Кар'ер
Шрифт:
— А хто вам сказаў, хлопцы?
— Мікола сказаў. Во, Артураў брат. Пайшоў заводзіць бульдозер, хутка прыедзе.
Агееў памаўчаў. Мяркуючы па ўсім, справа яго набывала новы кірунак, і ён уявіў сабе, як прыйдуць бульдозеры і што яны зробяць з гэтым кар'ерам. Напэўна, трэба было, пакуль яшчэ заставаўся час, хоць бы ў адзін штык перакапаць гэты зарослы быльнягом куток, каб канчаткова пераканацца, што там нічога няма. Хоць бы для ачысткі сумлення. І пасля ўжо няхай усё закопваюць ці раскопваюць, як там запланавана ў іх. Гэта было самае разумнае з усіх магчымых рашэнняў, трэба было ўставаць, браць рыдлёўку. Але ён сядзеў, глядзеў, як хлопцы, прысеўшы над касцярком, пачалі падкладваць у яго сухія, апалыя з дрэў галінкі, пучкі сухога быльнягу. Атрымаўшы харч, касцярок спярша густа задыміў на ветры, пасля каснічкі полымя жвава прабіліся праз слаі дыму, з трэскам ахапілі быльнёг. Агееў сядзеў, амаль напэўна ўжо ведаючы, што не паднімецца і той не перакапаны ім закутак так і застанецца не крануты, таму што… Таму што ён не хацеў яго кратаць. Ён ужо
Скупа перагаворваючыся, хлапчукі поркаліся ў цяпельцы. Шурка прынёс трохі сухога вецця, сабранага пад сцяной могілак. Артур пачаў соваць яго ў змарнелы агонь, а заглыблены ў сябе Агееў пакутліва згадваў, што трэба зрабіць. Але, мабыць, ён проста не здольны быў што-небудзь рабіць і, напэўна, доўга прасядзеў бы так у задуменнай нерашучасці, калі б халапчукі не закрычалі раптам:
— Едуць, едуць!..
Агееў скалануўся, прыслухаўся. Артур з Шуркам пабеглі ўніз на дарогу, і вецер данёс ледзь чутны грукат цяжкіх машын на дарозе за могілкамі. Грукат гэты, аднак, хутка мацнеў, запаўняў сабой ускраінную прастору пасёлка, пачуўся пералівісты лязгат гусеніц, і вось яны выпхнуліся з-за вугла каменнай агароджы — два нязграбныя, закапцелыя трактары з прыўзнятымі над дарогай шырокімі нажамі бульдозераў. Ля кар'ера абодва спыніліся, але рухавікі працавалі, пыхкаючы ўгару сінім дымам; з кабіны пярэдняга на дарогу вываліліся два чалавекі, пайшлі да кар'ера. Пасля да іх далучыўся бульдазерыст другой машыны. Хуткім крокам яны абышлі яму кар'ера, агледзелі наваколле, нядоўга пастаялі на самай выспе каля кустоўя. Што яны там гаварылі, Агееву не было чуваць, дужа грукацелі дызелі на дарозе, дзе ўжо круціліся Шурка з Артурам.
Агееў нібы ў прастрацыі сядзеў ля палаткі, і толькі калі бульдазерысты занялі свае месцы ў кабінах і магутна зараўлі рухавікамі, ён падняўся. Стараючыся не даць сабе завагацца ці перадумаць, нібы адразаючы ўсе шляхі да адступлення, хутка павыдзіраў дзюралевыя калкі адцяжак — палатка зморшчылася і абвяла, і ён ліхаманкава пачаў выбіраць адтуль рэчы, выкідваючы іх з прарэхі палаткі, запіхваючы ўсё ў рукзак. Добра, што рэчаў было няшмат, галоўнае месца займала палатка, якую ён таропка, абы-як скамячыў і, прыціскаючы каленам, таксама запіхаў у рукзак. На яго наседжаным за лета месцы болей нічога не засталося, апроч кволага касцярка побач ды пластмасавага вядзерца на прытаптаным, з бляклай травой квадраце пад дном палаткі. Небагатае смецце ён нібы прадбачліва спаліў ранкам, месца ўвогуле засталося прыбраным. Закінуў за плячо цяжкаваты рукзак і пайшоў па адхоне ўніз. Перад тым як на дарозе павярнуць за могілкі, не стрымаўшыся, азірнуўся — магутна равучы маторам, першы бульдозер ужо піхаў на абрыў вялізную кучу зямлі, за ім, трохі адстаўшы, упіраўся ў зямлю другі бульдозер. Вось-вось з абрыву ў кар'ер павінна была абрушыцца гара рыхлага грунту, і Агееў, амаль фізічна адчуваючы цяжар яе імклівага падзення, наддаў кроку.
Грувасткі рукзак, аднак, балюча намуляў плячо, пакуль ён дашкандыбаў да аўтастанцыі, што была ў сілікатным павільёнчыку каля цэнтральнай плошчы. Там перад фанерным стэндам раскладу з палёгкай скінуў на асфальт сваю ношу, хвіліну вывучаў тэрміны прыбыцця аўтобусаў, хаця ўжо з самага пачатку было зразумела, што ён спазніўся. Аўтобус на Мінск ішоў у шэсць раніцы, наступны павінен прыйсці праз суткі. Праўда, быў яшчэ адзін, заезджы, які прыбываў увечары, але білеты на яго прадаваліся пасля прыбыцця. Агееў зморана прысеў на рукзак, адпачываючы, думаў, як быць, і, нічога іншага не надумаўшы, пайшоў прасіць месца ў гасцініцы.
Гасцініца была недалёка, на бакавой вулічцы за пыльным, з маладымі дрэўцамі скверыкам, праз які вяла добра ўтаптаная пасялкоўцамі сцежка. Каля гасцінічнага ганка, чакаючы пасажыраў, стаяў пусты экскурсіўны «Ікарус», і Агееў падумаў, што месца для яго наўрад ці тут знойдзецца. Усё ж ён праціснуўся са сваёй ношай у цеснаваты вестыбюльчык, скінуў рукзак. Знаёмая па мінулым яго тут пражыванні бландзіністая дзяжурная, што снедала з паперкі, мабыць, таксама пазнала яго і, калі ён павітаўся, без лішніх слоў паклала на бар'ер маленькі аркушык анкеты. Гэта была ўдача, на якую Агееў ужо не разлічваў, ён таропка запоўніў анкету і хутка атрымаў ключ з фанернаю біркай ад адзіночнага нумара на другім паверсе. Улезшы туды са сваім рукзаком, адчуў, што на большае сёння не здольны. Пасля ўсіх перагрузак сэрца зусім збілася з рытму, ён праглынуў адразу аж дзве таблеткі хінідзіну, запіў іх цёплай вадой з графіна і, не распранаючыся, упаў на засланы ложак. Цела цалкам і з удзячнасцю аддалося дабратворнай уладзе спакою, металічная сетка паслухмяна гнулася пад яго рухамі. Увогуле тут было зручна і добра, калі
Вось ці даваў толькі?
Часам, успамінаючы перажытае, Агееў не пазнаваў сябе цяперашняга, так мала ў ягоным характары засталося ад маладога Агеева. Часам можна было падумаць, што той даўні Агееў знік, перарадзіўся, падмяніўся іншым чалавекам, які не мае нічога агульнага са сваім саракагадовай даўнасці папярэднікам. Зразумела, ён пастарэў, пражыў нялёгкае жыццё, што было справай звычайнай і што ён выдатна назіраў на прыкладзе іншых. Да таго ж ён бачыў, як няўхільна мяняўся характар часу, знікаў без следу аскетычны рыгарызм нядаўніх яшчэ гадоў і неўпрыкмет, але ўладарна ў жыцці запаноўвала спаважная цвярозасць разліку, дух узаемнай цярпімасці. Але ці да лепшага гэтыя перамены ў жыцці, ён зразумець не мог. Не ў прыклад іншым, ён даўно ўжо не прымерваў свайго мінулага да пакалення сваіх нашчадкаў, яму хапала роздуму пра сябе самога і сваіх даўно ўжо не маладых аднагодкаў. Часам ён быў не ў стане ўявіць, як бы аднёсся да яго цяперашняга той даўні Агееў, які ледзьве не скончыў свой кароценькі шлях у гэтым пакінутым ім сёння кар'еры. У той час, як ранейшы Агееў быў пазбаўлены магчымасці судзіць яго цяперашняга, сам ён тысячы разоў на ўсё лады даследаваў і судзіў Агеева даўняга. Гэта было задоўжанае і малапрыемнае для абодвух следства, хаця строгі суддзя быў бясстрасны і мудры той непадкупнай мудрасцю, якая спасцігаецца толькі з вышыні пражытых гадоў. Часам дзівячыся, а часам абураючыся бязмозглаю недарэчнасцю ўчынкаў свайго абвінавачанага, мінаючы некаторыя старыя ісціны, што ўжо выйшлі ў тыраж, гэты суддзя паступова пачаў арыентавацца на сапраўдны кодэкс пастаянных каштоўнасцей, першае месца сярод якіх ён адводзіў самацэннасці самога жыцця. У тым ліку і таго, якім ён некалі так легкадумна распарадзіўся ў гэтым пасёлку. Зрэшты, як і сваім таксама…
У калідоры за тонкімі дзвярамі нумара чуліся таропкія крокі жыльцоў, бесцырымонна перагукваліся спаважныя пакаёўкі, аднойчы ўварваліся шум, смех і гамана маладых людзей — прыслухаўшыся, Агееў зразумеў, што гэта спартсмены.
Праўда, яны хутка зніклі — на трэніроўкі ці на абед у сталовую, у гасцініцы запанавала цішыня, і ён заснуў ці задрамаў, як толькі крыху выраўнялася сэрца.
Прачнуўся ад нязвыклай трывожнай цішы, расплюшчыў вочы і не адразу сцяміў, дзе ён. Было зусім цёмна, за прыштораным акном ляжала летняя ноч, праз шчыліну каля дзвярэй прабівалася тоненькая палоска святла ад лямпачкі з калідора. Аднекуль здалёк, з ускраіны пасёлка, далятаў ледзь чутны сабачы брэх, а наогул было маркотна і ціха. Неўзабаве, аднак, у гэтай душнай, гнятлівай цішы ён улавіў знаёмыя гукі рухавіка, якія спярша ўстрывожылі яго, а пасля жаданай міратворнасцю ляглі на яго душу, як толькі ён зразумеў, што гэта — бульдозеры. Яны працавалі і ноччу, закопвалі кар'ер — кар'ер яго памяці, раўнялі абрывы ягоных трывог, выбоіны яго памылак, назаўжды сціраючы іх з ягонага жыцця і яго перабольшанага ўяўлення. Зацяўшы дыханне, Агееў услухаўся ў захлюбісты грукат дызеляў, і яму зрабілася нясцерпна шкада чагосьці, што заставалася ў беззваротным мінулым, — можа, сябе і сваёй скрываўленай маладосці, можа, даўно нежывых, расстраляных, забітых, закатаваных у фашысцкіх засценках таварышаў.
Можа, гэта быў плач душы па тых, каму не суджана было нарадзіцца і прадоўжыць жыццё, але пачуццё няўцешнага гора ахапіла яго так моцна, што ён, страціўшы спакой, падняўся, сеў на пасцелі і раптам зусім незнарок заплакаў. Ён быў тут адзін і мог не стрымліваць сябе, даць волю слязам, і даўкія сутаргі скаланалі яго грузнае цела. Ён плакаў доўга, самазабыўна, як гэта здаралася з ім калісь у раннім дзяцінстве, — аб сабе і аб іх, непамерных людскіх пакутах, якія, аказваецца, ніколі не мінаюць бясследна. Навучаны жыццём, ён ужо разумеў, што за ўсё трэба плаціць — за добрае і за кепскае, якія так моцна звязаны ў гэтым жыцці. Але ўся справа ў тым: хто плоціць? Плоціць, канечне ж, той, хто менш за ўсіх вінаваты, хто не разлічвае на выгаду, хто ад нараджэння схільны даваць, у адрозненне ад тых, хто навучыўся браць ды патрабаваць з іншых.
У свой час ён заплаціў ЁЮ і быў бязлітасна пакараны, таму што яна была паслана яму для шчасця, а не для збавення.
Калі за прыхінутым шторай акном азначыўся ранні світанак, ён устаў, падняў свой ацяжэлы за ноч рукзак, расплаціўся з соннай дзяжурнай унізе і павалокся праз сквер на аўтастанцыю.