Кар'ер
Шрифт:
З Малаковічам яны належалі да адной часці і перад самай вайной нядоўга служылі разам. Такая была служба ў старшага лейтэнанта Агеева, асабліва ў трывожныя тыдні напярэдадні вайны, што ён мала знаходзіўся ў палку, хіба што наязджаючы на агульнапалкавыя нарады, а болей прападаў на складах боепрыпасаў — сваім і дывізійным, — забяспечваў полк боепрыпасамі. Работы ў начбоя было па горла — некалькі відаў патронаў да стралковай зброі, ручныя гранаты ўсіх марак, снарады да палкавых гармат, вінтоўкі, кулямёты, запчасткі і рамонтная тэхніка — усё гэта перайначвалася, рэарганізоўвалася па-новаму, паводле апошніх інструкцый і ўказанняў. Часу ж на ўсё было ў абрэз, штабы і камандзіры разумелі гэта і спяшаліся, не ведаючы ні сну, ні адпачынку. Кроў з носа,
Малаковіч прыйшоў на змярканні. Агееў стаяў у жыце, абапёршыся на вінтоўку, і, пачуўшы паблізу таропкія крокі, спрабаваў прысесці. Але ў той жа момант, затулены аднізу жытам, аднекуль збоку з'явіўся сілуэт у кепцы, з прыспушчанымі плячыма, па якім Агееў і пазнаў лейтэнанта.
— Фу ты! Думаў, не дачакаюся, — сказаў ён з выдыхам і адчуў, як адразу расслабіўся целам ад доўгага трывожнага напружання.
— Дык, разумееце, у прыцемках лепш.
Малаковіч спыніўся перад Агеевым, зморана ссунуў з потнага лба нязвыклую, з даўгім казырком кепку; на ім ужо быў нейкі куртаты паношаны пінжачок са зморшчанымі бартамі, няновыя, выпнутыя на каленях порткі і галошы на босых нагах. Заўважыўшы, што Агееў азірае яго, Малаковіч сказаў:
— Во пераадзеўся. Каб лішне не мазоліць вочы.
— А як немцы? — запытаў Агееў пра тое галоўнае, што цяпер турбавала іх.
— Ніякіх вам немцаў. Прыязджалі і паехалі. Праўда, паліцыю паставілі.
— Во як! І многа?
— А чорт іх ведае. Але ёсць. Школу і міліцыю занялі. Гэта каля царквы.
— А прайсці як?
— Ды ўжо пройдзем як-небудзь. І гэта… Разумееце, — Малаковіч адвёў позірк, агледзеўся, і Агееў зразумеў, што нешта ў яго не зладзілася. — Разумееце, у мяне не надта… Ну, сусед у паліцыі, каб яго разарвала. Дык мы вам, разумееце, другое месца насваталі. У цёткі адной…
Агееў з палёгкай уздыхнуў — хай сабе і ў цёткі, яму галоўнае, каб падлячыць рану, доўга ён тут не заседзіцца. Усё ж становішча іх было няпэўнае, з даволі туманнай будучыняй, і ён стараўся лішне не думаць аб ім. Галоўнае, каб дзе-небудзь зашыцца, запаўзці ў заканурак, залізаць раны, з якімі абодва яны — не ваякі! А пасля будзе відаць. Пасля яны пойдуць на фронт.
— Пра фронт не чуваць?
— Кажуць рознае. Немцы перадалі, што Маскву ўзялі, — неахвотна сказаў Малаковіч.
— Ого, куды хапілі!
— Рознае балтаюць. Але толкам ніхто не знае.
— Да-а… Ну што ж, пайшлі?
— Чакайце! — спыніў яго Малаковіч. — Панімаеце, з вінтоўкамі не гадзіцца. З вінтоўкамі спыняць і… самі разумееце.
Агееў маўчаў. Ды што ён мог сказаць? Ведама, падацца са зброяй яму не хацелася, але і расстацца з ёю ў такі час таксама было нязвыкла, амаль што боязна.
— Трэба схаваць, — сказаў Малаковіч. — Ось хоць бы і тут. А што, куст — прыкмета.
— У зямлі?
— У зямлі, канечне. У мяне во торба, загорнем…
Агееў
Шырокім нямецкім цесаком ён выкапаў вузкую канаўку на самым краёчку жыта каля мяжы, Малаковіч загарнуў у тарбіну дзве вінтоўкі — нашу, мадэлі 1891/30 года, і новенькую нямецкую з абшкрэбанай ложай, — яны ўладкавалі іх у ямку і ўжо ў цемры засыпалі зверху зямлёй. Пасля ўтапталі зямлю нагамі, закідалі травой.
— Ну, а пісталеты ўжо як-небудзь, — сказаў Малаковіч.
У іх былі два пісталеты — нашы варанёныя ТТ з пластмасавымі ручкамі. Днём, калі Малаковіч ішоў у мястэчка, ён аддаў свой Агееву, а цяпер падняў з ватоўкі і сунуў у кішэню штаноў. Пацёртую скураную кабуру, размахнуўшыся, кінуў далей у бульбу.
— Пайшлі!
Агееў падхапіў ватоўку і, дужа кульгаючы, пайшоў за таварышам. Тым часам зусім сцямнелася, вакол у прытуманенай прасторы поля было поўна невыразных плям і ценяў, якія будзілі цьмяную трывогу ў душы. Але Малаковіч упэўнена ішоў па бульбяной баразне наперадзе, Агееў стараўся ад яго не адстаць. І ўсё ж ён адставаў, параненая нага вымагала часта спыняцца, ён увесь час чапляўся ёю за бухматыя калівы бульбоўніку, не трапляў у баразну, злаваўся на сябе, не хочучы спыняць таварыша.
Ужо ў глухой цемры яны падышлі да крайніх будынкаў мястэчка, павярнулі на сцежку. Дзесь у дварах паміж дрэў пабліскваў чырвоны агеньчык вогнішча, данёсся пах падгарэлай бульбы, які напомніў Агееву пра тое, як ён даўно хоча есці. Але да яды, пэўна, было не так блізка. Прыгнуўшыся ў цемры, яны навобмацак пралезлі паміж дзвюма ніткамі калючага дроту і пайшлі па зарослай травой сцяжыне паўз нейчую сядзібу з доўгай сцяной дашчанага плота, пасля прайшлі берагам ручая пад дрэвамі і выйшлі на дарогу; далей трэба было перабягаць на той бок. Будынкаў там больш не было, справа ляжала цёмнае поле, а наперадзе высіўся раскапаны пагорак, і Агееў не адразу разглядзеў у ім той самы кар'ер, які пасля адыграе такую фатальную ролю ў ягоным жыцці. Але гэта значна пазней, а той раз Агееў ледзьве заўважыў яго ў цемры, яны прайшлі ўздоўж цаглянай агароджы могілак, пад хмурна насцярожанымі ўначы дрэвамі і зноў спусціліся па гародах ў нізкую сыраватую, падобную на роў мясціну, зарослую альхой і ляшчыннікам.
— Асцярожна, трымайцеся за жэрдку, — папярэдзіў Малаковіч, сам з асцярогай ступіўшы на вузкую дошку кладкі. Агееў удала перайшоў за ім цераз чорнае правалле ручая або рэчкі, і вузкай, аброслай дзядоўнікам сцяжынкай на мяжы двух гародаў яны ўвайшлі пад навіслае голле дрэў. Побач цямнеліся стрэхі будынін.
— Так… Пастойце тут.
Адчуўшы, што іх падарожжа, напэўна, канчаецца, Агееў уздыхнуў і з палёгкай расслабіў натруджаную нагу. Малаковіч ненадоўга знік, і неўзабаве воддаль пачуўся ціхенькі стук у акно, пасля некалькі незразумелых слоў. І вось лейтэнант ужо бярэ Агеева за руку і ў глухім цемрыве вядзе кудысь цераз двор. Падобна, аднак, яны хутка апынуліся ў хляве; наткнуўшыся на нешта грувасткае, пералезлі цераз высокі парог раскрытых дзвярэй. Па-ранейшаму навокал было зусім цёмна, стаяў пах засохлага гною і сена або, можа, нейкіх сушаных зёлак і яшчэ нечага, чым пахне звычайна ў затхлых старых будынках.
— Во, ідзіце сюды…
Наткнуўшыся на Малаковіча, Агееў намацаў каля сябе нешта падобнае на тапчан і зморана апусціўся на шархоткі, пакрыты груба тканай посцілкай сяннік.
— Ну, во і добра. Цётка Бараноўская накорміць.
— Ладна. Дзякуй…
— І не турбуйцеся. Усё добра будзе.
— Ну што ж…
Цётка, здаецца, таксама была тут, але яна не сказала ні слова, і Агееву стала ніякавата — усё ж хацелася ведаць, як яна паставіцца да такога кватаранта. Бо магла і не пагадзіцца, і запратэставаць або хоць бы затаіць нязгоду ў душы. Але цётка маўчала, і Малаковіч ціха гукнуў некуды ў цемру: