рэдка аб чым пыталіся ў яго, звычайна сядалі на зямлю каля агароджы ля могілак і моўчкі назіралі здалёку за яго няхітрымі ранішнімі ці вечаровымі клопатамі ля вогнішча. Вогнішча, вядома, іх вабіла, але во тыдзень таму Агееў купіў у пасялковым хазмагу сухога гаручага, вельмі, дарэчы, зручнага ў яго невялікіх гаспадарскіх патрэбах: сасмажыць яечню, разагрэць гуляш або згатаваць чай. Рэшту гарачай вады ён звычайна выліваў у тэрмас і наступны раз абыходзіўся зусім без агню. Калі-нікалі, у выхадныя або святочныя дні да кар'ера прыходзіў Сямён, высокі худы мужчына з адзінаю рукой-клюшнёй, якой ён няспынна даваў занятак: то скручваў цыгарку, то калупаў палкай у пяску, то проста размахваў ёю ў паветры, калі штосьці расказваў. Звычайна ён быў добра пад мухай, па крайняй меры, так часта здавалася, і амаль ні пра што не пытаўся, гаварыў і гаварыў пра сваё, што яго непакоіла ці што ўспаміналася. Непакоілі ж яго непарадкі ў свеце, а ўспаміналася вайна, на якой ён, мяркуючы па ўсім, хапіў ліха. Спярша Агееў слухаў яго з недаверам, штосьці ў ім пратэставала супраць блытанай Сямёнавай гаворкі, але памалу ён зразумеў, што ўсё так і ёсць, як кажа Сямён. Прынамсі, так было. Сямён не хлусіў нават трошкі, здаецца, ён не меў патрэбнага для таго ўяўлення, цалкам аддаючыся ўспамінам. Памяць жа ў яго была — дай бог кожнаму.

Калі Агееў выбраўся з палаткі, ужо скрозь развіднела; дзесьці, за магутнай сцяной дрэў на могілках, узыходзіла нябачнае адгэтуль сонца; нетаптаная трава ля абрыву матава серабрылася ў расе; не надта тугая парусіна яго палаткі правісла, набрыняўшы роснай вільгаццю. Агееў зябка насунуў на плечы мяккую балонневую куртку, падумаў, ці варта рабіць гімнастыку, можа, лепей пагрэцца чаем — у тэрмасе, мабыць, яшчэ не зусім астыў. З пачатку лета ён кожны ранак стараўся рабіць свае шаснаццаць спартыўных тактаў, але потым, калі ўцягнуўся ў працу, амаль што закінуў гімнастыку, для мускулаў і суставаў хапала нагрузкі ў кар'еры. Спярша тыдзень ці два ўначы ўсё цела ламала ад тупой стомы, вельмі балелі рукі, але вось паступова прызвычаіўся да свае зямной работы, і боль знік. А галоўнае — перастаў звяртаць увагу на розныя там болі, разумеючы, што ў жыцці трэба ўмець не толькі песціць здароўе, але і трываць боль, асабліва такі — ад працы. Некалі давялося ператрываць больш — ад двух раненняў, адно з каторых ледзьве не скончылася для яго фіналам. Але ўсё ж, пэўна, ён быў моцнага складу, ды і малады арганізм тады быў здольны на цуд. Пэўна, цуд яго і вярнуў да жыцця.

Агееў наліў з тэрмаса пластмасавы кубак моцнага, цеплаватага чаю, выпіў, стоячы ля палаткі. Есці раніцой не хацелася, і раней як у дзевяць-дзесяць гадзін ён стараўся не снедаць, узяўшы сабе за правіла есці толькі тады, як згаладнее. Праўда, згаладнеўшы, нярэдка не знаходзіў чаго паесці: то не было хлеба, то скончылася сала, якім ён запасаўся на некалькі дзён у сельпоўскім магазіне. Сала ён любіў здаўна, яно выдатна ўтаймоўвала голад; шкада, у магазіне скончылася леташняе, з кменам, а свежае, ружаватае на тоўстым зрэзе, нейкае было без смаку, і ён наразаў яго для яечні. Яйкі купляў у адзінокай сівенькай бабулі ў дамку за могілкамі. Гэтая бабуля трохі расказвала яму пра ваеннае, а то і даваеннае мінулае пасёлка. Шкада, што падчас вайны яна жыла не тут, а праз два кіламетры, на станцыі. За апошнія гады пасёлак надта разросся і самкнуўся са станцыяй, а раней, ведаў Агееў, іх раздзяляла жытняе поле з дарогай, якая вяла паміж двух радоў таполяў на пераезд і паварочвала да невялічкага вакзальчыка з некалькімі прыстанцыйнымі будынкамі побач.

З рыдлёўкай у руках Агееў прайшоў па траве да кар'ера і стаў на абрыве. Якраз ззаду з-за дрэў выкочвалася яшчэ нізкае сонца. Яно разаслала па росным узгорку шырокі цень і высвеціла верхні ўскраек абрыву, яго супрацьлеглы выгін. Глыбокае правалле кар'ера ўсё ляжала ў стылым цяні, на яго перакапаным дне горбілася куча зямлі, месяц назад ссунутая туды бульдозерам. Гэты бульдозер Агееў ледзь выстараўся на паўдня ў Сельгастэхніцы, хаця той і мала памог яму, толькі знявечыў гэты пакінуты кар'ер, які за шмат год пачаў ужо зарастаць пустазеллем. Пасля Агееў добра развярнуў яго за лета рыдлёўкай, зрэшты, без асаблівага для сябе выніку. Але ўсё ж яго тайная думка, як апошняя надзея, тлела ў ім слабай іскрай, і ён спадзяваўся: а раптам! Бульдозер быў мала прыдатны для такога роду раскопак, за якую гадзіну ён перавярнуў гару зямлі — шырока ссунуў з аднаго боку ў другі, і Агееў проста не мог добра ўгледзець за ўсім, што мільгала пад яго бліскучым нажом. Цяпер ён спадзяваўся адно на рыдлёўку і кожны дзень чакаў, што вось-вось нарэшце з яе дапамогай адкрыецца тое галоўнае, што стала яго тайнай мэтай, галоўным сэнсам ягонага клопату.

Уздоўж па абрыве трэба было спусціцца ўніз, да дарогі, дзе быў уваход у кар'ер і чакала яго пакінутая ўчора работа — падкапаны, але яшчэ грувасткі бугор зямлі ўперамешку з будаўнічым смеццем, які трэба было перакідаць рудлёўкай пад высокі, абрывісты бераг кар'ера. Але ў кар'еры па-ранейшаму ляжаў ранішні цень, ад якога патыхала назапашанай за ноч стынню, і Агееў зябка перасмыкнуў плячыма. Ён стаяў на тым самым абрыве, дзе сорак гадоў назад, ледзь стрымліваючы дрыжыкі ў скрываўленым целе, развітваўся з жыццём, у роспачы і адчаі ад д'ябальскай несправядлівасці гэтай заўчаснай пагібелі, напаўраспрануты і, добра памятаў, — босы. Боты з яго знялі перад расстрэлам, і ён амаль не адчуваў — ступні да костачак адубянелі ў сцюдзёнай, узятай першым марозікам гразі, на якую з перадсвітальнай цемры паволі сыпаўся снег…

Агееў пачаў капаць і адкідваць пад абрыў мяккую, разрыхленую бульдозерам зямлю з розным гаспадарчым хламам у ёй: трухлявымі абломкамі дошак, рэштай закуранай цаглянай кладкі, ссыпанай у кар'ер, напэўна, пасля рамонту печаў. Але пераважна яго рыдлёўка са скрыгатам уразалася ў сухі шчэбень з пяском і гравіем. Хаця пяску тут было няшмат, пэўна, местачкоўцы выбралі яго яшчэ ў даваенныя гады для нейкага будаўніцтва, а болей на гаспадарчыя патрэбы — рамонт падмуркаў, печаў, тынкоўку сцен. У той страшны год, калі лёс упершыню прывёў Агеева ў гэта мястэчка, ён не выбіраўся з яго далей могілак і ўпершыню трапіў у кар'ер толькі праклятым тым ранкам, які ледзь не стаў для яго апошнім.

Комментарии:
Популярные книги

В теле пацана 6

Павлов Игорь Васильевич
6. Великое плато Вита
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
В теле пацана 6

Неудержимый. Книга II

Боярский Андрей
2. Неудержимый
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Неудержимый. Книга II

Кодекс Охотника. Книга V

Винокуров Юрий
5. Кодекс Охотника
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
4.50
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга V

Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
короткие любовные романы
7.14
рейтинг книги
Три `Д` для миллиардера. Свадебный салон

Газлайтер. Том 2

Володин Григорий
2. История Телепата
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 2

Совок 9

Агарев Вадим
9. Совок
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
7.50
рейтинг книги
Совок 9

Бездомыш. Предземье

Рымин Андрей Олегович
3. К Вершине
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Бездомыш. Предземье

Охотник за головами

Вайс Александр
1. Фронтир
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.00
рейтинг книги
Охотник за головами

Не грози Дубровскому!

Панарин Антон
1. РОС: Не грози Дубровскому!
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Не грози Дубровскому!

Воин

Бубела Олег Николаевич
2. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.25
рейтинг книги
Воин

Прогрессор поневоле

Распопов Дмитрий Викторович
2. Фараон
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Прогрессор поневоле

Особое назначение

Тесленок Кирилл Геннадьевич
2. Гарем вне закона
Фантастика:
фэнтези
6.89
рейтинг книги
Особое назначение

Не кровный Брат

Безрукова Елена
Любовные романы:
эро литература
6.83
рейтинг книги
Не кровный Брат

Покоритель Звездных врат

Карелин Сергей Витальевич
1. Повелитель звездных врат
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Покоритель Звездных врат