Кар'ер
Шрифт:
— Прынясіце яшчэ, — распарадзіўся Кавешка і, гойдаючы ліхтаром, пратупаў па камеры. Адным вокам Агееў павёў па цьмяных водблісках на змрочных сценах — не, быццам ніякага цвіка нідзе не было, акна таксама. Толькі ў дзвярах чарнела невялікая круглая дзірка з цёмнага падземнага праходу.
— А цяпер яны скарысталі вас, — паварочваючыся ад сцяны, прадаўжаў Кавешка. — Каб цягаць каштаны з эўрапейскага вогнішча. Навошта гэтыя недарэчныя плады беларусінам?
Агееў раптам зразумеў, пра што ён, і з некаторым здзіўленнем зірнуў на цьмяную постаць у капелюшы, якая касым ценем
— А вы для каго цягаеце? Гэтыя каштаны? — ледзьве рухаючы разбітай сківіцай, запытаў ён.
Кавешка азадачана памаўчаў, перш чым адказаць, уздыхнуў.
— Гэта праўда. І я цягаю, — раптам сумна пагадзіўся ён. — што рабіць, такая гістарычная заканамернасць. Але я з той хіба розніцай, што ўзнагародаю мне будзе жыццё, а вам, здаецца, смерць. Так вось, — пакорліва скончыў ён. — Хіба гэта разумна.
— У кожнага свой розум.
— Во гэта і кепска. У судзьбаносныя моманты гісторыі трэба ўмець падпарадкаваць свой розум логіцы гістарычнага працэсу.
— Значыць, немцам? — трымаючыся за разбітую шчаку, буркнуў Агееў.
— У дадзеным выпадку, ага, немцам. Бо ўжо зразумела, што ім нележыць будучыня.
— А нам?
— Што? Не зразумеў?
— А што належыць нам? Вялікая магіла? — запытаўся Агееў.
— А мы павінны прыстасавацца, можа быць, нават асімілявацца, растварыцца ў германскай стыхіі. Калі мы не хочам знікнуць фізічна. Іншага выйсця ў нас няма, — пранікнёным голасам загаварыў Кавешка, яўна імкнучыся ў чымсь пераканаць Агеева. Але Агееву было непрыемна і пакутна ва ўсіх адносінах прадаўжаць гэтую размову, і ён злосна выпаліў:
— Будзь ён пракляты, той выхад. Ужо лепш магіла…
Кавешка памаўчаў, пратупаў з ліхтаром да дзвярэй і зноў павярнуўся да яго.
— А вось з магілай не трэба спяшацца, бо… Бо гісторыя здольная на нечаканасці. Часам робіць выбрыкі насуперак уласнай логіцы і дае ўпушчаны шанц.
«Ну і ну! — падумаў Агееў. — Чаго дамагаецца гэты чалавек? І хто ён? Поп? Ксёндз? Паліцэйскі? Ці хітры гестапавец?»
Але Кавешка тут жа ўсё сам растлумачыў:
— Справа ў тым, што… Зараз сюды прыйдзе шэф раёна. Ён хоча на вас паглядзець. Сярод немцаў, ведаеце, размовы: злоўлены і выкрыты, а ўпіраецца. І не просіць літасці. Гэта, ведаеце, уражвае сентыментальныя германскія душы. Такое для іх — навіна.
«Значыць, ужо прадаў немцам, сволач!» — з нянавісцю падумаў Агееў пра Драздзенку. А казаў, што яшчэ ёсць час. Не паспеў схапіць, як ужо данёс у СД. Каб выслужыцца. Ухапіць свой каштан. Зрэшты, Драздзенка помсціў яму і па асабістых прычынах. За тое, што Агееў яго падвёў, зрабіў несумленна. Як быццам для гэтых людзей існавала такое паняцце — сумленне. «Качэляў» яму было мала, дык вось паспяшаўся перадаць немцам.
Цяпер, канечне, ягонай справе — кранты.
Прыўзняўшы ліхтар, Кавешка пасвяціў ім на выняты з кішаня гадзіннік і сказаў з непакоем:
— О, ужо дзесяць. Дык вы гэта, ведаеце, каб ветліва з ім. Доктар Штумбахер — чалавек тонкі, адукаваны. Працаваў у імперскім упраўленні па культуры. Так што…
— Дык што яму трэба?
— Здаецца, нічога. Пабяседаваць, пазнаёміцца.
— Пазнаёміцца са смертнікам? Паказытаць нервы?
— Хто знае, хто знае, — няпэўна падхапіў Кавешка. — Калі да яго ветліва і з павагай… Ці, скажам, папросіце. Ён мае вялікую ўладу. Можа і таго… Памілаваць.
Ну, усё зразумела, падумаў Агееў. Я павінен не траціць надзею. На выпадак. На міласць шэфа раёна. І, вядома, паводзіць сябе адпаведна. Раскаяцца, прызнацца… Выдаць хлопцаў, Марыю. Але ж усё роўна яны не памілуюць.
— А што, мяне ўжо асудзілі? — запытаўся, падумаўшы, Агееў.
— Ну, знаеце, цяпер суд кароткі, — развёў рукамі Кавешка, махнуўшы закурэлым ліхтаром, чырвоны агеньчык якога ледзьве адольваў змрок прасторнага сутарэння. Але вось Кавешка трывожна страпянуўся, паспешліва ступіў да дзвярэй — мабыць, ягоны слых раней за Агеева злавіў рух у калідоры, і ён расчыніў дзверы, свецячы за парог. У той жа час, аднак, святло ягонага ліхтара і прыцьмела пад яркім прамянём з калідора. У камеру ўвайшло некалькі чалавек у шархоткіх плашчах, яркае святло электрычнага ліхтарыка з рук пярэдняга матлянулася па голай сцяне і, асляпіўшы Агеева, спынілася на ім. Кавешка таропка загаманіў па-нямецку, астатнія ўважліва і моўчкі слухалі. Тым часам электрычны прамень бесцырымонна абмацваў Агеева ў доле, трохі затрымаўся на ягоных ботах, пасвяціў на сінія камандзірскія брыджы і зноў ударыў у вочы. Зусім аслеплены ім, Агееў не мог убачыць таго, хто свяціў, хіба вышэй, пад змрочнаю столлю, трохі вылучаліся абрысы яго высокай фуражкі. Немец штосьці ціха сказаў, і Кавешка павярнуўся да Агеева:
— Пан шэф раёна пытаецца, хто вас прымусіў шкодзіць германскім войскам?
— Ніхто мяне не прымушаў, — буркнуў Агееў, і тады немец зноў, надта картавячы, сказаў доўгую фразу.
— Чаму вы, рускі афіцэр, не здаліся ў палон, калі ўбачылі, што супраціўленне бескарыснае і вайна прайграна? — чужым, цвёрдым голасам перакладаў Кавешка. Неяк аддалена слухаючы яго, Агееў падумаў: во пачаў цягаць каштаны яго землячок.
— Яшчэ не вядома, кім яна прайграна, — сказаў Агееў, і немец, выслухаўшы пераклад, ціха кінуў: «Варум?»
— Чаму вы лічыце, што невядома?
— Таму што кішка тонкая ў вашага Гітлера.
Кавешка шматслоўна пераклаў. Немец памаўчаў, хмыкнуў і зноў сказаў доўгую фразу, выслухаўшы якую Кавешка згодна пацвердзіў: «Я, я».
— Пан шэф раёна кажа, што дурная ўпартасць не робіць гонару цывілізаванаму чалавеку. Што ж да славяніна, дык, хаця гэтая якасць у ягонай крыві, яна яму надта шкодзіць. Куды болей разумна цвяроза пра тое падумаць і зрабіць свой выбар.
— Свой выбар я ўжо зрабіў.
— Вы памыліліся з выбарам, — сказаў Кавешка.
— А гэта мая справа.
Немец зноў штось загаварыў сваім ціхім голасам.
— Калі вы патрыёт, — пачаў перакладаць Кавешка, — што ў дадзеных абставінах можна зразумець, дык вы павінны быць нам удзячны. Папярэдзіўшы ваш бандыцкі замах, мы пакараем некалькі вінаватых. Іначай былі б расстраляны сто заложнікаў.
— Гундэрт цывільмэншэн! — са значэнне паўтарыў шэф раёна.
— Гэта вы ўмееце, — ціха сказаў Агееў і запытаўся: — Дык калі вы мяне расстраляеце?